16.06.2019
16.06.2019

Даступнасць і якасць. Міністр распавёў пра планы развіцця беларускай аховы здароўя

logo
Навiны
0 27
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Штогод у трэцюю нядзелю чэрвеня ў Беларусі адзначаецца Дзень медыцынскіх работнікаў. Сёлета гэтая дата прыпала на 16-га. На працягу ўсяго жыцця медработнікі – гэта людзі, якія першымі сустракаюць чалавека пры з'яўленні на свет, тыя, хто знаходзіцца на апошняй мяжы абароны жыцця і здароўя людзей, сказаў міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік на сустрэчы з журналістамі ў Нацыянальным прэс-цэнтры напярэдадні свята.

2019 год знамянальны яшчэ і тым, што сёлета спаўняецца 100 год беларускай ахове здароўя.

Уладзімір Каранік
Міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь
За гэтыя гады сістэма прайшла каласальны шлях. Бурнымі тэмпамі развіваецца высокатэхналагічная медыцынская дапамога. Па колькасці трансплантацый мы адпавядаем еўрапейскім стандартам. Не толькі ў Мінску, але і ў абласных цэнтрах наладжана сістэма дзеянняў пры вострым інфаркце міякарда. Усё гэта дазволіла за апошнія пяць гадоў практычна на трэць знізіць смяротнасць у выніку гэтага захворвання. У нас ёсць прафесійныя поспехі, ёсць асноўнае – гэта высокаадукаваныя кадры. Кадры, якія з энтузіязмам адносяцца да сваёй працы.

Пра рэаліі і перспектывы

За апошнія 5-6 гадоў былі ўкаранёныя новыя методыкі дыягностыкі і лячэння. Напрыклад, пазітронна-эмісійная тамаграфія. Адкрыта рэспубліканская малекулярна-генетычная лабараторыя канцэрагенэзу, з дапамогай якой з'явілася магчымасць падбіраць лячэнне, зыходзячы з дадзеных расшыфроўкі геному пухліннай клеткі. З'явіліся новыя віды трансплантацый, новыя методыкі лячэння ў кардыяхірургіі.

Распавядаючы пра планы на будучае, Уладзімір Каранік адзначыў, што ўвага будзе нададзена павышэнню эфектыўнасці працы сістэмы аховы здароўя. У прыватнасці, арганізацыі дыферэнцыраванага падыходу да лячэння і дыягностыкі пацыентаў, зніжэння кошту імпартных лекавых сродкаў, а таксама барацьбе з карупцыяй.

Уладзімір Каранік
Міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь
Ёсць клінічная эфектыўнасць – гэта даступнасць медыцынскай дапамогі, працаздольнасць высокатэхналагічнага абсталявання, доступ да дадзеных відаў дыягностыкі і лячэння. І тут таксама ёсць некалькі аспектаў. Адзін з іх – гэта медыцынскі, калі медработнікі, зыходзячы з інтарэсаў хворага, вызначаюць чарговасць. Напрыклад, ёсць такія назалогіі, дзе выкананне МРТ праз 1,5-2 месяцы не зменіць сітуацыю. А ёсць выпадкі, калі прамаруджванне нават на 6-8 гадзін негатыўна адаб'ецца на пацыенце. Нам трэба стварыць дакладную сістэму і растлумачыць насельніцтву, што ў тых выпадках, калі гэта сапраўды патрабуецца, у нас ёсць усе магчымасці аказаць дыягнастычную і лячэбную дапамогу. Калі гэта не ўплывае на зыход, часам патрабуецца і пачакаць.

Другі абавязковы накірунак – гэта эканамічная эфектыўнасць, пытанне хуткасці і кошту закупак, кошту лекавых сродкаў і бесперабойнага забеспячэння імі медустаноў.

Па словах міністра, будзе падвергнутая рэвізіі праца арганізацый, якія займаюцца закупкамі, будуць рэгламентаваныя выразныя тэрміны працэдуры для таго, каб «прыбраць магчымасць уплыву асобных супрацоўнікаў на прыняцце рашэння альбо на хуткасць праходжання дакументаў», падкрэсліў Уладзімір Каранік.

