24.04.2020
24.04.2020

Дзіцячы дыябет пры COVID-19. Як кантраляваць?

logo
Кантралюй здароўе
288 019
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Дзеці ўспрымальныя да COVID-19 гэтак жа, як і дарослыя. Аднак цячэнне захворвання ў іх мае шэраг асаблівасцяў. Часта яно бессімптомнае ці больш лёгкае, без выяўленых праяў і развіцця віруснай пнеўманіі. Інкубацыйны перыяд вагаецца ад 2 да 10 дзён (звычайна 2 дні). У клінічнай карціне пераважае ліхаманка (тэмпература часцей да 38,0°С) і рэспіраторны сіндром (сухі кашаль, задышка), меней выяўленыя запаленчыя маркеры крыві і лімфапенія. У групе дзяцей ад 0 да 3 гадоў захворванне працякае цяжэй, часта адзначаюцца ваніты і дыярэя (панос). Захворванне рэгіструецца таксама ў нованароджаных, але ўнутрычэраўная перадача інфекцыі не даказаная.
Каранавірус. Дзіцячы дыябет. Якая рызыка?

Неабходна памятаць, што пры ўзнікненні ў дзіцяці сімптомаў віруснай інфекцыі бацькі павінны абавязкова выклікаць урача дахаты.

Фактары рызыкі цяжкага цячэння захворвання ў дзяцей:

  • неспрыяльны прэмарбідны фон (захворванні лёгкіх, прыроджаныя парокі сэрца, бронхалёгачная дысплазія, хвароба Кавасакі);
  • імунадэфіцытныя станы любой прыроды;
  • спалучэнне з рэспіраторна-сінціцыяльнай інфекцыяй.

Рызыка заражэння новай каранавіруснай інфекцыяй і яе цячэнне ў дзіцяці з цукровым дыябетам 1-га тыпу такія ж, як у астатніх дзяцей. Асноўнае заражэнне дзяцей адбываецца ў сямейных ачагах або арганізаваных дзіцячых установах.

Як прадухіліць інфекцыю:

  • асабістая гігіена: частае мыццё рук з мылам і вадой не менш за 20 секунд або выкарыстанне спіртавых сурвэтак;
  • захаванне сацыяльнай дыстанцыі ў 1,5 метра;
  • абавязкова выкарыстоўваць сурвэтку пры кашлі і чханні;
  • пазбягаць кантакту з хворымі людзьмі і не чапаць іх рэчы;
  • не дакранацца рукамі да свайго твару (рота, носа, вачэй);
  • частая дэзінфекцыя паверхняў, у т.л. старанная апрацоўка сродкаў самакантролю і ўвядзення інсуліну (глюкометр, ланцэт, тэст-палоскі, шпрыц-ручкі, шпрыцы інсулінавыя) антысептыкамі.

Ці варта дзіцяці з цукровым дыябетам наведваць школу?

Каранавірус. Дзіцячы дыябет. Наведванне школы.

Пытанне неадназначнае, і вырашацца яно павінна канкрэтна для кожнага пацыента. З аднаго боку, неабходна прытрымлівацца агульных рэкамендацый для дзяцей. З іншага – неабходны індывідуальны падыход з улікам ступені кампенсацыі асноўнага захворвання ў дзіцяці. І, пры неабходнасці, лепей арганізаваць дыстанцыйнае навучанне.

Зараз дадзеных пра ўплыў COVID-19 на цячэнне дзіцячага цукровага дыябету недастаткова. З улікам вялікай долі бессімптомнага або лёгкага цячэння захворвання дзеці разглядаюцца як магчымыя крыніцы інфекцыі. З іншага боку, цукровы дыябет 1-га тыпу вызначаны як фактар рызыкі больш цяжкага цячэння захворвання і неабходнасці інтэнсіўнай тэрапіі. Тканка падстраўнікавай залозы ў дзіцяці з’яўляецца патэнцыяльнай мішэнню віруснай інфекцыі, якая прыводзіць да парушэнняў метабалізму глюкозы.

