14.12.2020
14.12.2020

Эфект, якога не чакалі. Узаемадзеянне лекаў і алкаголю

logo
Хваробы ад А да Я
0 40
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Лічыцца, што ў перыяд прыёму лекаў нельга ўжываць алкаголь. Але чым абумоўленая забарона, многія ведаюць толькі ў агульным: могуць узнікнуць непажаданыя пабочныя эфекты. Такі аргумент, як паказвае практыка, працуе далёка не заўсёды. Ёсць захворванні, пры якіх лекі трэба прымаць пажыццёва (артэрыяльная гіпертэнзія, напрыклад). Што ж цяпер, не піць ніколі?!

Алкаголь. Чаму нельга сумяшчаць з лекамі.

Мы запыталіся ў галоўнага ўрача Гарадскога клінічнага наркалагічнага дыспансера г.Мінска, галоўнага пазаштатнага спецыяліста па наркалогіі Камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Аляксандра Алішэвіча, што вядома (і невядома) пра ўзаемадзеянне алкаголю з лекамі, на якія пабочныя эфекты багаты такі «кактэйль». А заадно даведаліся, чаму грэбаванне ўмоўнай забаронай ужывання алкаголю адначасова з прыёмам лекавых прэпаратаў цягне за сабой наступствы не толькі для пацыента, але і для ўрача.

Уплыў алкаголю на дзеянне лекавых прэпаратаў

Клас рэчываў, які найбольш абмяркоўваецца ў насельніцтва, – гэта антыбіётыкі (супрацьмікробныя прэпараты). Іх часцей за ўсё згадваюць, калі размова заходзіць пра неабходнасць устрымання ад ужывання алкаголю.

Аляксандр Алішэвіч распавядае пра тое, што на звычайным прыёме ўрач наўрад ці будзе тлумачыць пацыенту:

Аляксандр Алішэвіч

– Антыбіётыкі звязваюцца з бялкамі крыві, каб дасягнуць ачагу запалення. Доза, якая будзе дзейнічаць непасрэдна на бактэрыяльную флору, залежыць ад «якасці» звязвання дзеючага рэчыва з бялкамі. Дык вось алкаголь, знаходзячыся ў крыві, будзе ўплываць на злучэнне і транспарціроўку лекавага прэпарата. Адпаведна, не тая разліковая колькасць дзеючага рэчыва, якая павінна быць, дасягне ачагу запалення. Такім чынам, ні ўрач, ні хворы – ніхто наогул не можа дакладна сказаць, як падзейнічае антыбіётык.

Не выключана, напрыклад, што скажонае пад уплывам алкаголю ўздзеянне на бактэрыяльную флору прывядзе да развіцця антыбіётыкарэзістэнтнасці. Гэта ў сваю чаргу зацягне працэс выздараўлення, у разы павысіць выдаткі арганізма на аднаўленне, негатыўна адаб'ецца на працы розных органаў і сістэмаў.

Альбо вось яшчэ прыклад – з артэрыяльнай гіпертэнзіяй. Паводле вынікаў даследавання STEPS, у Беларусі амаль 45% насельніцтва ва ўзросце ад 18 да 69 гадоў маюць праблемы з ціскам, пры гэтым кожны другі пацыент можа не падазраваць пра наяўную пагрозу. Разам з тым артэрыяльная гіпертэнзія – гэта кантраляванае захворванне з добрым прагнозам для якасці і працягласці жыцця, пры ўмове пастаяннага прыёму лекавых прэпаратаў. Пагадзіцеся, з цяжкасцю верыцца, што палова дарослага насельніцтва краіны наогул не п'е, ніколі і ніколькі.

Між тым, алкаголь, трапляючы ў арганізм, відазмяняе артэрыяльны ціск: часцей – павышае, радзей – паніжае. Пры гэтым аказвае ўплыў на дзеянне лекавых прэпаратаў, калі пацыент прымае іх для нармалізацыі артэрыяльнага ціску. Такую сітуацыю можна параўнаць з гульнёй у «рускую рулетку»: стрэліць дакладна, але калі – невядома.

Алкаголь і лекі. Руская рулетка

Яшчэ адно жудаснае спалучэнне – алкаголь і псіхатропныя лекавыя сродкі, якія ўжываюцца ў самых розных абласцях медыцыны (у псіхіятрыі, наркалогіі, анкалогіі, хірургіі, анестэзіялогіі, гематалогіі і г.д.). У амбулаторнай практыцы псіхатропныя сродкі найбольш часта выкарыстоўваюцца для лячэння дэпрэсіўных і трывожных расстройстваў.

