10.04.2020
10.04.2020

«Душа баліць за дурака». Алкагалізм у перыяд каранавіруса б'е па блізкіх мацней

logo
Хваробы ад А да Я
0 62
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Нядаўна ў Чашніцкім раёне двое мужчын вырашылі распіць на працы... антысептык для рук. Аднаго з іх выратаваць не атрымалася. Ва ўмовах пандэміі каранавіруса, калі патрабуецца максімальная сабранасць і адказнасць, залежныя (а яны, на жаль, ёсць амаль у кожнай беларускай сям'і) працягваюць знаходзіцца ў зачараваным свеце крывых люстэркаў і дзейнічаюць па звыклым сцэнары. У перыяд і без таго моцнага крызісу жыццё з залежным чалавекам можа стаць пеклам у квадраце для яго блізкіх.

Алкагольная залежнасць. Каранавірус.

Як паводзіць сябе цяпер, калі вы жывяце з чалавекам, які злоўжывае алкаголем (ужывае наркотыкі) і пры гэтым не жадае выконваць важныя правілы бяспекі? Ці прыносіць антысептыкі-маскі хімічна залежнаму родзічу, калі ён жыве асобна? Як ва ўмовах каранавіруса працуюць рэабілітацыйныя цэнтры для залежных? Як не сарвацца цяпер тым, хто ўжо «завязаў», і не пачаць заліваць стрэс тым, хто яшчэ не перайшоў у ранг залежных, але трапляе ў групу рызыкі?

Гэтыя важныя пытанні мы абмеркавалі з Максімам Пылёвым, практыкуючым псіхолагам, гештальт-тэрапеўтам, групавым псіхатэрапеўтам, праграмным кіраўніком рэабілітацыйнага цэнтра «Фенікс».

Падчас крызісу, якім цяпер, безумоўна, з'яўляецца пандэмія каранавіруса, праблемы паміж залежным і яго сям'ёй могуць абвастрыцца. Як паводзіць сябе з алкаголікам? Бо захаванне мераў засцярогі патрабуе сілы волі і адказнасці, якіх у яго, як правіла, няма. Якія рэкамендацыі блізкім ты б мог даць у гэты час?

Максім Пылёў:

– Сітуацыя, якая адбываецца ў свеце, узмацняе і абвастрае тыя праблемы, якія былі ў сям'і і раней. Напружанне можа быць звязанае з масай рэчаў: непраяўленымі пачуццямі, іх падаўленнем, няшчырасцю ўнутры сям'і. Таму так шмат артыкулаў з'яўляецца пра розныя акты гвалту, разводы.

Што адбываецца ў сем'ях залежных? Там няма прамых стасункаў адзін з адным, усё ўладкованае на маніпуляцыях, на безадказным стаўленні да сабе і навакольных, на эгацэнтрызме і немагчымасці ўбачыць патрэбы іншага чалавека, немагчымасці падтрымліваць адзін аднаго, узаемадзейнічаць. У той час, калі асабістая адказнасць, выкананне правілаў найбольш неабходныя, у залежнай сям'і гэта выконваць не ў стане.

Але ж і да гэтага так было. Дадзеная сітуацыя можа адкрыць вочы людзям, якія знаходзяцца ў сузалежных адносінах, на тое, што ў іх сем'ях, у іх жыццях адбываецца катастрофа. І яна не звязаная з каранавірусам. Яна была шмат гадоў да гэтага.

Што рабіць, калі вы жывяце з залежным чалавекам на адной тэрыторыі і пра каранцін або адказнае стаўленне з яго боку няма размовы?

– Клапаціцца пра сябе. Сітуацыя такая, што разлічваць на цвярозы розум і свядомасць алкаголіка або наркамана неразумна. Другое – будаваць так званыя межы жорсткай любові: «Я гатовы (-ая) тебе дапамагаць пры ўмове, што ты сам будзеш штосьці рабіць для свайго выратавання». Трэцяе – максімальна дыстанцыявацца пры яго нежаданні змяняць сваё жыццё.

Цяпер паўстала відавочная пагроза жыцця – не дзесьці там, далёка, а побач. Гэта нагода задумацца, для чаго вы цягнеце гэтую лямку. Але жыццё з залежным чалавекам – гэта і так заўсёды пагроза жыццю альбо алкаголіка/наркамана, альбо блізкіх, якія з ім знаходзяцца.

Каранавірус. Алкагольная залежнасць. Сузалежныя адносіны.

