19.06.2020
19.06.2020

Дзявятуха: засцерагаемся ад навальніцы. А вы – не брантафоб?!

logo
Думкі ўслых
0 57
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Пятніца дзявятага тыдня ад Вялікадня ў беларусаў завецца Дзявятухай. Лічыцца, што ў гэты дзень трэба засцерагацца ад навальніцы. Як?! Ды традыцыйным для нашых продкаў спосабам: не працаваць. 🙂
Брантафобія. Як перастаць баяцца навальніцы.

Зрэшты, асабіста для нас праца на зямлі і так адсоўваецца на нявызначаны тэрмін. Бо пасля «сусветнага патопу» рабіць там доўга нічога не будзеш… Не сышла вада яшчэ. Ды і сэнс?! Калі дажджы, ды моцныя, абяцаюць перыядычна…

А вось як спраўляцца з панічнымі атакамі падчас навальніцы, калі вы – брантафоб?! Тут ужо складаней… Галоўнае – вызначыць, дзе страх – у норме, а дзе – звыш яе…

Вось вы наколькі моцна палохаецеся грымотаў?! Бліскавіцы? Ці баіцеся, што зробіцеся ахвярай шаравой маланкі?! Гэта ўсё – нармалёвыя пачуцці, калі толькі вы пры гэтым… Не кідаецеся імкліва пад канапу, у шафу, не калоціцеся так, як быццам усё абавязкова вось-вось здарыцца…

Затое прымаеце элементарныя меры бяспекі. На полі не ляціце шукаць укрыццё пад адзінокім дрэвам. У машыне не дакранаецеся да металічных частак. Пры навальніцы выключаеце электрапрыборы (і асабліва – знешні мадэм, бо можна застацца без інтэрнэту). Не карыстаецеся падчас навальніцы мабільнымі тэлефонамі. Пры першых блізкіх грымотах шчыльна зачыняеце вокны, форткі, балконныя дзверы…

Дык што ж такое брантафобія? Як вы ўжо здагадаліся, страх перад навальніцай. Вялікі, ненармаваны і часта – беспадстаўны. Па меркаванні спецыялістаў, яго прычынамі могуць быць вялікая ўразлівасць чалавека, боязь «гучных гукаў», страх перад шаравой маланкай, звесткі пра «пакарананне Боскае», фільмы-катастрофы і нават… генетычная памяць продкаў.

І такая рэакцыя не таму, што чалавек не хоча стрымліваць свае парывы. Не можа. Бо гэта – самае сапраўднае псіхічнае расстройства. Але паколькі навальніцы ў нас, прычым не зусім мірныя, цяпер даволі часта, трэба вучыцца востра не рэагаваць на іх.

Той, хто прывык да дапамогі спецыялістаў, сапраўды можа да іх звярнуцца. Бо калаціцца дзень пры дні, калі навальніцы прылятаюць адна за адной… Гэта не жыццё.

А калі хтосьці захоча справіцца са сваімі страхамі самастойна… Можа паспрабаваць гэта зрабіць некалькімі спосабамі. Адным з дзейсных метадаў спецыялісты называюць рэлаксацыю. Так-так! Тую самую рэлаксацыю, карыстацца якой раяць нам у многіх выпадках.

Брантафобія. Пракктыкуем рэлакс.

Хтосьці практыкуе для гэтага ёгу, хтосьці – спецыяльную музыку… Галоўнае – пры першых, аддаленых яшчэ грымотах расслабіць усе мышцы, пачаць думаць аб прыемным, правільна дыхаць…

Але калі ўжо навальніца блізка, усе электрапрыборы, у тым ліку магнітафон, ноут ды іншае, што прайграе музыку, лепей ад электрычнасці адключыць. А прымаць расслабляльныя ванны і ўвогуле не раяць. Усё ж такі вада – добры праваднік. І громаадвод не дае 100% абароны і гарантыі.

Можна таксама думаць пра навальніцу… пазітыўна! Ярка бліскае? А на тых жа дыскатэках хіба не гэтак?! Гучна грыміць?! Дык і музыка там не ціхая. Але ж там падабаецца?! Ці падабалася калісьці?! Вось і ўявіце сябе падчас навальніцы… на дыскатэцы!

Можна прыгадаць таксама любімыя мелодыі і нават праспяваць іх услых, заглушаючы сваім голасам грымоты… Баіцеся маланкі?! А не глядзіце ў акно! Адвярніцеся ад яго. Хаця… Калі адразу бачыш маланку, дык маральна рыхтуешся пачуць грымоты. Але часцяком бывае, што і маланкі не бачыш, а проста, здаецца, над самай галавой я-я-я-я-я-я-як дасць! Спужаліся?! Я таксама пужаюся… Хаця зусім не брантафоб. Нармалёвая рэакцыя, нармалёвая…

Брантафобія. Баяцца навальніцы.

Нядаўна з-за аднаго такога ўдару я ледзьве не засталася без мадэму. А значыць, без інтэрнэту, што ўжо стварыла б пагрозу падаленай працы. Бо да гэтага, здаецца, грымела ціхенька. І я вырашыла счакаць, не адключаць пакуль мадэм. А тут я-я-я-я-я-я-як дало!

Я да мадэма. А там усяго адно «вочка» і гарыць зялёненькім… Адключыла сеткавы адаптар, дачакалася прыроднай цішыні… Уключаю… Не грузіцца. Добра, што здагадалася перазагрузіць кнопачкай, скінуць на заводскія настройкі. Пашанцавала, запрацаваў! Але цяпер і пры далёкіх грымотах асабіста я – рыссю да мадэму! Што і вам рабіць раю…

Ну, і калі з брантафобіяй усё дрэнна-дрэнна і нічога з пералічанага не дапамагае… Тады – да ўрача, па лекі. І гэта лепей, чым, паўтаруся, сядзець і дрыжаць…

Брантафобія. Звяртаемся да спецыяліста.

Так што сёння, у Дзявятуху, па магчымасці не працуем цяжка, каб не «запрасіць» яшчэ болей навальніц, чым нам абяцаюць сіноптыкі! А калі дзесьці бліскавіцы ды грымоты ўжо… Давайце праспяваем дружна: «Уцякай, хмара! Уцякай, хмара! У-ця-кай!» 🙂

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 57

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".