30.04.2023
30.04.2023

Дрэвы-лекары ў Беларусі. Куды паехаць, каб атрымаць «порцыю» здароўя?

logo
Падарожжы
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Ірына Клімковіч, 
Людміла Дучыц

Шанаванне дрэваў паходзіць з глыбокай старажытнасці. Заўжды людзі вылучалі старыя і дуплістыя, а таксама дрэвы, адзначаныя ўдарам маланкі. Некаторым дрэвам у пэўныя каляндарныя святы прыносілі ахвяраванні: хлеб-соль і розную ежу, загорнутую ў белую халсцінку, а на галінкі павязвалі ручнікі, стужкі, ніткі. Уважалі, што дрэвы могуць хадзіць, размаўляць і нават лячыць людзей.

З асаблівай павагай спрадвеку ставіліся да дубоў, якія ў народнай культуры беларусаў спрадвеку ўвасабляюць мужчынскі пачатак. Вядома, што дубы дажываюць да некалькіх сотняў гадоў. Многія з іх маюць свае імёны. Напрыклад, Святы Дуб у Гнезна Ваўкавыскага раёна, Паромец у Вілейскім раёне, Цар-Дуб каля вёсак Пажэжын Маларыцкага і Слабада Лельчыцкага раёнаў, Дуб-Волат у вёсцы Сітцы Докшыцкага раёна ды іншыя.

Дуб выконваў ролю боства доўгія часы пасля афіцыйнага прыняцця хрысціянства. У некаторых месцах нават у пачатку 20 стагоддзя вялізныя дубы называлі Дэвайціс, што азначае Боства, Так было ў ваколіцах горада Ашмяны, мястэчка Грушава Кобрынскага раёна. У многіх вёсках людзі лічылі дубы сваімі ахоўнікамі, а каб дзеці не хварэлі, то немаўлятак насілі да паклонных дубоў. З дубамі звязаны і іншыя павер’і. Напрыклад, каб не хварэць цягам года, трэба пры першым громе ўвесну патрэсці дубовае дрэва (хаця б за галінкі).

Радзюкі. Святы дуб

Найбольш лекавымі лічыліся ў народзе дубы са скразнымі адтулінамі. Праз іх пралазілі самі хворыя ці іх працягвалі праз тыя адтуліны другія людзі. Перад лячэннем трэба было распрануцца, пасля абраду апрануць новае адзенне, а старое спаліць.

Так рабілі ў вёсцы Упірэвічы Барысаўскага раёна, на беразе ракі Лясная ў Язвінскім лясніцтве на тэрыторыі Белавежскай Пушчы, паміж вёскамі Навасёлкі і Матыкалы Бярэзінскага раёна.

Некаторыя дубы «працуюць» у комплексе з крыніцай, якая выцякае з-пад гэтага дрэва. Напрыклад, у вёсках Радзюкі Навагрудскага, Серкавіцы Талачынскага, Тадуліна Лепельскага раёнаў. Яшчэ ў Серкавіцах зрывалі лісточкі і кару дрэва, іх выкарыстоўвалі як лекавы сродак ад хворых зубоў. У вёсцы Тадуліна каля дуба збіралі травы і рабілі з іх адвар для лячэння вачэй. Кару з дуба ў якасці лекаў зрывалі і ў Гнезна Ваўкавыскага раёна, а траву пад дубам рвалі ў Данілавічах Лельчыцкага раёна.

Тадуліна. Лепельскі цар-дуб

У вёсцы Чаша Клецкага раёна верылі – калі жанчына дакранецца да дуба, то будзе мець шмат дзяцей. У Заазер’і Акцябрскага раёна Гомельшчыны трэба было памаліцца каля вялізнага дуба і, паводле павер’яў, ён абароніць ад усіх хваробаў. На мінскім капішчы, якое праіснавала да 20 стагоддзя і ў народзе мела назву «малельня ля каменя», рос агромністы дуб, жалуды якога таксама лічыліся лекавымі.

Згодна з павер’ямі не меншай лекавай сілай валодалі і хвойныя дрэвы. Многія з іх, як і дубы, мелі адметныя імёны – Марына Сасна, Святая Хвоя, Княжая Сасна, Сасна Куліна. Вясной з-пад сасновай кары здабывалі сок, які выкарыстоўвалі пры лёгачных хваробах. Серай з сасны лячылі дзіцячую грыжу.

Святая груша

У лесе каля вёскі Вялікае Горадна Крупскага раёна пры дарозе расце лекавая хвоя. Каб вылечыцца, пры набліжэнні да яе крокаў за 300 трэба было зняць верхняе адзенне і ісці далей моўчкі, каля самога дрэва прачытаць малітву і тройчы пралезці праз дупло з захаду на ўсход. Пасля распрануцца дагала і сказаць: “я скідаю з сябе гэта майно, то хай у мяне сыдуць усе хваробы”. Потым трэба было пакінуць на дрэве старое адзенне, апрануцца ў новае і моўчкі адыходзіць.

