15 Кастрычніка
15.10.2019

Дзецям – не страшна, бацькам – не крыўдна, урачам – падмога. Як развіваць сямейны падыход у дзіцячых рэанімацыях

logo
Догляд цяжкахворых
260 0 123
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
У большасці нашых педыятрычных рэанімацый дзеці знаходзяцца адны. Бацькі могуць іх толькі наведваць. Але наведванні абмежаваныя па часе, не ўсім сямейнікам можна праведаць дзіця. Кругласутачна мамы і дзеці могуць знаходзіцца толькі ў лічаных бальніцах. Для бацькоў ізаляцыя – гэта вялікае напружанне, страх ад няведання і крыўда ад абясцэньвання іх ролі, для дзяцей – парушэнне базавых патрэбаў у бяспецы і любові да блізкіх.

Таму ў шматлікіх краінах свету пачалі развіваць сямейна-арыентаваны падыход – калі родныя робяцца паўнапраўнымі ўдзельнікамі лячэбнай брыгады і атрымліваюць шырокі доступ у аддзяленне рэанімацыі. Як развіваць такі падыход у Беларусі? Што перашкаджае гэтаму сёння? Абмяркоўваем тэму з медыкамі і пацыентамі.

Пацыентам часцей трэба казаць пра свой боль

Алена Грыгор’ева сама перажыла расстанне з нованароджаным малышом. Сёння яна з’яўляецца лідарам Беларускага партнёрства пацыенцкіх арганізацый і выступае за пашырэнне сямейна-арыентаванага падыходу ў медыка-сацыяльных сэрвісах.

 
Алена Грыгор'ева
Прадстаўнік Беларускага партнёрства пацыенцкіх арганізацый
Па прафесіі я псіхолаг, шмат працую з дзецьмі. З майго прафесійнага пункту гледжання, вельмі неабходна, каб уся сям'я была ўключаная ў працэс аднаўлення дзіцяці, у тым ліку і таты. Зараз у нашай краіне няма адзінага падыходу: у адной клініцы бацькоў пускаюць і нават чакаюць у рэанімацыях, у іншай – моцна абмяжоўваюць у наведваннях. Часта бацькі сутыкаюцца са стаўленнем, што «вы тут лішнія, мы – урачы, усё ведаем без вас». Бацькам гэта балюча чуць. Важна, каб ад самага з'яўлення чалавека на свет не перарывалася адказнасць сям'і за яго. У нас жа пакуль дзіця з'яўляецца пацыентам медустановы, адказнасць за якога нясуць чужыя людзі, часта вельмі добрыя і кампетэнтныя, але чужыя. Я была на стажыроўках у Літве, Германіі. Там урачы і медсёстры ўжо дакладна ведаюць: чым больш псіхалагічных сувязяў з сям'ёй, тым хутчэй аднаўляюцца дзеці. Таму ўладкавана ўсё інакш – ажно да таго, што брацік з сястрычкай наведваюць нованароджанага, ім дазваляецца прычасаць яго, надзець рукавічкі, проста пабыць побач. А майго старэйшага сына наогул не пусцілі, калі ён прыйшоў з татам, бо па правілах бальніцы дзецям да 14 гадоў гэта не дазволена. Ён сядзеў у машыне і плакаў, што не змог праведаць брата, які нарадзіўся.

У заходніх клініках ёсць дзе захоўваць сцэджанае малако мамам нованароджаных, дазволеныя адсмоктвальнікі малака ў рэанімацыйных аддзяленнях. У нас па законе выкарыстанне электраабсталявання забаронена, банк малака адсутнічае, прыводзіць прыклады прабелаў Алена Грыгор’ева.

