27.09.2021
27.09.2021

Цудадзейная сасна: адно з сямі цудаў Лідчыны

logo
Адметнасць беларусаў
42 017
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Людміла Дучыц, 
Ірына Клімковіч

Непадалёк ад Ліды, пры дарозе на Ліпнішкі, ёсць вёска Цвермы. За ёй на ростанях вось ужо не адно стагоддзе вабіць людзей незвычайнае святое месца. Яно лічыцца адным з сямі цудаў Лідчыны. Сюды падчас урачыстых набажэнстваў цячэ бясконцая плынь вернікаў розных канфесій.

Кажуць, тады нават дажджавыя хмары над Цвермамі рассейваюцца. А самае галоўнае – людзі тут ачуньваюць ад шматлікіх хвароб.

Цудадзейная сасна: стужкі і фартушкі на паваленай сасне

Гаворка пойдзе пра рэшткі цудадзейнай лекавай сасны і каплічку каля яе, дзе захоўваецца не менш цудадзейнае драўлянае распяцце Ісуса Хрыста. А пачыналася ўсё так. Згодна з паданнем, каля дарогі, што злучала вёскі Цвермы і Дворышча, расла сасна. Пачалася навальніца і заспела ў дарозе жанчыну з нямым дзіцём. Жанчына вырашыла схавацца пад сасной. Маланка ляснула ў дрэва. Напалоханы нямы хлопчык выгукнуў: “Мама!” Жанчына ад радасці і здзіўлення падняла вочы да неба і ўбачыла, што сасна быццам перажыла пакуты: усе яе галінкі былі перакручаныя. Неўзабаве пра цуд даведаліся ў наваколлі.

Людзі вырашылі ўшанаваць сасну і паставілі побач драўляны крыж. З таго часу многія вылечваліся тут. У падзяку вешалі на галінкі дрэва вышываныя ручнікі і фартушкі, звярталіся да дрэва з просьбамі, загадвалі жаданні.

Сасна лічылася не толькі святой, але і недатыкальнай.

Калі хто спрабаваў ускараскацца на яе, падаў і калечыўся. З цягам часу дрэва, з якога быў зроблены крыж, пачало рассыпацца. Вернікі як вялікую рэліквію бралі трэскі і неслі іх дадому.

Цудадзейная сасна: новая капліца пабудаваная ў 2007

Другое паданне распавядае пра вялікую буру, якая паваліла крыж. Жыхар вёскі Стэфан Валяль забраў з крыжа фігуру Хрыста дахаты і паклаў у свіран. На другі дзень Стэфану прысніўся сон, дзе ён пачуў: “Навошта ты трымаеш мяне ў свіране?” Пасля гэтага Стэфан аслеп. Ягоная жонка разам з суседзямі дапамагла  яму зрабіць новы крыж, прымацаваць фігурку Хрыста і паставіць яго на старым месцы. Калі ўсё было зроблена, зрок вярнуўся да Стэфана. Новы крыж, як і сасну, лічаць цудадзейным. Штогод у дзень цуду і да самай смерці Стэфан з жонкай спраўлялі для ўсёй вёскі пачастунак.

Старажылы вёскі Цвермы сцвярджаюць, што не раз звярталіся да крыжа і сасны, і часта хваробы адступалі. Адну жанчыну вылечылі ад сардэчнай недастатковасці, іншых людзей – ад сухотаў, шкарлатыны, шмат каго ад галаўнога болю ды іншых хвароб. Неяк нават з Вільні прыязджала вяльможная пані і ў срэбных рублях паклала вялікую ахвяру. І католікі, і праваслаўныя ў любое надвор’е ішлі і ехалі сюды, каб памаліцца аб сваім здароўі і здароўі блізкіх. На крыж навязвалі палатняныя фартушкі з нашытымі маленькімі крыжыкамі, аздобленыя ўдзячнымі надпісамі. Іх забаранялася здымаць пакуль самі не спарахнеюць.

Цудадзейная сасна: лекавая Цвермы Лідскага района (просьба пра здароўе)

Неяк чалавек з суседняй парафіі ўласным коштам накрыў крыж цынкавай бляхай. З бакоў абклаў дошкамі, а пад крыжам уладкаваў стол-алтарык. Разышлася пагалоска, што каля прыдарожнага крыжа аб’яўляецца сам Хрыстос. З таго часу фурманкі пачалі з’язджацца сюды нават з далёкіх ваколіц. У нядзелю там, бывала, збіраліся некалькі тысяч чалавек. Замест таго, каб пайсці да касцёла на імшу, праводзілі час у малітвах каля сасны пад крыжам, складалі грошы на столік. Тады і вырашылі на тыя ахвяраванні ўзвесці капліцу. Тры гады ішло будаўніцтва, і на другі дзень Тройцы у 1935 годзе капліцу асвяцілі па каталіцкім абрадзе. На свята сабралася каля 15 тысяч вернікаў.

У 1960 г. камуністы разбурылі святыню, але вернікам удалося выратаваць крыж і перанесці яго ў Тракельскі касцёл. Пасля знішчэння капліцы, якая была помнікам архітэктуры народнага дойлідства, на яе месцы меркавалі паставіць геадэзічны знак. Сасна, якая на той час была ў тры абхваты, замінала. Яе таксама вырашылі знішчыць. Але, як толькі пачалі пілаваць, з дрэва пацякла смала падобная да крыві. Работнікі спалохаліся і пакінулі хвою ў спакоі.

Пасля раны святыня неўзабаве завалілася. Ніхто не наважыўся распілаваць ляжачае дрэва.

Сасна лекавая Цвермы Лідскі раён (просьба пра здароўе)

У 2007 годзе на сродкі вернікаў каля сасны была пабудавана новая капліца. У яе вярнулі і крыж з рэшткамі фігуркі Хрыста, які 47 гадоў захоўваўся ў Тракельскім касцёле. У тым жа годзе на Сёмуху каплічку асвяцілі. Яна атрымала назву Узвышэння Святога крыжа. З таго дня штогод на гэтае свята тут адбываюцца фэсты. З’яўленню капліцы папярэднічала свая гісторыя.

Мясцовы фермер яшчэ ў маладосці ўбачыў сон. Быццам ён стаіць каля векавой сасны і трымае у руках яе галінку. А па ёй з шыпеннем паўзе змяя. Ён хоча адступіць, але няма куды. Раптам чуе голас: ”Не бойся! Яна цябе не кране. Пастаў каля сасны крыж!” Ён прачнуўся і вырашыў паставіць крыж, але не паспеў – захварэў. У 2006-м ён разам з жонкай і сынам на гэтым месцы ўсталявалі металічны крыж. Хвароба сышла. Пасля гэтага вырашылі збудаваць тут капліцу.

Сасна лекавая Цвермы Лідскі раён (просьба пра здароўе). Капліца

Сёння старая сасна абдымае каплічку сваімі сухімі разгалістымі галінкамі. Яны расквечаны рознакаляровымі ахвярнымі стужкамі, якія з прашэннямі і малітвамі навязваюць паломнікі. Яны вераць, што цудадзейнае дрэва выканае іх просьбы.

Матэрыялы на сайце bel.24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце bel.24health.by

42 0 17