20.10.2020
20.10.2020

Энурэз у дзяцей як следства псіхатраўмы

logo
Здароўе дзяцей
0 20
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Энурэз у дзяцей не заўсёды абумоўлены арганічнымі прычынамі. Часта гэта рэакцыя дзіцяці на псіхатраўмуючую сітуацыю. Самыя распаўсюджаныя з іх: моцны спалох, канфлікты ў сям'і ці ў дзіцячым садзе/школе, «таталітарнае» выхаванне, нараджэнне брата альбо сястры, алкагалізм бацькоў. Псіхолаг вышэйшай катэгорыі, гештальт-тэрапеўт Наталля Жывалкоўская патлумачыла, чаму дзеці так рэагуюць, і дала базавыя парады бацькам.

Наталля Жывалкоўская

Чаму дзіця пісаецца ноччу

– Энурэз – гэта «творчая» адаптацыя дзіцяці да сітуацыі, якая выклікае моцнае напружанне. Калі не хапае ўнутраных рэсурсаў для перажывання стрэсу, калі даводзіцца стрымліваць свае эмоцыі, бо няма падтрымкі ў блізкім акружэнні, дзіця скідае напружанне праз цела – нетрыманнем мачы, – тлумачыць Наталля Жывалкоўская. – Таму дарослым важна зразумець: што ж дзіця хоча сказаць гэтым сімптомам. І, зыходзячы з гэтага, прадумваць дапамогу.

Правільная рэакцыя на энурэз: «Такое бывае – трэба час, пройдзе».

Няправільная: сарамаціць – «такі вялікі, а надзьмуў у ложак»; жахацца і абмяркоўваць гэта з сяброўкамі і сваякамі як катастрофу ў прысутнасці дзяцей; крычаць, лаяцца і караць іх за гэта.

– Некаторыя бацькі заяўляюць на прыёме, што дзеці «робяць гэта спецыяльна, маўляў, так яны пратэстуюць». Так, гэта часта пратэст, але не спецыяльна, а таму, што ў дзяцей ёсць унутраны дыскамфорт, які яны не могуць выказаць па-іншаму, – падкрэслівае псіхолаг.

У гэтым пытанні бацькам важна разумець, што часта стан дзіцяці – гэта адлюстраванне рэакцый значных дарослых на сітуацыю. Чым меней бацькі ўсведамляюць свае рэакцыі, тым яны больш таксічныя для дзіцяці, і тым больш шанцаў, што ў дзяцей з'явяцца неўратычныя сімптомы.

– Да прыкладу, сітуацыя разводу бацькоў. Безумоўна, гэта траўматычная падзея, але не заканчэнне жыцця. Калі бацькі не пачынаюць абвінавачваць адзін аднаго, не ўпадаюць у дэпрэсію, а знаходзяць нармальныя спосабы ўрэгуляваць праблему, дык і неўратычныя рэакцыі дзяцей будуць не такімі выяўленымі. Таму першая базавая парада дарослым – старайцеся даць рады ўласным рэакцыям на падзеі і іх трансляцыі дзіцяці. Другая – не засцерагайце празмерна дзяцей ад праблемаў, не замоўчвайце іх. Інакш дзеці апынуцца ў інфармацыйным і эмацыянальным вакууме, гэта значыць, у адзіноце з іх цяжкімі перажываннямі. Трэба спрабаваць размаўляць з дзецьмі і тлумачыць ім, што адбываецца, на зразумелай ім мове.

Дзіцячы энурэз. Калі прычына – развод бацькоў.

Што рабіць у сітуацыі спалоху

Моцны спалох можа справакаваць энурэз і іншыя неўратычныя сімптомы. Да псіхолагаў і псіхатэрапеўтаў сёння назіраецца наплыў зваротаў сем'яў з гэтай праблемай: дзеці зрабіліся сведкамі гвалту на вуліцах нашай краіны, бачаць вялікую колькасць вайскоўцаў у «страшнай» форме, адчуваюць кожны дзень трывожнасць бацькоў. І рэагуюць нечаканым чынам.

– Сёння мы адзначаем, што дзеці пачалі гуляць у гульні, якія адлюстроўваюць сюжэты вайны: малююць людзей у форме і пратэстуючых. Бацькам не трэба гэтага баяцца і забараняць. Наадварот, таксама пагуляйце з дзецьмі ў такую гульню. Гэта іх спосаб справіцца з траўмай. Гульні, дзе дабро перамагае зло, даюць адчуць ім сілу, што важна для псіхікі, – раіць Наталля Жывалкоўская.

