10.05.2017
10.05.2017

Дзевяць міфаў пра «ўкол у спіну»

logo
Цяжарнасць i роды
0 32
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Агульная трывожнасць перад хуткімі родамі можа намаляваць мноства розных страхаў. «Бывалыя» суседкі таксама любяць запалохаць гісторыямі тую, што рыхтуецца стаць маці ўпершыню. Пасля «ўколу ў спіну», як называюць у народзе люмбальную (паяснічную) пункцыю, і ногі аднімуцца, і боль будзе жудасны, ды пры гэтым яшчэ і абязбольванне поўнае не адбудзецца. Якія толькі мыльныя бурбалкі страхаў не сядзяць у галовах. Большасць з іх прыйшлі яшчэ з сярэдзіны мінулага стагоддзя, калі методыка спінальнай анестэзіі (эпідуральнай анальгезіі) толькі ўкаранялася і яшчэ не была адпрацаваная. Цяпер сітуацыя кардынальна змянілася.

Аб асноўных страхах парадзіх Здаровыя Людзі пагутарылі з Уладзіславам Рымашэўскім.

 
Уладзіслаў Рымашэўскі
Кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт кафедры анестэзіялогіі і рэаніматалогіі БелМАПА

Люмбальная (паяснічная) пункцыя ўжываецца і пры абязбольванні падчас аперацыі кесарава сячэння, і для зняцця болю ў натуральных родах. Абязбольванне аператыўнага ўмяшання называецца анестэзія. Гэта агульны тэрмін. Ён азначае не толькі ліквідаванне болю, але і памяншэнне адчувальнасці ў тым ці іншым участку цела ў рознай ступені, ажно да поўнага яго знікнення. Датычна натуральных родаў гавораць толькі пра анальгезію — здымаецца толькі боль, адчувальнасць участка цела застаецца.

Міф 1. Пры кесаравым сячэнні агульная анестэзія надзейнейшая за рэгіянарную

Гэта не так. Абодва метады бяспечныя. Але пры рэгіянарнай анестэзіі меншая колькасць рызык.

Урачам трэба думаць у родах не толькі пра маці, але і пра дзіця. Методыка агульнай анестэзіі прадугледжвае выключэнне свядомасці жанчыны, інтубацыі трахеі (устаноўка трубкі ў верхнія дыхальныя шляхі). Каб добра абязболіць пацыентку, патрабуюцца вялікія дозы анестэтыкаў і анальгетыкаў. Аднак важна памятаць, што амаль усе яны пранікаюць праз плацэнту да дзіцяці. Яго трэба выняць максімальна хутка пасля ўвядзення маці лекавых сродкаў.

Падчас спінальнай анестэзіі абязбольванне поўнае і абсалютнае. Нервовыя імпульсы не пранікаюць з аперацыйнай раны ў цэнтральную нервовую сістэму. Пры гэтым да дзіцяці лекі не патрапляюць.

 
Уладзіслаў Рымашэўскі
Кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт кафедры анестэзіялогіі і рэаніматалогіі БелМАПА
Часцей за ўсё перад аперацыяй пацыентак хвалюе невядомасць: што менавіта будзе адбывацца, якія будуць адчуванні. Увечары напярэдадні аперацыі з жанчынай заўсёды размаўляе анестэзіёлаг, які дэталёва тлумачыць нюансы. Звычайна такой размовы дастаткова, каб жанчына даверылася доктару і была спакойная. Калі ўсё ж страх занадта моцны, напярэдадні родаў пацыентцы прызначаюць лёгкі заспакойваючы прэпарат.

Міф 2. «Укол у спіну» — гэта вельмі балюча

Няпраўда. Пункцыя бязбольная. Адчуванні менш непрыемныя, чым пракол пальца, калі бяруць агульны аналіз крыві. Да таго ж, перад маніпуляцыяй доктар робіць абязбольванне месца пункцыі. Участак скуры ў месцы, дзе будзе выконвацца спінальная анестэзія (эпідуральная анальгезія) «замарожваецца».

Міф 3. Пасля ўжывання спінальнай анестэзіі назаўжды аднімуцца ногі

Існуе меркаванне, што пасля люмбальной (паяснічнай) пункцыі ногі перастануць працаваць не толькі на час аперацыі, але і назаўсёды. Гэта поўны міф. Сама па сабе методыка рэгіянарнай анестэзіі выключае адчувальнасць у ніжняй палове тулава на 2–2,5 гадзіны. Затым адчувальнасць вяртаецца. Заўсёды. Выключэнняў няма. За апошнія 50 гадоў у сусветнай медыцынскай літаратуры не апісана ніводнага выпадку, каб гэта было не так.

 
Уладзіслаў Рымашэўскі
Кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт кафедры анестэзіялогіі і рэаніматалогіі БелМАПА
Страшылкі ідуць яшчэ з сярэдзіны мінулага стагоддзя, калі методыка толькі абкатвалася і ўкаранялася. Тады іголкі былі вельмі тоўстымі, а анестэтык не вельмі рафінаваным і чыстым. Цяпер зусім іншая сітуацыя. Іголачкі, спецыяльна прызначаныя для такой анестэзіі, вельмі тоненькія, анестэтык абсалютна бяспечны. У РНПЦ «Маці і дзіця» мы выконваем такія аперацыі ўжо 10 гадоў, ад 5 да 12 у дзень. Ні аднаго падобнага ўскладнення за гэтыя гады не было.

