07.08.2019
07.08.2019

Добрае слова і котцы прыемнае. Асабліва ў… аптэцы ды паліклініцы!:)

logo
Думкі ўслых
0 38
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Усё ж штосьці не тое адбываецца ў гэтым свеце апошнім часам – ва ўзаемінах адно з адным, стаўленні ўрачоў да пацыентаў, прадаўцоў да пакупнікоў і наадварот. Больш раздражнёнымі людзі зрабіліся, злымі, няўважлівымі, капрызлівымі. І – абыякавымі. Заўважалі?!

Прыстукнуць у метро дзвярыма таго, хто ідзе ўслед?! Ды ледзь не з радасцю! Адпіхнуць у чарзе?! Колькі заўгодна…  Знесці чалавека на ўласным шляху, ідучы па платформе апошняй станцыі метро ў натоўпе?! Штодня!  Вось і атрымліваецца, што радуемся мы самаму нязначнаму праяўленню клопату ды ўвагі-павагі. Ці не так?!

Вам прытрымалі ў метро дзверы і нават пачакалі колькі секунд, пакуль падыдзеце? Урач паставіўся не проста ўважліва, а прыязна і душэўна? У краме запомнілі, які прадуктовы набор вы бераце звычайна ў пэўны дзень і, не чакаючы запыту, прапанавалі тое і тое?! Радасці – мора і надоўга!

Раскажам усім сябрам-знаёмым, у сацсетках ды блогах напішам… А павінна-то быць – нормай. Штодзённай, калі не штохвіліннай. За савецкім часам сапраўды было неяк лепей з гэтым. А тут… Паспрабуеш штосьці спытацца-ўдакладніць… Напрыклад, у краме, якую часта наведваеш: «А малако да якога чысла годнае да ўжывання?» У адказ жа – раздражнёнае: «У нас ЗАЎСЁДЫ ўсё свежае!» Альбо: «Сёння прывозілі».

Але я пытаюся пра што?! Пра канкрэтную ДАТУ! А не пра тое, калі прывозілі… Бо часцяком прывозяць з датай учорашняй-пазаўчорашняй і яшчэ больш даўняй. Калі тэрмін годнасці чагосьці – тыдні тры, месяц і г.д. Без пытанняў! Але можна проста канкрэтна адказаць?! Эканомячы мой і свой час?!

І ўвесь гэты негатыў пераважае пастаянна. Таму стараешся камусьці сапраўды зрабіць ці сказаць прыемнасць. Каб расквеціць дзень. Прычым абсалютна шчыра, без усялякага падвоху і чакання таго ж у адказ. Бо, як кажуць, добрае слова і котцы прыемнае.

…Абсалютна шараговае наведванне аптэкі. І не лекі купляем, а БАДы. За прылаўкам – в.а. загадчыка. Малады, заўважце. Пакаленне не X ці Y, а Z. Вядома ж, да яго звяртаюся не першы раз. Заўсёды ўважлівы, але тут… Ажно пераўзышоў сам сябе!

І паказаў, і расказаў, і знайшоў… І няхай сабе я пра той БАД даўно ўжо ўсё ведаю, бо перыядычна набываю… Але прыемна, прыемна. А на развітанне чую: «Усяго найлепшага. Не хварэйце!» ВОСЬ!!! Вось што хацелася б часцей чуць з вуснаў людзей у белых халатах! І бачыць прыязнасць, дабрыню, усмешку…

Я разумею, што быццам і няма такой магчымасці. Што канвеер з хворых часцяком. Што стомленыя... Дык і мы ж усе стомленыя! І прыгнечаныя… праявамі захворванняў. Але ж асабіста я не рыкаю на доктара! Чаму ж на прыёме ад урача агульнай практыкі пры пытанні пра аналіз на гармоны шчытападобнай залозы можна пачуць: «Вам там, мабыць, у вушы напелі, што мы павінны разбірацца і ў тым, і ў тым, і ў тым… Але мяне і на курсы не накіроўвалі!» Як кажуць, заслона!

І непаразуменне па абодва бакі ад сітуацыі. Урач (сам сабе): «Ну вы падумайце! Якія пацыенты пайшлі… І тое ім паглядзі, і тое выпішы… А я ж не на ўсе рукі майстар. Мне за гэта не плацяць». Наведвальнік паліклінікі (распавядаючы дома): «Атрымліваецца, няпраўду кажуць пра ўменні ўрача агульнай практыкі?! А калі няма эндакрынолага… Я  і так сам сачу за тэрмінам, калі патрэбна здаваць такія аналізы. І мне ж яшчэ не хочуць на іх накірунак выпісваць?! Пытаюцца: «А навошта вам гэта?!»

І можна колькі заўгодна казаць, што ўсё няпраўда, што такога проста быць не можа. На жаль, можа. І ёсць. І ад усведамлення гэтага сумна, сябры, сумна… Калі б на прыём да ўрача хадзілі з дыктафонам… Оо-о-о-о, колькі цікавага можна было б пачуць! Бо ўсе жывыя людзі. Разумею, што і з наведвальнікамі ва ўрачоў бываюць праблемы. І што і ім дыктафон не пашкодзіў бы… Калі-нікалі…

Дык, можа, відэакамеры ў кабінетах, дзе вядзецца прыём, маглі б стаць пэўным выйсцем?! Штосьці ж павінна ўсё ж кантраляваць і дысцыплінаваць у пэўных сітуацыях людзей… Ці не так?!

Праблемы праблемамі, а добрыя словы яшчэ ніхто не адмяняў. І калі кожны з нас проста паспрабуе палічыць, колькі на працягу дня ён каму сказаў прыемнасцяў, а тады з кожным днём павялічваць іх… Глядзіш – і пабольшае ў Сусвеце дабрыні… Думаеце, утопія?!

 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 38

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".