24.03.2021
24.03.2021

Дрэнны настрой – гэта яшчэ не дэпрэсія…

logo
Навiны
0 061
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

«Пакінь мяне, старая, я сумую», – казаў цар Іаан Грозны ў фільме «Іван Васільевіч мяняе прафесію». А што яшчэ яму было казаць, пасядзеўшы на канапе ў кватэры сучаснай маскоўскай высоткі ды паслухаўшы песню Высоцкага з магнітафона?! Што з ім рабілася тады? У нас бы зараз многія выставілі дыягназ, нават не задумваючыся: «Дэпрэсія ў цара!» А можа, усё ж такі дрэнны настрой?! А чаму такі сур’ёзны роздум сёння? Бо нагода ёсць, міма якой не пройдзеш: Міжнародны дзень барацьбы з дэпрэсіяй. Змагаемся разам!

Дэпрэсія. «Іван Васільевіч мяняе прафесію».

І зноўку вельмі дарэчы аказалася кніга Андрэя Ільніцкага і Кірыла Прашчаева «Працяг будзе. Кніга пра ўзрост». Бо там адпаведны раздзел ёсць пад сугучнай назвай: «Дэпрэсія – гэта не проста дрэнны настрой». А колькі разоў мы, як той Іван Васільевіч, прасілі, каб нас пакінулі ў спакоі?! Маўляў, дэпрэсія… Як кажуць, цьфу-цьфу-цьфу, не дай Бог! Бо ад гэтага стану, як ад дрэннага настрою, не адмахнешся так лёгка. Не вылезеш. Асабіста я нават і слова гэта не ўжываю ў дачыненні да сябе… І вам не раю… 🙂

Бо, па-першае, думкі, як вядома, матэрыяльныя. І гэта зусім не прымхі, а даказаны факт. А па-другое, пазнаёміўшыся з дапамогай Таццяны Валодзінай з вераваннямі нашых продкаў у галіне народнай медыцыны… Мімаволі задумаешся калі не аб прымхах, дык аб нечым такім… Што не паддаецца ніякай логіцы і тым не менш – існуе.

… Сустракаю знаёмага ўрача, які зазначае, што даўно мяне не бачыў. У свой час ён вельмі шмат дапамагаў маім сямейнікам. І парадай, і добрымі адносінамі… Цяпер, калі мамачкі не стала, ужо і патрэба турбаваць яго знікла.

Распытваецца, што і як. Апісваю свой стан.

– Што, дэпрэсняк?! – спачувальна пытаецца ён.

– Ды што вы! Вядома ж, не… Проста мне блага па вядомай прычыне. Але я спраўлюся… Мне сапраўды патрэбны час.

Дэпрэсія. Калі спраўляешся самастойна.

Разбіраемся, хто з нас мае рацыю ў гэтай сітуацыі. Чытаем у кнізе беларуска-расійскіх герантолагаў пра дэпрэсію: «Гэтая паталогія сустракаецца даволі часта. Многія ўспрымаюць яе проста як дрэнны настрой. Але ў любым узросце – і ў маладым, і ў сталым, і ў старым – дэпрэсія не проста дрэнны настрой. Гэта цэлы комплекс сур’ёзных зменаў у арганізме…

У любым узросце пускавым фактарам для разівцця дэпрэсіі з’яўляецца разрыў паміж чаканнямі чалавека і тым, што ён атрымлівае ад жыцця ў рэальнасці. Неразуменне сябе, няправільная ацэнка свайго месца ў свеце – адна з асноўных прычынаў дэпрэсіі».

Ну як? Падобная ваша ўласная «дэпрэсія» на гэтае апісанне? Калі вы пасумавалі-пасумавалі, а тады чамусьці нязмушана ўзрадаваліся. І вось ужо нават і не прыгадаеце ў размове з лепшай сяброўкай, што ў вас была – «дэпрэсія». Калі толькі сяброўка тая не спытаецца… І якой жа будзе вашая рэакцыя? Так, адмахнецеся. Маўляў, ай, несур’ёзна. Проста дрэнны настрой…

Дэпрэсія. Не блытаць з дрэнным настроем.

