09.08.2020
09.08.2020

Даглядаем пятачкі. Консультацыя падолага

logo
Прыгажосць і догляд
0 19
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Скура на пятках і ступнях пастаянна падвяргаецца негатыўнаму ўздзеянню. У цёплы час яна пакутуе з-за адкрытага абутку ці хады басанож, у халодны – з-за цесных туфляў, ботаў і чаравікоў. Разам з тым, мяккія і далікатныя пятачкі актуальныя круглы год.

Як захаваць далікатную скуру на ступнях і пятках, журналісту Слушна распавяла майстар лячэбнага педыкюру (падолаг) салона «Студыя 56» Алена Якубоўская.

Догляд за нагамі

Даглядаем пяткі. Як правільна.

З самага пачатку нашай размовы Алена падкрэсліла, што калі ёсць праблемы са скурай на пятках (сухая, патрэсканая) альбо ўрослыя пазногці, ідэальным рашэннем было б наведванне раз у месяц, а калі неабходна – і часцей, майстра лячэбнага педыкюру. Прычым пажадана наведваць аднаго і таго ж падолага, які ўжо бачыў вашыя ножкі і знаёмы з праблемамі, зможа ацаніць дынаміку.

 
Алена Якубоўская
Майстар лячэбнага педыкюру (падолаг) салона «Студыя 56»
Спецыяліст зробіць не толькі кваліфікаваную апрацоўку, але і будзе сачыць за зменай пазногцяў і скуры. У выпадку неабходнасці дасць рэкамендацыі ў выбары касметычных доглядавых сродкаў і дапаможа вярнуць здаровы выгляд нагам.

Догляд ступняў і пятак

Даглядаем пяткі. Увільгатненне.

Што ўсё ж такі можна зрабіць у хатніх умовах самастойна, каб нашыя ножкі і пятачкі выглядалі дагледжанымі? Алена распавяла пра самыя важныя правілы штодзённага догляду скуры ступняў і пятак.

  • Увільгатненне і сілкаванне

Скура на ступнях больш грубая і цвёрдая. Але гэта зусім не значыць, што яе не варта ўвільгатняць і песціць рознымі касметычнымі крэмамі. Рэгулярны догляд дазволіць падтрымліваць скуру ў добрым стане. Выбіраць касметычныя сродкі неабходна з улікам праблемаў са скурай ступняў: увільгатняльныя і пажыўныя крэмы – для сухой скуры, дэзадаруючы крэм і тальк – для вільготнай (якая пацее) скуры. Крэм для ног трэба выкарыстоўваць штодня.

 
Алена Якубоўская
Майстар лячэбнага педыкюру (падолаг) салона «Студыя 56»
У продажы прадстаўленыя розныя лінейкі касметычных сродкаў для догляду скуры ступняў. Разам з касметыкай, якую можна набыць у любой краме (так званы «масмаркет»), існуюць сродкі для прафесійнага догляду. Яны вылучаюцца высокай канцэнтрацыяй інгрэдыентаў. Выкарыстоўваць гэтыя сродкі можна толькі пасля кансультацыі спецыяліста, які падбярэ тое, што падыходзіць менавіта вам з улікам праблемаў, што неабходна вырашыць. Няграматны падбор можа толькі пагоршыць сітуацыю.

Для сухой скуры ног добра сябе зарэкамендавалі ванначкі з алеямі (пры гэтым алей выкарыстоўваецца не як дадатак, а як аснова), падыдуць любыя: з міндальным, аліўкавым, ільняным, касторовым алеем, з зародкаў пшаніцы і нават сланечнікавым алеем.

Дарэчы, падобныя ванначкі выдатна падыдуць і для догляду скуры рук, пазногцяў.

Даглядаем пяткі. Вада з алеем.

 
Алена Якубоўская
Майстар лячэбнага педыкюру (падолаг) салона «Студыя 56»
Усе яны карысныя для скуры і пазногцяў, бо ўтрымліваюць вітамін В7 (біятын), які ўдзельнічае ў сінтэзе кератыну, а таксама вітаміны А і Е, якія спрыяюць росту і ўмацаванню пазногцяў. Алей для такой ванначкі неабходна трохі нагрэць. Такую працэдуру рэкамендуецца рабіць 1-2 разы на тыдзень, на працягу 10-15 хвілін. Пасля ванначкі неабходна прамакнуць скуру ручніком і нанесці пажыўны крэм.

