16 Жніўня
16.08.2020

Да тых, хто побач…

logo
Думкі ўслых
178 0 53
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
… трэба быць уважлівымі. Бо самым каштоўным па-ранейшаму застаецца чалавечае здароўе і жыццё. Пераключаючыся на вялікія праблемы, мы часцяком проста не звяртаем увагі на тых, хто побач. Каму так патрэбныя простыя словы падтрымкі, чалавечая цеплыня. І асабліва – калі чалавек хварэе…
Побач. Быць уважлівымі.

Допісы ў сацыяльных сетках, мэсэнджарах ды разнастайных дзённіках – гэта, вядома ж, добра. Але яны не замяняюць звычайны клопат, стасункі ўжывую… Проста запытацца: «Як ты?» Хіба ж для гэтага патрэбныя вялікія намаганні? Запытацца не дзяжурна, а з сапраўднай цеплынёй. Калі не асабіста, дык хаця б па тэлефоне.

Абыякавасць – вось што спараджае адзіноту. І калі побач няма па-сапраўднаму блізкага чалавека, вельмі цяжка ўтрымацца на краі… Сапраўды, часам лягчэй быць добрымі з бяздомнымі жывёламі, чым з тымі, хто побач. Бо часцяком самі прывучаныя не клапаціцца, а толькі прымаць клопат. А калі сітуацыя мяняецца… Нямногія хочуць перабудоўвацца. Так і атрымліваецца, што намінальна чалавек не адзін, але – адзінокі.

І можна колькі заўгодна спрабаваць замяніць жывыя чалавечыя стасункі інтэрнэтам, кнігамі, фільмамі ды іншым. Не замяняюцца, на жаль… Толькі цяпло побач патрэбнае… Разуменне, суперажыванне… А ці ўсе мы на гэта здольныя?!

Побач. Адзінота ўдваіх.

Хвалявацца за чалавека таксама можна па-рознаму. Тэлефанаваць і пытацца: «Ты дзе? З табой усё ў парадку? Беражы сябе!» А можна пісаць для сябе: «Я так перажываю…» А пры сустрэчы проста прамаўчаць…

Размаўляйце са сваімі блізкімі! Гаварыце з тымі, хто побач! Усім патрэбныя жывыя чалавечыя словы… Памятаеце гэта: «Добрыя словы і котцы прыемныя»?! А людзям – тым больш.

Сёння роўна чатыры месяцы, як не стала маёй мілай мамачкі. А я ўсё не магу паверыць… Я кожны дзень чакаю яе… Я бачу яе пастаянна, унутраным зрокам… Плачу і звяртаюся да яе. Толькі адказу няма.

Як жыць з гэтым дзікім болем, я не ведаю. Я пастаянна прашу яе прысніцца. Каб мы маглі пагаварыць. Хачу пачуць, што ТАМ ёй ужо добра, што нічога не баліць, што яна не пакутуе… Я так хачу верыць, што гэта так і ёсць!

Побач. Мама на небе.

Учора яна мне снілася, нават двойчы. Але, на жаль, сны такія кароткія… І пагаварыць, як у рэале, не атрымліваецца. Я ўвесь час пракручваю іх у галаве, шукаю схаваны сэнс  – і не знаходжу. Але веру, што мы з ёй сапраўды сустракаемся – у паралельнай рэальнасці…

Учора я так яе абдымала ў сне… Яна ўсміхалася… Але наяве гэтых абдымкаў я не адчула, на жаль…

Людзі, беражыце вашых родных! Калі жывяце не з бацькамі, наведвайцеся да іх часцей. Як пісаў слынны Рыгор Барадулін: «Наведвайце бацькоў, пакуль яны жывыя…» Нічым пасля не запоўніцца пустэча побач… Нічым і нікім…

Побач. Свечка памяці.

Дык давайце не адварочвацца ад тых, хто побач. Не хавацца за маніторамі камп’ютараў, ноутбукаў, планшэтаў, старонкамі кніг і сшыткаў. Размаўляйце, стасуйцеся, шчыра цікаўцеся: «Як ты?» Будзьма побач – у рэале, а не ў віртуальнасці ды ўласным уяўленні.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

178 0 53

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых». З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.). Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.