А вось калі сапраўды чагосьці дужа хочацца… Прынца на белым кані (хацела напісаць – «Мерсэдэсе», але ж гэтая марка машыны даўно ўжо не мяжа жаданняў)… Заняць высокі пост у бацькоўскай кампаніі, але там ужо засеў брат (сястра). Чамусьці гэтая тэма надзвычай папулярная апошнім часам у розных серыялах, якія пастаянна трапляюцца на вочы ў сеціве… Ды ці ж мала сёння хочацца?! Такая прастора для мараў і фантазій!

Вось толькі хочацца часцяком усё і адразу, без усялякіх намаганняў (пераважна моладзі – майму пакаленню ўжо не…). А калі ніхто на сподачку не падасць... Вось тут-то і яна, дэпрэсія. І, магчыма, самая сапраўдная…

Абсалютна сугучныя думкі сустракаю і ў «Кнізе пра ўзрост»: «З узростам чалавек атрымлівае вопыт, які яму падказвае, на што ён здольны, а чаго не можа. Таму, калі параўноўваюць, хто больш шчаслівы – 30-гадовыя ці 70-гадовыя, менавіта сталыя людзі, дзякуючы вопыту, аказваюцца больш шчаслівымі.

Маладому чалавеку, напрыклад, хочацца любой цаной заняць пасаду топ-менэджара, а ў яго для гэтага няма дадзеных. Ён засмучаецца. У сталым узросце такія пакуты-сумненні ўжо ў мінулым: чалавек дакладна ведае, што такі род дзейнасці – не яго».

Дэпрэсія. Чаму людзі ва ўзросце больш шчаслівыя.

Вельмі добра, калі гэта раскладзе па палічках хтосьці разумны і блізкі. Альбо, наадварот, таксама разумны, толькі далёкі – псіхолаг, псіхатэрапеўт, напрыклад… Збоку яно-то заўсёды лепей бачна. Толькі каб хапіла розуму і мужнасці прызнаць і прыняць… Прычым усё ж у сярэднім узросце чалавек ужо здольны гэта ўсвядоміць сам. І не даводзіць свой стан да дыягназу.

Бо калі такое здарыцца… «Важна ведаць, што дэпрэсія не праходзіць за некалькі дзён, як прастуда,зазначаюць Андрэй Ільніцкі і Кірыл Прашчаеў. – Яна доўжыцца працяглы час, бывае, не меней за паўгода».

Паўгода шэрасці вакол з-за ўласных замарочак?! Не-не, я да гэтага не гатовая. І вам не раю.

Іншая справа, калі сапраўдная дэпрэсія ўзнікае ў крызісным стане: з-за страты працы і немагчымасці знайсці новую, страты кагосьці з блізкіх ды іншага. Тады, вядома ж, можа спатрэбіцца дапамога спецыяліста. А яшчэ – падтрымка, клопат і любоў блізкіх, родзічаў, сяброў, калег…

Дэпрэсія. Калі нам патрэбная падтрымка і ўвага блізкіх.

І якімі ж уважлівымі нам варта быць адно да аднаго! Каб сапраўды ўбачыць, што з чалавекам штосьці не тое, а не проста дрэнны настрой. Каб ён не атрымаў з-за развіцця дэпрэсіі шэраг спадарожных хваробаў. І вось Міжнародны дзень барацьбы з дэпрэсіяй сярод іншага ставіць на мэце звярнуць нашу ўвагу і на гэта таксама.

Дык будзьма ж міласэрнымі да тых, хто побач. Давайце не абцяжарваць жыццё надуманымі праблемамі. Па магчымасці радавацца любой дробязі і радаваць іншых. Здароўя ўсім і душэўнага спакою!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

0 0 61

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя.Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень.У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка».У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых».З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.).Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.