03.05.2023
03.05.2023

Cпявачка Ангеліна Ярашчук: «Важна памятаць, адкуль твае карані»

logo
Асобы i лёсы
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Як навучыцца ўсё паспяваць, не бачыць перашкод на сваім шляху і дасягаць жаданага? Гэта ведае наша гераіня — маладая спявачка Ангеліна Ярашчук. Яна адначасова вывучае пяць моў, займаецца балетам, выходзіць на подыум і выдатна вучыцца ў школе.

Ангеліне 16 гадоў. За яе плячыма ўжо досыць цудоўных праектаў, перамог у конкурсах і цікавага вопыту. Карэспандэнт Слушна пагаварыла з дзяўчынай і даведалася, як у яе атрымліваецца рэалізоўваць свой патэнцыял і гучна заяўляць пра сябе без страхаў і сумненняў.

Ангеліна Ярашчук

Па словах гераіні, з дзяціства яна была суперактыўным дзіцёнкам. Мама старалася пазнаёміць яе з рознымі захапленнямі, якія толькі існуюць прапаноўвала паспрабаваць і спевы, і гімнастыку. Таму пачынаючы з пяці гадоў дзяўчынка наведвала шмат гурткоў. А вось спевы ўзніклі выпадкова.

— У мяне не было асаблівых вакальных здольнасцяў: калі я прыйшла праслухоўвацца, сказалі, што наўрад ці змагу дабіцца вялікіх поспехаў, — узгадвае дзяўчына. Але, як гаворыцца, я вельмі ўпартая, працалюбівая, і, гэта паўплывала на далейшы вынік.

Ангеліна лічыць, што за свае перамогі ў конкурсах і ўдзеле ў многіх праектах яна павінна дзякаваць уласнай ўпартасці і рашучасці. Толькі ўпартасць і праца з педагогамі, а галоўнае жаданне, лічыць яна, і дапамагаюць дамагацца таго, што сапраўды хочацца.

У яе рэпертуары большасць аўтарскіх песень, але ёсць і творы з рэпертуару іншых спявачак.

Я супрацоўнічаю з таленавітым кампазітарам Аляксандрам Сухаравым, таму ў мяне шыкоўныя, прыгожыя лірычныя і рытмічныя мелодыі «Мова», «Загадай жаданне», «Пульс», ёсць таксама і іншыя аўтарскія песні — «Feeling good», «Толькі трымайся», «Балет», «Я беларуска». Лічу сябе ўніверсальнай вакалісткай, таму песні падбіраю пад пэўнае мерапрыемства. Заўсёды бяруся за нялёгкія задачы, якія, здавалася б, немагчыма выканаць,  заўсёды атрымліваецца.

— Ангеліна, ці бывае такое, што на носе канцэрт, а ў вас прыхапіла горла? Як выходзіце з сітуацыі?

— Калі такое здараецца, п’ю шмат вадкасці: мама варыць морсы з парэчак, якія мы замарожваем на зіму, у іх шмат вітамінаў. Яна заварвае для мяне гарбату са збору зёлак. Калі баліць горла — люблю такі напой з дзяцінства: мёд, сметанковае масла, малако — вельмі добра для горла. Аднак без лекараў-фаніятараў не абыходзіцца — яны заўсёды тэлефануюць і сочаць за голасам.

Увогуле, Ангеліна шмат за што ўдзячна маці — не толькі за вылечанае горла. А яшчэ і за бесперапынную падтрымку і дапамогу. Наталля Яўгенаўна не прапускае ні адно выступленне дачкі, заўсёды побач за кулісамі.

— Мама — гэта незаменная частка майго жыцця, — кажа гераіня, — за што ёй вельмі ўдзячная. Яна дапамагае з пераапрананнем, хвалюецца, вырашае праблемы, адвозіць і забірае мяне пасля канцэртаў, заняткаў. Без яе было б усё складана.

— У вас прыгожыя вобразы падчас выступленняў. Раіцеся з матуляю наконт гэтага?

— Касцюмы, як правіла, — ідэя мамы. Яна вельмі часта бывае на рэпетыцыях, натхняецца песняй і сама пачынае распрацоўваць касцюмы. Пасля знаходзіць людзей, якія могуць стварыць такую прыгажосць.

