10.05.2020
10.05.2020

Дача (не)святочная: утравянела-ўкрасавана-клопатная

logo
Думкі ўслых
0 63
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Паколькі з-за сумных падзей у сям’і праца на дачы адсунулася на пачатак мая… Ну што тут сказаць? Уся надзея ўскладалася і ўскладаецца толькі на выхадныя. У двух выпадках яны ж атрымаліся і святочнымі. Для іншых. 1-га і 9-га Мая. Для нас жа з татам і брата з жонкай (у іх свая дача непадалёк) – працоўнымі. І як жа па-рознаму сустрэла нас дача ў гэтыя дні…

Дача. Майскія святы.

Але напачатку хацелася б яшчэ колькі слоў пра саму наяўнасць дачнага ўчастка і актыўную працу на ім. Колькі разоў за ўсе дзесяцігоддзі давялося чуць ад многіх: «Ну вось навошта там гарбаціцца?! Усё вырашчанае значна танней купіць у крамах. А дача – гэта газон, шашлык-машлык, адпачынак…»

Вядома ж, колькі людзей – столькі меркаванняў. І лад жыцця ў кожнага розны. Ніколі не разглядалі дачу як сродак атрымання прыбытку. Хаця… Калі б была магчымасць лёгка збываць лішкі…Верагодна, прыбытак быў бы… Бо лішкі таксама былі заўсёды. І на дрэвах, і на кустах, і ў цяпліцы, і на градках… Асабліва, калі гады выдаваліся ўраджайнымі…

Я памятаю, як зусім нядаўна яблыні і груша літаральна засыпалі нас пладамі! Калі ўжо яны былі закансерваваныя ва ўсіх відах і ўражваючай колькасці, а выкідваць было шкада. І не пачастуеш нікога: вакол ва ўсіх такі ж засып… Але некаторыя ўсё ж паддаваліся на хітрыкі… Маўляў, такіх вы яшчэ не каштавалі… Горш было, калі ў адказ прыносілі сваё…

Памятаю, як у адзін год нас літаральна засыпала вішнямі! Колькі мы перацягалі іх дахаты! Як я пішчала ад страху перад вышынёй, стоячы на тоненькіх драбінах «дзесьці пад небам»! А тады дома мы з мамачкай выціскалі з іх костачкі і кансервавалі, кансервавалі…

Дача. Кансерваванне вішні.

Сёлета зноў так шыкоўна цвітуць ігруша і вішні! Вось толькі мамачка мая ўжо гэтага не бачыць… А яна так любіла ўсё гэта… Радавалася самай маленькай кветачцы, ягадцы… Гэта ад яе ў нашай сям’і захапленне самым дробным, маленькім… Не магу радавацца гэтай квецені напоўніцу. Хаця мімаволі адзначаю: так, прыгожа…

Зараз многія ў сацыяльных сетках выстаўляюць фота з квітнеючымі дрэвамі, з кветкамі… Раней, калі мама з татам займаліся агароднымі раслінамі, я найперш прыводзіла ў парадак кветкі. Зараз яны ў мяне пакуль на апошнім месцы. Пасадзіць бы ды пасеяць усё неабходнае. Упершыню сама, удваіх з татам…

І найперш мы прыводзім у парадак мамачкіны трускалкі, з якімі яна так заўсёды вазілася… Так радавалася, калі атрымліваўся ўраджай… І цяпер па прыездзе мы найперш праполваем і падварушваем іх…

Дача. Праполванне трускалак.

2-га мая атрымалася пасадзіць бульбу. Традыцыйна ручным спосабам, па галандскай тэхналогіі, пераробленай даўно ўжо пад сябе. А вы хочаце ведаць, чым сустрэла нас дача 1-га мая?! Морам…  травы… Асабліва раскашуе макрыца. Ну што ты зробіш?! «Карчуеш» яе, а яна праз пэўны час зноўку з’яўляецца…

А 9-га мая да травы дадаліся… дзьмухаўцы! Ну гэта ж трэба так дружна раскрыцца! Здаецца, тыдзень таму толькі крыху зеляніны ад іх было пад нагамі. А тут – наце вам! Мора залатых сонейкаў. Прыгожа, слоў няма… Але пакуль іх «выкарчуеш»…

Затое кветкі… Мае кветкі, якія ў плане прывядзення ў парадак стаяць пакуль на апошнім месцы, не зважаючы на такія адносіны… Цвітуць! І не горш за год мінулы. А можа нават яшчэ і лепей. Вось такое дзіва.

Дача. Кветкі без праполкі.

А познія цюльпаны яшчэ стаяць у бутонах. Калі вакол раннія ўжо адцвітуць, мы традыцыйна будзем з цюльпанамі.

Дык навошта ж нам дача, якая не дае прыбытку, а набыць усё вырашчанае быццам бы танней?! А вось ніколі не пералічвалі дачныя выгоды на грошы. Проста… Сваё, экалагічна чыстае, вырашчанае з любоўю, без падкормак для росту і ўколаў для хутчэйшага выспявання (а апошнім часам у крамах памідоры толькі са слядамі ад уколаў і бачу, нават у сезон!)… Хіба ж гэта не смаката?!

Наша сям’я ніколі не баялася працы на зямлі. І я ніколі не саромелася казаць, што ў пэўным сэнсе – калгасніца. І праца на зямлі мне вельмі падабаецца. За гэта вялікі дзякуй маім бацькам, якія прывілі да яе любоў. Інакш бы…

Інакш бы «зарастаць» нашай дачы газонамі, дыміцца шашлыкамі, гучаць аглушальнай музыкай… Музыку і не зусім прыемны водар ад спаленага мы пасля абеду 9-га Мая і атрымалі… Ад больш-менш далёкіх суседзяў быццам бы… Але мазгі, прабачце, натуральна выцеклі праз вушы. І нічога ж не прад’явіш… Вось так нашы людзі «культурна» адпачываюць…

Дача. Гучная музыка.

А што датычыцца дачнага «фітнэсу»… Ага, да дрыжыкаў у нагах… Хаця і з перапынкамі на адпачынак. Але ж аб’ём, аб’ём працы… Эх… Сёння – працяг будзе.

Пакуль майскія выхадныя шэпчуць. Але што «закопваць» у зямлю ў чаканні пахаладання і мокрага снегу на наступным тыдні?! Вось пытанне… А як вы бавіце час на дачы?

 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 63

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".