1 Кастрычніка
01.10.2019

Дзень пажылых людзей. Сацыяльная падтрымка і медыцынская дапамога

logo
Навiны
124 0 20
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Штогод у першы дзень кастрычніка ў нашай краіне, як і ў многіх іншых, адзначаецца Дзень пажылых людзей. Гэтая дата абраная не выпадкова. У 1990 годзе Генеральная Асамблея ААН прыняла рэзалюцыю і абвясціла 1 кастрычніка Міжнародным днём пажылых людзей.

Беларускае грамадства старэе, адзначыў, выступаючы ў Нацыянальным прэс-цэнтры, намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак. Паводле яго слоў, згодна з міжнароднай класіфікацыяй, грамадства лічыцца старым у выпадку, калі доля пажылых людзей ва ўзросце 65 гадоў і старэйшых складае 7%. У нашай краіне гэты паказчык знаходзіцца на ўзроўні 15,2%. Гэта значыць, што ў Беларусі жыве 1 мільён 440 тысяч чалавек, якія перасягнулі 65-гадовы рубеж. Ёсць і доўгажыхары: 396 чалавек, па дадзеных на 1 ліпеня, адзначылі 100 і больш гадоў.

Шмат у чым прычына таго, што павялічваецца колькасць пажылых людзей, у тым, што расце працягласць жыцця, лічыць намеснік міністра.

Сацыяльная падтрымка

У чым выяўляецца дзяржаўная сацыяльная палітыка ў адносінах да пажылых людзей? Перш за ўсё – гэта падтрыманне іх матэрыяльнага дабрабыту, у прыватнасці, пенсійнае забеспячэнне, распавёў Аляксандр Румак. Акрамя гэтага, у 2019 годзе больш за 6 тысяч пажылых людзей былі ўдзельнікамі сістэмы дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі.

 
Аляксандр Румак
Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны
Сёлета мы змянілі падыходы да выяўлення людзей, якім неабходныя сацыяльнае абслугоўванне і падтрымка. Гэта зроблена для таго, каб максімальна ахапіць тых, каму неабходная дапамога. Штогод праводзяцца агляды бытавых умоў пажылых, перш за ўсё тых, хто жыве адзін. Даследуюцца матэрыяльна-бытавыя ўмовы, правяраецца функцыянаванне сістэм жыццезабеспячэння: стан электраправодкі, газазабеспячэння, пячнога ацяплення.

Галоўным накірункам у сацыяльным абслугоўванні з’яўляюцца формы дапамогі, якія быццам замяшчаюць стацыянар. Гэта робіцца для таго, каб пажылы чалавек максімальна доўга мог знаходзіцца ў хатніх умовах. Так, напрыклад, больш за 90 пажылых людзей жывуць у замяшчальных сем’ях. Гэтая паслуга запатрабаваная і, на думку Аляксандра Румака, з’яўляецца перспектыўным напрамкам. Яе сутнасць у тым, што для адзінокага пажылога чалавека знаходзяць сям’ю, якая згодная жыць разам з ім. Акрамя гэтага, тым, каму патрабуецца павышаная ўвага, прадастаўляюцца паслугі сядзелак.

 
Аляксандр Румак
Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны
Зараз мы можам прапанаваць па жаданні пажылога чалавека і яго сям'і любыя формы сацыяльнага абслугоўвання, і праца па іх удасканаленні будзе працягвацца.

Нацыянальная стратэгія

У 2019 годзе вялася праца над праектам нацыянальнай стратэгіі, якая б улічвала такія дэмаграфічныя працэсы, як старэнне насельніцтва. Гэты дакумент будзе вызначаць асноўныя напрамкі для падтрымання актыўнага даўгалецця сярод пажылых людзей.

 
Аляксандр Румак
Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны
Пажылы чалавек не заўсёды па дасягненні пенсійнага ўзросту сыходзіць на заслужаны адпачынак. Зусім не. Многія людзі працягваюць працаваць. Менавіта таму стратэгія змяшчае нормы, якія тычацца адукацыі для пажылых людзей, стварэння магчымасці працягваць прафесійную дзейнасць, а таксама пытанні захавання здароўя, абароны годнасці пажылога чалавека, для таго каб яны не падвяргаліся дыскрымінацыі з улікам іх узросту.

Гэты дакумент пасля ўсіх дапрацовак і рэкамендацый, у тым ліку і ад міжнародных арганізацый, у снежні будзе прадстаўлены на зацвярджэнне ва ўрад. Плануецца, што пасля зацвярджэння стратэгіі яе палажэнні знойдуць сваё адлюстраванне ў адпаведных дзяржаўных праграмах, рэзюмаваў Аляксандр Румак.

Медыцынскае забеспячэнне. Герыятрычная служба

Здароўе пажылых людзей, як распавяла кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця), галоўны пазаштатны спецыяліст па геранталогіі Міністэрства аховы здароўя Людміла Жылевіч, патрабуе асаблівага комплекснага падыходу, які ўключае ў сябе не толькі лячэнне, але і (часам) рашэнне пэўных сацыяльных пытанняў.

Актыўнае даўгалецце – гэта не толькі добрая спадчыннасць, але і тое, што чалавек укладвае ў сваё здароўе на працягу ўсяго жыцця. Менавіта таму ў нацыянальнай стратэгіі будуць таксама асветленыя пытанні, якія тычацца здаровых звычак беларусаў, каб даўгалецце было як мага больш якасным, падкрэсліла Людміла Жылевіч, дадаўшы, што якасць жыцця ў любым узросце шмат у чым залежыць ад стану здароўя.

 
Людміла Жылевіч
Кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця), галоўны пазаштатны спецыяліст па геранталогіі Міністэрства аховы здароўя
Ад чаго залежыць даўгалецце? Акрамя генетыкі, на якую мы ўсе спадзяемся, вельмі шмат залежыць ад псіхалагічнай устаноўкі чалавека. Калі ён у пэўны момант вырашае, што ўсё, прыйшла старасць, запускаюцца многія паталагічныя працэсы. Але ёсць яшчэ шмат фактараў, якія набліжаюць старасць, і ў іх ліку – нежаданне рэагаваць на свой лад жыцця, гіпадынамія. Над здароўем трэба працаваць. Цудадзейнай таблеткі ад старасці няма. Ёсць бясконцая праца і павага да свайго здароўя.

Акрамя Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця), які дзейнічае на базе Рэспубліканскага шпіталя інвалідаў ВАВ, у нашай краіне працуе 7 рэгіянальных герыятрычных цэнтраў, 105 герыятрычных кабінетаў.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

124 0 20

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».