Маці нашай гераіні не звязана са светам музыкі — яна настаўніца англійскай мовы. Аднак, па словах Ангеліны, заўсёды была актыўнай, і за столькі гадоў знаходжання ў творчым асяроддзі вельмі добра пачала разбіраецца ў музыцы. Наталля Яўгенаўна не толькі маці і сяброўка для дачкі, але і строгі настаўнік, які працуе з ёй у адной камандзе. Тата, Яўген Варфаламеевіч, таксама заўсёды на сувязі, ён падтрымлівае маральна, глядзіць канцэрты з удзелам дачкі па тэлебачанні.

Ангеліна Ярашчук

Мінулы год для спявачкі быў багаты на падзеі. Шмат выступленняў: «Славянскі базар», «Александрыя збірае сяброў», фестываль «Лістапад», падчас якога для Ангеліны было вялікім гонарам прайсці па чырвонай дарожцы ў прыгожай вячэрняй сукенцы. Маладая артыстка кожны год бярэ ўдзел у зімовых святах — у традыцыйным навагоднім балі ў Вялікім тэатры оперы і балета і навагодніх казках, у акцыі «Нашы дзеці». Выступае ў тэатры эстрады. А сёлета яна запланавала шмат новых праектаў. Аднак пра вучобу таксама не забывае.

— Для мяне было важна з першага класа вучыцца «на выдатна», хоць бацькі і не настойвалі. Так склалася, што я не магу інакш.  Зараз у маім жыцці вельмі адказны этап, складаны і хвалюючы, як і для кожнага 11-класніка. Вырашаецца лёс, але мы ўпарта ідзём да мэты, хоць і складана сумяшчаць і творчую дзейнасць, і вучобу, — расказвае Ангеліна.

Пасля школы маладая артыстка наведвае балетную студыю. Яна ўспамінае, як першы раз бацькі адвялі яе на спектакль «Спячая прыгажуня». Ёй было шэсць гадоў. Маленькая Ангеліна была пад уражаннем — сказала маме, што хоча паспрабаваць.

Бацькі былі супраць балета, бо ведалі, як гэта складана. Аддалі на бальныя танцы. Аднак дачка запратэставала — гэта не балет! Прыйшлося змірыцца з жаданнем дачкі і запісаць яе ў прафесійную балетную студыю.

— Балет — як спорт, — дзеліцца Ангеліна, – патрабуе шмат сіл і часу. У маім графіку ён займаў вялікую частку і быў у большым прыярытэце за вакал. Мара была паступаць на харэаграфічны. Але гэтаму, на жаль, не паспрыялі абставіны. Сёння я працягваю займацца ім у якасці хобі і разгрузкі пасля канцэртаў. А яшчэ балет цудоўная альтэрнатыва трэнажорнай зале, — гаворыць спявачка. — Ён уключае і расцяжку, і фізічныя нагрузкі і цудоўна падтрымлівае паставу.

У Ангеліны шмат захапленняў, аднак гэтага ёй замала. Яна хоча дадаць у іх спіс яшчэ і яшчэ больш. Вось, напрыклад, дайвінг — гэта яе даўняя мара, дакладней, мэта, якую сабе ўжо паставіла.

— Пакуль яна не дасягнута: я пачынала вельмі ўпарта, аднак захварэла і мне не хапіла крыху заняткаў, каб атрымаць сертыфікат. Але я не прывыкла кідаць  штольці на паўшляху, і ведаю, што гэтым летам абавязкова дасягну мэты.

А пакуль наша гераіня, трэніруецца, і ёй гэта вельмі падабаецца, хоць, як яна прызналася, пагружэнне пад ваду  —  гэта адна з яе фобій.

— Мне заўсёды было страшна, як і з верхавой яздой: я баюся коней (смяецца). Аднак заўсёды імкнуся пераадолець свае страхі. Я лічу, што ў жыцці трэба ўмець усё рабіць, – пераканана Ангеліна. –  Калі мне кажуць: а вось так зможаш? Я адказваю  – так!

Ангеліна Ярашчук

Ангеліна гаворыць, што для яе важна не проста пераадолець свае страхі, але і скарыстацца пры неабходнасці сваімі навыкамі, не баючыся рабіць жыццё яркім.

Кожны раз, калі дзяўчына чымсьці ў сваім жыцці займаецца, то ёй хочацца рабіць гэта па-новаму  і ярка. Мадэлінг не стаў выключэннем. Летась Ангеліна атрымала сертыфікат нацыянальнай школы прыгажосці. Дзяўчына прайшла падрыхтоўку і цяпер можа выходзіць на подыум у якасці прафесійнай мадэлі.