Важна, каб напружанне, выкліканае страхамі, не замарожвалася ў целе, а выяўлялася ў якім-небудзь дзеянні, падкрэслівае спецыяліст:

– Адной дзяўчынцы, да прыкладу, спраўляцца са страхамі дапамагала развучванне і выкананне ў сям'і песень пра смеласць, мужнасць і сілу. Яшчэ адзін эфектыўны спосаб – маляванне. Псіхолагі ў такіх сітуацыях прапануюць дзецям маляваць карціны абстрактнага характару, напрыклад, адлюстраваць перамогу дабра над злом. Гэта дапамагае зазямліць дзіця і даць яму магчымасць адрэагаваць унутраныя перажыванні і пачуцці (трывогу, злосць, агрэсію).

Дзіцячы энурэз. Намаляваць свае перажыванні.

Бацькам можна сумесна з дзецьмі будаваць домікі з падушак, кубікаў, ствараючы такім чынам метафарычнае бяспечнае месца.

У цэлым у такія перыяды дарослым і дзецям трэба больш часу праводзіць у сумеснасці (прагулкі, гульні, хобі). Калі сям'я веруючая, можна разам памаліцца. Гэта значыць, трэба знаходзіць і выкарыстоўваць тое, што раней дапамагала быць спакойнымі і ўстойлівымі, наколькі гэта магчыма ў актуальнай сітуацыі.

Таксама дарослым важна памятаць пра аднаўленне ўласных унутраных рэсурсаў. Мы не можам ні пра каго паклапаціцца, калі самі пастаянна знаходзімся ў стане трывогі і нявызначанасці.

Ці браць маленькіх дзяцей на пратэстныя акцыі?

– Я б не раіла, – кажа Наталля Жывалкоўская. – Адна справа, калі дзеці бачаць гэта апасродкавана, праз рэакцыі бацькоў, іншая – на свае вочы. Любы гвалт спараджае страх і жах. І гэта той страх, з якім маленькі чалавек пакуль яшчэ не можа справіцца.

Як не задушыць дзіця кантролем

Дзіцячы энурэз. Калі прычына – татальны бацькоўскі кантроль.

Яшчэ адна частая прычына энурэзу ў дзяцей – дыктат бацькоў, якія пастаянна спрабуюць трымаць пад кантролем сваё дзіця.

– Такія бацькі часта маюць прыкметы нарцысычных асобаў. У сілу перфекцыянізму яны імкнуцца да ідэалу ў сваім жыцці і жыцці сваіх дзяцей: у школе павінны быць толькі высокія адзнакі, калі штосьці робяць, дык усё павінна быць вельмі акуратна і г.д. Моцны кантроль прыводзіць да таго, што дзіця не разумее, чаго хоча само, бо за яго ўсё вырашылі бацькі. Тата – кім ён будзе, мама – з кім яму сябраваць, якую вопратку насіць. На прыёмах такія дзеці часта на ўсе пытанні адказваюць: «не ведаю».

«Таталітарны» рэжым сям'і душыць дзяцей, і іх цела «выплюхвае» гэты ціск (толькі ноччу дзіця можа расслабіцца).

Бацькам важна ўсведамляць каштоўнасці выхавання. Чаго яны хочуць: выхаваць творчую, актыўную, вольную асобу альбо паслухмянага чалавека, чыё падпарадкаванне заснаванае толькі на страху і пачуцці віны? Дзе ёсць гвалт, прымус, там няма развіцця – ні інтэлектуальных здольнасцяў, ні эмацыянальнай сферы.

Дзіцячы энурэз. Бацькі не павінны ўвесь час кантраляваць дзіця.

І тут галоўная парада – даваць больш свабоды выбару дзецям: якія чаравічкі абуць на вуліцу, якія гурткі наведваць ды інш.

Як дапамагчы першынцу пры нараджэнні браціка ці сястрычкі

Нярэдка энурэз у дзіцяці звязаны з нараджэннем сіблінга – брата ці сястры. Такім чынам ён хоча вярнуць увагу дарослых.

