24.03.2021
24.03.2021

Ці ёсць пагроза ад туберкулёзу?

logo
Навiны
84 023
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Штогод у свеце выяўляецца 10 мільёнаў новых выпадкаў туберкулёзу. Штогод хвароба забірае жыцці паўтара мільёна чалавек. Усяго ж, паводле ацэнак спецыялістаў, агульная смяротнасць ад туберкулёзу за ўвесь час існавання захворвання (а гэта больш за 70 тысяч гадоў) на планеце склала больш за 1 мільярд чалавек, распавёў журналістам у Мінску спецыяльны прадстаўнік рэгіянальнага дырэктара СААЗ у Беларусі доктар Масуд Дара.

Масуд Дара, спецыяльны прадстаўнік рэгіянальнага дырэктара СААЗ у Беларусі:Масуд Дара

– Паводле нашых ацэнак, сёння туберкулёзам інфікавана амаль чвэрць насельніцтва свету. Разам з тым, гэта зусім не значыць, што ўсе гэтыя людзі захварэюць і пяройдуць у актыўную стадыю туберкулёзу. Калі ў чалавека добры імунітэт, належныя ўмовы жыцця, адсутнічаюць стрэс-фактары і іншыя фактары рызыкі, дык хвароба ў актыўную стадыю не пераходзіць.

Дарэчы, у свеце да гэтага часу існуе толькі адна вакцына супраць туберкулёзу – БЦЖ, якой сёлета споўніцца 100 гадоў. Аднак яна эфектыўная супраць туберкулёзу ў дзяцей, але не працуе ў дарослых. І гэта збольшага з'яўляецца адной з прычынаў, па якой не атрымліваецца выкараніць туберкулёз, падкрэсліў Масуд Дара.

Паводле яго слоў, у Еўрапейскім рэгіёне СААЗ адзначаецца памяншэнне колькасці новых выпадкаў туберкулёзу. Ступень зніжэння захворвання складае прыкладна 5% у год, смяротнасці – 9%.

Масуд Дара, спецыяльны прадстаўнік рэгіянальнага дырэктара СААЗ у Беларусі:

– Калі я пачаў працу ў Рэгіянальным бюро СААЗ па тэме туберкулёзу, штогод у нашым рэгіёне рэгістравалася каля паўмільёна выпадкаў. Сёлета – 240 тысяч. Пры гэтым у Еўропе захоўваюцца і праблемы, у прыватнасці, лекавай устойлівасці туберкулёзу, паколькі менавіта ў гэтым рэгіёне рэгіструецца найбольшая колькасць выпадкаў з множнай і лекавай устойлівасцю. Гэта тыя формы туберкулёзу, якія вельмі складана лячыць. Сярод новых выпадкаў захворвання з лекавай формай устойлівасці фіксуецца каля 40%, сярод рэцыдываў захворвання – 60%.

Сітуацыя з захваральнасцю ў Беларусі

Як адзначыў галоўны пазаштатны фтызіятр Міністэрства аховы здароўя, дырэктар РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі Генадзь Гурэвіч, у Беларусі адзначанае ўстойлівае зніжэнне як колькасці выпадкаў туберкулёзу, так і смяротнасці.

Генадзь Гурэвіч

Генадзь Гурэвіч, пазаштатны фтызіятр Міністэрства аховы здароўя, дырэктар РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі:

– Смяротнасць ад туберкулёзу ў краіне за 5 гадоў знізілася на 73,9% (з 4,6 да 1,2 на 100 тысяч насельніцтва), захворванне – на 59, 2% (з 39,9 да 16,3 на 100 тысяч жыхароў). Доля паспяховага лячэння туберкулёзу павялічылася на 36,2%. Усе гэтыя паказчыкі сведчаць, як шмат намаганняў выдаткавана на барацьбу з туберкулёзам.

Летась сярод дзяцей зафіксавана 11 выпадкаў туберкулёзу (у 2019-м – 23). Зменшылася колькасць пацыентаў з мультырэзістэнтнай формай. У 2020 годзе выяўлена 665 чалавек (на 190 меней, чым у 2019-м). Усяго на ўліку ў супрацьтуберкулёзных арганізацыях знаходзіцца 2 тысяч 78 чалавек. А яшчэ 10 гадоў таму іх было больш за 12 тысяч, падкрэсліў Генадзь Гурэвіч.

Інавацыі – супраць туберкулёзу

З 2015 года ў рэспубліцы выкарыстоўваецца шэраг новых супрацьтуберкулёзных лекавых сродкаў. Але калі пяць гадоў таму яны прымяняліся ў 12% хворых, дык у 2020 годзе 97% наноў выяўленых пацыентаў пачалі лячэнне з выкарыстаннем гэтых прэпаратаў. Эфектыўнасць лячэння пры множнай і шырокай лекавай устойлівасці складае 78%, у дзяцей – 100% (пралячылі 41 дзіця).

Туберкулёз. Лячэнне пры туберкулёзе

З 2016 года выкарыстоўваецца так званае лячэнне з відэакантролем. За гэты перыяд былі пралечаныя 1 694 пацыенты. Прычым калі ў першы год іх было 102, дык у 2020 – ужо 600 чалавек. Асабліва такі спосаб кантролю лячэння пацыентаў паказаў сваю эфектыўнасць ва ўмовах пандэміі COVID-19, падкрэсліў дырэктар РНПЦ.

