24.05.2020
24.05.2020

Экспертнае меркаванне ў пытаннях і адказах пра шчытавідку

logo
Здароўе дзяцей
0 13
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

25 мая адзначаецца Сусветны дзень захворванняў шчытападобнай залозы. Напярэдадні гэтай даты падчас анлайн-інтэрв'ю эндакрынолагі распавялі пра тое, колькі ў Беларусі рэгіструецца выпадкаў захворванняў шчытавідкі, ці паўплывала на захворванне аварыя на ЧАЭС і калі трэба звяртацца да ўрача.

Спікерамі выступілі галоўны ўрач Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння, галоўны пазаштатны эндакрынолаг Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Наталля Карловіч і прафесар 1-й кафедры дзіцячых хваробаў БДМУ, галоўны пазаштатны дзіцячы эндакрынолаг Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Анжаліка Сонцава.

Сцісла пра самае актуальнае – у нашым матэрыяле.

Кансультацыя эндакрынолага

Якія захворванні шчытападобнай залозы часцей за ўсё сустракаюцца ў беларусаў?

галоўны ўрач Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння, галоўны пазаштатны эндакрынолаг Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Наталля КарловічНаталля Карловіч:

– Самыя частыя – вузлавы валляк (80 тысяч выпадкаў), гіпатэрыёз – зніжэнне функцыі шчытападобнай залозы (больш за 150 тысяч выпадкаў), а таксама хранічны аўтаімунны тырэяідыт. Што тычыцца выпадкаў тырэятаксікозу, іх меней. Такіх пацыентаў за год зарэгістравана 10 тысяч. Але гэта значная, з пункту гледжання медыцынскіх наступстваў, паталогія. Акрамя таго, на працягу мінулага года было выяўлена крыху больш за 1 200 выпадкаў раку шчытападобнай залозы.

Усяго ў краіне зафіксаваны 928 861 выпадак эндакрыннай паталогіі. Гэта практычна 10% насельніцтва. Сярод іх захворванні шчытападобнай залозы дыягнаставаныя ў 336 220 чалавек.

Анжаліка Сонцава:

– Хваробы шчытападобнай залозы займаюць першае месца па распаўсюджанасці і складаюць 70% сярод усіх эндакрынных паталогій дзіцячага ўзросту. Разам з тым, дзякуючы паспяховай рэалізацыі мерапрыемстваў па ліквідацыі дэфіцыту ёду, зменшылася колькасць дзяцей з дыягназам «просты нетаксічны валляк». За пяць гадоў колькасць такіх выпадкаў знізілася з 195 на 100 тысяч дзіцячага насельніцтва ў 2015 годзе да 158 на 100 тысяч у 2019-м.

Ці паўплывала на рост колькасці паталогій шчытападобнай залозы Чарнобыльская аварыя?

Наталля Карловіч:

– Пацверджаная сувязь развіцця раку шчытападобнай залозы і аварыі на ЧАЭС у тых, хто на момант аварыі быў дзіцем. Другая праблема, з якой мы сутыкнуліся, – рост аўтаімуннай паталогіі. Гэта ўсё пацверджаныя факты. Разам з тым, не варта забывацца, што аварыя на ЧАЭС змяніла наша стаўленне да хваробаў шчытападобнай залозы. Насельніцтва актыўна яе абследуе, урачы насцярожаныя. У сілу даступнасці абследавання ў нашай краіне вырасла і выяўляльнасць паталогій шчытападобнай залозы. І калі ва ўсім свеце захворванні гэтага органа стаяць на другім месцы пасля цукровага дыябету, у Беларусі па частаце рэгістрацыі захворванні шчытападобнай залозы размяшчаюцца на 1 месцы.

Ці трэба ўсім праводзіць ёдавую прафілактыку?

Наталля Карловіч:

– У свеце сярод усіх хваробаў шчытападобнай залозы пераважаюць менавіта захворванні, абумоўленыя дэфіцытам ёду. Гэта больш за паўтара мільярда чалавек. У нашай краіне менавіта дзякуючы мерам па ліквідацыі ёднага дэфіцыту распаўсюджанасць нетаксічнага валляку, напрыклад, знізілася не меней чым у 2 разы.

У абавязковай ёднай прафілактыцы ўсе не маюць патрэбу. Яна мэтазгодная ў групах рызыкі развіцця ёдадэфіцытных станаў (дзеці і падлеткі ў перыяд палавога выспявання, цяжарныя і жанчыны падчас кармлення грудзьмі).

прафесар 1-й кафедры дзіцячых хваробаў БДМУ, галоўны пазаштатны дзіцячы эндакрынолаг Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Анжаліка Сонцава.

