28.04.2020
28.04.2020

Эпідэміёлаг Рыгор Чысценка: «Ёсць надзея, што спад пандэміі будзе ў маі»

logo
Навiны
0 117
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Чым гэтая пандэмія адрозніваецца ад папярэдніх успышак каранавірусных інфекцый? Як арганізаваная сістэма эпідэміялагічнага кантролю ў нашай краіне? Якія паказчыкі сведчаць пра тое, што да мая можа наступіць доўгачаканы пералом і захваральнасць пачне зніжацца?

На пытанні чытачоў і журналіста «Слушна» адказаў Рыгор Мікалаевіч Чысценка, загадчык кафедры эпідэміялогіі БДМУ, доктар мед.навук, прафесар.

чистенко

У чым унікальнасць пандэміі

 – Ці адрозніваецца цяперашняя пандэмія ад эпідэмій каранавірусаў SARS-CoV, узбуджальніка атыповай пнеўманіі ў 2002 г., MERS-CoV, узбуджальніка блізкаўсходняга рэспіраторнага сіндрому ў 2015 г. і свінога грыпу ў 2009 г.?

– SARS-CoV і MERS-CoV перакінуліся ў свет чалавека са свету жывёлаў, таму гэтыя інфекцыі называюцца заанознымі. Пры эпідэміях SARS-CoV і MERS-CoV заражэнне людзей адбывалася ў асноўным ад жывёлаў. А далей людзі калі і заражалі адзін аднаго, дык толькі пры вельмі блізкім кантакце. Таму гэтыя інфекцыі не дасягнулі шырокіх маштабаў распаўсюджвання: ад узбуджальніка атыповай пнеўманіі ў свеце пацярпела каля 9 тысяч, ад узбуджальніка блізкаўсходняга рэспіраторнага сіндрому – 2,5 тысячы чалавек.

Гэты ж каранавірус цалкам страціў сувязь з жывёльным светам, набыў уласцівасць антрапанознага ўзбуджальніка і зрабіўся здольным распаўсюджвацца праз аэразольны механізм перадачы – самы актыўны і агрэсіўны.

Заанозныя інфекцыі не распаўсюджваюцца сярод людзей, бо іх узбуджальнікі не адаптаваныя да нашых органаў і тканак. А новы SARS-CoV-2 адаптаваўся да тканак нашага дыхальнага тракта. Бо людзі ніколі раней не сустракаліся з ім, няма ніякай імуннай праслойкі – і вірус распаўсюджваецца ў натуральных умовах. Таму гэтая эпідэмія па сваіх маштабах у корані адрозніваецца ад папярэдніх.

Каранавірус. Пандэмія ў Беларусі.

Што тычыцца свінога грыпу, дык ён не быў выкліканы чыста заанознай інфекцыяй: H1N1 быў гібрыдам свінога і чалавечага вірусаў. Грып – гэта ўсё ж дзіцячая інфекцыя, дарослыя альбо прышчэпленыя, альбо перахварэлі. І хаця імунітэт захоўваецца да года, арганізм усё ж больш падрыхтаваны да абароны, і вакцынацыя адыгрывае сваю ролю. Таму колькасць памерлых у свеце тады была ўсяго 18,5 тысячы чалавек. Гэта тыя, у каго грып быў пазначаны як прычына смерці. Па ацэнкавых жа дадзеных, штогод ад сезоннага грыпу ў свеце памірае значна больш людзей, бо ў гэтыя перыяды ў цэлым павялічваецца смяротнасць ад розных захворванняў.

– Па дадзеных СААЗ, штогод ад грыпу рэгіструецца 3-5 млн выпадкаў цяжкай хваробы і 290-650 тысяч смерцяў. Чаму дадзеная пандэмія каранавіруса з яе лічбамі (3 млн заражаных і 208 тысяч памерлых на гэты момант) выклікала ў некаторых краінах такія беспрэцэдэнтныя меры як каранцін, такое шырокае асвятленне?

– Такая, відаць, інфармацыйная палітыка СМІ.

– Але гэта не толькі СМІ, урад многіх краінаў праводзіць штодзённыя брыфінгі са справаздачамі і лічбамі, кіраўнікі дзяржаў выступаюць з пасланнем да нацыі.

