17.05.2021
17.05.2021

Самакат – напракат, а што ў выніку?! Нейрахірургі – пра наступствы «пакатушак» без абароны

logo
Здароўе дзяцей
0 34
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

На мінскія вуліцы з пацяпленнем вярнуліся электрасамакаты, ровары ды іншыя папулярныя сродкі перамяшчэння. Медыкі папярэджваюць аб павелічэнні колькасцяў траўмаў, атрыманых як веласіпедыстамі і самакатчыкамі, так і няўважлівымі пешаходамі.

Журналіст партала Здаровыя людзі запыталася ў экспертаў-нейрахірургаў, чаму дзіцячы траўматызм упарта не жадае зніжацца і нават расце з года ў год. А яшчэ пра тое, як абараніць дзіця ад падзення, якое можа стаць катастрофай.

Адваротны бок тэхналогій

Пракатны электратранспарт – хаця і не таннае задавальненне, затое зручнае. Калі няма свайго ровара, чаму б не: яго не трэба цягнуць на сабе дадому, а калі стаміўся – пакінуў, дзе захацеў. Але, мяркуючы па водгуках, карыстальнікі лічаць гэтыя сродкі небяспечнымі: жорсткіяў кіраванні, цяжкія, без амартызацыі. Любое націсканне ручкі газу альбо тормазу – гэта рывок, і досыць моцны.

У гэтым сезоне да ўжо знаёмых тыпаў колавага транспарту дадаўся яшчэ адзін – ровары з электрарухавіком (развіваюць хуткасць да 25 км/ч). Вось толькі пра абарону ад траўмаў ніхто не задумваецца.

Ганна Салаўёва, урач дзіцячага нейрахірургічнага аддзялення №3 РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі:

Ганна Салаўёва

– Улічваючы, як хутка развіваюцца тэхналогіі, праблема дзіцячага траўматызму ў выніку падзення з транспартных сродкаў будзе актуальнай заўсёды. Цяпер толькі самы лянівы не набывае ровар, самакат альбо гіраскутар. Для дарослых яны робяцца сродкам перамяшчэння па гарадскіх вуліцах, а для дзяцей – забавай, якая часцяком прыводзіць да сумных наступстваў. Купляючы свайму дзіцяці колавы сродак перамяшчэння, бацькам будзе нялішнім паглядзець у інтэрнэце правілы яго бяспечнага выкарыстання і купіць ахоўны шлем на галаву. Гэта і будзе лепшы прафілактычны сродак ад траўмаў!

Бацькі могуць нават не падазраваць, што іх дзіця, спампаваўшы патрэбны дадатак і прывязаўшы вучнёўскую картку, бярэ напракат электрасамакат і ганяе на ім па вуліцах колькі душы заўгодна. У гэтым выпадку важнае разуменне, што забарона не вырашыць праблему. Спакуса для большасці будзе мацнейшай. А вось даступнае тлумачэнне правілаў эксплуатавання такога транспарту і напамін пра небяспеку – спрацуе.

Спачатку шлем, потым самакат

– Актыўнасць і рухомасць – гэта выдатна. Тое, што дзеці бавяць час на свежым паветры, катаючыся на роварах альбо самакатах, а не завісаюць у інтэрнэце, ідзе ім толькі на карысць, – лічыць Ганна Салаўёва. – Але ці многія з іх маюць ахоўныя сродкі? Адзінкі! Ці звярталі вы ўвагу на тое, што ў нашых дварах поўна дзятвы на скейтах, але ніводнае дзіця з дошкай не ўбачыш у шлеме?

Дзіцячыя траўмы. На скейтах без абароны.

У нас усё адбываецца наадварот. На дзень нараджэння купляюцца ролікавыя канькі, і вось ужо задаволены імяніннік носіцца па двары. Пакуль дзіця не атрымае траўму, пра шлем дарослыя наогул не задумваюцца. Больш за тое, некаторых не прастымулюе заняцца набыццём абароны нават шэраг падзенняў іх дзіцяці. За мяжой не ўбачыш дзяцей і падлеткаў без шлема нават на звычайным маленькім самакаце. Больш за тое, дзіця яшчэ і бацькі падстрахоўваюць.

Да ведама: спачатку надзяваем усю абарону, потым становімся на «колы». Здымаем наадварот – ролікі, а затым шлем. Былі выпадкі, калі, накатаўшыся, чалавек здымаў галаўную абарону, а потым нахіляўся расшнураваць ролікі, падаў і атрымліваў найсур'ёзнейшую чэрапна-мазгавую траўму.

Якія элементы абароны павінны быць на дзіцяці падчас катання

  • Шлем. Выкарыстанне яго строга абавязкова (!). Пры катанні на роліках, скейтах, роварах, гіраскутарах, самакатах, электрасамакатах і г.д. Знешняя абалонка шлема, як правіла, вырабляецца з ударастойкага пластыку (напрыклад, полікарбанату), а ўнутраная – з успененага полістыролу, які валодае ўласцівасцямі ўдарапаглынання.
  • Абарона для рук (налакотнікі, спецыяльныя пальчаткі і абарона запясцяў).
  • Абарона для ног (накаленнікі і шчыткі для галёнак). Самай надзейнай будзе тая, што мае форму панчохі альбо бандажа, шчыльна садзіцца на сустаў і надзейна яго ахоплівае.

