12.10.2020
12.10.2020

Цяжкасці пераходу. Як зрабіць падлеткавы перыяд бяспечным

logo
Адукацыя і выхаванне
0 47
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Пераходны падлеткавы ўзрост устойліва асацыюецца з непаслухмянасцю, дзёрзкасцю, бунтарствам. Таму ў любой сям'і, дзе расце дзіця, гэтага перыяду чакаюць з апраўданым хваляваннем. Яго нельга адтэрмінаваць, пазбегнуць, «пераскочыць».

Якім бы складаным ні аказаўся падлеткавы ўзрост, гэта непазбежны этап трансфармацыі і станаўлення асобы на шляху ад дзяцінства да самастойнага жыцця. Разуменне і прыняцце дарослымі псіхалогіі падлетка могуць зрабіць гэты шлях максімальна бяспечным і камфортным, лічыць Святлана Паляшчук, псіхолаг Цэнтра, дружалюбнага падлеткам (ЦДП), «Давер» на базе 8-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі г.Мінска.

Падлеткавы ўзрост. Ад нормы да праблемы

Падлеткавы перыяд. Праблемы стасункаў з бацькамі.

Псіхалагічная канцэпцыя падлеткавага ўзросту, напоўненага канфліктамі і рызыкамі, упершыню была прапанаваная вядомым амерыканскім псіхолагам, адным з заснавальнікаў педалогіі (цяпер педагогікі) Стэнлі Холам яшчэ ў 1904 годзе. Гэта значыць, праблема цяжкасцяў пераходнага перыяду, мякка кажучы, не новая.

Святлана Паляшчук, псіхолаг ЦДП «Давер»:

– Даследаванні псіхалогіі адносна прычынаў рызыкоўных паводзінаў вельмі разнастайныя. Але калі іх звесці ў адну кропку, дык выснова такая: рызыкоўныя паводзіны – гэта неад'емная частка працэсу сталення. Падлеткі рызыкуюць, каб больш даведацца пра сябе, праверыць свае здольнасці, даследаваць уласныя  магчымасці, каб у рэшце рэшт адстаяць свае межы, устаноўленыя сям'ёй альбо грамадствам. Варта ўлічыць, што лобныя долі галаўнога мозгу, якія адказваюць за кантроль над імпульсам, выспяваюць прыкладна да 25 гадоў. Адпаведна, імпульсіўныя паводзіны і эмацыянальнасць у прыняцці рашэнняў, калі падлеткі не задумваюцца пра наступствы, – таксама частка ўзросту.

Нармальны па сутнасці працэс робіцца праблемай толькі тады, калі рызыкоўныя паводзіны падлетка прымаюць разбуральны альбо самаразбуральны характар.

Падлеткавы перыяд. Разбуральныя і самаразбуральныя паводзіны.

Таму шматлікія даследаванні ў галіне падлеткавай псіхалогіі сёння ссунуліся ў практычную вобласць: як дапамагчы дзецям не пераходзіць рысу, за якой рызыкоўныя паводзіны прымаюць разбуральны характар, як зрабіць працэс сталення менш вострым і больш бяспечным.

Выхаванне пачуццяў

На дарослым пакаленні сёння ляжыць большая нагрузка, лічыць Святлана Паляшчук. Гэта тлумачыцца тым, што ў сучасным свеце рассунуліся межы падлеткавага ўзросту. Ніжняя зрушылася да 10 гадоў (ранні пубертат), верхняя паднялася да 21 года (позні пубертат). Гэта значыць, з моманту пераходу ад дзяцінства да даросласці праходзіць не менш за 10 гадоў. Гэта доўгі перыяд, на працягу якога перад падлеткам стаяць тры асноўныя задачы:

  • пабудова вобраза сябе (праз самапазнанне);
  • пабудова вобраза будучыні (праз самавыяўленне, самарэалізацыю);
  • самасцвярджэнне – этап, звязаны з аддзяленнем ад бацькоў, сям'і.

Пэўныя рызыкі звязаныя з тым, як і наколькі эфектыўна падлетак вырашае гэтыя задачы.