 
Алена Грыгор'ева
Прадстаўнік Беларускага партнёрства пацыенцкіх арганізацый
Магчыма, павінна нарадзіцца пэўнае напружанне сярод пацыентаў, якое б справакавала змены. Але мы не хочам стасункаў на агрэсіўнай мове, мы хочам працаваць у партнёрстве з урачамі і кіраўнікамі сістэмы аховы здароўя. Я веру, што самы галоўны наш інструмент – пазіцыя «Я». Я, пацыент мама Лена, перажыла на сваім вопыце боль раздзялення з дзіцем падчас першых тыдняў яго жыцця, супраціўленне ўрачоў – інфармаваць мяне пра ход лячэння і прэпараты... Я ведаю, пра што кажу. І я не вучу ўрачоў, «як трэба», я кажу пра свой боль, бо не хачу, каб іншыя мамы і іх сем'і праз гэта прайшлі. А малышы, раздзеленыя з першых дзён жыцця, зрабіўшыся дарослымі, лячылі дзіцячыя траўмы ў псіхатэрапеўта. Большасць урачоў падзяляе важнасць такога падыходу, значна больш супраціўлення мы сустракаем на ўзроўні арганізатараў і адміністратараў паслуг аховы здароўя. Бо сям'я пацыента, з іх пазіцыі, – гэта дадатковыя складанасці: іх трэба дзесьці размясціць, яны «блытаюцца пад нагамі», патрабуюць дадатковых намаганняў ды іншае, кажа эксперт. Для таго, каб дасягнуць разумення, вельмі важная глыбокая прыхільнасць кіраўніцтва да прынцыпаў клопату пра пацыента. А гэта карпатлівая праца на ўсіх узроўнях, пачынаючы ад навучання студэнтаў і заканчваючы кіраўнікамі клінік, чыноўнікамі Міністэрства аховы здароўя.

Ці дапамогуць міністэрскія рэкамендацыі з падтрымкай сямейна-арыентаванага падыходу прасунуць яго ў стацыянары? На думку Алены Грыгор’евай, гэта мае сэнс, бо дасць больш свабоды і ўпэўненасці ўрачам на месцах.

 
Алена Грыгор'ева
Прадстаўнік Беларускага партнёрства пацыенцкіх арганізацый
Укараненне гэтых рэкамендацый на практыцы будзе патрабаваць дадатковых выдаткаў, і могуць узнікнуць складанасці з разраду «а навошта?». І менавіта тут важны ўдзел пацыенцкіх арганізацый – з іх жыццёвымі гісторыямі, жывымі тварамі, болем. Няма такога чалавека, да якога нельга дастукацца!

Галоўны бар’ер – у ментальнасці ўрачоў

Максім Ачарэтні доўгі час працаваў загадчыкам аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі гарадской дзіцячай інфекцыйнай клінічнай бальніцы Мінска. Гэта адна з нешматлікіх рэанімацый, дзе бацькі могуць кругласутачна знаходзіцца са сваімі дзецьмі ў асобных боксах.

 
Максім Ачарэтні
Галоўны ўрач 3-й гарадской клінічнай дзіцячай бальніцы г.Мінска
Плюсы сумеснага знаходжання відавочныя. Калі дзіця аказваецца ў рэанімацыі, дзе вакол незразумелая тэхніка, якая выдае часам трывожныя гукі, ходзяць незнаёмыя людзі ў белых халатах, вядома, яму страшна. Калі ж ён знаходзіцца з мамай або іншым блізкім, ён нашмат спакайнейшы, лепей адказвае на лячэнне, яму не патрабуюцца дадатковыя седатыўныя прэпараты. І мама спакойная: яна бачыць, якія догляд і лячэнне мае яе дзіця. Для нас плюс у тым, што родныя дапамагаюць у доглядзе, паміж урачамі і сям'ёй знікае недаказанасць і недавер. Мінусы таксама ёсць: дарослыя людзі не заўсёды правільна ацэньваюць дзеянні медыцынскага персаналу або паводзяць сябе па-спажывецку. Але такое здараецца рэдка. Са свайго досведу магу сказаць, што ў 99% выпадкаў бацькі хворых дзяцей заўсёды ідуць нам насустрач. 15 гадоў таму я быў на стажыроўцы ў амерыканскай клініцы. Дык там ужо тады бацькі бралі ўдзел ва ўрачэбных абыходах у рэанімацыях, урачы нічога ад іх не хавалі, адказвалі на пытанні. Лічу, што гэта правільна: хто, як не бацькі, павінны браць актыўны ўдзел у здароўі дзіцяці, адказваць за яго жыццё?