Дзіцячыя траўмы. Што павінна быць падчас катання.

Як зразумець, што абарона абраная правільна? Яна павінна добра прылягаць да цела, не ціснуць і тым самым не абцяжарваць кровазварот. Шлем абавязкова павінен шчыльна сядзець на галаве, але не сціскаць і, вядома, не парушаць агляд. Абарона не павiнна спаўзаць падчас руху. Калі гэта адбываецца – мяняйце яе на іншую, бо гэта ваша бяспека.

Што надзейней: ровар ці самакат?

Ці праўда, што ровар бяспечней за электрасамакат, і колькі пацярпелых у выніку падзення з транспартных сродкаў пасля прыёмнага пакою апынаецца на аперацыйным стале, запыталіся ў загадчыка дзіцячага нейрахірургічнага аддзялення РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі, галоўнага пазаштатнага спецыяліста Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь па дзіцячай нейрахірургіі Міхаіла Талабаева.

– Адносна бяспечны любы сродак, калі ты знаходзішся ў абароне і карыстаешся ім правільна. Усе віды транспарту: няхай гэта будзе электрасамакат ці звычайны, ровар, ролікі альбо скейт, монакола альбо гіраскутар – могуць быць прычынай высокаэнергетычных траўмаў, сур'ёзных чэрапна-мазгавых пашкоджанняў і пераломаў. Павелічэнне хуткасці павялічвае рызыкі і ступень траўмавання. Але шлем і разуменне таго, што электрасамакат – гэта не цацка, выратуюць вам жыццё.

Наогул дзіўна, што электрасамакат лічаць менш небяспечным транспартам, чым, напрыклад, скутар. Хуткасць развіваецца прыстойная, але чамусьці абаронай не карыстаюцца ні дарослыя, ні дзеці.

Кажуць лічбы

За год у прыёмны пакой РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі з траўмамі звяртаюцца каля 12 000 чалавек, гэта ў сярэднім 40 зваротаў у дзень. Шпіталізуецца прыкладна 500. З 500 аперыруецца 35-40.

– Калі казаць канкрэтна па электрасамакатах, – удакладняе Міхаіл Талабаеў, – дык яны моцна не паўплывалі на колькасць дзіцячых траўмаў, у процівагу катанню на цюбінгах у зімовы час. Вось з-за чаго мы б'ем трывогу апошнія некалькі гадоў.

Вакацыі і выхадныя

Урачы адзначаюць сумную заканамернасць: колькасць дзяцей, якія паступаюць з траўмамі пасля катання на самакатах, роварах і роліках, у выхадныя павялічваецца ў разы. Больш вольнага часу, менш кантролю – зваротаў вельмі шмат.

Ёсць і пазітыўная заканамернасць: сярод траўмаваных пасля падзення з ровара і электрасамаката дзяцей тыя, якія былі ў абароне, практычна ва ўсіх выпадках маюць лёгкія, нязначныя пашкоджанні, якія не патрабуюць стацыянарнага назірання.

Дзіцячыя траўмы. Калі ёсць абарона.

Часам бацькі прыязджаюць проста падстрахавацца, бо напалоханыя, і гэта правільна: у прыёмным аддзяленні працуюць усе патрэбныя спецыялісты: нейрахірургі, траўматолагі, дзіцячыя хірургі. Падзенне дзіцяці – гэта падстава звярнуцца да ўрача, тым больш, калі вы адчулі, што малыш пачаў дзіўна сябе паводзіць – ён санлівы, капрызны, млявы.

Каб зразумець, наколькі сур'ёзная траўма, важна ведаць, якім чынам дзіця ўпала, які быў удар і ці быў ён наогул, якая кропка судотыку пацярпела першай. Калі вы не бачылі падзення, абавязкова распытайце тых, хто знаходзіўся побач у гэты момант, каб паведаміць брыгадзе хуткай дапамогі. Не займайцеся самалячэннем пры падобных выпадках і не чакайце!

Важна! Рэакцыя арганізма дзіцяці на траўму адрозніваецца ад рэакцыі дарослага ў сілу анатама-фізіялагічных асаблівасцяў мозгу і чэрапу ў дзіцячым узросце. Клінічныя праявы чэрапна-мазгавых траўмаў часам носяць сцёрты характар. Падрабязна пра ЧМТ у дзяцей тут.

Дзіцячыя траўмы. Якія сімптомы павінны насцярожыць.

Пры падзенні важна правільна аказаць першую даўрачэбную дапамогу. Але часам памылкі яе аказання могуць нашкодзіць. Што катэгарычна нельга рабіць да прыезду урачэбнай брыгады? Чытайце тут.

Фота Ганны Салаўёвай – Юлія Паддубіцкая.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 34

Вядучы рэдактар рускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст
Глядзіце таксама