07.04.2020
07.04.2020

Цяжарнасць і каранавірус: што рабіць да, падчас і пасля родаў

logo
Цяжарнасць i роды
0 106
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Падчас пандэміі каранавіруса цяжарныя могуць уваходзіць у групу рызыкі, паколькі цяжарнасць – гэта стан фізіялагічнага зніжэння імунітэту. Разбярэмся, ці можна жанчынам у становішчы рабіць рэнтген пры падазрэнні на вірус, ці можа дзіця заразіцца ўнутрычэраўна і пры натуральных родах, як інфікаванай маці карміць немаўля грудным малаком.

Каранавірус. Цяжарнасць. Ці можна нараджаць.

Як працякае COVID-19 у цяжарных?

Праявы захворвання часцей за ўсё тыповыя: высокая тэмпература, кашаль і задышка. Але ёсць некаторыя нюансы: раннія сімптомы COVID-19 у цяжарных часам могуць заставацца незаўважанымі, бо падобныя да асаблівасцяў стану цяжарнасці. Напрыклад, у жанчын, асабліва ў другой палове цяжарнасці, з-за высокай канцэнтрацыі эстрагенаў часта бывае закладзенасць носа і насмарк (рынарэя) пры адсутнасці інфекцыі. Бліжэй да трэцяга трыместра можа назірацца дыхавіца з-за таго, што матка займае нашмат больш месца і абцяжарвае дыханне.

Падчас цяжарнасці, асабліва да трэцяга трыместра, павышаецца нагрузка на сардэчна-сасудзістую і дыхальную сістэмы, таму пры захворванні COVID-19 цяжарныя будуць адносіцца да групы рызыкі па развіцці сур'ёзных ускладненняў – у першую чаргу, дыхальнай недастатковасці.  

Ці ўплывае COVID-19 на цяжарнасць?

На дадзены момант у сусветнай літаратуры мала інфармацыі пра такі ўплыў, асабліва пры захворванні ў першым і другім трыместрах. У асноўным, вывучаныя ўскладненні цяжарнасці ў жанчын, якія захварэлі ў трэцім трыместры. Асноўныя з іх – заўчасныя роды і затрымка развіцця плода.

Ці перадаецца вірус плоду ўнутрычэраўна?

Каранавірус. Цяжарнасць. Ці перадаецца дзецям.

Пакуль няма адназначнага адказу. Раней даследчыкі казалі пра тое, што перадача віруса ад маці да плода праз плацэнту не даказаная. Але ў апошні час пачалі з'яўляцца навуковыя публікацыі, у якіх апісваюць выпадкі такой «вертыкальнай перадачы».

Што рабіць цяжарнай з падазрэннем на COVID-19?

Адразу ж звярнуцца да ўрача, калі ўзнікаюць сімптомы захворвання. Нагодай для звароту таксама павінен стаць «неспрыяльны эпідэмічны анамнэз»: напрыклад, калі жанчына наведвала краіну з высокім узроўнем захворвання COVID-19 альбо кантактавала з кімсьці, у каго пацвердзілі гэты вірус.

Ці можна цяжарным рабіць рэнтген або КТ (камп'ютарную тамаграфію) органаў грудной клеткі пры падазрэнні на вірус?

Так, гэта не супрацьпаказана. Усе міжнародныя рэкамендацыі па дыягностыцы і лячэнні COVID-19 кажуць пра тое, што гэтыя метады абсалютна дапушчальныя падчас цяжарнасці, але павінны ўжывацца толькі па прызначэнні ўрача. Доза выпраменьвання, якую атрымае плод унутрычэраўна пры правядзенні КТ органаў грудной клеткі маці, нашмат ніжэйшы за дозу, якая выклікае парокі развіцця. КТ – больш адчувальны метад для выяўлення змяненняў у лёгкіх. Прамянёвая нагрузка пры рэнтгенаграфіі таксама дапушчальная падчас цяжарнасці.

Як сачыць за станам плода цяжарнай з COVID-19?

Каранавірус. Цяжарнасць. Ці не пашкодзіць КТ.

У трэцім трыместры цяжарнай важна адсочваць профіль рухальнай актыўнасці і запаўняць спецыяльны «дзённік рухальнай актыўнасці плода». Яго выдаюць у жаночай кансультацыі. Ацаніць тэмп росту плода дапаможа УГД, яго кровазварот – каляровае доплераўскае картаванне («доплер»). Кардыятакаграма дапаможа западозрыць парушэнні сардэчнай актыўнасці плода і гіпаксію.

Ці патрэбная такім цяжарным самаізаляцыя?

Так! Ва ўмовах пандэміі самаізаляцыя і выкананне правілаў гігіены – асноўная прафілактыка інфікавання. Пажадана скараціць усе кантакты да мінімуму, не наведваць масавыя мерапрыемствы. У паліклініках і жаночых кансультацыях зараз змяняюць графік і кратнасць прыёму, каб знізіць рызыку распаўсюджвання інфекцыі сярод цяжарных.