Анжаліка Сонцава:

– Сёння ёсць выразныя доказы ўплыву дэфіцыту ёду перш за ўсё на інтэлектуальны патэнцыял дзіцяці. Калі ў мамы ў перыяд цяжарнасці, асабліва ў першыя тыдні, ёсць ёдны дэфіцыт, а ў гэты час адбываецца закладка асноўных структур галаўнога мозгу дзіцяці, можа парушацца выспяванне нервовай сістэмы. Гэта прыводзіць да таго, што дзіця нараджаецца з прыроджаным гіпатырэёзам, прыроджанай гіпафункцыяй шчытападобнай залозы. У нашай краіне мы актыўна праводзім неанатальны скрынінг і выяўляем ўсе выпадкі прыроджанага гіпертырэёзу. Цяжарныя жанчыны з'яўляюцца той мэтавай аўдыторыяй, у якой неабходна праводзіць ёдавую прафілактыку.

Яшчэ адна група рызыкі – дзеці першых трох гадоў жыцця. У такім узросце яны вельмі адчувальныя да недахопу ёду, бо ў гэты перыяд адбываецца развіццё галаўнога мозгу. Калі ёсць дэфіцыт, дзіця проста не дасягае таго інтэлектуальнага ўзроўню, якога яно магло б дасягнуць.

Трэцяя група – падлеткі. У падлеткавы перыяд адбываецца рост дзіцяці, станаўленне палавой і рэпрадуктыўнай функцый. Недахоп ёду можа прытарможваць хуткасць росту і затрымліваць надыходжанне палавога выспявання.

Якія абследаванні неабходна праходзіць пры падазрэнні на паталогію шчытападобнай залозы?

Шчытавидка. УГД для дзяцей.

Наталля Карловіч:

– Усё пачынаецца з апытання ўрача. Ён удакладняе скаргі, аглядае шчытападобную залозу, праводзіць пальпацыю. Важны таксама анамнэз, напрыклад, ці былі ў кагосьці з родзічаў выпадкі захворвання.

Калі мы падазраём структурную паталогію шчытападобнай залозы (як правіла, яна выяўляецца пры пальпацыі або сам пацыент скардзіцца, штосьці душыць альбо перашкаджае), прызначаецца УГД. Калі ёсць падазрэнні, што парушаная функцыя органа, пацыенту выконваюць даследаванне на ТТГ – галоўны паказчык, на падставе якога можна пацвердзіць або абвергнуць нашыя падазрэнні ў парушэнні функцыі шчытападобнай залозы. У большасці выпадкаў гэтых даследаванняў дастаткова.

Калі падчас гэтага абследавання спецыяліст знаходзіць прыкметы змены шчытападобнай залозы, прызначаюцца дадатковыя метады дыягностыкі. У рэдкіх выпадках выкарыстоўваецца КТ або МРТ.

Анжаліка Сонцава:

– Нягледзячы на прастату абследавання (УГД і вызначэнне ТТГ) у многіх выпадках гэтага бывае дастаткова для пастаноўкі дыягназу, вызначэння тактыкі лячэння і правядзення прафілактычных мерапрыемстваў.

Які ўплыў аказвае COVID-19 на захворванні шчытападобнай залозы?

Наталля Карловіч:

– У большасці выпадкаў СOVID-19 у не аказвае ўплыву на цячэнне паталогіі шчытападобнай залозы. Магчыма, у пацыентаў, напрыклад, з тырэятаксікозам каранавірусная інфекцыя будзе працякаць цяжэй і рызыка неспрыяльнага зыходу таксама вышэйшая. Як цяпер арганізаваная дапамога пацыентам з захворваннямі шчытападобнай залозы з улікам складанай эпідэміялагічнай сітуацыі? Колькасць зваротаў да ўрача для аказання дапамогі скарацілася. Па магчымасці прыёмы пераносяцца на больш позні тэрмін (калі раней пацыент прыходзіў, напрыклад, раз у тры месяцы, дык цяпер чарговы візіт магчымы і праз паўгода). Пры гэтым важна вызначыць мінімальную кратнасць наведвання ўрача з улікам рызыкаў для пацыента, каб не было прагрэсавання захворвання. Рашэнне некаторых пытанняў можна перавесці ў анлайн-рэжым, актыўна выкарыстоўваюцца магчымасці выпіскі электронных рэцэптаў.

У якіх выпадках дзіця трэба паказаць эндакрынолагу?

Анжаліка Сонцава:

– Часцей за ўсё захворванні шчытападобнай залозы перадаюцца па жаночай лініі. Таму калі ў родзічаў былі аперацыі на шчытавідцы, выпадкі раку, пажадана, каб дзіця агледзеў эндакрынолаг.

Калі маюцца скаргі, напрыклад, зніжаная хуткасць росту, ёсць залішняя маса цела або дзіця дрэнна набірае масу цела – гэтыя прыкметы могуць быць падставай для кансультацыі ўрача.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 13

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».
Глядзіце таксама