22.10.2022
22.10.2022

Чым прывабліваюць дзіцячыя казкі Таццяны Сівец

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Я заўсёды раю: пабачылі добрую беларускую кнігу – абавязкова набывайце! Спецыфіка айчыннага кніжнага рынку такая, што пры досыць багатым асартыменце перавыданні здараюцца не так часта. Цешуся, калі сама выконваю свае парады – і пакрысе мая паліца багацее на цудоўныя выданні.

У свой час, напрыклад, не прапусціла цудоўную казку-размалёўку «Брык і Шуся шукаюць лета» Таццяны Сівец і мастачкі Аксаны Аракчэевай.

Брык і Шуся

«Звычайна твор нараджаецца на паперы — у кнізе, часопісе, а пасля яго экранізуюць або ставяць спектакль. Тут атрымалася наадварот — спачатку была п’еса.» – расказвае пісьменніца.

Кніга ж была выдадзеная ў той час, калі ТЮГ ужо ставіў спектакль «Брык і Шуся шукаюць лета» і збіраў паўнюткія залы.

«Ты ведаеш, знайсці сапраўднага сябра не проста. Дзе з ім можна сустрэцца? Ды дзе заўгодна! У дзіцячым садку, каля дома, у парку, у Тэатры юнага гледача… І нават на старонках кніжкі! Галоўнае, каб разам вам было весела і цікава. Давай пазнаёмімся з двума дзіўнымі істотамі – Брыкам і Шусяй, пагуляем з імі, памалюем і дапаможам сябрам адшукаць Краіну вечнага лета!

Брык і Шуся жывуць у гарадскім парку, а пасля спектакля «перасяляюцца» у кнігу. Юныя гледачы мелі магчымасць прадоўжыць  сяброўства з героямі, пабыць і чытачамі, і мастакамі. Выконваючы заданні з кнігі, яны разам з Брыкам і Шусяй нібы выпраўляліся ў падарожжа. Наўпрост ад іх уважлівасці, спрыту залежыла развіццё далейшых падзей.

Варона параіла ісці сябрам да Сонца. Ганарліўка Чорная котка і яе служка Пацук пачаў чыніць сябрам перашкоды. А Сабака дапамагаў, пераводзіў праз дарогу – а заадно расказваў правілы дарожнага руху і тлумачыў, як працуе святлафор! Пасля ў казцы з’яўляюцца Хлопчык і Дзяўчынка. «Ім так спадабаліся Брык і Шуся, што дзеці вырашылі забраць іх сабе. Але хіба можна гуляць з тымі, хто гэтага не хоча?»

Казка-размалёўка невялічкая, а колькі жыццёвых урокаў-падказак у ёй! Як і сам спектакль, кніга карысталася выключнай папулярнасцю. Вельмі цікавая супраца атрымалася ў аўтаркі і мастачкі, у тэатра і выдаўцоў!

Таццяна Сівец

Таццяну Сівец ведаюць як паэтку, журналіста, драматурга, перакладчыка, вядоўцу тэле- і радыёпраграм. З кнігі «Брык і Шуся шукаюць лета» пачалася шчаслівая гісторыя сяброўства пісьменніцы з дзецьмі.

«Куды прапала малпа Маня?» — другая выдадзеная дзіцячая кніжка Таццяны Сівец. Гэта дэтэктыўная гісторыя — працяг казкі пра Брыка і Шусю. Сябры ствараюць дэтэктыўнае агенцтва, і ім даводзіцца разгадваць, куды з Мінскага заапарка знікла малпа Маня. Але насамрэч справа не толькі ў гэтым. Паміж жыхарамі заапарка, ранейшымі сябрамі, зніклі давер і паразуменне… Гэтая кніга «для малодшага школьнага ўзросту», але ў пэўным сэнсе вельмі «дарослая». Найлепш бацькам чытаць яе з дзецьмі разам.

Куды прапала Малпа Маня

Яшчэ адна кніга Таццяны Сівец для дзяцей, вартая ўвагі — «Самы лепшы падарунак» – расказаная ад імя дзяўчынкі Танечкі.

«Калі Танечка была дарослай…

Не-не, я не памылілася, менавіта «была»! Танечка так і кажа ўсім, хто пагаджаецца яе слухаць: «Калі я была дарослай...» І распавядае чарговую гісторыю…

Вы б не здзіўляліся, калі б ведалі, як моцна Танечка марыць вырасці. Бо ўсім вядома, што дарослым можна ўсё! Амаль усё... Бо і ў іх знаходзяцца тыя, хто загадвае ўставаць ранкам, ісці на працу, набываць розныя рэчы... Шкада, што гэты Галоўны Дарослы не загадае бацькам Танечкі купіць ёй, да прыкладу, цукеркі ці марожанае.

А можа, ён і загадваў, але ж бацькі ў Танечкі такія занятыя, што заўжды пра ўсё забываюцца. Забыліся ж вось, што Танечка прасіла на дзень народзінаў Вялікую Ляльку, а не гэтую Энцы... цыкла... Эн-цы-кла-пе-дыю! Для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту!» – вось так незвычайна, з расказаўшы пра сябе «дарослую», пачынаецца кніга пра маленькую дзяўчынку Танечку.

Танечка

«Яна любіць сваіх бацькоў, ходзіць у дзіцячы садок, сябруе з Валем і Кацяй, а яшчэ — выдумляе незвычайныя гісторыі, якія дапамагаюць ёй убачыць самае важнае ў такім вялікім і няпростым жыцці, дзе дарослыя зусім нічога не разумеюць пра дзяцей, рыцараў не бывае, а ўзняцца ў паветра можна толькі на самалёце! Але Танечка ведае: калі моцна верыць, то мара абавязкова здзейсніцца (трэба толькі моцна-моцна верыць!)» – расказваецца ў анатацыі да кнігі.

Ад сябе застаецца дадаць, што кніга «Самы лепшы падарунак» — і сцежка ў Краіну Маленства для дарослых, і сябра дзецям, якія зараз па гэтай Краіне вандруюць.

«Пачала складаць казкі, гадуючы дачку». Разглядаем дзіцячыя кнігі Раісы Баравіковай

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Журналіст, пісьменніца, прыхільніца здаровага ладу жыцця