13.11.2020
13.11.2020

Дрымотнасць, светлы прамежак і кома. Да чаго прыводзіць чэрапна-мазгавая траўма

logo
Хваробы ад А да Я
0 24
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

На што варта звярнуць увагу пры траўмах галавы? Што адбываецца з мозгам пры ЧМТ? Якія прычыны могуць прывесці да комы? 

Анестэзіёлаг-рэаніматолаг Гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі г.Мінска Вячаслаў Ганчароў распавёў аб прычынах і сімптомах ЧМТ і асаблівасцях пашкоджанняў у сталых пацыентаў.

Сімптомы і віды ЧМТ

Па тыпу траўмы бываюць адкрытыя, калі на галаве маюцца раны, і закрытыя, без парушэнняў скурнага покрыва.

Да чэрапна-мазгавых траўмаў адносяць страсенне галаўнога мозгу, яго ўдары лёгкай, сярэдняй і цяжкай ступені, дыфузнае аксанальнае пашкоджанне і сцісканне.

Напрыклад, пры страсенні мозгу, якое адносіцца да лёгкага пашкоджання, павінен быць факт траўмавання плюс эпізод страты прытомнасці, ваніты. Пасля такой траўмы чалавек аднаўляецца. Пры аглядзе пацыента практычна не бывае неўралагічнай сімптаматыкі, а на камп'ютарнай тамаграфіі адсутнічаюць унутрычарапныя пашкоджанні.

Вячаслаў Ганчароў, анестэзіёлаг-рэаніматолаг

Вячаслаў Ганчароў:

– Галоўнае, на што варта звярнуць увагу пры траўмах галавы, – гэта страта прытомнасці. Наогул, любы выпадак страты прытомнасці – нагода для звароту да ўрача незалежна ад таго, была траўма ці не. Сімптомамі ЧМТ таксама могуць быць моцны галаўны боль, млоснасць, галавакружэнне, парушэнне маўлення, страта слыху на некаторы час і іншыя.

Пры лёгкай і сярэдняй траўмах пацыент знаходзіцца ў прытомнасці альбо ўзровень свядомасці не вызначаецца ўрачамі як кома. Галоўнае адрозненне сярэдняй ттраўмы ад лёгкай – наяўнасць структурных пашкоджанняў галаўнога мозгу і чэрапа, якія выяўляюць на КТ альбо МРТ. Пераломы касцей чэрапа, удары галаўнога мозгу, гематомы, кровазліцці...

Патлумачу наконт комы. Гэта не зусім тое, што прынята лічыць у народзе. Ёсць паняцце «непрытомнасць», калі кароткачасовая страта свядомасці можа здарыцца з-за рэзкай змены становішча цела, напрыклад, недахопу кіслароду, у сувязі з парушэннем дыхання, гіпаксіяй.

Аглушэнне – калі чалавек у свядомасці і гатовы кантактаваць з навакольнымі, але яму патрабуецца на гэта больш намаганняў, чым звычайна. Чым больш пацыент сонны, тым ён бліжэй да комы. Можна правесці паралель: вельмі глыбокі сон, калі нельга расштурхаць таго, хто спіць, – эквівалент комы. Але адна справа, калі чалавек спіць ноччу, бо стаміўся, і іншая – калі ёсць знешні раздражняльнік, але ён не рэагуе.

Цяжар траўмы медыкі ацэньваюць па шкале комы Глазга, арыентуючыся на балы. Сумарны бал кажа пра ўзровень свядомасці пацыента. Напрыклад, 15 балаў – свядомасць ясная, чалавек расплюшчвае вочы, назіраецца спантанная рухальная і маўленчая актыўнасць, адпаведная поўнай свядомасці. Глыбокая кома – калі чалавек не рэагуе на раздражняльнікі. Адсутнічаюць рухальная і вербальная рэакцыі на болевы раздражняльнік (3 балы па шкале комы Глазга).

Акрамя крыві ў чарапной каробцы, ёсць і іншыя парушэнні пасля траўмы: больш далікатныя, але яны ўплываюць на функцыянальнасць, напрыклад, дыфузнае аксанальнае пашкоджанне. Яго адметная прыкмета – надрывы аксонаў альбо дыфузныя парывы. Мозг складаецца з нервовых клетак, якія маюць атожылкі ў выглядзе дэндрытаў і аксонаў. Нібы драты, яны пераплятаюцца, фарміруючы наш мозг, а пры траўмах, атрыманых, напрыклад, у ДТЗ альбо пры падзенні з вышыні, ірвуцца.