Ужыванне алкаголю адназначна ўзмацняе (у некаторых выпадках шматкроць) дзеянне транквілізатараў, міярэлаксантаў і іншых псіхаактыўных лекавых сродкаў. Этанол аказвае прыгнятальнае дзеянне на дыхальны цэнтр у галаўным мозгу. Ігнараванне гэтага факту можа прывесці ажно да незваротных наступстваў – гібелі чалавека.

– Насамрэч практычна няма класа лекавых сродкаў, якія б цалкам ігнаравалі прысутнасць алкаголю ў арганізме. Прынамсі, я не магу назваць ніякіх лекаў, якія б так ці інакш не ўзаемадзейнічалі з алкаголем, – кажа Аляксандр Алішэвіч. – Ці ідзе размова пра любую дозу? Зладзіць правядзенне даследаванняў, колькі алкаголю можна выпіць, каб гэта не аказвала істотнага ўплыву на лекавыя прэпараты, што прымаюцца, цяжка перш за ўсё па этычных меркаваннях. Дэ факта канстатуецца, што алкаголь відазмяняе працэсы звязвання, транспарціроўкі, дзеяння лекаў. І да чаго ў канчатковым выніку прывядзе адначасовы прыём лекаў і алкаголю, з абсалютнай дакладнасцю не зможа спрагназаваць ніхто.

Алкаголь і лекі. Наступствы непрадказальныя.

Урач за ўсё ў адказе?

Між тым, узаемадзеянне лекаў і алкаголю – «важная тэма, якую неабходна настойліва прасоўваць», перакананы Аляксандр Алішэвіч. Гэта трэба для таго, каб у грамадстве сфарміраваўся пэўны настрой як да ўжывання алкаголю падчас лячэння, так і да працы медыкаў. Паколькі папярэдзіць пацыента пра неабходнасць строга ўстрымлівацца ад ужывання алкаголю падчас лячэння часцей за ўсё недастаткова.

Для лепшага разумення змадэлюем канкрэтную сітуацыю. У чалавека банальны грып, ён на амбулаторным лячэнні. Высокая тэмпература з дрыжыкамі, пачынаюцца змены ў лёгкіх, і яму сярод іншага ўрач прызначае антыбіётыкі. Папярэджвае пра неабходнасць адмовіцца ад алкаголю на час лячэння.

Але ж, напэўна, так было не раз: чалавек актыўна лечыцца некалькі дзён і сапраўды не п'е. Да таго часу, пакуль стан не палепшыцца. А потым вырашае: я амаль здаровы, чаму б не выпіць. Тым больш, калі ёсць фармальная нагода: дзень нараджэння, вяселле, карпаратыў... Алкаголь уступае ва ўзаемадзеянне з лекамі, якія ўсё яшчэ працягваюць працаваць у арганізме. І, дапусцім (такая магчымасць не выключаная), узнікае пэўны пабочны эфект: скокі ціску, парушэнні працы сэрца, расстройствы СКТ і г.д.

Алкаголь і лекі. Пабочныя з'явы.

Аляксандр Алішэвіч, галоўны ўрач Гарадскога клінічнага наркалагічнага дыспансера г.Мінска, галоўны пазаштатны спецыяліст па наркалогіі Камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама:

– У залежнасці ад прынятай дозы, этанол у крыві будзе выяўлены, калі правесці аналіз сёння ж. На наступны дзень аналіз ужо можа быць чыстым. Як думаеце, хто, дзе і калі вызначыць, што гэты пабочны эфект звязаны з прыёмам алкаголю, асабліва калі сам пацыент не паведаміць урачу пра факт ужывання (не абавязкова з намерам, а проста таму, што не палічыць гэта важным і патрэбным)?

І тут узнікае цікавы этычны нюанс: чалавека, які парушыў рэкамендацыі ўрача, ніхто не зможа прыцягнуць да адказнасці. А вось факт прызначэння ўрачом лекавых прэпаратаў, факт атрымання пабочных эфектаў, якія былі зарэгістраваныя раней альбо ўпершыню выявіліся, фіксуецца ў медыцынскай дакументацыі (дарэчы, менавіта інфармацыя з меддакументацыі выкарыстоўваецца, у тым ліку, і пры навуковых даследаваннях.)

Алкаголь і лекі. Калі вінаваты ўрач.

Таму далейшы сцэнар развіцця падзей з хворым на грып можа быць самым нечаканым: ад прызначэння іншага антыбіётыка (хаця і першы спраўляўся выдатна) альбо дадатковых лекавых прэпаратаў для сімптаматычнага лячэння клінічных праяў, што ўзніклі, да... скаргі на ўрача за неадэкватнае лячэнне.

Мы абавязкова працягнем важную тэму і будзем рады, калі да абмеркавання падключацца нашы чытачы. Свае думкі можаце дасылаць нам на пошту info@24health.by з пазнакай «Алкаголь і лекі».

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 40

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».