— Гэта была цудоўная падзея і адзін з пунктаў маіх жаданняў, які я выканала. Мне заўсёды хацелася паспрабаваць сябе ў гэтай якасці, бо я высокая — рост 178, — расказвае Ангеліна.

Яшчэ адно захапленне Ангеліны, якое прымушае трымаць у тонусе мазгавую актыўнасць, — вывучэнне замежных моў.

— У школе вывучаю англійскую мову. Трэба казаць, што з мовамі я на «ты». Вывучэнне новай мовы, бывае, атрымліваецца спантанным: неабходна песня на пэўнай замежнай мове, вось і пачынаю цікавіцца. Так атрымалася і з турэцкай мовай. Дарэчы, я нядрэнна размаўляю, чытаю на турэцкай. У прыярытэце нямецкая, польская і, з нядаўняга часу, французская. Вывучаць мовы было важна і актуальна, калі ездзіла на міжнародныя конкурсы. А іх хапае.

У сваім юным узросце Ангеліна паспела пабываць на міжнародных фестывалях у Аўстраліі, Бельгіі, Амерыцы. У 2018-м падчас творчай паездкі разам з дзецьмі з 17 краін Ангеліна спявала на гарадскіх плошчах Нью-Джэрсі, дзе сабралася каля сямі тысяч гледачоў. Разам з такімі ж маладымі і амбіцыйнымі наша гераіня пабывала ў Доме ўрада, Белым доме.

— Гэта быў інтэрнацыянальны фестываль, — дзеліцца ўспамінамі спявачка,  — дзе дзеці, прадстаўнікі розных краін, дзяліліся культурай сваёй радзімы і спявалі на роднай мове. Я тады прадстаўляла Беларусь і, ведаеце, гэта была адказная місія, хвалюючая. Заўсёды ганаруся, калі на сцэне, трымаю сцяг  сваёй краіны і прадстаўляю родную Беларусь! — дзеліцца Ангеліна.

У Нью-Джэрсі на конкурсе, які праходзіў у тры этапы, яна заняла другое месца. І, па словах дзяўчыны, гэта адзін з самых маштабных конкурсаў у яе жыцці.

Не менш дзівосных успамінаў у суразмоўніцы пакінуў вядомы лагер «Артэк».

— Патрапіць туды — мара не толькі цяперашняга пакалення дзяцей, але і пакалення маіх бацькоў, — гаворыць Ангеліна. — У «Артэк» немагчыма патрапіць проста так, нельга вось так узяць і набыць пуцёўку. У гэты летнік на дадзены момант (і гэта цудоўна) трапляюць адораныя дзеці, тыя, якія дабіліся гэтай пуцёўкі сваім старанным шляхам. Я пабывала ў «Артэку» тройчы, апынулася там за выдатную вучобу і таксама за мае вакальныя поспехі.

На песенным конкурсе ў летніку падчас дзён славянскай культуры Ангеліна выконвала музычную кампазіцыю «Касіў Ясь канюшыну».

Акрамя ўсяго пералічанага, Ангеліна яшчэ паспявае выступаць на сцэне Моладзевага тэатра эстрады. Пачынаючая артыстка гаворыць, што ў будучым хацела б стаць салісткай тэатра. Гэта яе маленькая мара, якая, спадзяецца дзяўчына, хутка споўніцца. А пакуль наперадзе чакаюць экзамены ў школе і паступленне ў ВНУ. Наконт абранай спецыяльнасці казаць не спяшаецца. Ангеліна ўпэўнена заяўляе, што даўно вызначылася, аднак падзеліцца гэтым толькі ўвосень, калі ўсё ажыццявіцца.

Ангеліна Ярашчук

— Якога ж графіку прытрымлівацца, каб усё паспяваць, як вы, Ангеліна? – пытаюся я.

— Мой дзень пачынаецца, як і ў любога школьніка, у 6.50. Першае  па раскладзе — сняданак. Я лічу, што паўнавартаснае, сбалансаванае харчаванне таксама важна пры маёй штодзённай нагрузцы. Да гэтага мяне прывучылі бацькі. І гэта не проста кубак кавы раніцай (я не люблю каву). П’ю какаву  –  мой энергетык, які дапамагае. У яе склад уваходзіць малако, шакалад і цукар, вядома, у невялікай колькасці. Ну і які сняданак без яечні альбо аўсянай кашы? Парадокс: з дзяцінства – я люблю розныя кашы, – смяецца Ангеліна і расказвае, што гэта страва добра зараджае яе на вучобу.