Падлеткавы перыяд. Праблемы стасункаў.

Святлана Паляшчук, псіхолаг ЦДП «Давер»:

– Напрыклад, працэс самапазнання і пабудовы вобразу сябе ці новай падлеткавай ідэнтычнасці сёння праходзіць не так, як было раней. Асноўная складанасць – страта рэфлексіі. Час асабістых дзённікаў і літаратурных герояў прайшоў. Сучасны падлетак жыве, мае стасункі, сябруе анлайн. Але для таго, каб выбудоўвалася асоба, неабходны прынцып «люстранога я». Патрэбны сапраўдны рэальны сябар, глыбокія адносіны. У рэжыме «анлайн» гэтага няма альбо яно мае досыць павярхоўны характар. У такім кантэксце падлетак не заўсёды спраўляецца з пачуццямі, якія яго перапаўняюць, не разумее, што з ім адбываецца. Але нягледзячы на тое, што эмацыянальнае напружанне расце, падлеткі рэдка звяртаюцца да псіхолага альбо старэйшага дарослага з просьбай аб дапамозе. У выніку ўзнікае рызыка антывітальных перажыванняў, таго, што ляжыць у аснове суіцыдальных думак і працэсаў.

Не меней праблемаў з пабудовай вобраза будучыні праз самавыяўленне і самарэалізацыю. У 12-гадовым узросце, калі назіраецца віток развіцця новых здольнасцяў, сучасны падлетак нярэдка сутыкаецца з дзвюма крайнасцямі. Альбо ён перагружаны кружкамі, секцыямі і яго жыццё настолькі стрэсагеннае, што ў яго проста няма часу і магчымасці адрэфлексаваць свае пачуцці: дзе ва ўсім гэтым ён сам. Альбо бацькі цалкам абыякавыя да яго занятасці. Утвараецца ніша, напоўненая сумам. Дэпрэсіўны настрой штурхае падлетка на пошук таго, што прынясе яму задавальненне, павысіць фон настрою. Адсюль цяга да захапленняў высокай ступені рызыкі – ад паркура да экстрэмальных сэлфі.

Падлетак і дарослы: межы даверу

Падлеткавы перыяд. Межы даверу.

Асобнай увагі заслугоўвае этап сепарацыі, аддзялення падлетка ад сям'і ў працэсе сталення. На думку Святланы Паляшчук, тут важна вылучыць тры этапы:

  • Пабудова эмацыянальных межаў. Прыкладна ў 10-гадовым узросце ўжо можна назіраць, як дзіця пачынае ўстанаўліваць гэтыя межы: зачыненыя дзверы, схаваныя перажыванні, г.зн. даросламу ўжо няма доступу ў свет падлетка. Туды можа патрапіць толькі той, каму ён давярае. І часцяком гэта зусім не бацька ці маці.

Святлана Паляшчук, псіхолаг ЦДП «Давер»:

– Задача дарослых складаецца ў прыняцці гэтых межаў. Калі дарослы не гнуткі, не прымае і не адчувае гэтых межаў, падлетак вымушаны іх абараняць. Тое, што мы лічым грубіянствам, хамствам у падлеткавым узросце – гэта якраз-такі і ёсць зваротная рэакцыя на парушэнне эмацыянальных межаў дарослымі, так званая вербальная агрэсія. Між іншым, адпраўная кропка ў развіцці характару альбо ў станаўленні асобы цяжкага падлетка.

  • Пабудова інтэлектуальных межаў. У падлеткавым узросце (прыкладна ў 15-16 гадоў) пошук стасункаў з людзьмі, якія маюць альтэрнатыўныя сям'і каштоўнасці, – норма. Каб рабіць любы выбар у жыцці свядома, падлетак павінен параўнаць.

Падлеткавы перыяд. Альтэрнатыва сямейным каштоўнасцям.