Дадзеныя шэрагу эксперыментальных работ паказалі, што павышаны ўзровень глюкозы крыві можа ўзмацняць рэплікацыю віруса ў арганізме і з’яўляцца фактарам падаўлення супрацьвіруснага імуннага адказу. Працяглая гіперглікемія ўплывае на функцыю лёгкіх з развіццём рэспіраторнай дысфункцыі і можа выклікаць вострыя ўскладненні дыябету (дыябетычны кетаацыдоз, гіперасмалярная кома).

Як кантраляваць у дзіцяці цукровы дыябет пры COVID-19

1.Пры наяўнасці прыкметаў прастуды абавязкова выклікаць урача дахаты.

2.Неабходнае захаванне пасцельнага рэжыму. Спажыванне дастатковай колькасці вадкасці.

Каранавірус. Дзіцячы дыябет. Спажыванне вады.

3.Для зніжэння тэмпературы можна выкарыстоўваць парацэтамол (прэпарат выбару) у дозе 10-15 мг/кг (не больш за 60 мг/суткі).

4.Самакантроль глюкозы крыві на фоне прыёму парацэтамолу варта праводзіць з выкарыстаннем капілярных метадаў (глюкометры) з-за магчымых хібнасцяў пры ўжыванні сістэмаў працяглага маніторынгу глікеміі.

5.Павялічыць частату вызначэння глюкозы ў крыві і кетонаў (крыві або мачы). Варта кантраляваць глюкозу крыві кожныя 3-4 гадзіны, уключаючы начны час, часам кожныя 1-2 гадзіны.

6.Мэтавыя ўзроўні глюкозы крыві рэкамендуюцца ў дыяпазоне ад 4 да 10 ммоль/л, а кетонаў у крыві – ніжэй за 0,6 ммоль/л.

7.Ніколі не спыняць увядзенне інсуліну! Рэгуляванне дозы інсуліну (дадатковыя дозы падчас хваробы) і іншыя змены ў прыёме інсуліну павінны праводзіцца ў залежнасці ад вынікаў кантролю ўзроўняў глюкозы крыві.

Каранавірус. Дзіцячы дыябет. Уколы інсуліну.

8.Нярэдка на працягу некалькіх дзён перад развіццём захворвання (інкубацыйны перыяд) і пасля выздараўлення можа павышацца патрэба ў дозе інсуліну з прычыны інсулінарэзістэнтнасці (зніжэнні адчувальнасці да інсуліну).

9.Тэрміновая кансультацыя спецыяліста (эндакрынолага) з абавязковай шпіталізацыяй неабходная пры працяглай ліхаманцы або ванітах і/або пры страце масы цела, што кажа пра абязводжванне; паху ацэтону і захаванні або павышэнні кетонаў крыві, нягледзячы на ўвядзенне дадатковых дозаў інсуліну і вадкасці; парушэнні свядомасці; абцяжараным дыханні; пры выяўленым болю ў жываце.

Іншыя рэкамендацыі

1.Калі рэкамендавалі ізалявацца, трэба абавязкова застацца дома. Гэта можа папярэдзіць і спыніць распаўсюджанне віруса.

2.Заўсёды старайцеся трымаць глюкозу крыві ў дзіцяці ў мэтавым дыяпазоне.

3.Пераканайцеся, што ў дзіцяці ёсць у дастатковай колькасці хуткія вугляводы для гіпаглікеміі і ўсё неабходнае для лячэння (інсуліны) і кантролю цукровага дыябету (тэст-палоскі, сэнсары, ланцэты, іголкі, расходныя матэрыялы да помпы і г.д.), хаця б на бліжэйшы месяц.

Каранавірус. Дзіцячы дыябет. Усё для хворага.

4.Старайцеся, каб дзіця правільна і паўнавартасна харчавалася.

5.Забяспечце дзіцяці штодзённыя заняткі фізічнымі практыкаваннямі ў хатніх умовах і кантралюйце іх выкананне.

6.Сачыце за псіхалагічным станам дзіцяці і ўсіх членаў сям’і. Старайцеся думаць пазітыўна!

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

288 0 19

Прафесар 1-й кафедры дзіцячых хвароб БДМУ, д.м.н., галоўны пазаштатны дзіцячы эндакрынолаг Міністэрства аховы здароўя