16.11.2017
16.11.2017

Дзевачкі, або Нататкі з псіхушкі. Дзень чацвёрты

logo
Здароўе дарослых
0 569
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Я ў псіхушцы, закрытым жаночым аддзяленні псіхіятрычнай клінікі. 

Дзень чацвёрты

На гадзінніку 7.30. Крык медсястры на ўвесь калідор “Весялууууха!”. Куды бегчы? Што адбываецца? Трэба проста памераць ціск. Звычайная працэдура для ўсіх навічкоў: цягам трох дзён. 110/80.

Каля паста Магдалена патрабуе таблеткі ад паносу. Маўляў, напілася ўчора пратэрмінаванай Фанты. Ад яе моцна пахне тым самым паносам…

- Магдалена! Якая Фанта? Ты ж жарэш усё запар, канечне, будзе панос! – сварыцца медсястра.

- Не, гэта Фанта! Відаць, нехта мне яе пашкадаваў.

Баюся ісці ў прыбіральню, мала ці што там нарабіла Магдалена. Але, на шчасце, абышлося.

***

Мне сёння зноў снілася нешта прыемнае – з таго, далёкага сапраўднага жыцця. Майго. І я зноў прачнулася і з жахам усвядоміла, што я ў псіхушцы і нават не ведаю, калі мяне могуць выпісаць. Не, лепш больш сюды не трапляць.

Суседка па палаце Лена ідэальна заслала ложак і ўжо другі раз за раніцу пайшла мыцца.

***

Яшчэ і 9 раніцы няма, а да нас ужо двойчы заходзіла Магдалена – прасіла ў Каці банан, а ў мяне –кавалак агурка – “На твар!”.  Шызафрэнічка Маша, (зараз ёй 37, а захварэла яна ў 24, калі вучылася на чацвёртым курсе сельгасакадэміі ў Горках – проста аднойчы пачала чуць галасы) просіць у Лены піражкі і мінералку, а Светка – крэм: “Трэба рукі памасажыраваць”.

***

Фізічна я сябе адчуваю ўжо досыць добра. А маральна – ніколі не была настолькі слабой і бездапаможнай.

Лена шле некаму праклёны і б’е некага нябачнага нагамі. Шэпча: “Гэтая дзяўчына хоча скрасці мой сшытак… Падохні ад раку… Не смей са мной размаўляць больш! Я не Ісус, не. Я не буду разважаць, як нехта абражаны. Мне кепска без цябе… Усе захацелі мучыцца, як Соф’я. Мучцеся, як я…”

***

Сёння раніцай пабіліся дзве бабкі, надавалі адна адной аплявух за тое, што нехта не там стаў і не так прайшоў па калідоры. А да Магдалены нарэшце прыйшла пляменніца. Яна шчасліва ўсміхаецца і раздае ўсім пячэнне.

- Прынесла курыны рулет, а яго скралі!

- Ужо?

- Ага, сцягнулі з тумбачкі. Я бачыла, да цябе нехта прыходзіў. Ты мяне чым-небудзь пачастуеш?

Расказала гісторыю пра свайго мужыка, якому яна ў гарэлку падсыпала нейкую атруту. Дык у яго зубы павыпадалі, а на грудзях вырасла поўсць – “хоць расчоскай расчэсвай, а валасы жорсткія і тоўстыя – як на лабку!”.

***

Яшчэ вельмі раздражняе тое, што хворыя ў любы момант могуць зайсці да цябе ў палату, паглядзець па баках, пастаяць, хістаючыся, і выйсці. Магчыма, паспрабуюць залезці ў тумбачку ў пошуках нечага цікавага ці смачнага.

***

- Оля, кідай цыгарэту! – медсястра заўважыла хворую, якая паліць у прыбіральні. – Курылка ёсць.

- Не пайду туды, там Мураўёва б’ецца!

***

Цыгарэты тут – таксама дэфіцыт. Іх выпрошваюць, выменьваюць, крадуць.

- А ты паліш, Яна?

- Так, але ў мяне мала цыгарэт.

- Давай памяняемся на яблычак.

- Ты мне цыгарэту, а я табе яблык?

- Наадварот.

Працяг будзе.

Раней: Дзень першы. Дзень другі. Дзень трэці.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 569

Літаратурны крытык
Глядзіце таксама