17.06.2020
17.06.2020

Эксперты падзяліліся сакрэтамі актыўнага даўгалецця

logo
Здароўе дарослых
0 22
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У Беларусі сярэдняя працягласць жыцця складае 74 з паловай гады, да 2030-га плануецца выйсці на 80 гадоў (гэта прадугледжана Нацыянальнай стратэгіяй «Годнае даўгалецце – 2030»). Што ж плануецца зрабіць, каб павялічыць працягласць жыцця беларусаў і дапамагчы ім заставацца актыўнымі нават у састарэлым узросце?

Гэта не толькі ўкараненне новых тэхналогій для захавання здароўя, прыцягненне сталых да заняткаў фізкультурай і спортам, адкрыццё школ актыўнага даўгалецця, але і фарміраванне адказных адносінаў да свайго ладу жыцця.

Старэнне тычыцца кожнага з нас. Гэта непазбежна. Але нават калі ты малады душой, трэба падтрымліваць фізічны, псіхічны і сацыяльны дабрабыт, каб як мага даўжэй заставацца здаровым і незалежным, упэўненыя спецыялісты.

Пра тое, як дадаць гады жыцця, чаму да старасці трэба рыхтавацца і з якімі праблемамі сутыкаюцца сталыя людзі, разважалі кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця), галоўны пазаштатны спецыяліст па геранталогіі Міністэрства аховы здароўя Людміла Жылевіч і дырэктар Цэнтра актыўнага даўгалецця Алена Дзямідава.

Курс на актыўнае даўгалецце

Курс на актыўнае даўгалецце

На думку Людмілы Жылевіч, аснова даўгалецця – той лад жыцця, які вядзе чалавек. Калі ён курыць, злоўжывае алкаголем, у яго лішняя вага і нізкая фізічная актыўнасць, з часам гэта заканамерна прывядзе да развіцця захворванняў, многія з якіх «забіраюць» нават не гады, а дзесяцігоддзі жыцця.

У прыклад эксперт прывяла дадзеныя, якія былі атрыманыя падчас маштабнага STEPS-даследавання распаўсюджанасці фактараў рызыкі развіцця неінфекцыйных захворванняў (яно прайшло ў Беларусі ў 2016-2017 гг.). Яго вынікі сведчаць, што ў многіх беларусаў прысутнічае адначасова некалькі фактараў рызыкі. Большасць з іх напрамую звязаныя з развіццём сардэчна-сасудзiстых захворванняў, а на іх долю прыпадае больш за 60% выпадкаў смерці сярод насельніцтва, адзначыла Людміла Жылевіч.

 
Людміла Жылевіч
Кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця), галоўны пазаштатны спецыяліст па геранталогіі Міністэрства аховы здароўя
Ёсць дакладна пазначаныя фактары рызыкі, якія ўплываюць на развіццё хваробаў сістэмы кровазвароту: курэнне, залішняе спажыванне солі, гіпадынамія, атлусценне і стрэс. Асабліва схільныя да гэтых фактараў мужчыны ва ўзросце, старэйшым за 30 гадоў.

Дарэчы, смяротнасць мужчынскага насельніцтва, у прыватнасці, пасля 45 гадоў, – адна з «болевых» кропак, бо менавіта пачынаючы з гэтага ўзросту фіксуецца значны рост колькасці выпадкаў смерці сярод мужчын. Ужо на адзнацы 65 гадоў мы губляем практычна 40% сталага насельніцтва мужчын. Няроўнасць працягласці жыцця мужчын і жанчын складае 10 гадоў.

Прычыны ўсё тыя ж: гіпадынамія, схільнасць да ўжывання залішняй колькасці солі (пагаршае цячэнне артэрыяльнай гіпертэнзіі), злоўжыванне алкаголем, што таксама вядзе да парушэння працы органаў і сістэмаў.

Даўгалецце. Меней солі!

Значную долю сярод прычынаў смерці насельніцтва займаюць так званыя знешнія прычыны: траўмы і атручэнні. Іх яшчэ называюць паводзіннымі, і на іх чалавек здольны паўплываць.

 
Людміла Жылевіч
Кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця), галоўны пазаштатны спецыяліст па геранталогіі Міністэрства аховы здароўя
Калі мы праводзілі адно са сваіх даследаванняў, дык чакалі, што паводніцкія фактары рызыкі будуць назапашвацца з узростам. Аказалася, што яны распаўсюджаныя якраз у працаздольным узросце, калі ў чалавека яшчэ няма імкнення да здароўя і здаецца, што ўсё яшчэ далёка наперадзе. Калі ж прыходзіць разуменне, што трэба штосьці мяняць, назапашаны груз праблемаў часцяком не дае падоўжыць даўгалецце і быць яму актыўным.

