25.04.2020
25.04.2020

Донарская плазма і больш за тысячу вылечаных. Міністэрства аховы здароўя распавяло пра сітуацыю з COVID-19

logo
Навiны
0 22
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У Беларусі эпідэміялагічная сітуацыя з COVID-19 застаецца кантраляванай. У краіне ўдалося не дапусціць лавінападобнага росту захворвання, заявіла 24 красавіка на брыфінгу ў Міністэрстве аховы здароўя намеснік міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Алена Богдан. Паводле яе слоў, колькасць тых, хто вылечыўся ад CОVID-19, пераўзышло тысячу – 1 120 пацыентаў. Агульная колькасць выяўленых выпадкаў са станоўчым тэстам на інфекцыю складае 8 773 чалавекі.

Каранавірус. Новая інфармацыя.

 
Алена Богдан
Намеснік міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь
Мы працягнулі ісці шляхам эпідэміялагічнага расследавання. За ўвесь перыяд назірання выяўлена і ізалявана больш за 30,5 тысячы кантактных асобаў. А гэта – патэнцыяльныя крыніцы распаўсюджвання інфекцыі. За паловай з іх медыцынскае назіранне ўжо завершанае. Гэтыя меры дазволілі папярэдзіць сотні і сотні новых выпадкаў заражэння. Праца санітарна-эпідэміялагічнай службы па выяўленні кантактных асобаў, іх ізаляцыі працягваецца і зараз.

Як адзначыла намеснік міністра, пастаўлена задача максімальнага выяўлення і папярэджання выпадкаў захворвання. Фактычна па такім прынцыпе сістэма аховы здароўя працуе з першых дзён, калі з'явіўся першы пацыент.

 
Алена Богдан
Намеснік міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь
Мы свядома ідзем на гіпердыягностыку і даабследаванні, каб не прапусціць ніводнага магчымага пацыента. Фактычна штодня пашыраем магчымасці лабараторнага тэсціравання. У кругласутачным рэжыме працуюць больш за 30 лабараторый. Далучаны таксама прыватны сектар. Даследаванні выконваюцца ва ўсіх абласцях. Няма ніякіх праблемаў з тэсціраваннем, запасамі тэст-сістэмаў, бо у нас пачатая ўласная іх вытворчасць.

Пра тэсціраванне

Каранавірус.

Усяго выканана больш за 130 тысяч тэстаў, прычым толькі за апошнія суткі – 8 281. Для параўнання: у першыя дні працы колькасць тэстаў складала 250 у дзень у адной лабараторыі. Распаўсюджанасць тэсціравання на 1 млн насельніцтва ў нашай краіне перавышае паказчыкі такіх краінаў, як Паўднёвая Карэя (якая з'яўляецца прыкладам арганізацыі работы па лакалізацыі і выяўленні выпадкаў каранавіруснай інфекцыі), Польшча, Нідэрланды, Украіна, а таксама знаходзіцца практычна на ўзроўні ЗША, іншых еўрапейскіх краінаў.

У якасці прыкладу Алена Богдан прывяла такія дадзеныя. Пры колькасці насельніцтва Польшчы амаль 38 млн выканана каля 250 тысяч тэстаў, што складае 6,6 тысячы на мільён насельніцтва. У Беларусі пры колькасці 9,5 млн – больш за 130 тысяч тэстаў, або 13,6-13,7 тысячы на мільён жыхароў.

Улічваючы асаблівасці эпідэміялагічнага працэсу (ад 85 да 87% хвароба працякае бессімптомна або ў лёгкай форме), адна з асноўных задач – максімальнае выяўленне выпадкаў у папуляцыі. Таму з гэтага тыдня пачатае ўкараненне экспрэс-тэстаў, якія вызначаюць імунаглабуліны ў крыві, што сведчыць пра постінфекцыйны імунітэт. У бліжэйшы час чакаецца пастаўка яшчэ каля 100 тысяч такіх тэстаў.

Каранавірус. Тэсты.

 
Алена Богдан
Намеснік міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь
Варта разумець, што павелічэнне тэсціравання пацягне за сабой і рост колькасці выяўленых выпадкаў. Магчыма, мы знойдзем і тых, хто ўжо перанёс захворванне. Адпаведна яны таксама патрапяць у лік зафіксаваных выпадкаў.

З 8 773 чалавек 4 733 праходзяць лячэнне ў стацыянарах. Пацыенты з бессімптомным і лёгкім цячэннем каранавіруснай інфекцыі знаходзяцца пад медыцынскім наглядам дома. Істотна змененыя ўмовы працы паліклінічных устаноў. Створаныя спецыяльныя брыгады, якія аснашчаныя ўсімі неабходнымі сродкамі індывідуальнай абароны і ў пэўныя дні выязджаюць да пацыентаў.