– Нараджэнне сіблінга заўсёды робіцца для першынца стрэсам, асабліва ва ўзросце ад 3 да 5 гадоў, – тлумачыць эксперт. – Пры дэфіцыце адчувальнасці, уважлівасці да перажыванняў дзіцяці з боку значных дарослых падобны рэгрэс да дзіцячай стадыі дэманструе неўсвядомленае імкненне вярнуць страчаныя прывілеі немаўляці, увагу і любоў бацькоў. Мы рэкамендуем у гэты час не нагадваць малышу, што ён ужо вялікі, не патрабаваць ад яго адпаведных паводзінаў. Пры чулых адносінах бацькоў эмацыянальны стан дзіцяці паступова прыйдзе ў норму, калі ён прывыкне да браціка альбо сястрычкі і сваёй новай ролі.

Алкагалізм бацькоў

Энурэз можа быць у дзяцей, чые бацькі пакутуюць ад залежнасцяў, у прыватнасці, алкагалізму.

Дзіцячы энурэз. Калі прычына – алкагалізм бацькоў.

– Гэта можа быць звязана з унутраным пачуццём сораму і ўстаноўкамі сям'і хаваць такія факты, – тлумачыць псіхолаг. – Да прыкладу, дзяўчынка ўбачыла свайго п'янага бацьку, які валяецца на вуліцы, яе перапаўняюць вельмі разнастайныя пачуцці: сорам, страх, жаль, любоў да бацькі і ў той жа час злосць на яго. Але яна не можа імі падзяліцца, бо мама забараніла ёй казаць пра тое, што тата п'е. Немагчымасць атрымліваць падтрымку і падзяляць перажыванні з кімсьці – вельмі траўматычна. Таму дарослым трэба абмяркоўваць з дзецьмі нават такія балючыя тэмы, падзяляць іх пачуцці і эмоцыі.

Калі прычына – у чужых людзях

Часта энурэз у дзяцей з'яўляецца ў перыяд, калі яны ідуць у дзіцячы сад ці школу. Калі прычына – канфлікт з настаўнікам/выхавальнікам, дык трэба падключаць іх да псіхатэрапеўтычнай працы з дзіцем. Гэта нармальны падыход, псіхолагі часта бяруць на сябе кантакт з іншымі асобамі, калі ў бацькоў не атрымліваецца зрабіць гэта самастойна. І гэта дапамагае, падкрэслівае эксперт.

Карысныя практыкаванні

Для карэкцыі нетрымання мачы ў дзяцей псіхолаг рэкамендуе рабіць практыкаванні на расслабленне цела і трэніроўку мачавога пузыра.

Дзіцячы энурэз. Карысныя практыкаванні.

  • Напрыклад, можна папрасіць дзіця паказаць свечку, якая тае, альбо сабачку, які выходзіць з вады і абтрасаецца. Гэта дае магчымасць дзецям расслабіцца, зняць цялеснае напружанне.
  • Для трэніроўкі сфінктара мачавога пузыра можна прасіць дзіця ў прыбіральні не мачыцца адразу, а пачакаць пэўны час, альбо мачыцца перарывіста. Гэта дае дзецям разуменне, што працэс можна кантраляваць.
  • Адзначаць разам з дзіцем у календары «сухія» дні (маляваць сонейка, смайлік), хваліць і заахвочваць невялікімі прыемнымі «ўзнагародамі» спачатку нават за маленькія дасягненні.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 20

Журналіст і медыятар. У журналістыцы каля 20 гадоў. Асноўная цікавасць – сацыяльныя праблемы. Скончыла журфак БДУ. Да партала «Здаровыя людзі» і газеты «Медыцынскі веснік» працавала ў рэдакцыі «Аргументы і факты» ў Беларусі, штотыднёвіках «СССР: постфактум», «Маскоўскі камсамолец ў Беларусі», нацыянальнай грамадска-асветніцкай газеце «Культура», інтэрнэт-выданні Оpen.by. Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў. Матэрыялы Ганны выдзяляюцца выразнай структурай, глыбінёй раскрыцця тэмы і сваёй аналітычнасцю. Хобі: літаратура, напісанне дзіцячых кніг. Аўтар праектаў: ТэДДзі (Трыбуна для дзяцей) – нацыянальная пляцоўка для выказвання меркаванняў і пазіцый дзяцей па хвалюючых праблемах (сумесны праект штотыднёвіка «Аргументы і факты» ў Беларусі, РГА «Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА», Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН у Рэспубліцы Беларусь (ЮНІСЕФ) . «Урачы – таксама людзі» (24health.by), «Хатні догляд цяжкахворых» (сумесна з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа) (24health.by), «Урачэбныя анлайн-канферэнцыі» (24health.by сумесна з tut.by).