14.05.2023
14.05.2023

Два жыцця Янкі Маўра. У чым галоўны сакрэт аўтара «Палескіх рабінзонаў»?

logo
Асобы i лёсы
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Янка Маўр — першаадкрывальнік прыгодніцкага жанру ў беларускай літаратуры, стваральнік першай беларускай навукова-фантастычнай аповесці. Ён аўтар кніг для дзяцей, п'ес, перакладаў. Застаючыся пісьменнікам нацыянальна самабытным, Маўр звярнуўся да традыцый сусветнай дзіцячай класікі, садзейнічаў пашырэнню ўзаемасувязей беларускай дзіцячай літаратуры з літаратурамі іншых народаў, шмат зрабіў для папулярызацыі беларускай дзіцячай кнігі.

10 мая аматары творчасці пісьменніка ва ўсім свеце адзначылі 140 год з дня нараджэння таленавітага аўтара. З нагоды юбілею раскажам пра цікавыя і малавядомыя перыяды жыцця творцы і ўзгадаем цікавыя факты пра яго творчасць.

Янка Маўр 1

Нарадзіўся Янка Маўр 10 мая 1883 года ў партовым горадзе Лібавэ (цяпер горад Лібава, Латвія), куды трапіў у пошуках лепшага жыцця яго бацька — беззямельны беларускі селянін.

Засталося зусім няшмат дакументаў аб маладых гадах Янкі Маўра. Не ў апошнюю чаргу таму, што ладная частка яго жыцця прайшла да рэвалюцыі. Асноўная крыніца звестак аб дзяцінстве і юнацтве Маўра — аўтабіяграфічная аповесць «Шлях з цемры». Зразумела, аўтар малюе вельмі змрочныя карціны дарэвалюцыйнага мінулага.

Першае, што мы бачым — як маленькі Іван з мамай сустракаюць каля фабрыкі бацьку ў дзень палучкі разам з іншымі сваякамі працоўных: каб тыя не адправіліся ў лаўку, дзе спусцяць усе грошы. Самы ранні ўспамін…

«А бацьку свайго я ўсё ж такi не памятаю, хоць ён памёр, калi мне было гадоў восем. Ды i не памёр ён, а згарэў: iшоў, iшоў па вулiцы, павалiўся, задымiўся, сiнi агонь пайшоў — i ад чалавека адзiн чорны вугольчык застаўся. Прынамсi так мне растлумачылi ў свой час добрыя людзi».

Маці ўсё жыццё марыла, каб яе сынок выбіўся ў людзі, вучыўся. Хоць жылі бедна, усё па чужых кутах, прыслужваючы. Аднойчы ў роднай вёсцы здарыўся пажар. Згарэлі нават боты, якія маці з апошніх капеек справіла Івану — каб пайшоў у іх вучыцца

«I вось адправiлiся мы жабраваць. Работа гэтая мне вельмi спадабалася. Iдзеш сабе па палях i лясах, кожны дзень, кожную гадзiну ўсё новыя месцы, незнаёмыя, цiкавыя… А ўбачыш дзе страху i iдзеш, як у свой дом, заўсёды нешта дадуць. Нiколi раней не даводзiлася мне столькi папiць малака, як у гэтыя часы. Мы ж, апрача ўсяго, былi «ўдава з дзiцем», i гэта давала некаторыя перавагi».

Янка Маўр

Першыя веды аб светаўладкаванні будучы пісьменнік атрымаў ад бабулі, затым ён вучыўся ў пачатковай школе і паступіў у рамеснае вучылішча ў Коўна (цяперашні Каўнас). Там Івана захапілі кнігі, асабліва яму падабалася прыгодніцкая літаратура, ён марыў падарожнічаць. Вучыўся добра і пасля рамеснай вучэльні паступіў у настаўніцкую семінарыю ў Панявежы. Але ў канцы 1902 года Івана Фёдарава адлічваюць з семінарыі з апошняга курса за вальнадумства і «за сумневы ў рэлігіі».

Першае жыццё Янка Маўр правёў як настаўнік пад імем Іван Фёдараў, другое  — як заснавальнік беларускай дзіцячай літаратуры Янка Маўр. Таму і дзён нараджэння ў яго было два: у 1883 годзе нарадзіўся Фёдараў, а ў 1926-м — Маўр.