Вырашэнне праблемы высокага кошту некаторых лекавых сродкаў – таксама сярод прыярытэтных задач.

Міністр распавёў пра планы развіцця беларускай аховы здароўя

Уладзімір Каранік
Міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь
Не будзем замоўчваць, што насельніцтва ўзнімае пытанне, чаму ў нас некаторыя лекавыя сродкі даражэйшыя, чым у нашых суседзяў. Таму (але гэта пакуль у планах) мы будзем шчыльна працаваць з прадстаўнікамі IT-сферы ў распрацоўцы вэб-платформы ў рэжыме анлайн, дзе кожны грамадзянін зможа размясціць інфармацыю пра тое, што ён дзесьці за мяжой купіў прэпарат у паўтара-два разы танней, чым у нас. Мы будзем аналізаваць усе звароты. І альбо цэны будуць прыведзеныя ў адпаведнасць, альбо дадзена дакладнае абгрунтаванне, чаму гэта адбываецца, што мы плануем рабіць далей. Калі ў нас у сувязі з пазіцыяй вытворцы няма ніякіх магчымасцяў знізіць цэны, будзе дадзена заданне нашай фармпрамысловасці арганізаваць сваю вытворчасць, каб забяспечыць даступнасць лекавых сродкаў.

Міністр распавёў таксама, ужо на працягу гэтага квартала плануецца рэалізацыя пілотнага праекта па павышэнні прапускной здольнасці камп'ютарных тамографаў. Пакуль толькі ў Мінску. Разам з тым, падкрэсліў Уладзімір Каранік, калі гэты праект зробіцца паспяховым, ён будзе ўкаранёны па ўсёй краіне.

 

Уладзімір Каранік
Міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь
Лічым, што без сур'ёзных фінансавых укладанняў мы ў стане павялічыць прапускную здольнасць наяўных апаратаў у паўтара-два разы. Калі гэта атрымаецца, дык істотна здыме нагрузку на сацыяльную сферу.

Далейшае развіццё атрымаюць і скрынінгавыя праграмы анкалагічных захворванняў. Разам з тым, на думку міністра, перш чым развіваць скрынінг, трэба навесці парадак з ранняй дыягностыкай. Ахапіць усю краіну скрынінгавымі мерапрыемствамі па асноўных лакалізацыях тэхналагічна і тэхнічна досыць складана. Ды і насельніцтва не зусім да такога гатовае. Акрамя таго, для гэтага патрабуецца вялікая колькасць навучанага персаналу, каб не было памылкова станоўчых і памылкова адмоўных вынікаў.

Урач, які глядзіць мамаграмы, павінен мець пэўны вопыт і кваліфікацыю. Бо калі ён будзе лішні раз перастрахоўвацца, вы ўяўляеце, якая будзе псіхалагічная траўма для жанчыны?! Мы пойдзем па шляху пілотных праектаў, на базе якіх будзе адпрацоўвацца інфармацыйнае забеспячэнне скрынінгу, рацыянальнае выкарыстанне абсталявання, а таксама праводзіцца падрыхтоўка кадраў. Найбольш значныя методыкі будуць укараняцца ў практычную медыцыну.

У якасці прыкладу Уладзімір Каранік прывёў такія факты: у Мінску працуе 13 мамаграфічных комплексаў, у скрынінгу задзейнічана, па сутнасці, два. Прычым адзін з іх у гарадскім анкалагічным дыспансеры. Аналіз праведзеных даследаванняў паказаў, што колькасць памылкова станоўчых вынікаў тут меншая, а даследаванняў праводзіцца больш: у сярэднім на апараце іх штогод выконваецца 5-6 тысяч, у анкалагічным дыспансеры – звыш 11 тысяч.

Наша краіна, адзначыў міністр, зараз знаходзіцца на этапе, калі ствараецца сістэма і вядзецца падрыхтоўка кадраў для правядзення скрынінгавых праграм. Пазней іх у першую чаргу будуць укараняць у раёнах, дзе сітуацыя са смяротнасцю ад анкалагічных захворванняў самая неспрыяльная.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 27

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».