05.09.2020
05.09.2020

Хатні догляд сардэчнікаў: як не давесці да інфаркту ўсю сям'ю

logo
Неадкладная дапамога
0 111
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Пры выпісцы з бальніцы пацыентам пасля перанесенага інфаркту міякарда выдаюць брашуру пра тое, як змяніць сваё жыццё, каб хвароба не вярнулася. Далёка не ўсе гатовыя акуратна прытрымлівацца гэтай інструкцыі – і тады павінна дапамагчы сям'я.

Як сябе паводзіць родным і што змяніць у доме, журналісту Слушна распавяла Вольга Муравейка, медыцынская сястра міласэрнасці Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, якая шмат гадоў адпрацавала ў кардыялагічным аддзяленні бальніцы і ў сем'ях з «сардэчнікамі».

Інфаркт міякарда: галоўныя прынцыпы аднаўлення дома

Што рабіць са страхам пасля інфаркту

Што рабіць са страхам

— Людзі, якія перажылі інфаркт, па першым часе вельмі баяцца, што прыступ можа паўтарыцца, – распавядае Вольга Муравейка. – Таму яны пастаянна вымяраюць ціск, слухаюць пульс. Гэта нармальна, і праз некаторы час страх пройдзе. Але бывае, што ён перарастае ў пастаянную мітуслівасць і недаверлівасць, якія пазбаўляюць чалавека спакою і сну. А спакой – гэта галоўная ўмова аднаўлення. Таму ў такіх выпадках урач можа прызначыць заспакаяльныя, часам і антыдэпрэсанты. Калі родныя бачаць, што кантроль над ціскам ператвараецца ў чалавека ў хваравітую манію, звярніце ўвагу ўрача, калі сам чалавек гэтага не заўважае. Лепей выпіць дадатковыя лекавыя сродкі, чым давесці сябе да чарговага інфаркту.

Ёсць і іншыя спосабы. У мяне была падапечная бабуля, якая замучыла ўсіх сваякоў: дзень і ноч вымярала ціск, а вось прызначаныя таблеткі піла нерэгулярна. Неяк ноччу ўсіх разбудзіла: «У мяне падняўся ціск! Таблеткі мне не дапамогуць! Трэба «хуткую»!»

Прыязджае «хуткая», урач паўтарае, што трэба піць лекі, бо без іх ціск якраз і можа падымацца. Робіць ёй укол, ужо збіраецца сыходзіць, як яна: «Доктар, а калі ён зноў падскочыць?» Урач пытаецца: «Як вы пра гэта даведаецеся, вы ж будзеце спаць, ноч на дварэ?» Яна ў адказ: «Не буду спаць, буду вымяраць ціск». Тады ўрач узяў танометр і паклаў яго на высокую шафу, а родным сказаў: «Вымерайце раніцай самі». У такіх выпадках родзічам сапраўды лепш прыбраць танометр з вачэй падапечнага і самім вымяраць яму ціск – раніцай і ўвечары.

Калі выклікаць «хуткую»

Як адрозніць уяўную трывогу хворага ад рэальнага прыступу?

— Абцяжаранае дыханне, боль у грудной клетцы, павышаны ціск, які не збіваецца лекавымі сродкамі і працягвае расці, – пры гэтых прыкметах дакладна трэба тэлефанаваць на нумар 103, – тлумачыць эксперт.

лекіЦі кантраляваць прыём лекаў?

Урачы, як правіла, прызначаюць інфарктнікам некалькі прэпаратаў.

— Кожная таблетка важная: адна зніжае ціск, іншая выводзіць з арганізма вадкасць, трэцяя «перапальвае» халестэрын. Пакуль няма адной цуда-таблеткі ад усяго, – падкрэслівае медсястра. – Але не ўсе людзі прытрымліваюцца гэтага правіла, маўляў, «у бальніцы шмат лекаў пілі, навошта яшчэ і дома жменямі есці». Таму родзічы павінны кантраляваць гэты працэс. Асабліва, калі падапечны сталага веку: забывае, блытае, мяняе дазіроўку. А дазіроўка вельмі важная – кардыёлаг прызначае яе, зыходзячы з выніку аналізаў пацыента. Усё дакладна разлічана. Пра гэта трэба нагадваць тым, хто хварэе.

Як змагацца з галоўнымі фактарамі рызыкі

Па статыстыцы, у мужчын інфаркты здараюцца ў 20 разоў часцей, чым у жанчын. Гэта цалкам вытлумачальна, бо сярод галоўных фактараў рызыкі захворвання – курэнне і злоўжыванне алкаголем. Пасля інфаркту ад гэтых звычак трэба пазбаўляцца назаўжды. Хтосьці адразу прымае такое рашэнне, а хтосьці, ледзь ачуняўшы, ідзе курыць у калідор і не збіраецца завязваць. Чым тут могуць дапамагчы родзічы?