Медыцынскія работнікі, якія ўваходзяць у склад гэтых брыгад, аснашчаныя пульсаксіметрамі, а таксама ўсім неабходным для забору мазкоў. У будучым плануецца, што для кантролю вылечанасці і выздараўлення ім будуць выдадзеныя экспрэс-тэст-сістэмы, сказала Алена Богдан.

Пра ложкавы фонд

Каранавірус. Ложкавы фонд.

Пры прыняцці рашэння пра тое, што частка пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй будзе лячыцца дома, улічваюцца і ацэньваюцца рызыкі ўцяжарвання захворвання і магчымасці людзей сысці на самаізаляцыю.

 
Алена Богдан
Намеснік міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь
Ложкавага фонду дастаткова. Мы падыходзім узважана і выбарча. Калі ў пацыента няма магчымасці для самаізаляцыі дома, нават з бессімптомным і лёгкім цячэннем, яму прадастаўленая магчымасць знаходзіцца на стацыянарным лячэнні.

Найбольш цяжкія пацыенты па цячэнні каранавіруснай інфекцыі або наяўных хранічных захворванняў з рэгіёнаў пераводзяцца на абласны ўзровень і ва ўстановы аховы здароўя г.Мінска. Пад асаблівым кантролем урачоў сёння знаходзяцца 114 чалавек, у тым ліку тыя, хто падключаны да апаратаў ШВЛ. Усім ім праведзеныя кансіліумы, у кругласутачным рэжыме арганізаванае кансультаванне такіх пацыентаў у рэжыме тэлемедыцынскай сувязі.

Для аказання дапамогі пацыентам з каранавіруснай інфекцыяй выдзелена каля 14% ложкавага фонду, задзейнічаная палова. У рэзерве знаходзяцца каля 9,5 тысячы ложкаў, з іх больш за 600 аснашчаныя апаратамі ШВЛ. У аказанні дапамогі пацыентам з каранавіруснай інфекцыяй задзейнічана каля 18% ад агульнай колькасці ўрачоў і прыблізна столькі ж сярэдняга медыцынскага медперсаналу. Нароўні з медработнікамі ў гэтай няпростай сітуацыі па ўласным жаданні працуюць студэнты ВНУ і медыцынскіх каледжаў.

 
Алена Богдан
Намеснік міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь
З іх вырастуць сапраўдныя ўрачы і медыцынскія сёстры, спецыялісты, адданыя сваёй справе. Гэта наш рэзерв на будучыню.

Каранавірус. Студэнты ў бальніцах.

Як адзначыла Алена Богдан, сістэма аховы здароўя сёння не перагружаная. Рэзервы створаныя па ложкавым фондзе, лекавых сродках як айчыннай вытворчасці, так і замежнай. Асаблівая ўвага надаецца мерам па абароне медыцынскіх работнікаў. Праца вядзецца ў асаблівым рэжыме, з выкарыстаннем новых падыходаў і патрабаванняў да арганізацыі работы медыцынскіх спецыялістаў.

 
Алена Богдан
Намеснік міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь
Звяртаючыся да нашых медыцынскіх работнікаў, прашу выконваць усе патрабаванні біябяспекі. Мы не маем права нікога страціць, нават на час хваробы.

Пра метады лячэння

Намеснік міністра нагадала, што вылечыліся больш за тысячу чалавек, ці 12,7% ад усіх выяўленых выпадкаў. Для лячэння пацыентаў выкарыстоўваюцца ўсе магчымыя сродкі і метады, якія ёсць у свеце. Так, на наступным тыдні чакаецца пастаўка эксперыментальнага прэпарата «Авіган».

У РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій распрацаваны навуковы праект, які заснаваны на выкарыстанні плазмы перахварэлых пацыентаў. Донарамі ўжо сталі 25 чалавек, якія выратавалі жыцці 8 чалавек у Мінску, Віцебску і Лідзе. Гэтая праца працягваецца, але тыя вынікі, якія атрыманыя, даюць надзею, падкрэсліла намеснік міністра.

Каранавірус. Пераліванне плазмы.

Заставайцеся дома

Напярэдадні доўгіх выхадных Алена Богдан звярнулася да ўсіх беларусаў з заклікам заставацца дома, выконваць меры асабістай бяспекі, не наведваць сталых сваякоў, не збірацца з усёй краіны і «ладзіць вячоркі на могілках са сталымі сваякамі». У іх, як правіла, ужо ёсць сур'ёзныя хранічныя захворванні, а верагоднае заражэнне каранавіруснай інфекцыяй значна пагоршыць іх стан.

Намеснік міністра дадала, што ў выхадныя дні ўстановы аховы здароўя, як амбулаторныя арганізацыі, так і стацыянарныя, будуць працаваць без зменаў. Пры ўзнікненні прыкметаў захворвання Алена Богдан заклікае не цягнуць час, а адразу звяртацца па медыцынскую дапамогу.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 22

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».