– Бо яны залежныя ад інфармацыйнага парадку дня. Безумоўна, пандэмія – сур'ёзная і новая праблема для свету. Але ўсё пазнаецца ў параўнанні. Сёння штодня ад дыярэйных інфекцый у свеце памірае 4 тысячы дзяцей, ад СНІДу штогод – каля 1 млн чалавек. Але пра гэта не кажуць штодня па тэлевізары і ў інтэрнэце.

Як працуе эпідэміялагічны нагляд

– Як уладкаваная сістэма эпіднагляду ў нашай краіне?

– Сістэма эпідэміялагічнага нагляду – гэта дынамічная ацэнка стану і тэндэнцый развіцця працэсу распаўсюджвання хваробаў сярод людзей, якая дазваляе санітарна-эпідэміялагічнай службе своечасова ўмешвацца ў ход эпідэмічнага працэсу, папярэджваць і зніжаць захваральнасць. Гэтая сістэма ўключае тры падсістэмы: інфармацыйную, дыягнастычную і кіраўніцкую.

На практыцы гэта працуе так: участковыя тэрапеўты і педыятры на кожны выпадак выяўленага захворвання запаўняюць карту экстранага паведамлення, і гэтая інфармацыя ідзе ў раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. У гэтых цэнтрах на ўсіх узроўнях яна аналізуецца, і ў выніку вызначаюцца фактары, групы, тэрыторыі рызыкі ды інш. З улікам гэтай аналітычнай інфармацыі прымаюцца кіраўніцкія рашэнні па правядзенні прафілактычных мерапрыемстваў.

У гэтай сістэме задзейнічана шмат людзей і створана цэлая інфраструктура. У Беларусі, у адной з нешматлікіх постсавецкіх краінаў, захаваная санітарна-эпідэміялагічная служба – ядро сістэмы эпіднагляду.

– Якім чынам эпідэміёлагі ўдзельнічаюць у працэсе прыняцця рашэнняў?

– Наша функцыя – аналіз сітуацыі і выпрацоўка рэкамендацый для кіраўнікоў. Два супрацоўнікі нашай кафедры ўваходзяць у аператыўна-аналітычную групу ў складзе Міністэрства аховы здароўя. Яшчэ тры супрацоўнікі, у тым ліку і я, уваходзім у склад мабільных брыгад (інфекцыяніст, эпідэміёлаг і рэаніматолаг) у структуры па аператыўным рэагаванні. Калі дзесьці сітуацыя пагаршаецца, мабільныя брыгады выязджаюць для аказання кансультатыўнай дапамогі.

– Якія асноўныя меры рэагавання прапісаныя на выпадак пандэміі?

Каранавірус. Меры рэагавання.

– Формула прафілактыкі інфекцыйных хваробаў уключае тры складнікі: своечасовае выяўленне крыніцы інфекцыі (хворых); разрыў механізму перадачы, гэта значыць, уплыў на працэс, які злучае хворага і здаровага; вакцынацыя, або змяненне ўспрымальнасці.

У нашай краіне параўнальна нізкая захваральнасць, бо сістэма своечасова пачала працаваць па першым кірунку – на выяўленне хворых. Чым пазней выяўляецца крыніца, тым больш людзей яна інфіцыруе. На мой погляд, у Італіі так шмат тых, хто захварэў, бо не былі своечасова выяўленыя першыя выпадкі, не было эфектыўнай сістэмы эпіднагляду.

У гэтую пандэмію былі прынятыя і нестандартныя падыходы: кантроль у аэрапортах з цеплавізарамі, перапрафіляванне лячэбных устаноў, ізаляцыя і самаізаляцыя кантактаў першага ўзроўню. Я лічу, што гэта адэкватныя меры рэагавання.

У цэлым, у свеце ёсць дзве канцэпцыі па прафілактыцы міжнароднага распаўсюджвання хваробаў: санітарная ахова межаў, г.зн. закрыццё краіны, і санітарная ахова тэрыторыі – забеспячэнне гатоўнасці да своечасовага выяўлення выпадкаў заносных інфекцый і правядзення адэкватных супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў.

Каранавірус. Цеплавізары.