Як нараджаць?

Само захворванне COVID-19 – не паказанне для кесарава сячэння. Роды рэкамендуюць весці праз натуральныя родавыя шляхі, калі няма акушэрскіх або экстрагенітальных (не звязаных з рэпрадуктыўнай сістэмай) паказанняў для кесарава сячэння. Не даказана, што дзіця можа заразіцца пры праходжанні праз родавыя шляхі маці.

Каранавірус. Цяжарнасць. Нараджаць натуральным шляхам.

Што можна і нельга рабіць у родах пры COVID-19?

 Абавязкова:

  • захаванне гігіены і «рэспіраторнага этыкету»: медыцынскі персанал і парадзіха (асабліва ў другім перыядзе родаў, гэта значыць падчас патугаў) павінны быць у масках;
  • дбайнае мыццё рук пасля кантакту з любымі паверхнямі;
  • ранняе перацісканне пупавіны пасля нараджэння дзіцяці;
  • ранняя апрацоўка нованароджанага (выцерці нованароджанага насуха ад крыві і сырападобнай змазкі, апрацаваць вочы, бо яны часам робяцца «ўваходнай брамай» для віруса).

Рэкамендуецца:

  • регіянарныя метады абязбольвання: спінальная, эпідуральная анальгезія;
  • індукцыя родаў – «выкліканне» родаў, калі ёсць акушэрскія паказанні;
  • прафілактыка анамалій родавай дзейнасці: увядзенне аксітацыну для рэгуляцыі схватак, амніятамія (раскрыццё плоднага пузыра).

Не рэкамендуецца:

  • закіс азоту («газ, які весяліць») для абязбольвання;
  • аксігенатэрапія ў родах, акрамя выпадкаў, калі ў маці пацвярджаецца гіпаксія (недахоп кіслароду ў крыві).

Ці можна быць у адной палаце з нованароджаным і карміць грудзьмі жанчынам з COVID-19?

Каранавірус. Цяжарнасць. Ці можна карміць.

Няма адназначнага адказу. Рэкамендацыі амерыканскіх цэнтраў па кантролі і прафілактыцы захворванняў (CDC) і кіраўніцтва французскіх урачоў кажуць пра тое, што найбольш бяспечнай будзе ізаляцыя нованароджанага ад маці на 14 дзён ці да таго, як лабараторна будзе пацверджанае спыненне выдзялення віруса маці. Карміць нованароджанага рэкамендуюць сцэджаным малаком з бутэлечкі, не кантактаваць наўпрост.

У той жа час Сусветная арганізацыя аховы здароўя кажа пра тое, што маці і дзіця могуць знаходзіцца разам у адной палаце, калі дазваляе стан здароўя.

СААЗ заахвочвае грудное выкормліванне нават у выпадку захворвання на COVID-19, аднак ёсць важныя правілы:

  • захаванне «рэспіраторнага этыкету»: недапушчальна, каб жанчына чхала і кашляла ў непасрэднай блізкасці ад дзіцяці;
  • перад і пасля кожнага кармлення жанчына павінна старанна вымыць рукі;
  • пры выкарыстанні адсмоктвальніка малака і бутэлечак жанчына павінна перад кожным выкарыстаннем старанна іх апрацоўваць;
  • падчас кармлення жанчына абавязкова павінна быць у масцы.

Даведка

COVID-19 – гэта абрэвіятура, якая абазначае захворванне, выкліканае новым каранавірусам SARS-CoV-2, які раней у чалавека не выяўляўся. Каранавірусы – гэта сямейства ўзбуджальнікаў, якія часцей за ўсё выклікаюць звычайныя вострыя рэспіраторныя інфекцыі (банальная «прастуда») і праходзяць даволі лёгка. Але ў нашай нядаўняй гісторыі ўжо было два сур'ёзныя захворванні, таксама выкліканыя каранавірусамі –- SARS (цяжкі востры рэспіраторны сіндром) і MERS (блізкаўсходні рэспіраторны сіндром). Новы вірус SARS-CoV-2, які ўпершыню выявілі ў Кітаі напрыканцы 2019 года, па сваёй структуры на 79% ідэнтычны вірусу SARS і на 50% – вірусу MERS.

«Залаты стандарт» дыягностыкі COVID-19 – даследаванне таго, што выдзяляецца з насаглоткі альбо ротаглоткі (мазок), метадам палімеразнай ланцуговай рэакцыі (ПЦР). Гэты аналіз праводзяць у нашай краіне па накіраванні ўрача.

Асноўныя меры абароны – гэта стараннае выкананне ўрачэбных рэкамендацый, уважлівае і беражлівае стаўленне да свайго здароўя і здароўя сваіх блізкіх. Вельмі важна не паддавацца паніцы ў сённяшніх умовах, калі нас акружае мноства неправераных чутак і непраўдзівай інфармацыі.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 106

Асістэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі БДМУ
Глядзіце таксама