Даглядаем пяткі. Скраб.

  • Аблушчванне

Вельмі часта, зрабіўшы педыкюр, ужо праз некалькі дзён адчуваеш, што стан скуры зноў не ідэальны. Пяткі пачынаюць лупіцца і сохнуць, тым самым прыносячы сваёй уладальніцы не самыя прыемныя адчуванні. У такім выпадку можна выкарыстоўваць скраб. Разам з тым, варта ўлічваць, што скура на ступнях адрозніваецца па таўшчыні, на пятках яна больш грубая. Таму скраб мэтазгодней прымяняць толькі на гэтую вобласць ступні.

Эфектыўныя ў дадзеным выпадку так званыя жорсткія скрабы. Можна скарыстацца гатовым касметычным сродкам альбо зрабіць яго самастойна ў хатніх умовах, напрыклад, з цукру ці солі.

Рэцэпт скраба для ног

Сталовая лыжка цукру (солі) і палова сталовай лыжкі любога касметычнага алею. Перад нанясеннем скраба для найлепшага выніку трэба крыху распарыць скуру, працэдуру варта праводзіць не менш за тры хвіліны па часе на кожнай назе.

 
Алена Якубоўская
Майстар лячэбнага педыкюру (падолаг) салона «Студыя 56»
Наведванне спецыяліста рэкамендуецца не часцей, чым раз у месяц. Пры хатнім доглядзе можна выкарыстоўваць пілку (шліфавальную тарку) для ступняў. Прымяненне – раз у адзін-два тыдні. Апрацоўка робіцца насухую, перад душам! Першапачаткова – больш грубым бокам (больш абразіўным), далей – зашіфоўка дробназярністым бокам. Самая частая памылка – перад апрацоўкай распарыць скуру і шмат церці скуру. Часта людзі самі сабе псуюць ступні, залішне вытанчаючы скуру, што ў далейшым прыводзіць да з'яўлення трэшчынаў. Вялікае выдаленне скуры рэкамендуецца толькі ў выпадку вельмі моцнага арагавення.

Даглядаем пяткі. Пазбягаем закрытага абутку.

У гарачае надвор'е, дадала эксперт, варта пазбягаць закрытага абутку, тым больш – вырабленага са штучных матэрыялаў.

У выпадку, калі на пятках ёсць трэшчыны, неабходна адмовіцца ад нашэння пантофляў. Яны не фіксуюцца на назе і, б'ючы па пятцы, правакуюць шматлікае з'яўленне трэшчынаў. Акрамя таго, пры трэшчынах ці іншых пашкоджаннях цэласнасці скурнага покрыва хаджэнне ў адкрытым абутку небяспечнае, бо можна занесці інфекцыю.

Даглядаем пазногці

Пазногці неабходна рэгулярна коратка стрыгчы або падпілоўваць. Для гэтага можна выкарыстоўваць мяккую пілку, якая прызначаная для апрацоўкі натуральных пазногцяў. Прынцыповай розніцы ў тым, будзе яна шкляная альбо пластыкавая, металічная, няма. Адрозненне толькі ў тым, што шкляная пілачка спілоўваецца хутчэй за пластыкавую альбо металічную.

 
Алена Якубоўская
Майстар лячэбнага педыкюру (падолаг) салона «Студыя 56»
Пазногці неабходна абразаць толькі па прамой лініі. У ідэале падрэзаны пазногаць павінен выступаць за ногцевае ложа на 2-3 мм. Для закруглення вуглоў варта выкарыстоўваць пілачку. Не варта зразаць пазногаць пад самы корань, а таксама выразаць вуглы. Гэта можа справакаваць урастанне ногцевай пласціны.

І самае галоўнае. Для таго, каб скура на ступнях і пятках была гладкая, мяккая і дагледжаная, выконваць усе неабходныя працэдуры варта рэгулярна, а не ад выпадку да выпадку!

https://bel.24health.by/lyogkaj-vam-paxodki-simptomy-dyyagnostyka-lyachenne-pyatachnaj-shpory/

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 19

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».