Раней практычна ўсе краіны згаджаліся з пазіцыяй СААЗ, што асноўны падыход – гэта ахова тэрыторыі. У гэтую пандэмію свет перакінуўся на санітарную ахову межаў, хаця міжнародны досвед кажа, што гэта неэфектыўна. Захворванне ў інкубацыйным перыядзе на межах выявіць немагчыма. Беларусь – адна з нешматлікіх краінаў, якая зараз рэалізуе канцэпцыю санітарнай аховы тэрыторыі, бо ў нас ёсць інфраструктура і кадры, якія рыхтуюцца ў нашых медыцынскіх ВНУ.

– Ці прадугледжаныя для такіх сітуацый запасы сродкаў абароны для медработнікаў і для насельніцтва? Чаму сёння гэтую праблему вырашае грамадства – людзі шыюць маскі, бізнэс закупляе сучасныя рэспіратары, ахоўныя касцюмы для ўрачоў? Як растлумачыць, што заразілася ўжо больш за 400 медыкаў?

– У медыцынскіх установах прадугледжаны пэўны запас сродкаў абароны. Пры папярэдніх эпідэміях яго хапала. Але сёння сітуацыя змянілася. Ніхто не думаў пра такое хуткае распаўсюджванне інфекцыі да студзеня і нават лютага. Думаю, пасля гэтай пандэміі будуць зробленыя высновы і перагледжаныя нарматывы па неабходных запасах.

Медыкі – заўсёды ў зоне рызыкі, на пярэднім краі. Несумненна, неабходна прааналізаваць, якія катэгорыі медработнікаў заражаліся часцей і чаму.

– Ці ўваходзіць у абавязковыя меры эпідэміялагічнага рэагавання своечасовае інфармаванне насельніцтва пра захворванне для аб'ектыўнай ацэнкі сітуацыі?

– На мой погляд, інфармацыя павінна прыносіць карысць. Безумоўна, распавядаць трэба, каб не было дадумвання. Але інфармацыя павінна быць узважанай. У гэтым плане перыядычныя анлайн-брыфінгі, дзе на пытанні адказваюць спецыялісты, – добры фармат.

– Ці ёсць дакладныя крытэрыі, калі неабходны жорсткі каранцін, а калі дастаткова мераў сацыяльнага дыстанцыявання?

Каранавірус. Сацыяльная дыстанцыя.

– Ацэнка – па сітуацыі. Паколькі яна ўнікальная, мы можам толькі адштурхоўвацца ад вопыту па кантролі грыпу і ВРІ. Згодна з ім, для 18 гарадоў на падставе дадзеных пра захваральнасць за папярэднія гады вызначаныя эпідэмічныя парогі. Калі новая захваральнасць на ВРІ перавышае гэтыя парогі, гэта падстава для больш жорсткіх мераў рэагавання.

Такі маніторынг вядзе РЦГЭіГЗ.

– У Швецыі адмовіліся ад каранціну. Там лічбы тых, хто захварэў, у разы вышэйшыя (18,8 тыс.), чым у Даніі (8,6 тыс.), Нарвегіі (7,5 тыс.). І смяротнасць таксама – ужо больш за 2000 чалавек. Ці не кажа гэта, што тактыка рэагавання правалілася? І можа праваліцца і ў нас?

– Параўноўваючы гэтыя лічбы, трэба глядзець і на колькасць насельніцтва. У Швецыі – 10 млн насельніцтва, у Даніі – 5,8 млн, у Нарвегіі – 5,4 млн. Атрымліваецца, паказчыкі супастаўныя. Але, параўноўваючы захваральнасць у розных краінах, заўсёды варта ўлічваць, што на яе ўплывае вельмі шмат фактараў: шчыльнасць насельніцтва, яго ўзроставы склад, арганізацыя меддапамогі і прафілактыкі, міграцыйныя працэсы і інш.

Вядома, любое раз'яднанне людзей разрывае механізм перадачы віруса. Таму ў нас і рэкамендуюць абмежаваць кантакты, асабліва старэйшым узроставым групам. На сёння гэтага цалкам дастаткова.

Па якіх законах развіваюцца пандэміі

Каранавірус. Развіццё пандэміі.

– Ці ёсць у эпідэмій і пандэмій законы развіцця?

