15.12.2020
15.12.2020

Ці зрабіўся СOVID-19 больш небяспечным для дзяцей?

logo
Здароўе дзяцей
0 39
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У першую хвалю пандэміі адзначалася, што дзеці значна радзей заражаюцца каранавіруснай інфекцыяй, менш заразныя, чым дарослыя, і лягчэй пераносяць захворванне.

Ці змянілася сітуацыя з прыходам другой хвалі ўвосень-узімку? Ці памянялася тактыка лячэння маленькіх пацыентаў? Ці трэба ім насіць маскі? Робім агляд апошніх навуковых дадзеных і практыкі з дацэнтам кафедры інфекцыйных хваробаў і дзіцячых інфекцый БелМАПА, кандыдатам медыцынскіх навук Мікалаем Галабародзькам.

Дзеці і каранавірус

Дзеці – актыўныя распаўсюднікі каранавіруса?

– Калі падчас першай хвалі пандэміі меркавалі, што дзеці могуць быць актыўнымі распаўсюднікамі інфекцыі, цяпер ужо відавочна, што яны заражаюцца радзей, чым дарослыя, – кажа эксперт. – Нядаўна апублікаваны метааналіз даследаванняў, якія адсочваюць кантакты, паказаў: дзеці, асабліва маладзейшыя за 12-14 гадоў, заражаюцца ад сямейных кантактаў у 2,5 раза радзей, чым дарослыя.

Даследаванні паказваюць меншую распаўсюджанасць антыцелаў у дзіцячага насельніцтва. Дзеці па-ранейшаму складаюць менш за 5% ад усіх хворых у Еўропе. На пачатку школьнага сезона ў Англіі ў 22 з 30 зафіксаваных успышак у школах перадача адбывалася толькі ад персаналу да персаналу альбо ад персаналу да дзяцей, але не ад дзіцяці да дзіцяці.

Падчас першай хвалі ў Швецыі, дзе школы не зачыняліся, захваральнасць сярод дзяцей была нізкай, а настаўнікі не мелі павышанай рызыкі захварэць у параўнанні з іншымі спецыяльнасцямі. І зараз еўрапейскія краіны не пераводзілі школы на дыстанцыйнае навучанне.

На дадзены момант вядома, што ўмоўны сярэдні перыяд заразнасці дзяцей (медыянная працягласць выдзялення віруса захварэлымі) складае 15 (11-20) дзён. У бессімптомных пацыентаў ён карацейшы – 11 дзён, у сімптомных – 17 дзён. На гэтым і заснаваныя рэкамендацыі па працягласці ізаляцыі хворых. У цэлым, пацыент максімальна заразны за суткі да захворвання, калі актыўна выдзяляе вірус, не маючы яшчэ клінічных сімптомаў, і ў першы тыдзень хваробы.

Мультыцэнтравое еўрапейскае даследаванне паказвае, што дзеці ўсіх узростаў хварэюць аднолькава часта.

Як правіла, дзеці пераносяць інфекцыю лягчэй, чым дарослыя. Па дадзеных цэнтраў па кантролі і прафілактыцы захворванняў ЗША (CDC), з 70 тысяч хворых дзяцей толькі 2,5-4% запатрабавалі шпіталізацыі. Каля траціны шпіталізаваных мелі патрэбу ў інтэнсіўным вядзенні, 6% – у ШВЛ. Найбольш часта ў стацыянар траплялі дзеці першых двух гадоў жыцця.

Асноўныя сімптомы COVID-19 і правілы лячэння дома

Карціна сімптомаў захворвання ў дзяцей асабліва не змянілася. Асноўныя праявы – ліхаманка і кашаль. Таксама часта сустракаюцца, асабліва ў дзяцей 10 гадоў і старэйшых, галаўны і мышачны боль, дыскамфорт у горле. Магчымыя млоснасць/ваніты, панос і боль у жываце. Як і для дарослых, насмарк меней характэрны. Страта паху і смаку здараюцца ў кожнага дзясятага дзіцяці ва ўзросце 10 гадоў і старэйшым, і толькі ў 1% малодшых дзяцей. Сып сустракаецца вельмі рэдка, прыводзіць дадзеныя Мікалай Галабародзька.

Пры хатнім лячэнні дзяцей з COVID-19 урач раіць:

  • ізаляваць хворае дзіця ў асобным пакоі;
  • усім сямейнікам часта мыць рукі;
  • дарослым пры кантакце з дзіцем насіць маску;
  • хвораму дзіцяці насіць маску пры выхадзе з пакоя;
  • шмат піць (ад тэмпературы, частага дыхання, паносу дзеці вельмі хутка абязводжваюцца). Падыходзіць вада, мінералка, кампоты, часам і салодкая газіроўка для хуткага папаўнення вадкасці. Выключэнне: натуральнае малако пры вірусных паносах супрацьпаказанае;
  • паўнавартасна харчавацца для падтрымання арганізма;
  • дарослым сачыць за станам дзіцяці, каб не прапусціць прыкметы пагаршэння.