Святлана Паляшчук, псіхолаг ЦДП «Давер»:

– Часцяком у кансультаванні мы сутыкаемся з рознымі скаргамі дарослых на тое, што ўсё, што закладвалася ў працэсе выхавання, абясцэньваецца, і падлетак шукае пэўныя альтэрнатыўныя шляхі. Тут вельмі важна для бацькоў і для любога дарослага ўмець выбудоўваць дыялог з дзіцем. Любы ціск з боку дарослых выклікае ў яго ўнутранае напружанне. Пры гэтым у падлетка няма магчымасці ціснуць з той жа сілай у адказ. Таму алкаголь, пратэстныя паводзіны, як правіла, з'яўляюцца следствам унутранага напружання, якое складваецца ў полі ўзаемаадносінаў паміж дарослым і падлеткам.

  • Апошні момант, які надыходзіць бліжэй да 21 года, – эканамічнае аддзяленне, калі падлетак павінен спрабаваць рабіць пэўныя крокі ў накірунку самастойнага жыцця. Гэта, бадай, самы складаны этап. Нездарма многія застаюцца жыць з бацькамі, нягледзячы на ўзрост. Ды і сама сітуацыя ў сучасным грамадстве, на жаль, такая, што часцяком падлеткі проста не могуць сабе дазволіць эканамічна аддзяліцца.

Хто дапаможа падлетку

Безумоўна, роля асноўнага памочніка адводзіцца самым блізкім дарослым – бацькам. Уменне паважаць і не пераходзіць межы, своечасова спыніць сябе ў імкненні татальнага кантролю, апекі і занятасці дзіцяці, слухаць і чуць падлетка, не прыдушваючы яго сваім «безумоўным аўтарытэтам», – гэта базавыя правілы эфектыўнага ўзаемадзеяння, якіх павінен прытрымлівацца кожны дарослы. На жаль, менавіта іх выконваць складаней за ўсё па прычыне альбо нежадання, альбо няўмення, альбо скептычнага стаўлення да праблемы.

Падлеткавы перыяд. Як не задушыць аўтарытэтам.

І тут самы час нагадаць пра ініцыятыву Дзіцячага Фонду ААН (ЮНІСЕФ), якая на працягу вось ужо 25 гадоў рэалізуецца ў Беларусі і накіраваная на стварэнне лепшага асяроддзя для дзяцей і падлеткаў. У прыватнасці, у рамках гэтай ініцыятывы ва ўзаемадзеянні з Міністэрствам аховы здароўя ў 54 гарадах краіны на базе дзіцячых паліклінік створаны і дзейнічаюць Цэнтры, дружалюбныя падлеткам.

Так, тут працуюць дарослыя: урачы і псіхолагі. Але адрознівае іх тое, што яны тонка адчуваюць і разумеюць патрэбы сучаснага падлетка і гатовыя адгукнуцца на любы запыт аб дапамозе. Тут экспертна і ў той жа час на зразумелай мове адкажуць на пытанні пра здаровы лад жыцця, бяспечныя сэксуальныя паводзіны, прафілактыку захворванняў, якія перадаюцца палавым шляхам, праблемы курэння, наркаманіі і алкагалізму. Пры жаданні ў цэнтры можна здаць экспрэс-тэст на ВІЧ ці атрымаць параду па выбары будучай прафесіі.

Праца ЦДП грунтуецца на чатырох непарушных прынцыпах: дружалюбнасць, добраахвотнасць, добразычлівасць, давернасць, аказваецца бясплатна і строга канфідэнцыяльна. Акрамя таго, на базе асобных ЦДП створаная так званая кам'юніці-прастора.

Падлтекавы перыяд. Цэнтры, дружалюбныя падлеткам.

Святлана Паляшчук, псіхолаг ЦДП «Давер»:

– У Цэнтр, як правіла, прыходзяць падлеткі, якія маюць адны і тыя ж праблемы. Таму кам'юніці-прастора стваралася як месца, дзе падлетак праз стасункі з іншымі можа пераадолець страх адзіноты і сацыяльнай неадпаведнасці, перажыць вопыт пазітыўнага кантакту з аднагодкамі і дарослымі. Як паказвае практыка, гэта асабліва актуальна для тых падлеткаў, у каго дэфіцыт падобнага вопыту.

Адрасы і кантакты цэнтраў, дружалюбных падлеткам, можна знайсці па гэтай спасылцы.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 47

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама