15.02.2021
15.02.2021

Даць вачам адпачынак. Прафілактыка зрокавай стомленасці ў дзяцей

logo
Здароўе дзяцей
0 27
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Лепшы сябар сучаснага дзіцяці – гаджэты. Гэта не безапеляцыйнае сцвярджэнне. Гэта канстатацыя факта. Сёння з гаджэтамі непарыўна звязаныя вучоба, вольны час, стасункі, нават, калі хочаце, сяброўства сучасных дзяцей. Прычым цесныя сувязі з электроннымі дэвайсамі ўсталёўваюцца з усё больш ранняга ўзросту.

Зусім нядаўна мы падрабязна пісалі пра гэта.

Адназначна сказаць, што гэта дрэнна, нельга: за інфарматызацыяй сучаснасць і будучыня цывілізацыі. Таму задача бацькоў – навучыць дзяцей электроннай гігіене, каб знізіць рызыкі, звязаныя з выкарыстаннем гаджэтаў. У прыватнасці, да негатыўных фактараў адносяцца зрокавая стомленасць з наступным зніжэннем вастрыні зроку.

Як пазбегнуць зрокавай стомленасці і прадухіліць праблемы са зрокам, журналісту Слушна распавяла малодшы навуковы супрацоўнік лабараторыі гігіены дзяцей і падлеткаў НПЦ гігіены Наталля Карповіч.

Праблема ў полі зроку

Зрок і гаджэты. Карыстаюцца і маленькія дзеці.

Нагадаем, па выніках анкетавання беларускіх школьнікаў, якое было праведзенае супрацоўнікамі НПЦ гігіены, высветлілася: штодня больш за тры гадзіны праводзяць ля экранаў і манітораў электронных гаджэтаў 5,7% першакласнікаў і амаль утрая больш вучняў чацвёртых класаў – 15%.

У сярэдніх і старэйшых класах частата і працягласць выкарыстання электронных прыладаў працягваюць заканамерна ўзрастаць.

Зрок і гаджэты. Колькі часу дзеці праводзяць у інтэрнэце.

Траціна апытаных навучэнцаў 5-11 класаў адзначылі, што электронныя прылады для іх з'яўляюцца ўпадабанай формай баўлення вольнага часу (пра гэта заявілі 26,5% пяцікласнікаў і амаль кожны другі вучань старэйшых класаў – 47%).

Разам з тым, шмат хто з дзяцей адзначае балючасць, сухасць вачэй, расплывістасць зроку пасля доўгіх «стасункаў» з гаджэтамі. Усё гэта прыкметы стомленасці, перанапружання вачэй, звязаныя з інтэнсіўнай зрокавай нагрузкай. Для дзяцей такое перанапружанне можа быць адным з фактараў рызыкі ўзнікнення парушэнняў зроку.

 
Наталля Карповіч
Малодшы навуковы супрацоўнік лабараторыі гігіены дзяцей і падлеткаў НПЦ гігіены
Ва ўсім свеце назіраецца рост распаўсюджанасці міяпіі сярод дзяцей. Асабліва гэта характэрнае для краінаў Азіі, дзе міяпія дыягнастуецца ў 20-30% дзяцей ва ўзросце 7 гадоў, да моманту заканчэння пачатковай школы гэты паказчык павялічваецца да 60%. У Еўрапейскім рэгіёне тэндэнцыя да росту распаўсюджанасці міяпіі сярод дзяцей і падлеткаў не такая выразная, тым не менш, таксама ёсць. Напрыклад, у нашай краіне розныя парушэнні зроку маюць 10-15% першакласнікаў, а да заканчэння пачатковай школы афтальмалагічная паталогія ёсць ужо ў кожнага трэцяга дзіцяці. Шмат у чым праблемы са зрокам наўпрост звязаныя з тым, што дзеці ўсё больш часу праводзяць з электроннымі гаджэтамі, радзей бываюць на свежым паветры, меней рухаюцца.

Гігіена зроку. 4 правілы

Зрок і гаджэты. Правільная пастава за камп'ютарам.

Каб знізіць рызыку негатыўных наступстваў для вачэй пры выкарыстанні электронных прыладаў, неабходна памятаць пра гігіену зроку і выконваць шэраг рэкамендацый, падкрэслівае Наталля Карповіч. Адказнасць у гэтым пытанні, у першую чаргу, ляжыць на бацьках.

  1. Арганізацыя працоўнага месца дзіцяці. Акрамя агульных правілаў па захаванні аптымальнай працоўнай паставы седзячы, неабходна надаць увагу адлегласці ад вачэй да экрана альбо манітора (50-60 см і больш, у залежнасці ад памераў экрана і аб'ектаў адрознівання). Экран павінен быць размешчаны крыху ніжэй за ўзровень вачэй. Найлепшыя ўмовы можна стварыць пры працы за стацыянарным камп'ютарам, а вось смартфоны і планшэты з'яўляюцца найбольш «праблемнымі»: памеры экрана і партатыўнасць прадугледжваюць выкарыстанне на невялікай адлегласці ад вачэй, у тым ліку ў позе лежачы.
  2. Кантроль над адлюстраваннем. Гэта значыць – яркасць, кантраст, блікі. Адрэгулюйце яркасць экрана ў адпаведнасці з асветленасцю пакоя. Занадта яркі экран у параўнанні з навакольным асяроддзем выклікае хуткую стомленасць вачэй. Катэгарычна не рэкамендуецца карыстацца гаджэтамі ў поўнай цемры. Рэгулёўка кантраснасці таксама дапаможа знізіць нагрузку на вочы. Пры размяшчэнні экрана і крыніцаў святла ў пакоі звяртайце ўвагу на тое, каб пазбегнуць ўзнікнення блікаў.