У 1925 годзе, у Мінску, у рэдакцыі дзіцячага часопіса «Беларускі піянер» з'явіўся немалады чалавек у акулярах — настаўнік Іван Фёдараў. Ён прадставіў рэдактару сваю навукова-фантастычную аповесць «Чалавек ідзе», пра жыццё першабытных людзей, якая ў гульнявой форме наглядна тлумачыла дзецям тэорыю эвалюцыі Дарвіна. Часопіс апублікаваў аповесць у 1926 годзе. Літаратурны псеўданім аўтар абраў з драмы Шылера, якая яму вельмі спадабалася: «Маўр зрабіў сваю справу, маўр можа сыходзіць». Так з'явіўся пісьменнік Янка Маўр.

Янка Маўр

У 1909 годзе ён ажаніўся на ўдаве Варвары Адамовіч, удачарыў яе дзяцей. Праз два гады сям'я пераехала ў Мінск, дзе настаўніку Івану Фёдараву ўдалося ўладкавацца ў Мінскую прыватную гандлёвую школу. Увосені 1917 года ён стаў настаўнікам гісторыі і геаграфіі ў Мінскай чыгуначнай школе на вуліцы Маскоўская. Вучні любілі яго ўрокі, на якіх адпраўляліся ў цікавыя, займальныя падарожжы па ўсёй карце свету.

Янка Маўр 3

Літаратурную дзейнасць Янка Маўр пачаў у 1923 годзе. Яго першыя публікацыі з'явіліся ў газеце «Савецкая Беларусь» і ў ленінградскім сатырычным часопісе «Бегемот». Пасля поспеху першай кнігі «Чалавек ідзе» пісьменніка запрасілі ў Беларускае дзяржаўнае выдавецтва і прапанавалі напісаць новую кнігу. Так у 1928 годзе з'явілася першая прыгодніцкая аповесць «У краіне райскай птушкі», у след за ёй — «Сын вады», а пасля выйшла «Амак». У гэтых кнігах ён настолькі пераканаўча і дакладна апісваў прыгоды на Новай Гвінеі, Інданезіі ці Агністай Зямлі, што дзівіліся нават тыя, хто неаднаразова там бываў, у адрозненне ад аўтара.

Гэта было не толькі дзякуючы энцыклапедычным ведам Янкі Маўра, але і яго захапленню мовай эсперанта, на якой аўтар перапісваўся са шматлікімі эсперантыстамі свету, атрымліваючы ад іх інфармацыю.

У пісьменніка быў свой сакрэт. На дачы непадалёк ад Мінска Янка Маўр збудаваў будан-кабінет з лазы. Імправізаваны пісьмовы стол стаяў на мастках над Свіслаччу, так што можна было складаць кнігі пра далёкія краіны, звесіўшы ногі ў ваду і ўяўляючы сябе на беразе акіяна.

Янка Маўр 4

У 1930 годзе ў Янкі Маўра выйшла кніга, якая зрабіла яго знакамітым і любімым дзіцячым пісьменнікам ва ўсім Савецкім Саюзе — аповесць «Палескія рабінзоны». У беларускай прыгодніцкай літаратуры гэта было новае слова. Маўр паказаў, што рамантыка ёсць не толькі ў далёкіх заморскіх краінах, але і ў Беларусі.

Ён пісаў: «Ёсць пушчы, не менш цікавыя, чым далёкія трапічныя лясы. Ёсць азёры і балоты, якія вясной робяцца морамі. Ёсць звяры, якія радзей сустракаюцца на свеце, чым сланы і тыгры».

Папулярнасць гэтай кнігі была неверагоднай. Яе чыталіся і абмяркоўвалі як дзеці, так і дарослыя. Кнігу перавыдавалі некалькі разоў, пераклалі на многія мовы, а ў 1934 годзе на кінастудыі "Савецкая Беларусь" знялі фільм «Палескія рабінзоны». Аўтарам сцэнарыя быў сам Янка Маўр.

Палескія рабінзоны

У 1934 годзе выйшла адна з самых вядомых кніг пісьменніка «ТВТ» (Таварыства ваяўнічых тэхнікаў). Яна выклікала сапраўдны валанцёрскі рух сярод школьнікаў, прычым задоўга да цімураўскага.