Цяпер Максім Ачарэтні – галоўны ўрач 3-й гарадской клінічнай дзіцячай бальніцы. Тут няма боксавай сістэмы, як на ранейшым месцы працы, але гэта не замінае ўкараняць сямейна-арыентаваны падыход.

 
Максім Ачарэтні
Галоўны ўрач 3-й гарадской клінічнай дзіцячай бальніцы г.Мінска
Мы не можам забяспечыць бацькам кругласутачнае знаходжанне ў рэанімацыі, паколькі тут агульныя палаты і няма месца для дадатковых бацькоўскіх ложкаў. Але мы не абмяжоўваем дзённыя наведванні: родныя могуць быць з дзіцем колькі заўгодна. Часцей за ўсё мама знаходзіцца побач на працягу дня. Калі дзіця засынае, яна сыходзіць, а раніцай зноў вяртаецца. І гэтага дастаткова, каб і дзеці, і родныя былі спакойныя. Санітарная служба нам не перашкаджае. Мы просім бацькоў быць у бахілах, халатах і мыць рукі. Гэта ўсе нашы ўмовы. Не хаваю, мяне бянтэжыць момант, калі дарослыя, якія наведваюць сваё дзіця, пачынаюць актыўна ўдзельнічаць у лёсе іншага дзіцяці, што ляжыць побач. Даходзіць часам да таго, што яго лёс абмяркоўваецца ў сацыяльных сетках, могуць выстаўляцца фотаздымкі. Але, лічу, што гэта хутчэй выключэнне, чым правіла.

Сур’ёзных знешніх перашкодаў для развіцця сямейна-арыентаванага падыходу ў нашых рэанімацыях няма, лічыць Максім Ачарэтні, галоўны бар’ер – у ментальнасці ўрачоў і медыцынскага персаналу, які звыкся працаваць, як ранней. Але гэта з часам пройдзе.

Прынцыпы сямейна-арыентаванага падыходу маюць на ўвазе, што бацькі могуць знаходзіцца побач, нават калі дзіцяці праводзяцца рэанімацыйныя мерапрыемствы. Максім Ачарэтні падтрымлівае гэты пункт.

 
Максім Ачарэтні
Галоўны ўрач 3-й гарадской клінічнай дзіцячай бальніцы г.Мінска
Думаю, большасць урачоў і медсясцёр не пагодзяцца са мной, але я супраць таго, каб выганяць бацькоў у такія моманты. Проста нам трэба ўмець ставіць сябе на іх месца.

Не кантралюйце ўрачоў, а дапамагайце

– Трэба разумець, што педыятрычныя рэанімацыі вельмі адрозніваюцца, і адпаведна, умовы ўсюды розныя, – кажа Аксана Свірская, загадчыца аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі (з палатамі для нованароджаных дзяцей) РНПЦ «Маці і дзіця».

Для прыкладу ўрач паказвае сваё аддзяленне, дзе ў адной невялікай палаце стаяць некалькі інкубатараў з малышамі, ля якіх знаходзяцца супрацоўнікі аддзялення. Там сапраўды нават адну кушэтку, крэслы паставіць няма дзе, каб яны не перашкодзілі вольнаму перамяшчэнню медыцынскага персаналу, які павінен знаходзіцца з такімі пацыентамі практычна пастаянна.

