09.05.2021
09.05.2021

Я буду памятаць…

logo
Думкі ўслых
0 67
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У які складаны час мы жывем… Наколькі няпроста зараз не тое што абараняць – проста выказваць сваю пазіцыю. У тым ліку ў сацыяльных сетках. Асабліва – пра адносіны да такога свята, як Дзень Перамогі. А я ўсё ж паспрабую!

Дзень Перамогі. Я буду памятаць.

Я буду памятаць пра дзень 9 Мая заўсёды, бо выхоўвалася ў савецкі час у савецкай школе. І можна колькі заўгодна зараз крытыкаваць, асуджаць тую сістэму адукацыі, але… Падкрэсліваю яшчэ раз: благому нас не вучылі. А сярод іншага вучылі вялікай павазе да старэйшага пакалення, да ветэранаў. І слова «ветэран» у сярэдняй школе ў 1980-х успрымалася няйнакш як «касманаўт».

У тым сэнсе, што яны задаваліся тады нам, школьнікам, дужа недасяжнымі, як небажыхары. Іх выступленні слухаліся на адным дыханні. Падараваць ветэранам кветкі на 9 Мая – гэта было абавязковым і правільным. Наведаць дома, у чымсьці дапамагчы? Не адмаўляўся звычайна ніхто…

Я буду памятаць пра гэты ўрачыста-журботны дзень, напоўнены слязьмі і смуткам, і назваць яго так, як прывыкла з дзяцінства, – Дзень Перамогі. І маіх уражанняў не змяніць, не перайначыць і не перапісаць. А вы змяніце назву Рыма!? Змяніце штосьці ў старажытнай гісторыі…

Дзень Пермогі. Назва, звыклая з дзяцінства.

Змяніць – нельга, нават калі перапісаць наноў і прымусіць усіх вывучыць. Тое, што аднойчы трапіла ў сэрца, там і застанецца. Нязменным. Сапраўдным. Так яно было, не так… Няма ў нас машыны часу, разумееце, каб накіравацца ў вогненныя саракавыя і на свае вочы пабачыць, ЯК было. Так што слова – супраць слова, успаміны – супраць успамінаў.

І нават дакументы – супраць дакументаў! Бо асабіста я як журналіст, даследуючы ў свой час тэму вайны на прыкладзе Чэрвеньскага раёна, неаднойчы ўпэўнівалася: у дакументах не ўсё праўда. Бо іх пісалі жывыя людзі. Дзесьці – з мэтай прыўкрасіць, дзесьці – абяліць саміх сябе.

Хаця дакументы павінны быць бясстраснымі, праўда? Але гэта таксама з вобласці фантастыкі… А колькі памылак (часам – фатальных) рабілася з-за таго, у якой абстаноўцы складаліся тыя ж данясенні! А калі чалавек не спаў некалькі сутак і знаходзіўся ў поўным знясіленні? Што і як ён мог занатаваць на паперы??? Абсалютнай жа праўды нам ужо не даведацца ніколі.

Дзень Перамогі. Дакументы з часоў вайны.

Я буду памятаць гэты дзень таму, бо не забудуся ўласных пошукаў магілы дзеда Івана, якога ніколі не бачыла. А ён ніколі не бачыў сваю дачку, маю маму. Яна нарадзілася пасля таго, як ён пайшоў на фронт. А мог бы не ісці: у яго было хворае сэрца. Але сапраўдныя мужчыны даўней на гэта не зважалі… Абараняць Радзіму – для іх былі не пустыя словы.

З адзінага ліста, які  захоўваўся ў сям’і, а пасля згубіўся, мама памятала, што яе тата дайшоў і да тэрыторыі Беларусі. І хто б мог ведаць, што праз колькі гадоў гэтая краіна стане другой радзімай для маёй мамачкі, ураджэнкі Смаленшчыны…

Я да заканчэння жыцця буду памятаць сваё наведванне вайсковых могілак літоўскай Седы ў 2010-м і таго моманту, калі ўбачыла на помніку прозвішча, ініцыялы і вайсковае званне (ведаю з АБД Мемарыял) майго дзеда Івана. Мы сустрэліся там віртуальна, я ведаю! Я гэта адчувала! І ён быў вельмі ўсцешаны, што нарэшце праз 65 гадоў хтосьці з сям’і адшукаў месца яго апошняга супакаення…

Дзень Пермаогі. Месца апошняга супакаення Кавалёва І.Ц. на вайсковых могілках у літоўскай Седзе.

Цікава, ці сустрэлася мая мамачка, якой не стала год таму, ТАМ са сваім татам? Вельмі спадзяюся. І веру. І што яго ўдава, мая бабуля Ксенія, якая на ўсё жыццё засталася вернай свайму мужу, хаця да яе сваталіся неаднойчы, сустрэлася з ім таксама. Як і два яго сыны, мае дзядзькі, – Васіль і Аляксей… І я сёння буду прыгадваць усю сям’ю Кавалёвых! Сумаваць і плакаць…

Я буду памятаць 9 Мая пра ветэранаў, бо сустракалася з многімі падчас сваёй журналісцкай працы. Не скажу, што памятаю ўсіх, але сапраўды – многіх. Асабліва са свайго, Чэрвеньскага раёна. Але і з Уздзенскага ды Старадарожскага некаторыя да гэтага часу ў памяці. Хаця іх ужо няма…

А ведаеце, як гэта балюча – даведвацца, што герой тваёй публікацыі сышоў у іншы свет? Вось, здаецца, нядаўна толькі размаўлялі, выбіралі фон для фотаздымкаў…

Здаецца, толькі-толькі чалавек радаваўся такой увазе да яго, з гонарам паказваў ранейшыя публікацыі альбо казаў пра тое, што памятае нашу папярэднюю сустрэчу… І толькі нядаўна ўдзячны ветэран прыходзіў да мяне ў кабінет чэрвеньскай рэдакцыі раённай газеты з букетам бэзу… А ўжо столькі гадоў прамінула.

Дзень Перамогі. Бэз у падарунак ад ветэрана.

Можна па-рознаму ставіцца да тых тэматычных падарункаў і паштовак у сацсетках, іх афармлення, колькасці і мэтазгоднасці ўвогуле. Але ўсе мы розныя. Адным хочацца парадаваць іншых такімі знакамі ўвагі (а менавіта для гэтага, выключаючы камерцыйны складнік, і існуюць яны ў сацсетках) і атрымаць іх наўзамен. Іншыя не бачаць у іх нічога карыснага і душэўнага… Кожны мае права рабіць так, як падказвае яму сэрца. Не навязваючы сваё рашэнне іншым. І не крыўдзячы адмовамі.

А я… Я БУДУ ПАМЯТАЦЬ! Таму ўсіх, хто лічыць гэты дзень за свята, віншую! І давайце сёння прыгадваць не толькі сваіх дарагіх родных, якія загінулі, памерлі ад ран, пайшлі з жыцця ў шаноўным узросце, але і тых, безыменных. На іх месцы маглі быць нашыя родныя – невядомымі САЛДАТАМІ…

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 67

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".