01.08.2023
01.08.2023

Дыхаць лёгка. Як пазбегнуць раку лёгкага

logo
Здароўе дарослых
0 40
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Рак лёгкага займае першае месца ў структуры захворвання і смяротнасці ад злаякасных захворванняў сярод мужчын. У большасці выпадкаў хвароба працякае бессімптомна. Менавіта таму рак лёгкага важна дыягнаставаць на самых ранніх стадыях.

Спрагназаваць працяканне захворвання складана. Часам з моманту з'яўлення пухліны да першых відавочных прыкмет, якія, як правіла, сведчаць аб апошняй стадыі хваробы, можа прайсці некалькі гадоў.

Апошнім часам у Беларусі штогод рак лёгкага дыягнастуецца прыкладна ў 4,5 тыс. чалавек ва ўзросце ад 50 да 75 гадоў («пік» захворвання прыпадае на 55-65 гадоў), у тым ліку 500 хворых – жанчыны.

Аб прычынах і фактарах рызыкі развіцця захворвання, метадах дыягностыкі і лячэння інфармацыйнаму парталу Слушна распавёў вядучы навуковы супрацоўнік хірургічнага аддзела Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава, кандыдат медыцынскіх навук Аляксей Курчанкоў.

Чаму прыйшла хвароба? Прычыны і фактары рызыкі

Асноўнай прычынай развіцця раку лёгкага з'яўляецца курэнне. З гэтай звычкай звязана амаль 90% выпадкаў захворвання. Тытунёвы дым змяшчае прыкладна 4 тыс. хімічных злучэнняў. Некаторыя з іх і ўвогуле з'яўляюцца радыеактыўнымі. Усе хімічныя рэчывы, якія ўтрымліваюцца ў тытунёвых вырабах, з'яўляюцца канцэрагенамі, а значыць – наносяць непапраўную шкоду здароўю.

Канцэрагены – рэчывы, здольныя выклікаць злаякасныя новаўтварэнні.

 
Аляксей Курчанкоў
Вядучы навуковы супрацоўнік хірургічнага аддзела РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава, к.м.н.
З цягам часу ва ўсіх курцоў значна павышаюцца шанцы захварэць на рак лёгкага. Як правіла, каб хвароба развілася, дастаткова на працягу 20 гадоў выкурваць пачак цыгарэт у дзень. Але ёсць і прыклады, якія проста ўражваюць. У сусветнай практыцы быў выпадак, калі маладая жанчына паліла на працягу 5 гадоў – у дзень па два пачкі, і ў пацыенткі быў дыягнаставаны рак лёгкага.

Свой унёсак у развіццё захворвання робіць і так званае пасіўнае курэнне.

Колькасць дыму, які ўдыхае чалавек, знаходзячыся побач з курцом, эквівалентна 4 выпаленым цыгарэтам. Бо, акрамя іншага, часцінкі тытунёвага дыму, а значыць і хімічныя рэчывы, якія змяшчаюцца ў ім, асядаюць на вопратцы курца.

Курэнне

Дарэчы, папулярнае зараз курэнне электронных цыгарэт не менш небяспечна. Яны таксама здольныя выклікаць рак лёгкага. Сусветная арганізацыя аховы здароўя афіцыйна паставіла знак роўнасці паміж шкодай, якая прычынена арганізму пры курэнні звычайных і электронных цыгарэт.

Акрамя курэння, негатыўнымі фактарамі, якія спрыяюць з'яўленню паталогіі, з'яўляюцца:

  • дрэнная экалогія,
  • праца на шкоднай вытворчасці (напрыклад, на лакафарбавальнай ці звязанай з высокачастотным выпраменьваннем),
  • перанесеныя сухоты,
  • хранічная абструктыўная хвароба лёгкіх.
 
Аляксей Курчанкоў
Вядучы навуковы супрацоўнік хірургічнага аддзела РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава, к.м.н.
Існуе і спадчынная схільнасць. Зрэшты, варта памятаць і пра тое, што атрымліваецца ў спадчыну не сама хвароба, а толькі схільнасць да яе. Высокая рызыка ў тых, у каго сярод бліжэйшых сваякоў было не менш за тры выпадкі захворвання на рак лёгкага.

Удыханне пары хлору і едкіх шчолачаў таксама негатыўна ўплывае на арганізм. Але калі іх выкарыстоўваць, напрыклад, раз на тыдзень пры прыбіранні памяшкання, шкода для арганізма невялікая. Эксперт раіць пры гэтым выкарыстоўваць марлевую ці сінтэтычную маску альбо рэспіратар.