Зрок і гаджэты. Правільнае абуладкаванне працоўнага месца школьніка дома.

  1. Мірганне неабходнае для ачышчэння і прадухілення высыхання паверхні рагавіцы. Даследаванні паказваюць, што падчас выкарыстання электронных прыладаў людзі міргаюць ў 2-3 разы радзей, чым звычайна. Растлумачце дзіцяці, што пры неабходнасці працяглай працы з экранамі карысна памятаць пра гэта і свядома міргаць часцей.
  2. Рэжым і працягласць выкарыстання, перапынкі ў працы. Бацькам варта ўвесці разумныя абмежаванні працягласці выкарыстання электронных прыладаў дзецьмі, пажадана пазбягаць працы з экранамі ўвечары за некалькі гадзін да сну. Дзецям бывае складана кантраляваць час, праведзены ў віртуальнай рэальнасці, дапамажыце ім пераключыцца на іншыя віды дзейнасці.

Зрок і гаджэты. Важнасць правільнай асветленасці экрана.

Больш падрабязна пра тое, як правільна абуладкаваць працоўнае месца школьніка дома, можна прачытаць у гэтым матэрыяле.

Важнае значэнне мае арганізацыя дня дзіцяці ў цэлым, час адыходу да сну, працягласць знаходжання на свежым паветры. Даследаванні паказваюць, што ў дзяцей, якія рэгулярна праводзяць на вуліцы па 14 гадзін у тыдзень, істотна зніжаецца верагоднасць развіцця міяпіі.

Прагулкі на свежым паветры, дзякуючы комплексу фактараў (высокая асветленасць, ультрафіялетавае выпраменьванне, магчымасць глядзець удалячынь, рухальная актыўнасць), зніжаюць рызыку ўзнікнення і прагрэсавання міяпіі ў дзяцей, а таксама спрыяюць гарманічнаму развіццю іншых сістэмаў арганізма (касцёва-мышачнай, сардэчна-сасудзістай, дыхальнай, нервовай ). Між тым, па выніках анкетавання 37% апытаных навучэнцаў малодшых класаў праводзяць на вуліцы меней за 2 гадзіны ў дзень, пры гэтым 14% навучэнцаў 3-4 класаў адказалі, што зусім не шпацыруюць па вуліцы на працягу дня.

Гімнастыка для вачэй

Зрок дзяцей і гаджэты

Гульні, відэаролікі, стасункі ў мэсэнджарах і сацыяльных сетках настолькі цікавыя, што дзеці забываюцца рабіць перапынкі і не заўважаюць прыкметаў зрокавай стомленасці.

Таму бацькам неабходна сачыць за працягласцю выкарыстання электронных прыладаў, нагадваць пра неабходнасць паўзаў.

 
Наталля Карповіч
Малодшы навуковы супрацоўнік лабараторыі гігіены дзяцей і падлеткаў НПЦ гігіены
Прынцыпова важна прывучыць дзіця рабіць перапынкі ў выкарыстанні электронных прыладаў. Гэта дапаможа знізіць верагоднасць праблемаў са зрокам. Навучыце дзіця падчас перапынку выконваць некалькі простых практыкаванняў, якія дапамогуць зняць напружанне, у тым ліку з вачэй: некалькі разоў выканаць плаўныя нахілы галавы наперад-назад і ў бакі, павароты галавы, кругавыя рухі ў абодвух напрамках, пацягванне, махі рукамі, кругавыя рухі ў прамянёвазапясцевых, локцевых і плечавых суставах, нахілы корпуса.

Асаблівае значэнне мае гімнастыка для вачэй. Яна ўключае наступныя практыкаванні:

  • плаўна пераводзіць позірк уверх-уніз, налева-направа;
  • «намаляваць» вачыма кола, знак бясконцасці, спіралі ў абодвух напрамках;
  • часта памiргаць на працягу 10-15 секунд;
  • некалькі разоў зажмурыцца і шырока расплюшчыць вочы;
  • заплюшчыць вочы на некаторы час і пастарацца расслабіцца.

Простая размінка і практыкаванні для вачэй дапамагаюць зняць залішняе напружанне, пазбегнуць ператамлення і павысіць працаздольнасць.

 

 
Наталля Карповіч
Малодшы навуковы супрацоўнік лабараторыі гігіены дзяцей і падлеткаў НПЦ гігіены
Карысная звычка – перыядычна адводзіць вочы ад экрана і глядзець у акно на падаленыя аб'екты, гэта дае магчымасць адпачынку мышцам вока. Лёгка запомніць правіла «20-20-20», рэкамендуемае Амерыканскай асацыяцыяй афтальмолагаў: праз кожныя 20 хвілін зрокавай працы на блізкай адлегласці неабходна перавесці погляд на 20 секунд на аб'ект, размешчаны на адлегласці больш за 20 футаў (крыху больш за 6 метраў).

Электронныя прылады даюць дзецям шмат магчымасцяў для стасункаў, навучання, забаў, аднак бацькам неабходна памятаць пра верагодныя негатыўныя наступствы для здароўя арганізма, які расце, і навучыць дзяцей правілам бяспечнага выкарыстання гаджэтаў, дапамагчы арганізаваць рэжым дня.

https://bel.24health.by/kampyutarny-zrokavy-sindrom-simptomy-i-prafilaktyka/

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 27

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама