16.02.2020
16.02.2020

«Добрым быць зусім-зусім няпроста…»?!

logo
Думкі ўслых
0 66
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Памятаеце гэтую дзіцячую песеньку?! «Не залежыць дабрыня ад росту…» А добрыя, да таго ж, яшчэ і лепей абароненыя ад стрэсу, дрэннага настрою… І, у рэшце рэшт, яны больш здаровыя, сцвярджаюць спецыялісты. І хаця дабрыня па загаду не праяўляецца, усё ж можна мэтанакіравана заняцца менавіта добрымі справамі. Няхай сабе не вялікімі, не маштабнымі, а маленькімі… Напрыклад, у неафіцыйнае свята 17 лютага. Але лепей, калі яны будуць не запланаванымі, а… спантаннымі!

Аказваецца, гэты дзень у многіх краінах свету называецца Міжнародным днём спантаннай праявы дабрыні! А вы пра гэта чулі?! Я дагэтуль – не. Але зацікавілася. Ініцыятыву праявілі разнастайныя дабрачынныя арганізацыі. І ў 1998 годзе ў Токіа нават прайшла першая канферэнцыя Сусветнага руху за дабрыню! Вось наколькі ўсё сур’ёзна.

Калі ж мы паспрабуем высветліць, што абазначае слова «дабрыня», дык убачым зусім розныя тлумачэнні. «Імкненне бескарысліва дапамагаць, нічога не патрабуючы наўзамен», «жаданне і імкненне чалавека здзяйсняць добрыя ўчынкі, дапамагаць іншым людзям», «душэўная якасць чалавека», «прыроджаная ўласцівасць душы»…

А вы ведаеце, што некаторыя вучоныя сапраўды настойваюць на тым, што дабрыня можа быць… прыроджанай?! Але калі не заахвочваць яе праяўленні з маленства, гэтая якасць можа пазней сысці ў нуль.

Дабрыня. Дзіця дзеліцца.

Ці даводзілася вам чуць такія меркаванні, што яшчэ 10-20 гадоў таму людзі былі больш добрымі адзін да аднаго?! Памятаю, як пісала і пра ўласныя назіранні свайму высокапастаўленаму знаёмаму: «Людзі злыя – і газеты злыя». І ён са мной пагадзіўся.

Тады размова сапраўды ішла пра друкаваныя СМІ, а зараз тое ж можна прымяніць да некаторых інтэрнэт-парталаў, сайтаў, сацсетак, месэнджараў і г.д. Таму калі сустракаеш у сеціве мілыя замалёўкі, добрыя матэрыялы, ад якіх цёпла робіцца на душы, здзіўляешся і захапляешся. Моцна. А хацелася б, каб гэта было нормай…

А як часта мы, зусім няшмат пастасаваўшыся з чалавекам, хутка робім вывады: добры ён ці не. І затым першае ўражанне вельмі цяжка змяніць. А чаго варты гэты экспрэс-тэст пад кодавай назвай «Мужчына і котка»?! Лічыцца, што калі мужчына любіць котак, можа прылашчыць незнаёмую на вуліцы, значыць, ён вельмі добры, з пяшчотай і клопатам будзе ставіцца да жанчыны. Правяралі калі-небудзь?! А спрацоўвае… 🙂

Дабрыня. Мужчына і кот узімку.

Тыя, хто па дабрыні сваёй душы хоча дапамагчы як мага большай колькасці людзей, прыходзяць у разнастайныя дабрачынныя арганізацыі, становяцца валанцёрамі… У розным узросце. У маладым, у сярэднім, сталым… І нават у 92 гады! А можна і не так маштабна. Можна рабіць невялікія добрыя справы – і адчуваць сябе запатрабаваным, не адзінокім, больш шчаслівым і ад гэтага – больш здаровым.

А як прыемна добрыя справы – рабіць, праўда?! Тады і настрой прыўзняты захоўваецца надоўга, і хочацца працягваць здзіўляць і радаваць навакольных.

Я шмат чаго памятаю з дзяцінства. У тым ліку – як бацькі ненавязліва прывучалі нас з братам дзяліцца з іншымі. І тое выхаванае так і засталося ў душы, мозгу, сэрцы да гэтага часу, праз некалькі дзесяцігоддзяў. А як часта бачылі і бачым адваротны прыклад: усё – малому, тады – выхаванцу садка, школьніку, студэнту... І нічога – сабе.

Дабрыня. Дзяўчынка бярэ сабе ўсе цукеркі.

А пасля ў старасці дарослыя дзівяцца: як гэта дзеці пра іх не клапоцяцца, калі яны ім усё-ўсё аддавалі?! Усё, апрача сапраўднай дабрыні і ўмення дзяліцца з іншымі.

Вось і атрымліваецца, што гарадскія ўжо дзеці ды ўнукі прыязджаюць да бацькоў, дзядуляў з бабулямі толькі зрэдчас. А блізкімі для іх людзьмі робяцца, напрыклад, сацыяльныя работнікі. Ведаю такія прыклады па свайму Чэрвеньскаму раёну. Не адзін, не два… І нават не дзесяць. Значна больш.

А так хочацца бачыць вакол дабрыню, ветлівасць, клопат… Каб не прыхлопвалі дзвярыма ў метро. Не лезлі па-за чаргой у маршрутку. Ну, падаць руку незнаёмай жанчыне пры выхадзе з транспарту – гэта ў нас зусім за межамі рэальнасці, часцей за ўсё – з вобласці фантастыкі. А за межамі – калі ласка!

І ўсё ж давайце паспрабуем 17 лютага, у Міжнародны дзень спантаннай праявы дабрыні, стаць крышачку дабрэйшымі адно да аднаго! А пасля, глядзіш, і ўцягнемся, і спадабаецца… А Сусвет – ён такі. Усё бачыць…

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 66

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".