Кома і прычыны, якія да яе прыводзяць

Кома пры ЧМТ

Да комы можа прывесці не толькі траўмаванне галавы, але і інсульт, моцнае атручванне, у тым ліку алкаголем, метабалічныя парушэнні на фоне цукровага дыябету, парушэнне дастаўкі кіслароду, шокавы стан, крывацёк, інфекцыйныя захворванні, напрыклад, менінгіт, а таксама пухліны галаўнога мозгу.

Вячаслаў Ганчароў:

– Пры чэрапна-мазгавой траўме самае важнае – не ўпусціць час. Унутрычарапныя гематомы, якія ўтвараюцца ў вострым перыядзе, могуць стаць прычынай інваліднасці і нават смерці.

У рэанімацыю нярэдка паступаюць пацыенты ў цяжкім стане менавіта з-за таго, што своечасова не звярнуліся да ўрача. Бываюць выпадкі, калі прывозяць без прытомнасці чалавека, які злоўжывае алкаголем, а ў яго дыягнастуем яшчэ і ЧМТ. Сваякі чакаюць, пакуль п'яны праспіцца, і ў гэты час запускаецца каскад нарастальных працэсаў, якія з кожнай гадзінай пагаршаюць стан.

У такіх пацыентаў факт атрымання траўмы можа быць і суткі таму. Ён быў у прытомнасці, лёг спаць, а калі праз ноч ці нават суткі не прачнуўся, сваякі пачалі біць трывогу.

Калі чалавек з ЧМТ паступае ўжо ў коме, вялікая верагоднасць, што ён альбо памрэ, альбо застанецца глыбокім інвалідам.

Што адбываецца з мозгам пры ЧМТ

Што адбываецца з мозгам пры ЧМТ

Вячаслаў Ганчароў:

– Пры траўме рукі фарміруецца сіняк, тканкі апухаюць, наліваюцца вадкасцю. Наша скура мае ўласцівасць расцягвацца, таму гематома нічым не абмежаваная. Паступова ацёк сыходзіць, сіняк рассмоктваецца. З мозгам інакш: ён у жорсткай чарапной каробцы. Сам мозг займае прыкладна 80% усяго аб'ёму ў чарапной каробцы, 20% – гэта кроў і спіннамазгавая вадкасць, альбо ліквор, без якога мозг бы стукаўся аб чэрап. Яна служыць як амартызацыя.

Калі там фарміруецца гематома, у замкнёнай прасторы ўтвараецца дадатковы аб'ём. Рэзерв аб'ёму ёсць, але ён невялікі.

У гэты час надыходзіць так званы «светлы прамежак», характэрны асабліва для эпідуральных гематомаў (яна размяшчаецца да цвёрдай мазгавой абалонкі).

Светлы прамежак – гэта часовае паляпшэнне стану пацыента пасля чэрапна-мазгавой траўмы, за якім пойдзе рэзкае пагаршэнне. Калі надыходзіць такое паляпшэнне, пацярпелы і яго сваякі памылкова думаюць, што чалавек справіўся з траўмай і што ўсё прайшло. Але з-за прамаруджвання наступствы могуць быць незваротныя. Здавальняючае самаадчуванне хутка змяняецца нарастальным рэзкім галаўным болем, ванітамі, кланічнымі сутаргамі і стратай прытомнасці. Пульс робіцца рэдкім, напружаным.

Вылітая кроў, калі адціскаецца на перыферыю, адслойвае цвёрдую мазгавую абалонку, якая затым, нібы грыжа, выпінаецца вонкі. Калі кроў не спыняецца, выпінанне павялічваецца, пачынае адцясняцца на перыферыю мозг. Фарміруецца стан комы.

Сімптаматыка дзеліцца на агульнамазгавую (парушэнне свядомасці, сопар, кома, млоснасць, ваніты, галавакружэнне) і ачаговую, адпаведную той зоне, якая пацярпела: напрыклад, парушэнне рухаў у канечнасцях, як пры інсульце, альбо парушэнне маўлення.

Можа пацярпець і псіхіка: чалавек паводзіць сябе неадэкватна, у яго нібы знік сацыяльны фільтр, які дазваляў кантраляваць паводзіны, здзяйсняе ўчынкі, якія для яго не характэрныя, не пазнае людзей. Гэта пашкоджанне характэрнае для лобных доляў. Альбо чалавек усё разумее, можа напісаць, а сказаць, каб было зразумела,  – не.

Ці адрозніваюцца траўмы галаўнога мозгу, атрыманыя пры ўдары цяжкім прадметам, ад пашкоджанняў у выніку ДТЗ альбо падзення?

