08.11.2020
08.11.2020

«Да Змітра дзеўка хітра». Гуляем вяселлі і… частуемся капучына! :)

logo
Беларускі код
0 64
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Пакуль яшчэ быў час, пакуль не прыйшла Піліпаўка ды не распачаўся Піліпаўскі пост, дык на Змітра (8 лістапада) нашыя продкі гулялі вяселлі! Часта і шмат! І тыя традыцыі знайшлі сваё адлюстраванне ў народнай мудрасці: «Святы Змітры – людзі хітры, чаны параць, піва вараць, сыноў жэняць, дачок даюць», «Да Змітра дзеўка хітра, а па Змітры – мужык хітры», «Да Зміцера дзеўка хітрая, а пасля Зміцера яшчэ хітрэй» (бо выйшла замуж). Так што тыя, хто запланаваў вяселле сёлета на 8-га лістапада, вельмі правільна зрабілі. Па-нашаму, па-беларуску! 🙂 Го-о-о-о-о-орка!

Зміцер. Змітраў дзень. Гуляем вяселлі.

Калі даўней дзяўчаты і маглі, круцячы носам, перабіраць жаніхоў, дык з прыходам гэтай даты ўжо спяшаліся вызначыцца. Бо Піліпаўскі пост, які распачынаецца напрыканцы лістапада, доўжыцца ажно да Раства Хрыстова ў праваслаўных. Не паспелі – быць не ў пАры. А, як вядома, «у Зміцераў дзень і верабей пад кустом піва варыць». Хацела б я паглядзець на таго вераб’я! 🙂 А вы?!

Па Змітраву дню не толькі меркавалі пра будучае надвор’е, але і казалі пра тое, што халодныя дні надыходзяць. І, мяркуючы па прагнозе сіноптыкаў, ужо з серады той самы холад нас і чакае. А чаго хацець?! Набліжаемся да сярэдзіны апошняга месяца восені…

«Зміцер зямлю выцер, на груды пабіў, каб ніхто не хадзіў», «Калі Змітра на снезе, то і Каляды на снезе, а вясна позняя», «Святы Зміцер грудамі гвоздзіць», «Зміцераў дзень – зіма вужо лезе на тын».

Зміцер. Змітраў дзень. Зімовыя прыкметы.

Чамусьці апошняе адразу прачытала – «вуж лезе на тын»! 🙂 Думаю: «Які вуж?! Змеі-то ўжо на Узвіжанне спаўзліся і спаць паклаліся»… Хіба толькі дзесьці вужыкі і жывуць у цёплым хляве, дзе харчуюцца каровіным малаком… Так што пры бліжэйшым расчытанні прыстаўное «в» мяне тут толькі пасмяшыла. 🙂

А мы працягваем знаёміцца з народнай мудрасцю ды назіраннямі, якія тычацца Змітравага дня: «Калі 8 лістапада холад і снег, вясна позняя і халодная, а калі адліга, зіма і вясна цёплыя». Ну, па праўдзе, абяцаныя плюс 10 на сёння холадам не палічыш, праўда?! Асабліва ў параўнанні з тымі плюс 1-3 на сераду, 11 лістапада. Дакладней – 11.11.2020. Гэта што тычыцца супадзенняў.

Зрэшты, толькі што зірнула ў прагноз надвор’я. Ужо плюс 3-5 абяцаюць у сераду. Накінулі пару градусаў, дзякуй! 🙂 А бліжэй да 11.11., глядзіш, і яшчэ зменіцца. Толькі ў які бок, невядома. Але калі меркаваць па даўнейшых прагнозах і браць плюс за адлігу, значыць, зіма і вясна цёплыя…

Зміцер. Змітраў дзень. Народныя прыкметы. Абяцанне цёплай зімы.

«На Зміцера рэкі замярзаюць». А ў нас вось ўжо не… «Да Дзмітраўскай суботы зіма не становіцца». І з гэтым не паспрачаешся… Толькі калі ўжо дужа рэдка, у выглядзе выключэння… У залежнасці ад надвор’я даўней выпас жывёлы мог заканчвацца на Пакроў, а мог і на Змітра: «Да Змітра пасуць, а па Змітры пільнуюць».