Што тычыцца тэрыторыі і мераў засцярогі, дык гэта тыя ж самыя рэчы, якія я раю па-за залежнасці ад таго, ці ёсць пандэмія: буяніць – выклікаем міліцыю, прыходзіць п'яны – не адчыняем дзверы. Родзічы перажываюць, што з ім штосьці здарыцца, але я шмат разоў ужо пераконваўся: часцей здараецца з блізкімі. Ад анкалогіі на фоне псіхасаматычных расстройстваў з-за жыцця з дэструктыўнымі асобамі гіне вельмі шмат людзей...

Калі залежны родзіч жыве асобна, ці варта бегаць за ім і старацца абараніць, купляць яму маскі, антысептыкі, прадукты?.. Ці заняцца сабой і дэлегаваць адказнасць?

– Нават калі няма эпідэміі, у сваякоў баліць душа, што блізкі забівае сябе ужываннем. Зараз пандэмія абвастрыла страх смерці. Набыццё масак, антысептыкаў, прадуктаў – гэта спосаб выратаваць. А калі мы бярэм залежна-сузалежную сістэму, дык выратавальніцтва – усяго толькі падтрыманне мадэлі жыцця алкаголіка або наркамана. Калі ён сам не можа паклапаціцца пра сябе, дык усе гэтыя дзеянні – падтрыманне яго інфантыльных і безадказных паводзінаў.

Па вялікім рахунку максімум, што можна зрабіць, – пагаварыць, выказаць сваю занепакоенасць і прапанаваць варыянт менавіта працы з яго залежнасцю. Думаць не пра тое ў першую чаргу, як выратаваць яго ад віруса, а як дапамагчы справіцца з залежнасцю. Тут схема стандартная: рэабілітацыя, псіхатэрапія, групавая ўзаемадапамога, групы ананімных наркаманаў, алкаголікаў.

Алкагольная залежнасць. Групы ананімных алкаголікаў.

Ці працуюць зараз рэабілітацыйныя цэнтры і што для вас змянілася ва ўмовах пандэміі? Як цяпер праходзіць рэабілітацыя залежных?

– Мы працуем, але правілы знаходжання ў рэабілітацыйным цэнтры змяніліся: цяпер тут каранцін. Два кансультанты па хімічнай залежнасці знаходзяцца з рэабілітантамі пастаянна, без выездаў у горад. Прадукты закупляем анлайн, усе групавыя і асабістыя тэрапіі з нагоды лячэння алкагалізму і наркаманіі праходзім у анлайн-фармаце, увялі больш лекцыйных фарматаў, пісьмовых работ, часова не ездзім у групы ананімных алкаголікаў і наркаманаў, на спартыўныя мерапрыемствы.

Калі чалавек трапляе да нас на рэабілітацыю зараз, дык акрамя асноўнага пакета дакументаў яму трэба прад'явіць здымак лёгкіх і даведку ўрача пра стан здароўя, пра адсутнасць сімптомаў ВРВІ. Той, хто прыбыў, змяшчаецца ў асобны пакой на каранцін. Яшчэ адно новаўвядзенне – вымярэнне тэмпературы ўсім раніцай і ўвечары. Гэтыя меры мы пачалі прымаць загадзя, на дадзены момант яны дзейсныя.

 Што ва ўмовах эпідэміі каранавіруса можна сказаць залежнаму?

– Я б не разглядаў пасланне толькі праз прызму сітуацыі, якая склалася. Тая бяда, у якой ён зараз знаходзіцца, заўсёды была, яшчэ да каранавіруса. Тое, што цяпер усе гэтыя рэчы абвастраюцца, гэта пра той нарыў, які выявіўся. Пройдзе час, скончыцца эпідэмія, застанецца толькі ў памяці. А вось, да прыкладу, алкагалізм у фазу ўспамінаў перавесці немагчыма. Дамагчыся рэмісіі рэальна. Адзіны спосаб з гэтым справіцца – прызнаць праблему, прызнаць тое, што я сам не ў сілах справіцца, што мне патрэбная дапамога. І звярнуцца да спецыялістаў.

Як зараз не сарвацца тым, хто «ў завязцы»? Анлайн-групы могуць быць не для ўсіх эфектыўныя...

– Сацыяльная ізаляцыя павышае рызыкі вяртання да ўжывання тых людзей, якія знаходзяцца ў не вельмі стойкай і стабільнай рэмісіі. Трэба зыходзіць з таго, што цяпер працуе вялікая колькасць анлайн-групаў: ананімныя алкаголікі, наркаманы (удзел у іх бясплатны). Заўсёды можна звязацца па аўдыё- і відэасувязі, тэлефоне са сваім настаўнікам, калі чалавек уваходзіць у супольнасць групаў узаемадапамогі ананімных алкаголікаў і наркаманаў.