Уявіце сабе шклянку з вадой, у якую апусцілі пучок валасоў. А цяпер паспрабуйце іголкай праткнуць адзін валасок. Гэта практычна немагчыма. Так і пры паяснічнай пункцыі нерэальна пашкодзіць нервовыя канчаткі.

Міф 4. Регіянарная анестэзія ў натуральных родах не дазваляе тужыцца

Гэты стары міф таксама перажытак XX стагоддзя. Тады выкарыстоўвалі высокія канцэнтрацыі мясцовага анестэтыку. Пры гэтым выключаліся не толькі нервовыя імпульсы, але і ўзнікала маторная блакада (мышцы працавалі не ў поўную сілу).

Зараз такое немагчыма. Нізкая канцэнтрацыя мясцовага анестэтыку дазваляе жанчыне адчуваць і схваткі, і патугі. Але пры гэтым не адчуваць болю. Тужыцца парадзіха гэтак жа, як і пры натуральных родах без медыкаментознага абязбольвання.

Міф 5. Калі натуральныя роды праходзяць з ужываннем эпідуральнай анальгезіі, то могуць быць сур'ёзныя траўмы

Не. Траўмы родавых шляхоў жанчыны ці пашкоджанні дзіцяці не звязаныя з ужываннем такога спосабу анальгезіі. Важна, каб такія роды вёў урач-анестэзіёлаг-рэаніматолаг, які спецыялізуецца ў галіне акушэрства і гінекалогіі, які валодае ўсімі метадамі абязбольвання і пры гэтым выдатна ведае ўвесь механізм і перыяды родаў.

Міф 6. Пасля паяснічнай пункцыі можа з'явіцца кіла міжпазваночнага дыска

Гэта не так. Узнікненне кілы не звязана з метадам увядзення анестэтыку і не залежыць ад яго.

Міф 7. Рэгіянарная анестэзія можа быць праведзена любой жанчыне па жаданні

Так. Пры адсутнасці супрацьпаказанняў пра такі спосаб абязбольвання можа папрасіць кожная парадзіха. Гэты метад анестэзіі — самы бяспечны і эфектыўны. І многія жанчыны прыходзяць на роды з усвядомленай просьбай менавіта пра спінальную анестэзію (эпидуральную анальгезію).

Міф 8. Рэгіянарная анестэзія абсалютна бяспечная

Абсалютна бяспечных метадаў анестэзіі не існуе. Кожны можа мець пэўныя ўскладненні. Падчас агульнай анестэзіі асаблівасці фізіялогіі цяжарнай жанчыны такія, што ёсць рызыка не выканаць інтубацыю трахеі, да таго ж змесціва страўніка (саляная кіслата) можа патрапіць у верхнія дыхальныя шляхі. Такое здараецца рэдка: прыблізна ў адным выпадку на тысячу аперацый кесарава сячэння. А за год, напрыклад, у РНПЦ «Маці і дзіця» выконваюць каля 2 тысяч аператыўных нараджэнняў.

Пры выкарыстанні рэгіянарных метадаў анестэзіі колькасць ускладненняў як падчас аперацыі, так і аддаленых — мінімальнае.

 
Уладзіслаў Рымашэўскі
Кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт кафедры анестэзіялогіі і рэаніматалогіі БелМАПА
З непрыемных наступстваў бывае толькі так званы «постпункцыйнны сіндром» — галаўны боль (часцей за ўсё лакалізуецца ў цемя-патылічнай вобласці). Слаба выяўленыя сімптомы здымаюцца лекамі. Калі галава баліць моцна — выконваем эпідуральнае пламбіраванне аўтакрывёю пацыента. Прасцей кажучы, «закрываем» месца пункцыі, каб не заставалася дзірачкі ад увядзення іголкі. Маніпуляцыя выконваецца вельмі хутка — на працягу 10 хвілін. А эфектыўнасць яе — 100%. Праз 5–7 хвілін пасля працэдуры боль сцішваецца і не вяртаецца. Такіх пацыентак бываюць адзінкі — 2–4 на год.

Міф 9. Да регіянарнага метаду абязбольвання нельга звяртацца часта

Такое абязбольванне ўжываецца пры натуральных родах, аперацыі кесарава сячэння, а таксама пры гінекалагічных хірургічных умяшальніцтвах, аперацыях на ніжніх канечнасцях (напрыклад, пры варыкозным пашырэнні вен ног) ды інш.

Падобная анестэзія (анальгезия) можа выконвацца падчас кожных родаў, нават калі перад імі раней праводзіліся нейкія іншыя аперацыі з ужываннем такога віду абязбольвання.

Аказваецца, люмбальная (паяснічная) пункцыя — гэта зусім не балюча, бяспечна для маці і дзіцяці. А методыка настолькі адпрацаваная, што роды могуць стаць не самай жахлівай падзеяй у жыцці, як апісваюць некаторыя жанчыны, а прыемным і хвалюючым момантам сустрэчы са сваім доўгачаканым немаўляткам.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 32

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Глядзіце таксама