12 Жніўня
12.08.2020

Дарагі наш… персанальны…

logo
Думкі ўслых
314 0 33
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

А ўсё ж такі досыць цікава, што нават рэчы могуць займець свой дзень народзінаў. Дзесьці – сімвалічны, дзесьці – самы рэальны. Вось, напрыклад, сёння ёсць нагода павіншаваць… персанальны камп’ютар! Які з’явіўся на свет акурат 12 жніўня 1981 года. Ну, прызнавайцеся, чый ён равеснік?! 🙂 Хто сёння разам з ім уласны дзень народзінаў святкуе?!

Камп'ютар-імяніннік.Вядома ж, большасць з нас даўно ўжо адмовіліся ад камп’ютараў, нават не самых яшчэ састарэлых, на карысць больш мабільных і зручных  ноутбукаў, планшэтаў, смартфонаў… За столькі гадоў прыстасаванне для выхаду ў інтэрнэт добра-такі зменшылася ў памерах. Я ўжо не кажу, наколькі мадэрнізавалася!

Самы ж першы персанальны камп’ютар «зваўся» IBM 5150 і каштаваў на той час 1565 даляраў. Вось з таго часу мы паступова і далучаліся да працэсу камп’ютарызацыі…

У мяне яна пачалася з прыходам на працу ў рэдакцыю раёнкі ў 2001-ым годзе (між іншым, сёння, стоячы на прыпынку, убачыла колішняга рэадктара газеты, які ўзяў мяне тады на працу. Знак для гэтых думак услых?!). Тады практычна адным на ўсіх карэспандэнтаў і рэкламшчыкаў (пра вёрстку я не кажу) быў маленькі і досыць сталы камп’ютарчык з маленечкім маніторам і чорна-белым адлюстраваннем.

І на ім працаваў толькі адзін чалавек, які набіраў пад дыктоўку альбо самастойна матэрыялы журналістаў.

Камп'ютар персанальны.

З якім смехам я зараз прыгадваю, як вучылася карыстацца самай просценькай мышкай! А курсор усё не жадаў станавіцца туды, куды трэба. А вось з наборам праблемаў не было, бо дома мелася машынка. Гэты камп’ютарчык перайшоў у хуткім часе ў маё карыстанне на працоўным месцы. А затым даставаліся ўсё больш мадэрнізаваныя варыянты, пакуль нарэшце ні далі зусім новы…

Дома ж у мяне персанальны камп’ютар з’явіўся ў 2006-ым. І доўгі час на ім самастойна асвойваліся сацыяльныя сеткі, фоташоп, скайп ды іншыя праграмы. Гэта ўжо затым з’явіліся ноут, планшэт, а значна пазней пачалася чарада смартфонаў… Не часта, па патрэбе…

Карацей, усім нам ёсць за што сказаць «дзякуй» персанальнаму камп’ютару, ці не так?!

А колькі размоў ішло пра яго шкодны ўплыў на здароўе! І самыя розныя парады, як тое выпраменьванне зменшыць. Ажно да трымання ў непасрэднай блізкасці ад камп’ютара… кактусаў! І хаця яно нічым не было пацверджанае, людзі ахвотна ў гэта верылі, ставілі калючкі і… супакойваліся адносна свайго здароўя! 🙂

Камп'ютар. Персанальны камп'ютар. Ці ратуюць кактусы ад шкоды.

Магчыма, і я б рабіла тое ж, але… З усіх раслінаў чамусьці не люблю кактусы. Нават не ведаю, чаму. На падсвядомым узроўні. Гэтак жа, як не  люблю сабак, але вельмі люблю катоў і котак. Таму за час майго актыўнага кветкаводства даўжынёй у некалькі дзясяткаў гадоў у мяне не было, няма і, спадзяюся, не будзе ў кватэры ніводнай калючкі! 🙂

Я больш веру ў тое, што для здароўя падчас працы за камп’ютарам (а на працы ж у мяне па-ранейшаму персанальны камп’ютар, гэта дома ноут) трэба абавязкова рабіць перапынкі і займацца размінкай, гімнастыкай для вачэй. Верыць-то я ў гэта веру… Але каб рабіць рэгулярна…

Бо, бывае, праца сапраўды тэрміновая, і з-за камп’ютара ну проста не ўстаць! А бывае, захопішся перакладам, падборам фотаздымкаў, вёрсткай і… Не ўстаеш, пакуль не закончыш. Эх… А вы заўсёды робіце карысныя перапынкі падчас працы за камп’ютарам?! Калі не, дык трэба, трэба перабудоўвацца… Дзеля здаровага ладу жыцця!

А праўда, мы ўсе сёння ўзрадаваліся таму, што нарэшце з’явіўся інтэрнэт?! Які зноўку працуе без усялякіх проксі… І мы можам заказваць паслугі і аплочваць іх без наяўнасці, даведвацца, як у іншых гарадах, мястэчках, вёсках, краінах жывуць нашыя сваякі, знаёмыя, сябры… Стасавацца… Спрачацца… Перажываць і засмучацца… Радавацца… Абурацца… Увесь спект эмоцый у інтэрнэце! Цэлы свет!

І ў многім усё гэта дзякуючы таму, што калісьці мы займелі свой самы першы персанальны камп’ютар. Які сёння (магчыма, ужо толькі ў думках, бо развіталіся ў рэальнасці даўно) і віншуем шчыра! 🙂

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

314 0 33

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых». З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.). Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.