08.05.2019
08.05.2019

Дзень памяці, дзень слёз, дзень успамінаў...

logo
Думкі ўслых
144 053
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
У далёкім савецкім дзяцінстве Дзень Перамогі асабіста для мяне быў урачыстасцю. Сапраўдным святам. Бестурботным, цікавым, светлым. Не абцяжараным ніякімі разважаннямі, хто вінаваты ў той вайне, хто правы і чаму такія ахвяры. Тагачасных школьнікаў вучылі радавацца блакітнаму небу, сонцу, якое для нас заваявалі цаною сваіх жыццяў продкі… І мы радаваліся…

Пасталеўшы, я больш глыбока пачала цікавіцца гісторыяй, якую многія падаюць так неадназначна… І свята ўжо змяніла сваё адценне, сваю танальнасць для мяне. Яшчэ не мінорнае, але ўжо і не мажорнае…

А літаральна гадоў 9-10 таму яно набыло настолькі асабістае гучанне! І зараз для мяне яно сапраўды са слязьмі на вачах. Штогод. Плачу па ўсіх загінулых і па майму дзеду Івану, якога я ніколі не бачыла… Толькі на адным маленечкім фотаздымку, які цудам захаваўся ў сям’і.

А ён ніколі не бачыў сваю дачушку Ніначку, маю маму, якая нарадзілася пасля яго адыходу на фронт. І яна ніколі не бачыла свайго тату…

Здаецца, столькі дзесяцігоддзяў прайшло з таго часу, як наш дарагі чалавек пайшоў у нябыт. Але з кожным годам я прыгадваю яго ўсё часцей і часцей. Мабыць, з узростам голас крыві, сувязь з продкамі сапраўды ўзмацняюцца. Асабліва ў гэтыя майскія дні.

У аўторак была Радаўніца. Пад праліўным дажджом мы наведалі пахаванне бабулі і яе старэйшага сына Васіля. Паставілі ля іх помнікаў жывыя цюльпаны. Сапраўды, не захацелася сёлета штучных кветак. Можа, таму, што так шмат пра гэта апошнім часам пішуць. А можа, проста надакучыла бачыць іх вакол ужо колькі тыдняў запар. У Мінску іх прадаюць, здаецца, усюды! І штодня па дарозе на працу і дахаты ты бачыш гэтыя кветкі. Нежывыя…

Мы ішлі да могілак, а ў мяне перад вачыма ўвесь час стаяць іншыя. Вось ужо 8 з паловай гадоў. Вайсковыя могілкі ў літоўскай Седзе, дзе ў адной з брацкіх магіл знайшоў супакаенне і мой дзед Іван – 29.10.1944 года.

Як доўга і беспаспяхова 10 гадоў таму я шукала яго магілу з дапамогай сеціва і неабыякавых людзей усіх нацыянальнасцяў! Бо пахаванка, як і ліст дзеда са шпіталя, была страчана… І праз амаль год напружаных пошукаў я практычна змірылася з думкай, што дзед Іван дзесьці, безыменны, ніколі не дачакаецца родзічаў. Але цуды сапраўды здараюцца. І ўвосень 2010-га я прыехала ў Седу…

Якое шчасце, што магілы захаваліся! Што там замянілі надмагільныя пліты. Што могілкі не руйнуюць, а даглядаюць, прыбіраюць, высаджваюць кветкі.

Я не магу нават апісаць словамі, што адчула, калі ўкленчыла ля месца апошняга супакаення дарагога чалавека. Паспела толькі сказаць: «Прывітанне, дзед! Ну вось мы і сустрэліся…» І зайшлася ў плачы…

Літоўцы Альгірдас і Рымантас Калакаўскасы, якія дапамагалі мне ў гэтай вандроўцы памяці, далікатна адышліся і не заміналі гараваць. І я вельмі ім удзячна за ўсё! Гэтак жа, як і мужу іх сястры Аляксандру Навічэнку, які, уласна кажучы, і быў тым даследчыкам, хто першым адгукнуўся ў сеціве на адным з форумаў і дапамагаў мне ў пошуках увесь час. Як завочна, так і з выездам на месцы, з роспытам старажылаў…

Як і жыхару Вільнюса Уладзілену Мардвінаву, з якім проста цудам перасякліся на тым форуме. І ён сказаў, дзе знаходзіцца магіла майго дзеда Івана. Бо некалькі гадоў таму… сваімі рукамі набіваў яго прозвішча на надмагіллі!!! Ну, хіба гэта не цуд?! Удзячна я і іншым удзельнікам форуму пошукавых рухаў, якія таксама дапамагалі мне па меры сіл… Якую справу робяць усе гэтыя людзі, вяртаючы імёны з небыцця і даючы магчымасць блізкім даведацца пра месцы пахаванняў іх родзічаў! Паклон ім нізкі!!!

У тую вандроўку я брала крыху зямлі з магілы бабулі. Пасыпала яе на магіле дзеда Івана. А адтуль узяла крыху зямлі для магіл яго жонкі і старэйшага сына… Няхай хаця б у нябыце яны паяднаюцца…

Вядома, у многіх, вельмі многіх сваё ўспрыманне Дня Перамогі. Але якім бы чынам мы да яго ні ставіліся, яднаюць нас усіх памяць, удзячнасць, успаміны. Таму – са святам! З Днём Перамогі!

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

144 0 53

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя.Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень.У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка».У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых».З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.).Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.