На ўскрайку вёскі Старыца Капыльскага раёна каля дарогі раней была сасна, якая лячыла вочы. Згодна з паданнем, аднаму селяніну, хвораму на вочы, прыснілася: каб вылечыцца, ён павінен паставіць побач з хвояй крыж. Чалавек так зрабіў і вылечыўся. Пасля гэтага выпадку да лекавага дрэва сталі ўвесь час прыходзіць людзі і ў якасці аплаты за лячэнне ахвяравалі яму лён, прадукты, грошы ды інш.

Цвермы. Лідскі раён

Нават у наш час папулярнасцю карыстаецца высахлая сасна каля каплічкі ў лесе паблізу вёскі Цвермы Лідскага раёна. На галінкі дрэва вешаюць стужкі, фартушкі, крыжыкі і абразкі. Шануюць і сасну ў Хатынскім лесе непадалёк ад вёскі Ніўкі Лагойскага раёна. Наверсе дрэва вісіць абраз, а побач пастаўлены крыжы. Некалі тут была і шануемая крынічка, але з часам яна высахла. Па павер’ях, сасна дапамагае ад многіх хвароб, а за лекаванне раней на дрэва вешалі нават кавалачкі сала і каўбасы, ручнікі, адзенне, шапкі і хусткі.

У Шчыткавічах Старадарожскага раёна лекавай лічылі сасну ва ўрочышчы Барысаў Гай. Дрэва ўпрыгожвалі стужкамі і ручнікамі, а каля сакральнай хвоі бралі пясок як лекавы сродак для вачэй і ад жаночых хваробаў.

Пажэжынскі дуб

Значнае месца ў народнай медыцыне надавалі і ліпе. Яшчэ ў пачатку 20 стагоддзя каля вёсак Капланцы і Міластаў Бярэзінскага раёна раслі тры лекавыя ліпы. Асабліва вылучалі ліпу, якая знаходзілася на ўскрайку лесу каля вёскі Міластаў. Яна лячыла розныя хваробы, асабліва псіхічныя.

Хворы павінен быў пралезці праз адтуліну ў дрэве, калі не сам, то пры дапамозе іншых. Пасля трэба было разарваць тую частку адзення, якая дакраналася да хворага месца. Такое адзенне пакідалі на дрэве і надзявалі новае.

Яшчэ не так даўно на свята Юр’я ад храма з мястэчка Лужкі да ліпы, што была пры дарозе каля вёскі Падліпкі Шаркаўшчынскага раёна ішлі хрэсным ходам. На дрэве здаўна вісеў абраз Божай Маці, а побач стаяў крыж, на які вешалі ручнікі. Калі хто хварэў, то маліцца аб здароўі ішлі спачатку ў царкву, потым да ліпы. На ўскрайку мястэчка Любча на Навагрудчыне стаіць каплічка, каля яе паклонная ліпа, куды ад царквы ідуць хрэсным ходам на трэці дзень Тройцы. Раней на гэтым месцы была культавая крынічка. На пэўныя каляндарныя даты тут адбываліся вялікія фэсты. Паломнікі зрывалі лісточкі з дрэва і бралі з сабой як лекавы сродак.

Ніўкі

У традыцыйнай народнай культуры беларусаў жаночым сімвалам сярод дрэваў з’яўляецца бяроза. Паводле павер’яў, яна лечыць хваробы і бясплоддзе ў жанчын. У вёсцы Заазер’е Бялыніцкага раёна жанчына, якая не магла зацяжарыць, пралазіла праз “вілку”, якую ўтваралі дзве бярозы.

У 19 стагоддзі ў Бабруйскім павеце каб зацяжарыць, трэба было ў лесе знайсці пень бярозы са згнілай сярэдзінай, з якога выраслі тры новыя атожылкі. З гэтых маладзенькіх бярозак лупілі і высушвалі кару, потым настойвалі на вадзе і пілі.

У наш час папулярнасцю карыстаецца Святая Грушка паміж вёскамі Вярховічы і Доўбізна Камянецкага раёна. 27 жніўня тут адбываецца шматлюдны фэст.  Пабудаваны храм, і штогод людзі абракаюцца на гэтым месцы, ставяць новыя крыжы і абнаўляюць старыя. Грушка ахоўвае ад хвароб, асабліва ад хвароб вачэй. Пасля службы ладзяць на вялізным абрусе абед — кожны ставіць прынесеную з сабой посную ежу.

Нібыта жывыя размаўляюць. Чароўныя ўласцівасці крыніц у Крынічках

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0