30.05.2021
30.05.2021

Навошта нюхаем?! Сёння – дзень жоўтых ад дзьмухаўцоў насоў! :)

logo
Думкі ўслых
0 38
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Перадапошні дзень вясны… Пары года, якая будзе праходзіць у мяне пад кодавай назвай «вясна, якой фактычна не было». І якое б надвор’е ні напаткала нас паслязаўтра, каляндар усё роўна скажа: «Лета прыйшло!» Так хочацца, каб яно было цёплым, сонечным, залацістым… А пакуль вясну і лета звязваюць маленькія сонейкі – дзьмухаўцы. А вы ведаеце, што іх сёння трэба абавязкова панюхаць?! Бо 30 траўня – дзень жоўтых ад дзьмухаўцоў насоў! 🙂

Дзьмухаўцы. Дзень жоўтых ад дзьмухаўцоў насоў.

У дзяцінстве іх нюхаць было – адно задавальненне! Памятаеце?! 🙂 З тымі самымі жоўтымі насамі мы і прыходзілі дахаты. Альбо пакачацца ў дзьмухаўцах (вопратка, бывай!) – ну прыемна ж! А насы ў пылку былі і ад просценькіх аранжавых лілей, якія мы з братам у дзяцінстве так і называлі – «пачканосы».

Пра тое, якія карысныя дзьмухаўцы для здароўя і што з іх можна рабіць, пісала ўжо. Таму давайце сёння, карыстаючыся нагодай, больш пра пахі, водары і іх уплыў на здароўе, самаадчуванне, настрой…

А вось чым пахнуць дзьмухаўцы? І ці пахнуць увогуле? Па шчырасці, і не памятаю. Таму сёння і трэба будзе панюхаць. Магчыма, прыгадаецца маленства. Бо адна з уласцівасцяў паху – асацыятыўна вяртаць нас у той час, падзею, якая запомнілася менавіта дзякуючы яму.

Таму і раяць знаўцы падчас момантаў шчасця карыстацца аднымі і тымі ж духамі. А тады схаваць іх куды падалей. Праз пэўны ж час, дастаўшы і ўдыхнуўшы той водар, мы зноўку адчуем сябе шчаслівымі…

Дзьмухаўцы. Запамінаем прыемныя моманты з дапамогай пахаў.

Яшчэ нядаўна ў нас ад дзьмухаўцоў было цалкам жоўтае наваколле, куды ні зірні. Пачынаючы ад тэрыторыі пад вокнамі і заканчваючы травой на месцы колішнях градак. Затым іх пакасілі. Не, стойкія жоўтыя салдацікі ўсё роўна ўзняліся, нават пасля такой працэдуры, і літаральна на наступны дзень. Але ўжо ў меншай колькасці. А некаторыя і ўвогуле пабраліся паветранымі белымі парашуцікамі…

Але можна, можна яшчэ іх адшукаць, каб панюхаць.

Дарэчы, яшчэ колькі гадоў таму дзьмухаўцы не былі так у нас распаўсюджаныя. Я памятаю, як мы любаваліся ў свой час іх жоўтым дываном на гарадскім стадыёне. А гадоў з дваццаць таму мы з мамачкай паехалі на экскурсію з чэрвеньскімі бібліятэкарамі на Лагойшчыну. І былі шчыра ўражаныя, пабачыўшы тамтэйшыя жоўтыя схілы ўзгоркаў.

Глядзелі – і дзівіліся, бо ў нас тады такога не было.

І як бы старанна ні змагаліся з дзьмухаўцамі ў нашым раёне (а былі такія гады, калі іх не тое што касіць – выдзёргіваць з карэннем абавязвалі на тэрыторыях устаноў ды арганізацый!), яны ўсё роўна перамагаюць. І, далібог, штогод заваёўваюць усё новыя і новыя тэрыторыі.

Дзьмухаўцы. Заваёўнікі новых тэрыторый.

З аднаго боку, глядзець на іх прыемна. А з іншага… Вы спрабавалі калі выкарчаваць дзьмухаўцы з дачнага ўчастка?! Марная справа! Толькі пазбавішся ад сваіх, як табе насеннем іх заносіць з суседніх участкаў…

Хаця (і для мяне гэта сталася дзівам!) ёсць меркаванне, што дзьмухаўцы… ствараюць і падтрымліваюць здаровы мікраклімат на ўчастку! А таксама павялічваюць утрыманне ў глебе карысных мікраэлементаў. І нават нейтралізуюць кіслотнасць глебы. Так што… Няхай растуць?! Толькі не на градках!

Затое калі дзьмухаўцы асабліва нікому не замінаюць… Нюхаем з асалодай! Да фарбавання насоў у жоўты! 🙂 Ну рэлакс жа!

А можна панюхаць іншыя кветкі. Каб насы засталіся чыстымі. Вучоныя лічаць, што тыя з нас, хто нюхае кветкі, любіць гуляць, слухае спеў птушак, пачуваюцца больш шчаслівымі. Так што ёсць шанц альбо прааналізаваць свае адчуванні, альбо праверыць!

Дзьмухаўцы. Пахі кветак добра ўплываюць на здароўе.

І нават даследаванні даказваюць, што звычка нюхаць кветкі станоўчым чынам уплывае на наша душэўнае здароўе. Напрыклад, язмін (адзін з маіх самым любімых водараў, ды і кустоў-дрэваў таксама!) супакойвае, бэз – паляпшае сон, змагаецца з бяссонніцай. А любімыя практычна ўсімі ружы… сумяшчаюць у сваім водары і тое, і другое! 🙂

Так што сёння праводзім сеанс ароматэрапіі! І найперш – дзьмухаўцамі… І каб насы абавязкова зрабіліся жоўтымі! 🙂

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 38

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".