23.04.2019
23.04.2019

Эксперты пра вакцынацыю: абарона ад інфекцый і новае ў календары прышчэпак

logo
Здароўе дарослых
0 21
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Нацыянальны каляндар прафілактычных прышчэпак Беларусі пастаянна ўдасканальваецца, а пералік інфекцый, якія можна папярэдзіць з дапамогай вакцынацыі, робіцца шырэйшым.

Пра гэта паведаміла ў Нацыянальным прэс-цэнтры Ірына Глінская, намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі .

 
Ірына Глінская
Намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі
Летась мы перайшлі ад вакцынацыі супраць гемафільнай інфекцыі (ХІБ-інфекцыі) толькі асобных кантынгентаў з груп рызыкі да імунізацыі ўсіх дзетак. Гэта вельмі сур'ёзны крок наперад, бо мы можам зараз абараніць дзяцей ад цяжкіх праяў гемафільнай інфекцыі: менінгітаў, менінгаэнцэфаліту і шэрагу неівазіўных формаў гемафільнай інфекцыі – атытаў, сінусітаў і інш.

Пераход на камбінаваныя вакцыны

Прышчэпка ад гемафільнай інфекцыі – не адзінае ўдасканаленне Нацыянальнага календара прафілактычных прышчэпак. Па словах Ірыны Глінскай, не менш важны момант – пераход на камбінаваныя вакцыны. Па-першае, зніжаецца колькасць наведванняў паліклінік, а па-другое, памяншаецца колькасць саміх ін'екцый, якія ўводзяцца дзіцяці.

 
Ірына Глінская
Намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі
Часта бацькі, калі гаворка ішла аб прышчэпках, нягледзячы на рэкамендацыі ўрача, казалі, што будуць уводзіць кожную вакцыну асобна: асобна супраць поліяміеліту, асобна супраць гепатыту В, асобна супраць коклюшу, дыфтэрыі і слупняку. Цяпер гэтую абарону можна атрымаць за адзін прыход да ўрача.

Калектыўны імунітэт

Нярэдка, калі гаворка ідзе пра ахоп прышчэпкамі насельніцтва, адзначыла Ірына Глінская, часта гучаць выказванні, што гэта ўсяго толькі план, які неабходна выканаць. На самай справе гэта зусім не так. Паказчыкі ахопу прышчэпкамі – навукова абгрунтаваная лічба. Калі гэты парог ніжэйшы, чым неабходна, – інфекцыі вяртаюцца, пры высокім ахопе прафілактычнымі прышчэпкамі – сітуацыя застаецца пад кантролем.

 
Ірына Глінская
Намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі
У нас могуць рэгістравацца завазныя або адзінкавыя выпадкі інфекцыі, звязаныя з завазнымі. Але такога распаўсюджвання, як мы зараз бачым у суседніх краінах, не будзе. Сітуацыя з адзёрам паказала, з аднаго боку, што наша абароненасць насельніцтва даволі высокая, з другога – яна прадэманстравала, што сярод нас ёсць няхай і невялікая колькасць тых людзей, якія не абароненыя ад адзёру.
Іна Карабан
Намеснік начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя
У нас на працягу доўгага часу падтрымліваюцца аптымальныя ахопы прафілактычным прышчэпкамі – 97% сярод дзяцей і 95% сярод дарослых. Гэта дазваляе забяспечыць папярэджанне масавага распаўсюджвання ўзбуджальнікаў інфекцыйных захворванняў у выпадку іх увозу на нашу тэрыторыю. Наглядна гэта можна было пабачыць на працягу апошняга года, калі былі завезеныя выпадкі адзёру. Разам з тым, шырокага распаўсюджвання ў нашай краіне захворванне не атрымала.

Дарэчы, зараз паліклінікі краіны атрымліваюць монавакцыны супраць адзёру. Таму ўсе, хто не ведае пра свой прышчэпачны статусе, не былі прышчэпленыя супраць адзёру або былі вакцынаваныя толькі адзін раз, альбо маюць слабы імунітэт супраць інфекцыі, могуць звярнуцца ва ўстанову аховы здароўя і зрабіць прышчэпку.

У першую чаргу гэта тычыцца людзей ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў, а таксама тых, хто збіраецца выехаць на адпачынак за мяжу – у краіны, у якіх склалася неспрыяльная па адзёру эпідэміялагічная сітуацыя.

 
Ірына Глінская
Намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі
Для таго, каб адпачынак скончыўся толькі прыемнымі ўражаннямі, лепш загадзя звярнуцца да ўрача, удакладніць свой прышчэпачны статус і атрымаць рэкамендацыі, ці варта рабіць прышчэпку супраць адзёру, ці не.

Абаронімся разам: вакцыны дзейнічаюць!

Такі дэвіз Еўрапейскага тыдня імунізацыі, які пройдзе з 24 па 30 красавіка. Нагадаем, што кампанія гэтага года прысвечаная «героям вакцынацыі» – урачам, якія займаюцца вакцынацыяй, мамам і татам, якія робяць свой выбар на карысць прышчэпак. Усім, хто неабыякавы да праблемы імунізацыі, бо дзякуючы ёй атрымліваецца прадухіліць распаўсюджванне небяспечных інфекцый, якія могуць скончыцца смяротным зыходам.

 
Вячаслаў Гранькоў
Каардынатар праграм СААЗ па інфекцыйных захворваннях
Вакцынацыя дазваляе прадухіліць 2-3 млн.выпадкаў смерці ў год. Разам з тым, штодня ад адзёру памірае каля 450 чалавек. Штогод ускладненні, выкліканыя сезонным грыпам, робяцца прычынай смерці ад 300 да 650 тыс.чалавек.
Іна Карабан
Намеснік начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя
Нягледзячы на поспехі ў працы па дасягненню мэтаў па ліквідацыі хвароб, у апошнія некалькі гадоў у свеце адбываюцца ўспышкі розных захворванняў. Гэта і ўспышкі адзёру, а ў некаторых краінах адзначаны рост захворвання на дыфтэрыю ды іншыя інфекцыйныя хваробы, якія можна папярэдзіць з дапамогай вакцынацыі. Гэтаму спрыяе вялікая колькасць дзяцей, не ахопленых прышчэпкамі, у тым ліку з прычыны адмовы іх бацькоў ад вакцынацыі.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 21

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».
Глядзіце таксама