– Усе эпідэміі і пандэміі заканчваюцца. Гэта закон. Калі перахварэе асноўная маса людзей, вірус пераходзіць у фазу рэзервацыі, бо ў імунных арганізмах яму не выжыць.

– Чаму тады на той жа грып, ВРВІ штогод хварэе так шмат людзей? Атрымліваецца, калектыўны імунітэт не ратуе ад паўторнага захворвання?

– Вірусу грыпу трэба выжыць. Гэта прывяло да таго, што ён штогод змяняе сваю антыгенную структуру, з якой наш выпрацаваны раней імунітэт не спраўляецца. Тыя ж вірусы, якія стабільныя і кансерватыўныя, пераможаныя за кошт вакцынацыі, як, напрыклад, воспа і адзёр.

Што будзе з SARS-CoV-2, пакуль складана сказаць. Высновы, што ён застанецца ў чалавечай папуляцыі, што будзе другая хваля захваральнасці, пакуль нічым не падмацаваныя, бо такой сітуацыі не было, а значыць, і няма навуковых напрацовак. Але будзем спадзявацца, што ён не будзе такім варыябельным, як вірус грыпу, і з'явяцца эфектыўныя вакцыны.

– На аснове чаго выбудоўваецца матэматычная мадэль з прагнозамі, колькі будзе хворых, калі будзе пік захворвання і спад пандэміі COVID-19? Якія прагнозы для нашай краіны?

– Існуе тры падыходы. Фармальна матэматычны падыход прагназуе захваральнасць на наступны перыяд, зыходзячы з таго, што прычыны, якія яе фарміруюць, не будуць істотна мяняцца. Метад распрацоўкі дэтэрмінаваных мадэляў прагназуе захваральнасць з улікам фактараў, якія на гэта ўплываюць. Метад экспертных ацэнак будуецца на высновах экспертаў. Сёння спрагназаваць развіццё эпідэміі можна, толькі абапіраючыся на папярэдні вопыт. У Кітаі, да прыкладу, справіліся за 2 месяцы. У іншых краінах будзе па-іншаму.

Каранавірус. Калі пандэмія пойдзе на спад.

Ёсць рэпрадуктыўны паказчык: сярэдняя колькасць заражэнняў ад аднаго хворага. Калі ён большы за адзінку, у сэнсе – заражаецца больш за аднаго чалавека, гэта характэрнае для ўздыму захворвання. Калі ён меншы за адзінку, значыць, пачынаецца спад. У Кітаі гэтая сувязь выразна прасочвалася. У свеце гэты паказчык некалькі тыдняў трымаўся на ўзроўні 2-3. А цяпер у адзін дзень ён крыху вышэйшы, у другі – ледзь ніжэйшы за адзінку. Магчыма, надыходзіць пералом. Беларусь тут крыху адстае, бо ўспышка пачалася пазней. Таму ў нас спад можа пачацца ў маі.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 117

Журналіст і медыятар. У журналістыцы каля 20 гадоў. Асноўная цікавасць – сацыяльныя праблемы. Скончыла журфак БДУ. Да партала «Здаровыя людзі» і газеты «Медыцынскі веснік» працавала ў рэдакцыі «Аргументы і факты» ў Беларусі, штотыднёвіках «СССР: постфактум», «Маскоўскі камсамолец ў Беларусі», нацыянальнай грамадска-асветніцкай газеце «Культура», інтэрнэт-выданні Оpen.by. Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў. Матэрыялы Ганны выдзяляюцца выразнай структурай, глыбінёй раскрыцця тэмы і сваёй аналітычнасцю. Хобі: літаратура, напісанне дзіцячых кніг. Аўтар праектаў: ТэДДзі (Трыбуна для дзяцей) – нацыянальная пляцоўка для выказвання меркаванняў і пазіцый дзяцей па хвалюючых праблемах (сумесны праект штотыднёвіка «Аргументы і факты» ў Беларусі, РГА «Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА», Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН у Рэспубліцы Беларусь (ЮНІСЕФ) . «Урачы – таксама людзі» (24health.by), «Хатні догляд цяжкахворых» (сумесна з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа) (24health.by), «Урачэбныя анлайн-канферэнцыі» (24health.by сумесна з tut.by).