Актыўная жыццёвая пазіцыя і стасункі

Даўгалецце. Як змяніць лад жыцця, каб пражыць шмат гадоў

На працягласць жыцця значны ўплыў аказваюць і псіхалагічныя моманты. Шмат хто ў сталым веку застаецца адзінокім. Разам з тым, менавіта адзінота можа стаць каталізатарам хваробаў, прагрэсавання паталагічнага старэння, а ў некаторых выпадках прывесці да заўчаснай смерці.

 
Людміла Жылевіч
Кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця), галоўны пазаштатны спецыяліст па геранталогіі Міністэрства аховы здароўя
У апошні час спецыялісты ўсё больш увагі надаюць такой праблеме, як адзінота сталых людзей. Распрацоўваюцца сацыяльныя праграмы, з'явілася цэлая кагорта псіхолагаў і псіхатэрапеўтаў, праца якіх накіраваная на сацыялізацыю сталых, уцягванне іх у камунікацыю, што зніжае градус адзіноты.

Людміла Жылевіч распавяла, што на базе Рэспубліканскага клінічнага шпіталя інвалідаў ВАВ імя П.Машэрава адкрыта ініцыятыва «Банк вольнага часу» (https://giv.by/banksvremeni).

Кожны жадаючы можа прыйсці і прыняць у ёй удзел. Напрыклад, навучыць сталых камп'ютарнай грамаце, прагуляцца з імі ў парку, проста пагутарыць або згуляць у шахматы. Што гэта дае? Камунікацыю, сацыялізацыю, сталыя людзі перастаюць адчуваць сябе адзінокімі, у іх з'яўляюцца новыя інтарэсы, навыкі і веды. Усё тое, што дае стымул жыць далей, упэўненая спецыяліст.

Знайсці сябе ў новым фармаце

Адна з задачаў мінскага Цэнтра актыўнага даўгалецця, які ўзначальвае Алена Дзямідава, – падтрымка людзей старэйшых узростаў. Напрыклад, тут рэгулярна арганізуюць курсы па сацыяльным прадпрымальніцтве для людзей на пенсіі, каб яны маглі адкрыць сваю справу ці рэалізаваць сябе ў новай прафесіі. Усе адукацыйныя накірункі распрацоўваюцца з улікам патрэбаў сучаснага рынку працы.

Алена Дзямідава, дырэктар Цэнтра актыўнага даўгалецця:

– Наша арганізацыя задумвалася менавіта для таго, каб дапамагчы перажыць перыяд выхаду на пенсію. Для таго, каб гэты працэс праходзіў менш балюча і чалавек не губляў, а наадварот, павялічваў свае сацыяльныя кантакты, знаходзіў свае новыя кампетэнцыі і навыкі. Зараз наш цэнтр наведвае каля 300 чалавек, усе актыўныя і энергічныя. Усіх аб'ядноўвае жаданне атрымліваць новыя веды, навыкі і кампетэнцыі, каб падоўжыць сваё эканамічнае даўгалецце, працоўную дзейнасць, а для кагосьці – жаданне пачаць новую кар'еру.

Ёсць у цэнтры і новыя сучасныя праграмы і накірункі. Напрыклад, блогерства для людзей на пенсіі, вядзенне свайго профілю ў сацыяльных сетках, курсы фатаграфіі, курс навучання фоташопу. Як паказала практыка, лічбавая граматнасць – папулярны накірунак. Сталыя людзі хаця і актыўна карыстаюцца інтэрнетам, але не заўсёды могуць з лёгкасцю арыентавацца ў анлайн-прасторы.

Алена Дзямідава, дырэктар Цэнтра актыўнага даўгалецця:

– Нашыя наведвальнікі пацвярджаюць, што асноўную масу інфармацыі, у тым ліку і па актыўным даўгалецці, яны шукаюць у інтэрнэце. І мы сутыкнуліся з праблемай, як забяспечыць ім карысны і здаровы кантэнт, бо публікуецца шмат супярэчлівай інфармацыі. Так з'явілася ідэя арганізаваць курсы па інфармацыйнай бяспецы. Бо, з аднаго боку, мы дапамагаем нашым пенсіянерам пагрузіцца ў анлайн-прастору, з другога – іх трэба навучыць аберагаць сябе ад таго ж махлярства або інфармацыі, якая не заўсёды кампетэнтная.

Дарэчы, у Беларусі пражываюць 43 тысячы 980 чалавек ва ўзросце, старэйшым за 90 гадоў. Тых, хто перасягнуў 100-гадовую мяжу, – 428. А больш за ўсё доўгажыхароў у Віцебскай вобласці.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 22

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».