Генадзь Гурэвіч, пазаштатны фтызіятр Міністэрства аховы здароўя, дырэктар РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі:

– Эфектыўнасць лячэння з відэакантролем складае 94%. Гэта нашмат вышэй, чым сярод тых пацыентаў, якім трэба было штодня прыходзіць у супрацьтуберкулёзную арганізацыю і прымаць пад кантролем супрацьтуберкулёзныя прэпараты.

З 2018 года стартавалі навуковыя даследаванні па ацэнцы эфектыўнасці і бяспекі мадыфікаваных скарочаных і безін'екцыйных рэжымаў лячэння туберкулёзу з лекавай устойлівасцю. Іх прымяненне дазваляе ў два разы скараціць тэрміны лячэння (да 9-11 месяцаў пры звычайных тэрмінах у 20-24 месяцы). Усяго летась з выкарыстаннем гэтых схемаў тэрапіі былі пралечаныя 332 пацыенты (эфектыўнасць склала 89,4%).

Туберкулёз. Поспехі ў лячэнні туберкулёзу

З 2019 года ў рамках другой-трэцяй фазаў клінічных выпрабаванняў праводзіцца рандамізаванае кантраляванае адкрытае даследаванне па ацэнцы эфектыўнасці і бяспекі рэжымаў лячэння туберкулёзу з уключэннем новых лекавых сродкаў.

Генадзь Гурэвіч, пазаштатны фтызіятр Міністэрства аховы здароўя, дырэктар РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі:

– Такія рэжымы выкарыстоўваюцца і для лячэння пацыентаў з множнай, і для пацыентаў з шырокай лекавай устойлівасцю туберкулёзу. Тэрміны тэрапіі складаюць усяго 5,5 месяца, што амаль у 4 разы меней за стандартныя тэрміны. Пралечаныя каля 100 пацыентаў. Мы бачым выдатныя вынікі, адсутнасць рэцыдываў і выпадкаў неэфектыўнага лячэння. Гэтыя даследаванні будуць працягнутыя і ў 2021 годзе.

На працягу некалькіх гадоў у цэнтры сумесна з міжнароднай гуманітарнай арганізацыяй «Урачы без межаў» рэалізуецца праграма дапамогі пацыентам з туберкулёзам са множнай лекавай устойлівасцю, абцяжараным злоўжываннем алкаголем. Ім аказваецца медыкаментозная, псіхалагічная і сацыяльная падтрымка, што дазваляе ўтрымаць іх на лячэнні.

Туберкулёз. Падтрымка асобаў з алкагольнай залежнасцю, хворых на туберкулёз.

Гэта важна, бо сярод такіх пацыентаў часта здараецца адмова ад тэрапіі, сказаў спецыяліст.

Туберкулёз і COVID-19

На фоне COVID-19 Масуд Дара адзначыў зніжэнне выпадкаў дыягностыкі туберкулёзу і зваротаў людзей па медыцынскую дапамогу.

Масуд Дара, спецыяльны прадстаўнік рэгіянальнага дырэктара СААЗ у Беларусі:

– За першы год пандэміі ва ўсім свеце мы ўбачылі зніжэнне колькасці наноў выяўленых выпадкаў туберкулёзу на 1,4 мільёна. Былі прааналізаваныя дадзеныя і ў Еўрапейскім рэгіёне. Па нашых ацэнках, за першы месяц лакдаўну ў Еўропе колькасць апавяшчэнняў, якія мы атрымлівалі пра рэгістрацыю новых выпадкаў, знізілася на 50%.

Прычынаў такога зніжэння можа быць некалькі. З-за страху захварэць на каранавірус людзі баяцца звяртацца ў медыцынскія ўстановы. Магчыма, таксама пэўныя супрацьтуберкулёзныя цэнтры былі перапрафіляваныя пад лячэнне пацыентаў з каранавірусам. Аднак цяпер профільныя ўстановы лепей падрыхтаваныя да таго, каб весці працу паралельна, а значыць, абслугоўваць пацыентаў і з туберкулёзам, і з COVID-19, упэўнены Масуд Дара. Ён дадаў, што калі з'явіўся кашаль, які турбуе на працягу трох і больш тыдняў, абавязкова трэба звярнуцца да ўрача і прайсці неабходнае абследаванне.

Туберкулёз. Якія сімпоты павінны насцярожыць

Генадзь Гурэвіч таксама адзначыў пэўнае зніжэнне выяўленых выпадкаў туберкулёзу. Ён патлумачыў гэта зніжэннем з-за пандэміі ўзроўню малекулярна-генетычнай дыягностыкі.

Генадзь Гурэвіч, пазаштатны фтызіятр Міністэрства аховы здароўя, дырэктар РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі:

– Таму ў бліжэйшыя гады выяўляльнасць можа некалькі павялічыцца. Супрацьтуберкулёзная служба да гэтага цалкам гатовая і робіць захады для таго, каб павялічыць ахоп і рэнтгеналагічнай, і бактэрыялагічнай дыягностыкай пагражальных кантынгентаў.

Ён распавёў, што больш 6 400 пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй прайшлі лячэнне ў стацыянарах супрацьтуберкулёзнай службы. Сярод іх больш за 20 чалавек – з туберкулёзам.

Туберкулёз. Хворыя на туберкулёз і каранавірус

На пытанне, ці ўплывае захворванне на цячэнне каранавіруснай інфекцыі, эксперт адказаў, што цяжкіх выпадкаў зафіксавана не было. Разам з тым, плануецца правядзенне навуковых даследаванняў па вывучэнні асаблівасцяў цячэння і лячэння COVID-19 у пацыентаў з туберкулёзам.

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

84 0 23

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».