– Пра пагаршэнне стану можа сведчыць абцяжаранае дыханне. Для дзяцей першага года жыцця такая абцяжаранасць можа выяўляцца як крактанне, немагчымасць смактаць грудзі, – канкрэтызуе ўрач. – Таксама пра пагаршэнне могуць казаць:

  • боль ці сцісканні ў грудзях;
  • пасіненні вуснаў ці твару;
  • халодная бледная мармуровая скура;
  • калі дзіця доўга (5 гадзін) не мочыцца, пры тым, што шмат п'е;
  • прыгнёт свядомасці: млявасць, маларухомасць, слабая рэакцыя на знешняе ўздзеянне.

Што рабіць з тэмпературай? Увесну раілі абмежаваць прыём гарачкапаніжальных, у прыватнасці, ібупрафену – з-за падазрэнняў на яго магчымы негатыўны ўплыў на цячэнне каранавірусных пнеўманій, і звяртацца да фізічных метадаў астуджэння дзяцей.

Сёння гэтая рэкамендацыя ўжо неактуальная, кажа эксперт:

– Зараз Еўрапейскае агенцтва па лекавых сродках (EMA) і СААЗ не рэкамендуюць пазбягаць прыёму гарачкапаніжальных пры COVID-19. Першапачатковыя асцярогі, што ібупрафен можа абцяжарыць цячэнне інфекцыі ў дзяцей, не знайшлі пацверджання, хаця шырокіх папуляцыйных даследаванняў на гэты конт няма. Пры высокай (вышэй за 38,5) і працяглай тэмпературы прыём гарачкапаніжальных рэкамендаваны.

Антыбіётыкі пры каранавірусе не патрэбныя?

Антыбіётыкі дзецям (і дарослым) пры COVID-19 у большасці выпадкаў не прызначаюць, кажа эксперт.

Між тым, на практыцы педыятры часам прапісваюць іх. Ці апраўдана гэта і ці бяспечнае такое суседства ў арганізме: COVID-19 і антыбіётык?

– Справа ў тым, што праявы каранавіруснай інфекцыі ў выглядзе міжтканкавай пнеўманіі падобныя з праявамі мікаплазменнага бранхіту. Акрамя таго, часам да COVID-19 можа далучацца бактэрыяльная інфекцыя, напрыклад, банальная пнеўмакокавая пнеўманія. Яны лечацца антыбіётыкамі, напрыклад, на мікаплазму добра дзейнічае азітраміцын. Таму ўрач і прызначае антыбіётык, і трэба прытрымлівацца яго рэкамендацый. Ускладненні ад антыбіётыкаў больш характэрныя для сталых людзей, у якіх высокая рызыка развіцця кластрыдыяльнага каліту (моцная дыярэя на фоне прыёму антыбіётыкаў). У дзяцей такое ўскладненне бывае вельмі рэдка, – тлумачыць урач.

Які стан патрабуе шпіталізацыі?

Асноўнае паказанне да шпіталізацыі ў Беларусі – пнеўманія з пацвярджэннем/падазрэннем на каранавірусную інфекцыю. Пацвярджэннем у дадзеным выпадку з'яўляецца рэнтгенаграма альбо КТ, якія прызначаюць педыятры па клінічным падазрэнні на пнеўманію: задышка і хрыпы ў лёгкіх. Таксама шпіталізуюцца дзеці з COVID-19 у цяжкім стане, калі патрабуецца рэспіраторная падтрымка, альбо з ускладненым цячэннем інфекцыі.

– Найбольш грознае ўскладненне COVID-19 у дзяцей – мультысістэмны запаленчы сіндром (МВС-Д), які можа выяўляцца станамі рознай ступені выяўленасці: ад стойкай ліхаманкі да поліарганнай недастатковасці ў выніку цытакінавага шторму, – тлумачыць Мікалай Галабародзька. – Што тычыцца смяротнасці, дык па дадзеных сістэматычнага агляду назіранняў за 7780 дзецьмі з COVID-19, лятальнасць склала 0,09%. У маёй асабістай практыцы быў толькі адзін выпадак смерці дзіцяці з COVID-19, якое мела сур'ёзныя спадарожныя захворванні.

Якое лячэнне дзеці атрымліваюць у стацыянары?

Лячэнне ў стацыянары залежыць ад клінічных праяў. Аснова – рэспіраторная падтрымка, забеспячэнне балансу вадкасці і электралітаў, маніторынг развіцця МВС-Д. Таксама магчымая лекавая тэрапія.

– Супрацьвірусныя прэпараты дзецям прызначаюцца рэдка і ў індывідуальным парадку, – удакладняе эксперт. – Калі можна, рэмдэсівір, паколькі клінічныя даследаванні на дарослых дэманструюць яго эфектыўнасць. Што тычыцца гідраксіхларахіну, зараз даказана адсутнасць эфекту і яго патэнцыяльная таксічнасць.

