20.09.2021
20.09.2021

Дарасінская крыніца

logo
Адметнасць беларусаў
0 50
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Людміла Дучыц, 
Ірына Клімковіч

У лесе паміж вёскай Дарасіно і пасёлкам Радуга Любанскага раёна ва ўрочышчы Студзянец спрадвеку бруіцца святая крынічка. Людзі ўпэўненыя, што цудадзейная вада лекуе многія хваробы, асабліва, калі ісці да яе пешшу.

Каардынаты: Вёска Дарасіно Любанскага раёна Мінскай вобласці знаходзіцца ў 6 км ад пасёлку Урэчча і 25 км ад Любані. Ад вёскі Дарасіно да святой крыніцы – 6 км.

Памиж вёскай Дарасіно і пасёлкам Радуга Любанскага раёна ва ўрочышчы Студзянец спрадвеку бруіцца святая крынічка. https://hram.by/

Над крыніцай узведзены калодзеж, стаяць крыжы. Раней тут была даволі вялікая капліца. Увогуле, святыня вельмі старажытная, калі яна з’явілася, дакладна сказаць немагчыма. Верагодна, шанавалі яе яшчэ з далёкіх паганскіх часоў. Паводле архіўных звестак, тут збіраліся на кожную маладзіковую нядзелю і ахвяравалі крыніцы сувоі палатна, лён, воск і грошы. Такое магло адбывацца ў часы ўшанавання беларусамі Месяца.

Вядома, спачатку царква вельмі непрыязна ставілася да старадаўніх традыцыйных культаў. Таму крынічку, на месцы якой быў узведзены калодзеж глыбінёй у паўтары метры, перыядычна засыпалі, а крыжы вакол калодзежа і каплічку знішчалі. Але людзі штораз упарта аднаўлялі сваю святыню і працягвалі хадзіць да яе лекавацца, а ў падзяку за ацаленне прыносіць ахвяраванні і ставіць крыжы.

Пра з’яўленне крынічкі існуе дзве легенды.

Памиж вёскай Дарасіно і пасёлкам Радуга Любанскага раёна ва ўрочышчы Студзянец спрадвеку бруіцца святая крынічка

Паводле адной з іх, некалі на гэтым месцы было поле, дзе стомленаму пастушку ў сне з’явілася Божая Маці і паказала месца, дзе ён можа спатоліць смагу і набрацца сіл. Прачнуўшыся, хлопчык знайшоў на пазначаным месцы крыніцу з чысцюткай вадой.

Другі варыянт легенды апавядае пра аратая, які апрацоўваў поле на двух валах. Ён таксама стаміўся і прылёг адпачыць каля вялікага каменя. І ў сне пачуў, быццам нехта кажа яму: “Падыміся і адсунь камень!” Калі аратай прачнуўся, так і зрабіў. І адбыўся цуд: з-пад каменя зацурчэла вада.

Да крыніцы збіраюцца вернікі з усяго наваколля. Мясцовыя жыхары пабудавалі каля калодзежа капліцу і паставілі дванаццаць крыжоў, на якія павязвалі стужкі, фартушкі і прасілі ў Божай Маці здароўя. Калі крыж парахнеў, яго спальвалі, а попел закапвалі каля бліжэйшага дрэва. Але больш за ўсё людзі прыходзілі сюды на

Прэпалавенне (серада чацвёртага тыдня пасля Вялікадня) і на Макавей, або Мядовы Спас, 14 жніўня. У гэтыя дні асвячаў ваду з крыніцы святар з дарасінскай царквы, і яна лічылася асабліва дзейснай ад хвароб. Перад гэтым у царкве адбывалася адпаведная служба. Затым вернікі хрэсным ходам ішлі вакол храма і неслі абраз Божай Маці. Потым з абразом накіроўваліся да крыніцы. Дарогу на ўсім шляху да святыні высцілалі саматканым палатном, а ўздоўж дарогі кленчылі вернікі...

Новая хваля змагання са святыняй пачалася ў 1930-я гады ХХ стагоддзя.

Мясцовыя ўлады прыбралі крыжы, крыніцу засыпалі і завалілі камянямі. Але, як сцвярджае новая легенда, адзін з актыўных выканаўцаў гэтай справы неўзабаве аслеп. У сне да яго з’явілася Божая Маці і сказала, што ён ведае, за што пакараны. Распавядаюць, што нараніцу гэты чалавек прыпоўз на каленях да крыніцы, раскапаў яе, раскідаў камяні, прамыў вадой вочы і зноў зрабіўся відушчым. А ў падзяку за ацаленне пабудаваў на гэтым месцы калодзеж.

У пасляваенныя гады тут адбываліся калгасныя святы з канцэртамі, з раённага цэнтра прыязджалі аўталаўкі, разгортваўся гандаль.

У канцы ХХ стагоддзя мясцовыя людзі аднавілі старадаўнюю традыцыю хрэснага ходу, асвячэння вады і ўсталявання крыжоў, на якія вернікі і сёння вешаюць стужкі і ручнікі. Штогод на Мядовы Спас падчас малебну і асвячэння вады ў калодзежы людзі просяць святара асвяціць мёд, мак, чарніцы, моркву новага ўраджаю.

Пасля малебну вернікі набіраюць з сабою асвечаную ваду, якая нібыта не псуецца і выкарыстоўваюць яе як лекавы сродак. Потым па старадаўняй традыцыі людзі збіраюцца сем’ямі і ладзяць святочны абед. Абавязковы ласунак у гэты дзень – макавая поліўка.

Калі Вы хочаце далучыцца да гэтага незвычайнага свята, наведайце крынічку 14 жніўня. Толькі спачатку трэба прыехаць у вёску Дарасіно і разам з працэсіяй хрэснага ходу прайсці пешкі да святыні. Як сцвярджаюць старажылы, толькі так вада з незвычайнага калодзежа дапаможа вам вылекавацца канчаткова.

Вёска Дарасіно Любанскага раёна Мінскай вобласці знаходзіцца ў 6 км ад пасёлку Урэчча і 25 км ад Любані. Абраза Божай Маці. ( https://hram.by)

Апроч святой вады, якую вы набярэце пасля асвячэння, трэба тройчы падысці да абраза Божай Маці, перажагнацца, укленчыць і прайсці пад ім. У гэты час трэба папрасіць у Божай Маці, чаго Вам не стае. Калі здароўя – прасіце здароўя, ладу ў сям’і – прасіце ладу, калі ў дзяўчыны няма хлопца – і з гэтым звяртайцеся. Але рабіць гэта трэба ад шчырага сэрца. І не забудзьце прыхапіць з сабою кветкі, якія ў якасці падзякі пакінеце каля крыжа. Або стужку, якую павяжаце на крыж.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 50

Глядзіце таксама