Можна пагаварыць са сваім псіхатэрапеўтам, з сябрам, які знаходзіцца ў той жа сітуацыі і выздараўлівае. Тое, што няма магчымасці сустракацца фізічна, не кажа пра тое, што свет спыніўся і трэба спыняць кантакты, нічога не рабіць. Трэба падладжвацца пад зменлівую рэальнасць. Анлайн-сустрэчы, магчыма, не такія эфектыўныя, як праца ўжывую, але, тым не менш, гэта той спосаб, які можна выкарыстоўваць менавіта цяпер. Групаў працуе вельмі шмат.

У той жа час важна не ігнараваць меры бяспекі, якія ёсць і без пандэміі. Залежнаму чалавеку нельга быць галодным, халодным, злым, стомленым. Г.зн. важна не ўхіляцца, не сыходзіць у адзіноту, не ізалявацца, не назапшваць злосць. Казаць пра тое, што не падабаецца, раздражняе, есці своечасова, не перамярзаць, не перагружацца. Увогуле, ставіцца да сябе з клопатам.

Пандэмія, страх, трывога, сацыяльная ізаляцыя могуць прывесці да росту залежнасцяў. Чалавек элементарна зачыняецца дома адзін з бутэлькай і пражывае праблемы так. У сацсетках пра гэта з'явілася шмат жартаў. Мабыць, праблема наспявае...

– Так, лічу, ёсць сур'ёзная пагроза, што людзі, якія мелі схільнасць да залежнасці, зараз знаходзяцца ў групе рызыкі. Самаізаляцыя, немагчымасць пагаварыць пра свае пачуцці, перажыванні, страхі, трывогу, адсутнасць эмацыянальнай падтрымкі можа прывесці да росту самадэструктыўных паводзінаў.

Чалавек быў заняты, працаваў. Многія людзі, маючы залежную структуру асобы, не ўвальваюцца ў хімічную залежнасць. Яны праецыруюць гэта ўсё на працу, заробак, спорт, іншыя актыўнасці. Узнікае верагоднасць таго, што гэтую энергію чалавек цяпер можа накіраваць на ўжыванне хімічных рэчываў. Невядома, колькі працягнецца цяперашняя сітуацыя. Больш чым упэўнены, што рост людзей з алкагольнай залежнасцю будзе вельмі вялікім.

Складанасць менавіта ў самім паняцці «група рызыкі». Для пэўнага чалавека ўжыванне алкаголю ў малых дозах можа быць бяскрыўдным і дапамагаць знізіць эмацыянальнае напружанне. Але для іншых гэта можа прывесці да таго, што чалавек проста пачне хавацца за ўжываннем. Калі ёсць схільнасць да залежных паводзінаў, да заліпання на пэўных рэчах у працы, адносінах, дык шанц таго, што ён уляціць, вышэйшы.

Тут, вядома, у першую чаргу патрабуецца глыбокая псіхалагічная прапрацоўка. Але ў якасці часовых мераў, што падтрымліваюць, можна прапанаваць знайсці справу для таго, каб адцягнуць увагу. Можа, дома даўно не даходзілі рукі штосьці змайстраваць ці паправіць. Магчыма, ёсць сэнс асвоіць новае хобі. Як варыянт, пачаць дапамагаць людзям, якія цяпер апынуліся ў бядзе. Гэта дапаможа і сілы накіраваць у карыснае рэчышча, і адчуць сваю каштоўнасць.

Важна знайсці чалавека, з якім можна абмяркоўваць адкрыта свае пачуцці і перажыванні, працягваць сацыяльныя кантакты хаця б анлайн. І не старацца выкарыстоўваць алкаголь у якасці антыстрэсу: «Вось вып'ю – і адчую палёгку». Гэта небяспечны шлях, асабліва калі вы ведаеце, што схільныя да залежнасцяў.

Каранавірус не ліквідаваў аўтаматычна ўсе іншыя праблемы. Наадварот, зрабіў іх больш вострымі. Пагроза жыццю побач з залежным членам сям'і пачала прымаць цалкам рэальнае аблічча. А значыць, схавацца ад пытання, што турбавала гадамі, больш не атрымаецца. Цяперашні час патрабуе сабранасці, адказнасці, узаемападтрымкі і ўвагі адзін да аднаго. Крызіс можа зрабіцца тым самым выклікам, які дасць энергію справіцца з застарэлымі невыноснымі праблемамі і падумаць, як жа я хачу жыць на самай справе. Бо гэта такі падарунак – проста жыць.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 62

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Глядзіце таксама