 
Аксана Свірская
Загадчыца аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі (з палатамі для нованароджаных дзяцей) РНПЦ «Маці і дзіця»
Таму ў аддзяленні і існуюць абмежаванні па часе наведвання для бацькоў: усе адначасова мы тут не змесцімся. Нават калі ў палаце знаходзяцца толькі бацькі, тут робіцца вельмі цесна і душна. Я лічу, што канкрэтны час наведвання, па-першае, дазваляе нам ажыццяўляць нармальны лячэбны працэс, па-другое, усіх дысцыплінуе.

Што тычыцца сітуацыі ў цэлым, дык па будаўнічых нормах у нашых педыятрычных рэанімацыях не прадугледжаныя памяшканні для наведвальнікаў: няма ні буфетаў, ні санвузлоў, ні пакояў адпачынку, а ў саміх палатах – месца для дадатковых ложкаў, удакладняе эксперт.

 
Аксана Свірская
Загадчыца аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі (з палатамі для нованароджаных дзяцей) РНПЦ «Маці і дзіця»
Мне падаецца неэтычным – даваць родзічам магчымасць знаходзіцца тут кругласутачна і пры гэтым не забяспечваць ім магчымасць адпачыць, паесці, скарыстацца прыбіральняй. У Швецыі, да прыкладу, клінікі першапачаткова будуюцца з магчымасцю сумеснага знаходжання бацькоў з дзецьмі. У нас гэта не закладзена ў БНіП. Таму аднаго валявога рашэння для развіцця сямейна-арыентаванага падыходу мала.
Як галоўны пазаштатны дзіцячы анестэзіёлаг-рэаніматолаг Міністэрства аховы здароўя, Аксана Свірская запэўнівае, што сямейныя наведванні вітаюцца, ніякіх забаронных або жорсткіх правілаў няма. Усё вырашаецца індывідуальна, у залежнасці ад умоў клінікі і стану пацыентаў. Напрыклад, у педыятрычных рэанімацыях прадугледжаныя ізалятары, куды ў выпадку неабходнасці ўрач можа змясціць дзіця разам з мамай для кругласутачнага догляду.

Абмежаваць наведванні сям’і могуць у перыяд павышанай захваральнасці, калі родныя самі хварэюць на інфекцыйныя захворванні, прыйшлі наведаць дзіця ў нецвярозым стане, а таксама калі з пацыентам праводзяцца розныя працэдуры. Калі ж бацькі сутыкаюцца з нематываванымі адмовамі, трэба звяртацца ў Міністэрства аховы здароўя, раіць эксперт.

 
Аксана Свірская
Загадчыца аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі (з палатамі для нованароджаных дзяцей) РНПЦ «Маці і дзіця»
Мы – за партнёрскія адносіны з сям'ёй, вітаем іх дапамогу ў доглядзе, якая патрабуе ад нас вялікіх намаганняў і часу. Але часцяком сутыкаемся з тым, што не ўсе бацькі імкнуцца дапамагаць. Некаторыя баяцца, але часцей гэта адбываецца з-за спажывецкага стаўлення – «нам усё абавязаныя, а мы прыйшлі паглядзець і пракантраляваць». Нас не трэба кантраляваць, мы ратуем жыцці. І калі вы хочаце прыходзіць, дык прыходзьце дапамагаць.

Павінна быць зручна ўсім

Дырэктар Беларускага дзіцячага хоспісу Ганна Гарчакова знаёмая з праектамі па адкрытых рэанімацыях вельмі добра, паколькі ў многіх краінах гэтыя прынцыпы і падыходы былі распрацаваныя і пралабіраваныя паліятыўнымі службамі.

 
Ганна Гарчакова
Дырэктар Беларускага дзіцячага хоспісу
Я цалкам за адкрытыя рэанімацыі: дзіцяці спакайней, а значыць, і тэрапеўтычны эфект лепшы. Члены сям'і дапамагаюць у доглядзе, сітуацыя бачыцца з двух бакоў – вачыма ўрача і аднаго з бацькоў, а двайное бачанне заўсёды лепей. Калі разважаць як чыноўнік, дык яшчэ адзін істотны плюс – меней скаргаў на ўрачоў, паколькі родныя ўсё бачаць, а не пакутуюць ад няведання за зачыненымі дзвярыма.
Але ў развіцці такога падыходу важна не нарабіць памылак замежных клінік, якія даўно яго практыкуюць, удакладняе эксперт.

