14 Чэрвеня
14.06.2020

Дзякуй, донар!

logo
Навiны
330 0 47
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
14 чэрвеня – Сусветны дзень донара. Сёлета ён праходзіць пад лозунгам «Здаваць кроў у імя здаровага свету». Напярэдадні свята Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа разам з РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій правялі акцыю «Бяспечная кроў ратуе жыцці».

Традыцыйна такія мерапрыемствы праводзяцца на выездзе. Але сёлета планы змяніла эпідэмія COVID-19. Таму донараў запрасілі ў «галоўны штаб» службы крыві – РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій. Генеральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Вольга Мычко адзначыла, што сёлета колькасць валанцёраў у параўнанні з папярэднім годам вырасла ў 4,5 раза.

Адным з першых на здачу крыві прыйшоў міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Уладзімір Каранік. Працэдура заняла ў яго ўсяго 15 хвілін – кіраўнік міністэрства з’яўляецца донарам з вялікім стажам.

Побач з міністрам донарскае крэсла заняў галоўны ўрач 1-й бальніцы, старшыня Беларускай асацыяцыі ўрачоў Дзмітрый Шаўцоў. Ён здае кроў штогод, пачынаючы са студэнцкіх часоў, і ўпэўнены, што кожны беларус хаця б раз у жыцці проста абавязаны зрабіць гэта бязвыплатна.

Услед за медыкамі ў РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій прыехала міністр працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Ірына Касцевіч з супрацоўнікамі міністэрства. Яна прызналася, што ўпершыню здае кроў. «У нас даўняе цеснае супрацоўніцтва з Чырвоным Крыжам, мы вырашылі падтрымаць гэтую ініцыятыву і здаць кроў у імя здароўя людзей».

Далучыўся да валанцёраў і Батыр Бердыклычаў, кіраўнік бюро СААЗ у Беларусі. Паводле яго слоў, праблема забеспячэння якасных запасаў крыві з’яўляецца вострым пытаннем для ўсіх краінаў свету. «Патрэба ў крыві ва ўсіх краінах практычна штодзённая і пастаянная. Гэта пытанне жыцця і смерці – падтрымліваць узровень забеспячэння крывёю і яе кампанентамі людзей, якія ў гэтым маюць патрэбу».

Дырэктар РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій Фёдар Карпенка падзякаваў кожнаму з 90 донараў-валанцёраў, якія прыйшлі ў гэты дзень на здачу крыві. Ён нагадаў, што ў нашай краіне донарскі рух прымае маштабы, якія ўражваюць: штодня на данацыі ў цэнтры службы крыві прыходзяць каля 2 тысяч чалавек. А мінулы 2019 год і зусім стаўся рэкордным: донарскія пункты наведалі 100 тысяч донараў.

Фота Віталь Гіль.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

330 0 47

Журналіст газеты «Медыцынскі веснік»
Наверх