— Калі не дапамагаюць ўгаворы, трэба звяртацца да псіхатэрапеўтаў. Гэта рэальна працуе, бо мы – гаспадары свайго мозгу і можам кіраваць сваімі паводзінамі, – раіць Вольга. – У мяне быў такі пацыент, які пасля інфаркту курыў, піў, не хацеў слухаць сваю жонку. Неўзабаве ў іх нарадзілася трэцяе дзіця. І кожны ў сям'і, і я асабіста правялі з ім сур'ёзную гутарку: не маленькія дзеці павінны сваіх нямоглых бацькоў на калясцы вазіць, а бацькі павінны паставіць іх на ногі, таму трэба мяняць сваё жыццё. Ён ехаў да спецыяліста па сваёй волі, але ўсё ж з каменем за пазухай – умудрыўся прыхаваць бутэлечку ў кішэні. Але калі выйшаў з заняткаў, дэманстратыўна выкінуў яе ў сметніцу. Прайшло ўжо 8 гадоў, я працягваю мець стасункі з гэтай сям'ёй: чалавек не п'е, дзякуючы псіхатэрапеўтычным трэнінгам кінуў паліць, нарадзілі чацвёртае дзіця, дом пабудавалі. Звяртацца да спецыялістаў дакладна варта. Як угаворваць? Па-добраму. Мой вопыт паказвае, што на мужчын больш дзейнічаюць не папрокі тыпу «Нічаму цябе жыццё не вучыць!», а словы, сказаныя са шчырым клопатам і любоўю: «Як жа я без цябе спраўлюся? Мне будзе складана. У нас жа яшчэ ўнукі будуць. Пашкадуй сябе і мяне». І падобнае да гэтага.

Як сябе паводзіць

— Для сардэчнікаў вельмі важны спакой. Таму трэба выключыць стрэсавыя сітуацыі: нельга пры іх лаяцца, павышаць на іх голас, – тлумачыць эксперт. – Калі ў сям'і ёсць маленькія дзеці, якія любяць пашумець, растлумачце ім, што гэта можа перашкодзіць папраўцы іх мамы, таты ці дзядулі. Вельмі важныя словы падтрымкі: «Усё будзе добра, ты справішся, мы дапаможам». Сваім спакоем вы можаце нейтралізаваць хваляванне і страхі хворага.

Добра працуе фраза, што гэтае выпрабаванне – шанц пачаць жыццё з чыстага ліста: без шкодных звычак, з правільным харчаваннем і іншым падыходам да жыцця. Часам хворыя людзі любяць упасці ў дзяцінства і прымушаць усіх бегаць вакол сябе, прыносіць усё ў ложак. Не трэба паддавацца.

Родным неабходна выставіць межы, каб самім не злегчы з інфарктам. У гэтых выпадках адразу трэба сказаць: «Мы ўсё зробім, каб табе дапамагчы. Але ты, калі ласка, слухайся нас таксама і выконвай рэкамендацыі ўрача. Табе карысна рухацца. Таму, хочаш піць – устань і вазьмі ваду на кухні» і г.д..

Некаторыя думаюць, што прасцей, калі падапечны ўвесь час будзе ляжаць у ложку, маўляў, менш праблем. Не. Такая тактыка прывядзе да больш цяжкіх наступстваў – пролежняў, пагаршэння стану чалавека. Трэба ўсяляк стымуляваць сваіх родзічаў рухацца і быць максімальна самастойнымі.

электронны танометрШто павінна быць дома

Сёння ў продажы з'явілася шмат гаджэтаў для кантролю за паказчыкамі здароўя. Што дакладна неабходна мець у доме, дзе ёсць чалавек пасля інфаркту?

— Мне здаецца, дастаткова мець электронны танометр, бо ён вымярае ціск, паказвае пульс, запамінае паказчыкі. Набываць іншыя гаджэты, напэўна, няма сэнсу, каб чалавек не думаў пра сваё захворванне больш, чым трэба, – лічыць эксперт. – Лепей купіць велатрэнажор, калі ёсць магчымасць. Гэта добры кардыёстымулятар. Пацыентам пасля інфаркту неабходныя штодзённыя пешыя прагулкі раніцай і ўвечары. Але не заўсёды бывае добрае надвор'е, не заўсёды ёсць каму дапамагчы выйсці на вуліцу. У гэтых выпадках прагулкі заменіць велатрэнажор.

Яшчэ трэба набыць параварку/мультыварку, а вось патэльні схаваць далей – павінна памяняцца сістэма харчавання.

Галоўныя змены ў харчаванні:

  • выключаецца смажанае, тлустае, салёнае;
  • мяса толькі нятлустых гатункаў – на пары, адварное, запечанае;
  • рыба – не менш за тры разы на тыдзень;
  • пабольш гародніны і садавіны;
  • абавязкова кашы: яны ўтрымліваюць вітаміны групы В, якія ўмацоўваюць сардэчную мышцу;
  • сала, саленні ў слоіках, вострыя прыправы, соусы і кетчупы – пад забаронай.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 111

Журналіст і медыятар. У журналістыцы каля 20 гадоў. Асноўная цікавасць – сацыяльныя праблемы. Скончыла журфак БДУ. Да партала «Здаровыя людзі» і газеты «Медыцынскі веснік» працавала ў рэдакцыі «Аргументы і факты» ў Беларусі, штотыднёвіках «СССР: постфактум», «Маскоўскі камсамолец ў Беларусі», нацыянальнай грамадска-асветніцкай газеце «Культура», інтэрнэт-выданні Оpen.by. Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў. Матэрыялы Ганны выдзяляюцца выразнай структурай, глыбінёй раскрыцця тэмы і сваёй аналітычнасцю. Хобі: літаратура, напісанне дзіцячых кніг. Аўтар праектаў: ТэДДзі (Трыбуна для дзяцей) – нацыянальная пляцоўка для выказвання меркаванняў і пазіцый дзяцей па хвалюючых праблемах (сумесны праект штотыднёвіка «Аргументы і факты» ў Беларусі, РГА «Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА», Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН у Рэспубліцы Беларусь (ЮНІСЕФ) . «Урачы – таксама людзі» (24health.by), «Хатні догляд цяжкахворых» (сумесна з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа) (24health.by), «Урачэбныя анлайн-канферэнцыі» (24health.by сумесна з tut.by).