 
Ганна Гарчакова
Дырэктар Беларускага дзіцячага хоспісу
Наша маленькая пацыентка зараз знаходзіцца ў клініцы Італіі, дзе даўно дзейнічае адкрытая рэанімацыя з неабмежаваным наведваннем. Там суседку па палаце прыйшлі наведаць адначасова 8 родзічаў! Гэта нязручна і іншым пацыентам, і медперсаналу. Таму такія моманты трэба дакладна агаворваць ва ўнутраных правілах бальніц: родныя павінны змяняць адзін аднаго, а не прыходзіць натоўпам, павінны праяўляць павагу да іншых пацыентаў і ўрачоў, выконваць правілы гігіены. Вось базавыя ўмовы.
Кожная бальніца павінна распрацаваць уласныя правілы наведванняў з улікам сваіх магчымасцяў, але падыход павінен быць адзіным, падкрэслівае Ганна Гарчакова. На яе думку, у гэтым мог б дапамагчы рэкамендацыйны ліст Міністэрства аховы здароўя з абгрунтаваннямі плюсаў сямейна-арыентаванага падыходу і неабходнасці яго падтрымкі. Яшчэ адзін шлях прасоўвання ідэі – абмеркаванне гэтай тэмы з экспертамі і ўрачамі на кафедрах БелМАПА.

Як бачна з каментароў, пры змене мадэлі працы педыятрычнай рэанімацыі павінны ўлічвацца патрэбы ўсіх удзельнікаў працэсу: урачоў, медсясцёр, пацыентаў і іх сем’яў. Гэта станецца магчымым, толькі калі праца над правіламі і пошукам новых магчымасцяў будзе сумеснай.

Расійскія даследаванні

У 2016 годзе Аб’яднанне дзіцячых анестэзіёлагаў і рэаніматолагаў Расіі сумесна з дабрачынным фондам «Дзіцячы паліятыў» даследавала вопыт замежных і айчынных клінік, шматлікую навуковую літаратуру і прыйшло да высновы пра неабходнасць шырокага ўкаранення сямейна-арыентаванага падыходу. Былі распрацаваныя клінічныя рэкамендацыі па арганізацыі сумеснага знаходжання дзіцяці з бацькамі ў аддзяленні рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі

Вось асноўныя высновы гэтага даследавання.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

260 0 123

Журналіст і медыятар. У журналістыцы каля 20 гадоў. Асноўная цікавасць – сацыяльныя праблемы. Скончыла журфак БДУ. Да партала «Здаровыя людзі» і газеты «Медыцынскі веснік» працавала ў рэдакцыі «Аргументы і факты» ў Беларусі, штотыднёвіках «СССР: постфактум», «Маскоўскі камсамолец ў Беларусі», нацыянальнай грамадска-асветніцкай газеце «Культура», інтэрнэт-выданні Оpen.by. Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў. Матэрыялы Ганны выдзяляюцца выразнай структурай, глыбінёй раскрыцця тэмы і сваёй аналітычнасцю. Хобі: літаратура, напісанне дзіцячых кніг. Аўтар праектаў: ТэДДзі (Трыбуна для дзяцей) – нацыянальная пляцоўка для выказвання меркаванняў і пазіцый дзяцей па хвалюючых праблемах (сумесны праект штотыднёвіка «Аргументы і факты» ў Беларусі, РГА «Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА», Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН у Рэспубліцы Беларусь (ЮНІСЕФ) . «Урачы – таксама людзі» (24health.by), «Хатні догляд цяжкахворых» (сумесна з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа) (24health.by), «Урачэбныя анлайн-канферэнцыі» (24health.by сумесна з tut.by).
Глядзіце таксама