30 Лістапада
30.11.2020

Догляд малога ў першыя тыдні і месяцы жыцця

logo
Здароўе дзяцей
0 0 16
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Нараджэнне дзіцяці, асабліва першага – велізарная радасць для бацькоў і такое ж велізарнае хваляванне. Як правільна даглядаць малога ў першыя дні, тыдні і месяцы жыцця? Што рабіць, каб неспадзявана не нашкодзіць? Як мыць, карміць, класці спаць? Гэтыя, здавалася б, простыя пытанні хвалююць кожную новаспечаную маму. А веданне правільных адказаў моцна палягчае жыццё сям'і з нованароджаным і робіць бацькоўства па-сапраўднаму шчаслівым і спакойным.

Догляд нованароджанага.

Загадчыца педыятрычнага аддзялення для неданошаных нованароджаных РНПЦ «Маці і дзіця» Юлія Ражко ў рамках марафону жаночага здароўя распавяла пра асноўныя правілы догляду малога ў першыя месяцы жыцця.

Спісаў неабходнага для догляду нованароджанага дома ў інтэрнэце вельмі шмат. Але часам і лішняга ў іх таксама шмат, таго, што бацькі назапашваюць, «каб было», але чым наўрад ці карыстаюцца.

У спісе, які прапанавала Юлія Ражко, няма нічога лішняга, толькі сапраўды тое, што спатрэбіцца ў доглядзе малога, які нарадзіўся:

  • ватныя палачкі;
  • ватныя дыскі;
  • аднаразовыя пялюшкі;
  • падгузнікі;
  • дзіцячыя вільготныя сурвэткі;
  • электронны тэрмометр;
  • нажніцы з закругленым канцом для абразання пазногцяў;
  • піпетка;
  • дзіцячы крэм пад падгузнік;
  • алей для апрацоўкі складак;
  • гліцэрынавыя свечкі (альбо клізма-груша);
  • зялёнка альбо 5-працэнтны раствор марганцоўкі;
  • перакіс вадароду 3%;
  • фізіялагічны раствор 0,9% NaCl;
  • гарачкапаніжальныя супазіторыі (свечкі).
 
Юлія Ражко
Загадчыца педыятрычнага аддзялення для неданошаных нованароджаных РНПЦ «Маці і дзіця»
Алей для апрацоўкі складак нованароджанага можна зрабіць самім. Для гэтага трэба нагрэць (давесці да тэмпературы кіпення, але не кіпяціць – заўв.В.М.) аліўкавы альбо раслінны алей. Захоўваць яго можна ў звычайных умовах, пераліўшы ў зручны флакон. Крэм пад падгузнік лепей выкарыстоўваць з цынкам, ён лепей прафілактуе прэласці і магчымыя раздражненні. Зялёнка альбо марганцоўка, перакіс вадароду патрэбныя для апрацоўкі пупочнай ранкі. Марганцоўка спатрэбіцца і ў выпадку з'яўлення прэласцяў і пачырваненняў на скуры. Ванначкі са слабым растворам марганцоўкі, якія робяць 2-3 разы на дзень па 5-10 хвілін, хутка вырашаць праблему.

Догляд нованароджаных. Купанне ў растворы марганцоўкі ад прэласцяў.

Клізма-груша альбо гліцэрынавыя свечкі прыйдуць на дапамогу, калі ў малога больш за 3-е сутак адсутнічае стул. У норме стул у нованароджанага павінен быць не радзей за адзін раз у суткі. Але калі адбыўся збой, не варта адразу кідацца на дапамогу. Яна можа спатрэбіцца, калі малы выказвае занепакоенасць: плача, капрызіць, горш есць, падціскае ножкі да жывата. Перавагу, падкрэслівае ўрач, лепей аддаць гліцэрынавым свечкам. Яны прасцей у выкарыстанні.

Фізіялагічны раствор (0,9-% солевы раствор) патрэбны для гігіены носа і палягчэння насавога дыхання. Пры неабходнасці солевы раствор закапваюць у кожны насавы праход 2-3 разы на дзень для размякчэння скарыначак, якія ўтварыліся, і нармалізацыі насавога дыхання.