Часта праблему выклікае не сам вірус, а залішняя імунная рэакцыя арганізма на яго. І тады прызначаюцца імунасупрэсіўныя прэпараты (дэксаметазон, інгібітары ІЛ-6, плазма рэканвалесцэнтаў).

Прафілактыку вянозных тромбаэмбалій у дзяцей таксама праводзяць, але не так шырока, як у дарослых. Звычайна яе прызначаюць шпіталізаваным падлеткам з пнеўманіяй, якія маюць атлусценне і цукровы дыябет (асноўныя фактары рызыкі). Прыём аральных кантрацэптываў дзяўчынкамі-падлеткамі таксама можа быць фактарам рызыкі.

Антыбіётыкі дзецям з COVID-19 прызначаюць толькі пры спалучэнні з бактэрыяльнай інфекцыяй альбо абгрунтаваным падазрэнні на яе.

Ці насіць дзецям маскі?

СААЗ не рэкамендуе нашэнне масак дзецям, малодшым за 5 гадоў, і дзецям, якія маюць парушэнне нервова-псіхічнага развіцця і інваліднасць. А вось усім астатнім гэтая мера засцярогі не перашкодзіць, падкрэслівае ўрач:

– У сітуацыях шырокага распаўсюджвання віруса і немагчымасці фізічнага дыстанцыявання (больш за 1 метр ад іншых), напрыклад, у грамадскім транспарце альбо пры наведванні крамы, СААЗ рэкамендуе насіць тканкавыя маскі ўсім дзецям, старэйшым за 12 гадоў, а таксама дзецям 6-11 гадоў, якія навучаныя надзяванню і нашэнню (надзяваць вымытымі рукамі; каб яна закрывала нос, рот і падбародак; не чапаць яе рукамі, не лазіць пад яе, не дзяліцца з іншымі, мяняць кожныя 2 гадзіны).

Медыцынскія маскі варта насіць толькі дзецям са спадарожнымі захворваннямі, напрыклад, хранічнай абструктыўнай хваробай лёгкіх, альбо якія атрымліваюць супрацьпухліннае лячэнне.

Ці можа каранавірус палохаць дзяцей?

Шэраг замежных педыятраў адзначаюць, што ў дзяцей узмацняюцца страхі перад «каронай». Гэта ўласцівае і беларускім дзецям, сцвярджае Мікалай Галабародзька, які бачыў такія страхі сярод сваіх пацыентаў, у асноўным у падлеткаў. Урач раіць не рабіць выгляд, што такога не існуе, і ставіцца да трывогі сур'ёзна.

– Дзеці актыўна ўключаныя ў паўсядзённае жыццё соцыуму, і, вядома, на іх ўплывае сітуацыя вакол COVID-19. У тым ліку страхі, адчуванне няпэўнасці, страты бяспекі, змена ладу жыцця, цяжкая хвароба альбо смерць блізкіх. Бацькі павінны гаварыць з дзіцем пра каранавірус і звяртаць увагу на тыя пачуцці, якія ён выклікае, уключаючы трывогу, злосць, дэпрэсію, безнадзейнасць. Гэта час для больш блізкіх стасункаў – з любоўю, увагай і падтрымкай. Калі дарослыя бачаць, што трывожнасць сур'ёзна ўплывае на стан дзіцяці, можна звярнуцца да педыятраў, якія выкарыстоўваюць спрошчаныя шкалы дэпрэсіі і трывогі і пры неабходнасці могуць накіраваць да дзіцячых псіхатэрапеўтаў.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 39

Журналіст і медыятар. У журналістыцы каля 20 гадоў. Асноўная цікавасць – сацыяльныя праблемы. Скончыла журфак БДУ. Да партала «Здаровыя людзі» і газеты «Медыцынскі веснік» працавала ў рэдакцыі «Аргументы і факты» ў Беларусі, штотыднёвіках «СССР: постфактум», «Маскоўскі камсамолец ў Беларусі», нацыянальнай грамадска-асветніцкай газеце «Культура», інтэрнэт-выданні Оpen.by. Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў. Матэрыялы Ганны выдзяляюцца выразнай структурай, глыбінёй раскрыцця тэмы і сваёй аналітычнасцю. Хобі: літаратура, напісанне дзіцячых кніг. Аўтар праектаў: ТэДДзі (Трыбуна для дзяцей) – нацыянальная пляцоўка для выказвання меркаванняў і пазіцый дзяцей па хвалюючых праблемах (сумесны праект штотыднёвіка «Аргументы і факты» ў Беларусі, РГА «Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА», Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН у Рэспубліцы Беларусь (ЮНІСЕФ) . «Урачы – таксама людзі» (24health.by), «Хатні догляд цяжкахворых» (сумесна з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа) (24health.by), «Урачэбныя анлайн-канферэнцыі» (24health.by сумесна з tut.by).
Глядзіце таксама