Як не прапусціць? Сімптомы раку лёгкага

Рак лёгкага нездарма называюць каварным захворваннем. У большасці выпадкаў ён доўга не дае пра сябе ведаць. Вельмі часта яго прыкметы лёгка зблытаць з сімптомамі іншых лёгачных або сардэчных паталогій. У любым выпадку, калі ў вас з'явіліся наступныя сімптомы, не варта адкладаць візіт да ўрача:

  • пастаянны кашаль, асабліва сухі і выматвальны;
  • прымесь крыві або гною ў макроце;
  • задышка;
  • цяжкасці з дыханнем;
  • боль у грудной клетцы;
  • зніжэнне вагі без бачных на гэта прычын;
  • невысокая тэмпература (37-37,5°С), якая трымаецца працяглы час, часам павышаецца ўвечары, а раніцай усё ў парадку;
  • павышаная стамляльнасць;
  • хрыплы або сіплы голас;
  • прыкметнае павелічэнне лімфатычных вузлоў у надключычнай вобласці;
  • цяжкаватае праходжанне ежы па страваводу.

Пацвердзіць або абвергнуць. Дыягностыка раку лёгкага

Як правіла, пры падазрэнні на рак лёгкага ўрачы прызначаюць стандартныя лабараторныя і рэнтгеналагічныя даследаванні:

  • агульны аналіз крыві,
  • рэнтгенаграфію органаў грудной клеткі ў 2-х праекцыях,
  • камп'ютарную тамаграфію органаў грудной клеткі,
  • бронхаскапію.

Рак лёгкага

Апошнім часам у свеце актыўна набірае абароты скрынінг раку лёгкага, што дазваляе выявіць захворванне на ранняй стадыі, а значыць, у разы павышаць верагоднасць выздараўлення.

 
Аляксей Курчанкоў
Вядучы навуковы супрацоўнік хірургічнага аддзела РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава, к.м.н.
Найбольш прасунуліся ў плане скрынінгу японцы. Яны штогод выдаткоўваюць 5 млрд. долараў на тое, каб выяўляць рак лёгкага ў ранняй стадыі. Усім асобам, якія дасягнулі 50 гадоў, у Японіі выконваюць нізкадозную камп'ютарную тамаграфію, а таксама праводзяць даследаванне макроты на наяўнасць ракавых клетак. У аддаленыя раёны краіны прыязджаюць перасоўныя камп'ютарныя тамографы. Такім чынам за 10 гадоў ім удалося знізіць смяротнасць ад раку лёгкага на 20%.

Сёння, падкрэсліў Аляксей Курчанкоў, з усіх пацыентаў, якім быў дыягнаставаны рак лёгкага, толькі ў 25-30% выпадкаў хвароба знаходзіцца на першай – другой стадыі.

Лячэнне раку лёгкага

Асноўны метад лячэння – хірургічны. Разам з тым, толькі ў 20% з усіх выяўленых выпадкаў магчыма выканаць аперацыю па выдаленні злаякаснай пухліны. Прыкладна 40% пацыентаў не могуць быць прааперыраваныя з-за таго, што ў іх запушчаны і ўжо не аперабельны рак альбо ёсць спадарожныя захворванні.

 
Аляксей Курчанкоў
Вядучы навуковы супрацоўнік хірургічнага аддзела РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава, к.м.н.
Мы даўно цесна супрацоўнічаем з РНПЦ «Кардыялогія», і нам удалося павялічыць магчымасці правядзення аперацый некаторым катэгорыям пацыентаў з ракам лёгкага. Аперацыі праходзяць сумесна з кардыяхірургамі, тым самым мы адначасова «прыбіраем» спадарожную сардэчна-сасудзістую паталогію і аперыруем рак.

Прафілактыка рака лёгкага

Калі кінуць курыць, рызыка развіцця раку лёгкага праз 15 гадоў вернецца да ўзроўню рызыкі чалавека, які не паліць.

У цэлым жа прафілактыка такога сур'ёзнага захворвання даволі простая: не курыць, прытрымлівацца асноў здаровага ладу жыцця. А яшчэ, раіць доктар, раз на год праходзіць абследаванне з дапамогай лічбавай рэнтгенаграфіі.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 40

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».
Глядзіце таксама