01.11.2019
01.11.2019

Дзяды. Дзень яднання роду

logo
Беларускі код
0 67
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

На пачатку лістапада, часцей за ўсё – 2-га чысла, народ адзначае Дзяды. Велічнае і ўзнёслае, але разам з тым блізкае і душэўнае, таямнічае свята памінання продкаў. І далібог, як жа тут усё пераплялося! Праваслаўнае, каталіцкае, паганскае, царкоўнае, касцёльнае, народнае, сялянскае... Але ўсе сыходзяцца ў адным: па восені продкаў трэба ўзгадаць-ушанаваць абавязкова!

Дзяды. Традыцыі беларусаў.

Асабіста я больш схіляюся да народнага, да традыцый, абрадаў, уяўленняў, вераванняў продкаў. І пішу, разважаю менавіта з гэтага пункту гледжання.

Можа, не штогод мы неяк адмыслова адзначаем гэтае свята. Але для мяне яно ўжо дзесьці з пачатку 1990-х – Дзень яднання роду.

У традыцыях святкавання Дзядоў – прыбіранне хаты, мыццё ў лазні, дзе абавязкова крыху вады ды венік пакідалі продкам. Гэта адмысловая вячэра з вызначанымі стравамі. А вось колькасць іх у розных мясцовасцях, зноў-такі, – розная...

Дзяды. Памінальная вячэра.

Наша сям’я па магчымасці стараецца ў гэты дзень (а як не атрымліваецца, дык напярэдадні ці пасля) наведаць сваіх дарагіх памерлых на могілках. Калі – прыбіраем там, калі – спраўляемся да гэтага. Абавязкова запальваем свечку, і, гледзячы на яе часцяком дрыготкае полымя (вецер! а можа, і не толькі ён?!), у думках размаўляем-размаўляем-размаўляем...

Адкуль жа ўвогуле ўзялася гэтая традыцыя? Адкуль узялося веданне, вяртанне да сваіх каранёў? Пачатак 1990-х. Вялікая цікавасць да адраджэння ўсяго беларускага. Мой першы (ва ўсіх адносінах) беларускамоўны клас у рускамоўнай школе. Малады спецыяліст! І – адметныя мерапрыемствы. Такія, куды прыходзілі бацькі, браты і сёстры маіх вучняў, мае калегі і калі-нікалі – мае ж уласныя бацькі-настаўнікі. Часцяком гэта былі пасяджэнні гасцёўні «Зараначка».

І вось адно з іх вырашылі прысвяціць Дзядам. Столькі гадоў прайшло, а асобныя моманты ў мяне да гэтага часу перад вачыма. Тады не было ў нас інтэрнэту, гаджэтаў ды іншага... Таму верш-запрашэнне продкам, каб яны завіталі да нас, а таксама развітальныя словы я запісала на магнітафонную стужку. А прачытаў іх выразна... мой тата.

Я і зараз памятаю і тыя радкі, і тую інтанацыю:

Святыя дзяды, просім вас,
Хадзіце да нас!
Ёсць тут усё, што Бог даў,
Што я для вас ахвяраваў.

Чым толькі хата багата...
Святыя Дзяды, просім вас,
Хадзіце, ляціце, да нас.

Вы думаеце, дзеткі-пачаткоўцы не разумелі ўрачыстасці моманту? Лічылі гэта гульнёй? А вось і не! Яны настолькі ўсё сур’ёзна ўспрымалі... Усё і заўсёды. Нідзе я больш не адчувала такой шчырасці і адкрытасці сэрцаў. Яны зусім асаблівымі былі, тыя мае, першыя... І як жа яны даводзілі сваім бацькам пра ўсё, што даведваліся! Як стараліся вучыць іх, што трэба вось так і вось так...

І, мабыць, з часу, як з’явілася ў сям’і першае пахаванне (памерла бабуля Ксенія), мы пачалі хадзіць на могілкі на Дзяды... Ведаеце, сапраўды штосьці ёсць такое... Штосьці невытлумачальнае. І не абавязкова 2-га лістапада.

Гэта сапраўды можа быць іншае чысло на пачатку апошняга восеньскага месяца... Але штосьці так пачынае шчымець у грудзях! І ты думаеш, думаеш, думаеш... Што вось ён, Дзень яднання роду. Сёння.

У хуткім танцы закружыў лістоту вецер,
І зноўку ўладарыць лістапад...
Дзяды, якіх няма на гэтым свеце,
У дзень святы вяртаюцца назад.

Нябачныя, садзяцца між жывымі...
Нячутныя, гамоняць з кожным з нас...
Дзяды, хоць і не ўсе былі старымі,
Калі зямны закончыўся іх час.

Яны сыходзяць з неба, каб пабачыць,
Як іх нашчадкі маюцца-жывуць.
І каб сустрэчу гэтую адзначыць,
За ўрачысты стол дзядоў завуць.

Прыгадваюць учынкі іх і справы,
А знешнасць уяўляюць да драбніц.
Найперш дзядам тут падаюцца стравы
Пад ціхае парыпванне масніц.

За ўспамінамі час пралятае хутка...
Ну вось і ўсё... Развітвацца пара...
Перажагнаўшы ўсіх, дзяды ціхутка
Павольна адыходзяць са двара.

І зноўку будзем іх прыгадваць зрэдку,
Бо часу не стае ў нас заўжды...
Пастаўце свечку, прынясіце кветку
На могілкі ў Дзень памяці – Дзяды...

Гэта напісалася пазней ужо, у 2006-ым. Зрэшты, як падаецца, зразумела, што робяць у гэты дзень і як паводзяць сябе за вячэрай?

Я не ведаю, ці сапраўды душы памерлых спускаюцца ў гэты дзень на Зямлю... Але так хочацца ў гэта верыць. Што яны адтуль, зверху, глядзяць на нас... Радуюцца, калі ўсё добра. Засмучаюцца, калі дрэнна. А можа нават і дапамагаюць чымсьці. Чаго мы ў сваёй будзённай мітусні проста не заўважаем. А дарэмна...

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 67

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".