29.05.2020
29.05.2020

Эндакрынолагі кансультуюць пацыентаў па тэлефоне

logo
Навiны
0 24
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Асаблівае значэнне ў перыяд пандэміі COVID-19 мае лячэнне хранічных захворванняў, у прыватнасці – цукровага дыябету. Як атрымаць дапамогу, калі наведванне медустановы лепей адкласці? Распавяла галоўны ўрач Гарадскога эндакрыналагічнага дыспансера г.Мінска, галоўны пазаштатны эндакрынолаг камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Алена Юрэня.

Дыспансер на сувязі

У цяперашняй сітуацыі дыспансер рэкамендуе пацыентам, асабліва сталым, цяжарным, перанесці наведванне альбо пракансультавацца па тэлефоне.

Загадчыкі эндакрыналагічных аддзяленняў дыспансера штодня праводзяць прамыя тэлефонныя лініі – па дзве гадзіны ў першую і другую змены. Пацыенты могуць даведацца пра вынікі аналізаў, задаць пытанні пра лячэнне, у прыватнасці – пра карэкцыю інсулінатэрапіі, прыём гарманальных прэпаратаў.

Графік правядзення прамых тэлефонных ліній

Няцотныя дні – 8:30-10:30, цотныя дні – 17:00-19:00 – загадчыца эндакрыналагічнага аддзялення №1 Святлана Чаранкевіч – 354-74-07.

Няцотныя дні – 17:00-19:00, цотныя дні – 8:30-10:30 – загадчыца эндакрыналагічнага аддзялення №2 Жанна Кірыленка – 355-74-06.

Графік можна ўдакладніць на галоўнай старонцы сайта ўстановы.

Таксама на сайце дыспансера ў раздзеле «Звароты» для пацыентаў арганізаваная рубрыка «Пытанне-адказ».

Лекавае забеспячэнне (за поўны кошт) пацыентаў з хранічнымі захворваннямі вырашаецца з дапамогай электроннага рэцэпту. Урач выпісвае прэпараты, узгадніўшы дадзенае пытанне па тэлефоне. Электронны рэцэпт перадаецца ў аптэчную сетку без дублявання папяровага варыянту.

Эндакрынолагі. Завочная кансультацыя. Электронны рэцэпт.

А калі ў пацыента няма электроннай карты? У такім выпадку яна афармляецца ў паліклініцы і дастаўляецца на дом сярэднім медработнікам альбо валанцёрам Чырвонага Крыжа ці БРСМ.

– Шырокае ўкараненне электроннага рэцэпту стрымлівала неабходнасць завяраць яго электронным лічбавым подпісам (ЭЛП) урача, – адзначае Алена Юрэня. – На час неспрыяльнай эпідабстаноўкі Міністэрства аховы здароўя дазволіла выпісваць рэцэпты на прэпараты за поўны кошт без ЭЛП (на тэрмін да 6 месяцаў).

Ільготныя рэцэпты на прэпараты, якія зніжаюць цукар, у таблетках, і інсуліны людзям, старэйшым за 60 гадоў, выпісваюць дома.

– Нашыя дыспансерныя пацыенты на сайце ўстановы праз рубрыку «Пытанне-адказ» могуць аформіць заяўку на выпіску як ільготных рэцэптаў, так і за поўны кошт. Рэцэпт можа забраць давераная асоба, прад'явіўшы дакумент, які сведчыць асобу заяўніка, – удакладняе Алена Васільеўна.

На сайце ў раздзеле «Адмена запісу на прыём» можна адмяніць кансультацыю, УГД-даследаванне, лабараторныя аналізы. Атрымаўшы такую заяўку, медрэгістратар стэлефаноўваецца з пацыентам і пераносіць наведванне на іншы час.

Эндакрынолагі. Завочная кансультацыя. Медрэгістратар тэлефануе наведвальніку.

– У рэспубліканскія цэнтры зараз накіроўваем толькі людзей са злаякаснымі новаўтварэннямі для планавых аперацый. Экстранных пацыентаў з цукровым дыябетам шпіталізуюць у «чыстае» эндакрыналагічнае аддзяленне на базе 1-й ГКБ г.Мінска, – тлумачыць Алена Юрэня.

У дыспансеры прыпынілі працу амбулаторных школ цукровага дыябету, але лекцыі размяшчаюць на сваім сайце http://www.endominsk.by/part/shkola-diabeta.

Фота эксперта – Віталь Гіль.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 24

Журналіст газеты «Медыцынскі веснік»