Вячаслаў Ганчароў:

– Для вызначэння прычынаў траўмы існуе судова-медыцынская экспертыза. Вядома, ёсць асаблівасці ў розных траўмаў, але пры гэтым пашкоджанні, атрыманыя тупым прадметам і з прычыны падзення на плоскасць, могуць быць падобнымі.

Мозг па кансістэнцыі нагадвае кісель, вельмі пяшчотная субстанцыя, размешчаная ў жорсткай скрынцы чарапной, якая неідэальна запоўненая, ёсць выемкі, выпукласці, вострыя месцы.

Удар-супрацьудар здараецца, калі мозг б'ецца аб сценку чэрапа ў месцы непасрэднага ўздзеяння знешняга прадмета на галаву, атрымлівае пашкоджанне і затым наносіцца на процілеглы бок мозгу. Гэта значыць, стукнуўся з аднаго боку, а удар атрымаў з процілеглага.

Медработнікі могуць вызначыць, гэта вострая траўма, падвострая альбо хранічная, гэта значыць, па часавым фактары. Да трох сутак альбо пасля 14 сутак, як любы сіняк. На КТ можна ўбачыць, напрыклад, найвастрэйшую субдуральную альбо эпідуральную гематому, калі пашкоджанне свежае. Чалавек атрымаў траўму, страціў прытомнасць, затым прыйшоў у свядомасць, пасля чаго стан пагаршаецца да комы.

Часам у рэанімацыю паступаюць людзі з ЧМТ у свядомасці, іх пераводзяць на наступны этап лячэння – нейрахірургію, потым яны выпісваюцца дадому. Бывае, пацыенты паступаюць у свядомасці, а праз паўгадзіны да іх ужо прымяняецца ўвесь спектр мерапрыемстваў па інтэнсіўнай тэрапіі. Часам паступаюць ужо ў коме.

Асаблівасці ЧМТ у сталых

Асаблівасці ЧМТ у сталых

Медыкі кажуць пра сур'ёзную праблему лячэння чэрапна-мазгавых траўмаў у людзей сталага ўзросту. Ступень цяжару траўмы тут ужо не залежыць ад сілы ўдару. Значнае паражэнне мозгу можа быць нават пры лёгкім пашкоджанні, напрыклад, пры падзенні на роўным месцы. Але такая траўма суправаджаецца развіццём унутрычарапных кровазліццяў, якія цяжка спыніць.

Вячаслаў Ганчароў:

– Перадумоў для гэтага дастаткова: па-першае, з узростам мозг старэе і запаўняе ўсё меней прасторы ўнутры чэрапа. Па-другое, косці і сасуды больш крохкія. Таму пасля траўмы ў маладога чалавека можа быць лёгкае страсенне мозгу, а сталыя траўмуюцца мацней. Акрамя таго, у маладых не фарміруюцца хранічныя гематомы, якія выяўляюцца і праз 2-3 тыдні пасля траўмы, і нават праз месяц.

Ва ўзроставых пацыентаў, як правіла, ужо маецца букет захворванняў. Возьмем кардыялагічныя паталогіі. Каб падоўжыць жыццё і палепшыць яго якасць, сталым людзям прызначаюць прэпараты, якія ўплываюць на згусальнасць крыві, для прафілактыкі трамбозаў, асабліва тым, хто перанёс інсульт ці інфаркт. Але ёсць нюансы.

Тое, што добра з пункту гледжання прафілактыкі сасудзістай паталогіі, дрэнна з-за рызыкі крывацёку. З прычыны ломкіх сасудаў і крохкіх касцей любая нязначная для маладых траўма ў сталага чалавека, які прымае аспірын, можа прывесці да смерці. Той час, за які павінен закрыцца сасуд, што лопнуў, робіцца больш доўгім. Такім чынам, крыві выцеча больш. Значыць, і гематома будзе большая, а наступствы – горшымі.

Таму вельмі важна назіраць за станам сталага сваяка і пры самай невялікай праяве неўралагічнай сімптаматыкі звяртацца да ўрача.

Агульныя сімптомы, якія сведчаць пра наяўнасць гематомы:

  • галавакружэнне;
  • галаўны боль;
  • слабасць;
  • страта памяці (кароткачасовая альбо доўгачасовая);
  • ваніты;
  • страта свядомасці;
  • каматозны стан;
  • павышэнне артэрыяльнага ціску;
  • узбуджаны стан;
  • невыразнае маўленне;
  • параліч;
  • пагаршэнне альбо страта зроку;
  • сутаргі;
  • слабасць у канечнасцях;
  • здранцвенне.

Фота эксперта – Юлія Паддубіцкая.

Асаблівасці чэрапна-мазгавой траўмы ў дзяцей і дарослых

 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 24

Вядучы рэдактар рускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст
Глядзіце таксама