— Пасля школы абавязкова абед, — расказвае дзяўчына, — трэба паспець на дадатковыя заняткі, таму мяне забірае матуля. Яна прывозіць гарачую ежу, каб я магла добра падсілкавацца для спраў, якія чакаюць наперадзе. Пасля мы едзем на занаткі — па вакале альбо мовах, на балет альбо выступленні.

Таму ў такім мітуслівым графіку, лічыць спявачка, ніколі нельга забываць пра ежу, асабліва для арганізма, які актыўна расце.

— Дзяўчынка павінна атрымліваць усе вітаміны з ежай, — мяркуе артыстка, — і не заставацца галоднай, каб былі сілы на новы дзень і ажыццяўленне жаданага.

Ангеліна смяецца, што за яе танклявасці людзі думаюць, што яна не есць. Аднак гэта не так: уся справа ў збалансаваным харчаванні і насычаным рытме жыцця.

— Ніколі не сядзела на дыетах, — запэўнівае Ангеліна, — хоць ведаю многіх дзяўчат, якія займаліся балетам і спецыяльна худнелі. Я ж кантралюю сябе, напрыклад, адмаўляючыся ад салодкага.

Ангеліна не выключэнне, як і большасць падлеткаў, сутыкаецца з праблемай высыпання на абліччы і ў той момант яна памяншае колькасць ужывання цукру.

— Стараюся есці безцукровыя батончыкі альбо дадаю мёд у кашы замест цукру. Перастала піць гарбату з салодкім. Каб атрымаць невялікую дозу глюкозы, дазваляю сабе крыху печыва з шакаладкай.

Дзень Ангеліны завяршаецца выкананнем дамашніх заданняў.

— Я прыязджаю дадому не раней шасці-сямі вечара. Як правіла, пасля канцэртаў, у восем-дзесяць гадзін. Гэта, вядома, складана і, каб усё паспець, урокі пачынаю рабіць у дарозе альбо ў грымёрцы.

Аднак пры гэтым дзяўчына стараецца прытрымлівацца рэжыму, тым больш гэта кантралююць і бацькі.

—  Неабходна як след высыпацца, таму што ад гэтага пакутуе і здароўе, і твае сілы, — пераканана Ангеліна.

У выходныя дні гімназістка можа дазволіць сабе пачытаць ці паглядзець фільм. Менавіта ў гэты час бацькі стараюцца разгрузіць актыўную школьніцу ад спраў і бавяць час разам, звычайна на прыродзе альбо ў падарожжах.

Дзяўчына лічыць, што вельмі важна памятаць, адкуль твае карані і клапаціцца пра свой любімы горад. Нягледзячы на тое, што Ангеліна аб’ездзіла шмат краін, Беларусь для яе з’яўляецца самай прыгожай і любімай. І хоць нарадзілася наша гераіня ў сталіцы, аднак сваёй малой радзімай лічыць радзіму бацькоў — горад Слонім. Там яна адпачывае і чэрпае натхненне.

— У Слоніме я адчуваю сябе вельмі шчаслівай і спакойнай, — гаворыць Ангеліна, — там узнаўляюся пасля канцэртнага жыцця, урокаў, сустракаюся са сваімі бабулямі.

Ангеліна Ярашчук

Важна таксама мець сувязь са старэйшым пакаленнем свайго роду, мяркуе суразмоўма. Таму, прыязджаючы да бабуль, яны разам што-небудзь чаруюць на кухні, ці ідуць на шпацыр у слонімскі парк, за размоваю любяць бавіць час ля ракі Шчара.

На развітанне я не магла не спытаць у Ангеліны, як жа ў яе атрымліваецца рэалізоўваць свае мары?

— Можна выканаць усё, нават калі здаецца, што гэта немагчыма, — упэўнена адказвае Ангеліна. – Галоўнае мець жаданне і настойлівасць. І ўсе мары рэалізуюцца, нават самыя неардынарныя  і, здавалася б, немагчымыя.

https://bel.24health.by/zdarovyya-pryvychki-lyubou-da-kultury-vandrouki-razmova-sa-spyavachkaj-nastassyaj-shvyadko/

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Глядзіце таксама