Але, як кажуць па-сучаснаму, не Змітрам адзіным… Сёння ёсць і яшчэ цікавыя святы. Не такія, вядома, народныя і душэўныя, але…

Самы найбліжэйшы па тэме – Дзень першых прыкметаў зімы. У чымсьці пераклікаецца са Змітравым днём, ці не так?! І, магчыма, дзесьці на Віцебшчыне тыя прыкметы сапраўды з’явяцца…

Яшчэ 8 лістапада – Дзень выканання жаданняў! Чароўнае свята! Прычым маецца на ўвазе не толькі тое, што вы загадалі жаданне і замерлі ў чаканні яго выканання. Гэтае свята чакае актыўнасці ад вас!

8 лістапада – Дзень выканання жаданняў.

У тым сэнсе, што кожны можа паспрабаваць выканаць жаданне блізкага чалавека, сябра, знаёмага і нават незнаёмага! Кожны можа прымерыць на сябе ролю добрага чараўніка. Так што гэтае свята дорыць выдатныя магчымасці падараваць камусьці шчасце і радасць! Дык давайце скарыстаемся гэтым!

Ідзем далей. Міжнародны дзень КВЗ! Эх, як калісьці я была захоплена КВЗ! Але больш падабалася быць не ўдзельнікам, а гледачом (у школьныя і студэнцкія гады). А ўжо калі КВЗ паказвалі па тэлевізары…

Перачытала апошняе – і ўсміхнулася. Няўжо такое было?! Бо ад тэлевізара ў нашай сям’і свядома адмовіліся… Ну-у-у-у-у… Гадоў з 10 таму. А вы былі ўдзельнікам  КВЗ?! Хаця б дзе-небудзь і калі-небудзь?!

Ці ёсць у вас, шаноўныя сябры, знаёмыя піяністы?! Прафесіяналы альбо аматары?! Тады віншуйце іх хутчэй! Як з чым?! З Міжнародным днём піяніста!

8 лістапада – Міжнародны дзень піяніста.

А ці любіце вы капучына так, як люблю яго я?! 🙂 Сёння – Сусветны дзень капучына. Калі ў мяне ёсць магчымасць выбару, якую каву заказаць, дык заўсёды аддаю перавагу капучына.Чаму?! А не ведаю. Люблю – і ўсё тут! 🙂

Дарэчы, піла і самы сапраўдны італьянскі напой. Так, у Італіі, падчас вандроўкі ў 2013-ым. Таксама не верыцца. І парыжская кава капучына была ў маім жыцці. Ажно ў далёкім 2006-ым. Калі падумаць, дык цэлая віртуальная калекцыя набярэцца…

А вось цяпер на прасторах інтэрнэту адшукала цікавы і нескладаны рэцэпт прыгатавання капучына. Ручны, так бы мовіць. Хачу паспрабаваць прыгатаваць. Хто са мной?! 🙂

8 лістапада – Сусветны дзень капучына.

Інгрэдыенты:

  • ¼ кубка распушчальнай кавы
  • ¼ шклянкі цукру
  • 3 ст.л. вады
  • малако (неабходную колькасць выбраць самім).

Прыгатаванне:

  1. У вялікай місцы змяшаць каву, ваду і цукар.
  2. Узбіць сумесь блэндэрам, міксерам альбо проста венчыкам. Яна павінна стаць светлай і аднастайнай, крэмавай.
  3. Бяром 1 шклянку малака (калі порцыя разлічаная на 1 чалавека), пераліваем у каструлю, ставім на слабы агонь і грэем, пастаянна памешваючы венчыкам, каб утварылася пена.
  4. У кубак змяшчаем 1 ст.л. кававай сумесі, заліваем малаком і акуратна перамешваем.

Аўтары рэцэпта сцвярджаюць, што калі кававай сумесі прыгатаваць пабольш, дык яе можна захоўваць у халадзільніку ў герметычным кантэйнеры на працягу тыдня. Смачна піць! 🙂

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 64

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".
Глядзіце таксама