Незаменны фізіялагічны раствор таксама ў асенне-зімовы час, асабліва цяпер, у перыяд пандэміі каранавіруса. Перад паходам у паліклініку мэтазгодна закапаць малому нос. Вірус застаецца на слізістай першыя 2 гадзіны пасля траплення ў дыхальныя шляхі. Важна паспець у гэты прамежак часу яшчэ раз прамыць нос, тады рызыка заражэння будзе значна ніжэйшай.

Догляд нованароджанага. Закапваць фізіялагічны раствор у нос.

Гарачкапаніжальныя свечкі таксама абавязкова павінны быць у аптэчцы нованароджанага. Калі штосьці здараецца, тэмпература падымаецца, як правіла, бліжэй да вечара, уначы. Чым бегчы ў аптэку за лекамі, няхай лепей гэтыя прэпараты будуць пад рукой.

Апрацоўка пупочнай ранкі

Як правіла, большасць нованароджаных выпісваюць з радзільні з пупочным астаткам. Ніякага спецыяльнага догляду і апрацоўкі ён не патрабуе. Адзіная ўмова, якую трэба выканаць: падгузнік не павінен датыкацца да пупочнага астатку альбо закрываць яго, каб пазбегнуць выпадковага траўмавання, намульвання ці рызыкі запаленчых працэсаў. Пупочны астатак павінен быць звонку! Пасля ванны яго дастаткова прамакнуць сухім ручніком.

 
Юлія Ражко
Загадчыца педыятрычнага аддзялення для неданошаных нованароджаных РНПЦ «Маці і дзіця»
Калі пупочны астатак адпадае, застаецца пупочная ранка. Вось яе трэба апрацоўваць адзін раз у дзень, як правіла, пасля купання. У піпетку набіраюць пару кропель перакісу вадароду 9%, капаюць у вобласць ранкі, затым прамакваюць ватнай палачкай да размякчэння і выдалення скарынак. Сілай скарыначкі адрываць ні ў якім разе нельга! Затым іншай ватнай палачкай, змочанай у зялёнцы альбо растворы марганцоўкі, трэба апрацаваць ранку рухам ад цэнтра вонкі.

Догляд нованароджанага. Апрацоўка пупочнай ранкі.

Штодзённы туалет малога

 
Юлія Ражко
Загадчыца педыятрычнага аддзялення для неданошаных нованароджаных РНПЦ «Маці і дзіця»
Раней маладым мамам раілі штодня падчас ранішняга туалета праціраць дзіцяці асобна вушы, вочы, носік... Цяпер лічыцца, што ўсё павінна быць максімальна натуральна. Мыецеся самі – памыйце і малыша. Спецыяльна прамываць носік і вочы, чысціць вушы няма неабходнасці.

Прамываць вочкі трэба, толькі калі ў кутках вачэй ёсць назапашванні. Для гэтага дастаткова ватны дыск намачыць цёплай вадой і працерці вока ад вонкавага кутка да ўнутранага. Толькі так і не інакш! Затым узяць чысты дыск і паўтарыць працэдуру на іншым воку.

Нос таксама варта апрацоўваць толькі па меры неабходнасці, калі ёсць слізістыя выдзяленні альбо дыханне абцяжаранае. Сухі жгуцік з ватнага дыска (не трэба яго змочваць у алеі!) уводзяць у насавы праход і акуратна пракручваюць, каб высахлыя скарыначкі зачапіліся і выйшлі вонкі. Можна закапаць фізіялагічны раствор для іх размякчэння. Штодня гэтую працэдуру выконваць не трэба, яшчэ раз падкрэслівае Юлія Ражко! Чым часцей вы раздражняе слізістую носа, тым больш будзе выдзяляцца сакрэту, тым часцей давядзецца выконваць туалет носа.

Догляд нованароджанага. Навошта закапваць нос.

Каб малому лёгка дыхалася, трэба падтрымліваць у пакоі аптымальную тэмпературу і вільготнасць паветра. Тэмпература павінна быць не вышэйшай за 20-22 ⁰С. Вільготнасць – 60%.

Як падмываць немаўля

Важнае значэнне маюць рэгулярныя падмыванні немаўля.

Пасля таго, як ён выпэцкае падгузнік, не палянуйцеся і не выкарыстоўвайце вільготныя сурвэткі. Лепей малога падмываць пад праточнай вадой.

Дзяўчынак падмываюць рухам спераду назад (ад лабка), каб мікробы з анальнай адтуліны не патрапілі ў мочапалавыя шляхі. Для хлопчыкаў у першыя гады жыцця характэрны фізіялагічны фімоз (звужэнне крайняй плоці). Пры гігіене палавых органаў важна не спрабаваць расправіць крайнюю плоць, каб не траўмаваць яе.