У гады палітычных рэпрэсій пісьменнік атрымаў позву ў Следчы камітэт. Даведаўшыся, што Іван Фёдараў і Янка Маўр — гэта адна асоба, следчы адпусціў аўтара, заявіўшы, што ён яго любімы пісьменнік.

Вялікую Айчынную вайну Янка Маўр сустрэў далёка ад Беларусі. Спачатку ён жыў у Новасібірску, потым пераехаў у Алма-Ату. Каб пракарміць сям'ю, ён займаўся рамонтам абутку, здымаўся ў масоўцы на кінастудыі. У 1943 годзе Янка Маўр пераязджае ў Маскву, там ён захварэў на вадзянку, але, нягледзячы на гэта, заставаўся поўны аптымізму. Яму споўнілася 60 гадоў і 20 як пісьменніку. Каб адзначыць гэты падвойны юбілей, ён купіў новы партфель і прымацаваў да яго дароўную таблічку з надпісам: «Янку Маўру на памяць пра яго 20-гадовую бескарыслівую літаратурную дзейнасць, ад Івана Міхайлавіча Фёдарава. 1943 год». Пасля гэтага ён падарыў партфель сам сабе.

Янка Маўр 6

У 1946-1948 гадах Янка Маўр збіраў і рэдагаваў успаміны дзяцей пра вайну, у выніку на свет з'явілася кніга «Ніколі не забудзем», прадмову да якой напісаў Якуб Колас. У 1954 годзе Маўр напісаў фантастычную аповесць «Фантамабіль прафесара Цылякоўскага». У яго былі планы напісаць вялікую гістарычную кнігу аб барацьбе беларусаў супраць крыжакоў. Але, на жаль, гэта задума не была ажыццёўлена.

У старасці пачаліся праблемы са зрокам. З-за катаракты ён амаль аслеп, але гэта не перашкодзіла яму ў 72-гадовым узросце, знаходзячыся на адпачынку ў Кактэбелі, выратаваць дзяўчынку, якая танула ў моры.

Янка Маўр з сям'ёй

Памёр Янка Маўр 3 жніўня 1971 года, пражыўшы 88 гадоў. Яго кнігі былі перакладзены на дзясяткі моў, тыражы перавысілі 2 мільёны экзэмпляраў. Дзяржаўнай прэміі ён быў удастоены ўжо пасля смерці — у 1972 годзе. Яго сын — фізік, акадэмік Акадэміі навук БССР Фёдар Іванавіч Фёдараў перадаў прэмію ў Фонд Міру.

У гонар 140-годдзя з дня нараджэння заснавальніка беларускай дзіцячай літаратуры Янкі Маўра ў парку пісьменнікаў каля Нацыянальнай бібліятэкі ў Мінску было высаджана новае дрэва. Ініцыятарамі выступілі сябры Саюза пісьменнікаў Беларусі.

https://bel.24health.by/vyryvau-zuby-bez-anestezii-ne-lyubiu-pisac-aloukam-nechakanyya-fakty-pra-yakuba-kolasa/

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Нарадзілася ў гарадскім пасёлку Бешанковічы Віцебскай вобласці. Да 10 класса вучылася ў Бешанкоўскай сярэдняй школе №1, у 2008 годзе паступіла ў Лужаснянскую школу-інтэрнат-гімназію для здольных і таленавітых дзяцей Віцебскай вобласці на гуманітарны профіль. З 2010 па 2015 года з'яўлялася студэнткай Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітута. З'яўляючыся яшчэ студэнткай, пачала працаваць у Белтэлерадыёкампаніі на тэлеканале "Беларусь 3" рэдактарам аддзела падрыхтоўкі праграм да эфіру. Размеркаванне праходзіла ў холдынгу Выдавецкі дом "Звязда" ў газеце "Літаратура і мастацтва", дзе пасля засталася працаваць рэдактарам аддзела мастацтваў. Паралельна працавала на тэлеканалах "СТБ" і "РТР-Беларусь" рэдактарам інтэрнэт-дырэкцыі. З 2021 года з'яўляюся рэдактарам інтэрнэт-праекта «Рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік», дзе разам з штатнымі і пазаштатнымі аўтарамі мы імкнёмся паказаць унікальную культуру, традыцыі і побыт беларускага народа, не забываючы, вядома, пра здароўе.
Глядзіце таксама