Пасля кожнага падмывання рэкамендуюцца 5-10-хвілінныя паветраныя ванны. А перад тым як надзець падгузнік на малыша, варта апрацаваць пахвінныя складкі алеем альбо дзіцячым крэмам з цынкам.

Догляд нованароджанага. Апрацоўваем складкі алеем.

У першыя 2-3 месяцы жыцця дзіцяці, калі характэрнае частае мочаспусканне, падгузнік мяняюць кожныя 3 гадзіны, нават калі ён візуальна чысты, і/альбо па меры забруджвання. Гэта дапаможа пазбегнуць праблемаў са скурай, прэласцяў.

Купанне немаўляці

У першыя тыдні жыцця купаць немаўля трэба штодня.

Кіпяціць ваду, як гэта рабілі нашыя бабулі, няма ніякай неабходнасці.

Камфортная для купання тэмпература вады – 37⁰, не вышэй за гэтую (добра, калі вы загадзя набудзеце тэрмометр для вады, ён дапаможа кантраляваць правільную тэмпературу).

 
Юлія Ражко
Загадчыца педыятрычнага аддзялення для неданошаных нованароджаных РНПЦ «Маці і дзіця»
Выкарыстоўваць мыла і шампунь пры купанні трэба не часцей за два разы на тыдзень, лепей – адзін, каб не перасушыць далікатную скуру малога. Таксама каб пазбегнуць выпадковага траўмавання адчувальнай скуры, неабходна выкарыстоўваць мяккую мачалку альбо губку. Карысна напрыканцы купання абмыць дзіця, паліваючы вадой са збана. Пры гэтым вада павінна быць на 1-2⁰С прахалодней, чым у ванне. Такім чынам вы патроху пачынаеце загартоўваць малога і ўмацоўваць яго імунітэт.

Догляд нованароджанага. Загартоўка пры купанні.

Паколькі скура ў немаўляці вельмі пяшчотная і адчувальная, пасля купання цела не выціраюць ручніком, а прамакваюць! Перад апрананнем не забывайцеся апрацоўваць складкі алеем альбо дзіцячым крэмам.

Дзе павінна спаць немаўля

 
Юлія Ражко
Загадчыца педыятрычнага аддзялення для неданошаных нованароджаных РНПЦ «Маці і дзіця»
Вядома, маме зручней, каб малы спаў побач з ёй на адным ложку і каб не даводзілася дзеля кармлення ўставаць па начах. Але сумесны сон не заўсёды бяспечны для немаўляці. У сне дарослы можа ненаўмысна прыціснуць дзіця, што можа скончыцца трагедыяй. Таму правільна і бяспечна, калі ў малога з нараджэння будзе сваё асобнае спальнае месца – у ложку ў бацькоўскім пакоі.

Матрац у ложку павінен быць цвёрдым для правільнага фарміравання пазваночніка, у падушцы няма неабходнасці.

Для начнога сну зручна выкарыстоўваць спецыяльны спальны мяшок з адтулінамі для рук. Калі вы аддаяце перавагу коўдры, неабходна правільна накрываць малога: да падпахаў. Адмоўцеся ад тугога спавівання, як гэта рабілі нашыя мамы і бабулі. У дзіцячым ложку таксама не павінна быць мяккіх цацак, каб пазбегнуць няшчаснага выпадку. Акрамя таго, мяккія цацкі вельмі часта могуць быць крыніцай алергіі ў дзіцяці, паколькі з'яўляюцца выдатным «пылазборнікам».

Догляд нованароджанага. Спаць у асобным ложку.

Памятайце таксама пра камфортную тэмпературу і вільготнасць у пакоі, дзе спіць дзіця. Пазбягайце перагрэву і сухасці паветра.

Грудное гадаванне – гэта лепшае харчаванне для дзіцяці з першых дзён жыцця да года. Важна прыкласці дзіця да грудзей яшчэ ў радзале альбо ў першыя 2 гадзіны пасля нараджэння. Калі па пэўных прычынах гэтага не адбылося, не засмучайцеся. Галоўнае – выразная дамінанта ў галаве: важна карміць дзіця грудзьмі. Тады ў вас усё атрымаецца!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

0 0 16

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».