Дата публікацыі: 19.07.2019

Абноўлена: 19.07.2019

19.07.2019

Галодная і даступная. Што думаюць мужчыны пра жанчын з сайтаў знаёмстваў? (+відэа)

logo
Меркаваннi
6 099
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Паводле розных звестак, прыкладна каля траціны сучасных знаёмстваў пачынаюцца сёння ў сеціве. Пры гэтым значную іх частку складаюць стасункі праз сайты знаёмстваў. Узнікненне гэтай культуры пачалося ў 90-х, а сапраўдны бум распачаўся з 2014 года, калі праграму для знаёмстваў стала магчымым загружаць на смартфон. І калі раней анлайн-анкеты і старонкі праглядалі, у большасці сваёй, жанчыны, дык цяпер прастата і даступнасць сэрвісаў і разнастайнасць выбару прывялі туды мноства прадстаўнікоў моцнай паловы чалавецтва.

Што шукаюць на сайце знаёмстваў мужчыны? З якімі страхамі сутыкаюцца? Пра гэта разважаем у нашай пастаяннай рубрыцы «Пра што маўчаць мужчыны».

Адносіны як каштоўнасць. І пры чым тут шкарпэткі

Калі амерыканцу Фрэду споўнілася 96 гадоў, ён напісаў вершы, якія былі прысвечаныя жонцы Ларэйн, якая пайшла ўжо з жыцця. З ёй мужчына пражыў у шлюбе 75 гадоў. Вершы і гісторыю свайго кахання даўжынёю ў жыццё Фрэд накіраваў на конкурс аўтарскай песні, у якім не мог выйграць, бо не ведаў, як размясціцца ў сеціве. Ды і спяваць дзядуля не ўмеў. Але ліст пажылога джэнтльмена так крануў арганізатараў конкурсу, што песня ўсё ж з’явілася. Яе запісаў для Фрэда прафесійны спявак, а ён сам прысутнічаў на запісе і не мог схаваць хвалявання і слёз. За некалькі дзён гісторыя Фрэда стала хітом, а песня «Мілая Ларэйн» узначаліла хіт-парад iTunes. Гісторыя пра тое, як пажылы мужчына сумуе па жонцы, з якой пражыў больш за 7 дзесяцігоддзяў, узрушыла больш за мільён чалавек.

Чым мне падабаецца гісторыя Фрэда і Ларэйн, дык гэта тым, што яна сапраўдная. І, нягледзячы ні на што, светлая. Яна пра тое, як добра было б паўтарыць усе тыя выдатныя рэчы, якія дваім людзям наканавана было пражыць разам. «Я вельмі сумую па ёй» – сказаў напрыканцы відэа Фрэд. Падобна, што для сучасных людзей такія гісторыі становяцца падобным да цуду.

Не ведаю, чаму, але адносіны часам выклікаюць у мяне асацыяцыі са… шкарпэткамі. Калі раней шкарпэтка рвалася, яе цыравалі да апошняга. У сучасным свеце яе адразу ж выкінуць у сметніцу. У лепшым выпадку – некалькі дзясяткаў разоў памыюць, пакуль яна не згубіцца ў нетрах тых самых загадкавых месцаў, куды сыходзіць звычайна паміраць адзін з іх у пары. Тое ж адбываецца і з людзьмі ў адносінах. У працэса разнастайнасці і свабоды выбару – два бакі. З аднаго: цяпер мы не абавязаныя быць няшчаснымі і цярпець нялюбага чалавека побач. З іншага – любога з нас можна замяніць гэтак жа лёгка, як парваць шкарпэтку. Бо велізарная інтэрнэт-прастора стварае ілюзію бязмежнага выбару, дзе заўсёды ёсць хтосьці разумнейшы, прыгажэйшы, лепшы. А пазнаёміцца стала прасцей простага. І сайты знаёмстваў, і сеціва ў прынцыпе вельмі моцна нам у гэтым дапамагаюць. (Чаму ж у свеце так шмат адзінокіх людзей, нягледзячы на ўяўную лёгкасць працэсу, іншае пытанне).

Напэўна, таму такія гісторыі, як пра Фрэда і яго мілую Ларэйн, выклікаюць настолькі шчымлівае пачуццё. Тое пачуццё, калі людзі былі адзін для аднаго каштоўнасцямі.

Мужчынскія страхі на сайце знаёмстваў

Працэс знаёмстваў, вядома, спрасціўся, выбар стаў большым. Але вось чалавечыя страхі засталіся ранейшымі. І калі ўжо мы ўзялі сабе за мэту разабрацца, пра што маўчаць мужчыны, пагаворым пра апасенні моцнай паловы чалавецтва на сайтах знаёмстваў і ў віртуальнай прасторы наогул.

Страх 1. Жанчына лёгкадаступная для іншых.

Сучасных людзей у прынцыпе і мужчын у прыватнасці шмат вучаць таму, як жа граматна атрымаць любоў і «адціснуць» рэсурс па максімуму пры мінімальных выдатках. А вось кахаць самім аказваецца занадта небяспечна: «А раптам я ёй усё, а яна – нічога». Стасункі на сайце знаёмстваў прадугледжваюць, што жанчына можа імгненна быць захоплена некалькімі кандыдатамі. Як гэта для мужчыны?

 
Аляксандр Тыманюк
Магістр псіхалагічных навук, гештальт-тэрапеўт, супервізар Маскоўскага Гештальт Інстытута, старшыня праўлення заснавальнікаў АГА «Цвярозая Сіла» Брэста
Напэўна, такі момант пры стасунках на сайце знаёмстваў маецца на ўвазе. Толькі мужчына ў сеціве ніякі не заваёўнік. Ён – кнопканаціскальнік. Заваёўнік перажывае моцныя нягоды: і холад, і гарачыню, і не заўсёды перамогі. Яму страшна, ён сустракаецца з рэальнасцю. Ідзі на вуліцы пазнаёмся з такой колькасцю жанчын, з якімі ты маеш стасункі ў сеціве, і хаця б пагавары. Але гэта ж трэба выйсці з дому, парушыць зону камфорту, як цяпер модна казаць. Жах! Дзе твае інстынкты, хаця б самыя простыя, якія вядуць цябе на вуліцу? Няма. Чаму? Час вельмі добры: маса выбару, даступнасць. Ежы, забаў, хлеба, відовішчаў, сэксу... Нават калі глядзець па эксперыментах з жывёламі, выміранне пачынаецца ў момант дастатку. Самцы пачынаюць выраджацца, а з імі і самкі. Што тычыцца сайтаў знаёмстваў, народнае меркаванне: там даступныя жанчыны, галодныя. Не трэба прыкладаць намаганняў. Гэта сумна. Але мужыкі гэтым карыстаюцца. Добра, калі да сэксу дайшло, а ў апошні час часцей за ўсё ён і не патрэбны. Атрымаў пацверджанне сваёй значнасці і насыціўся. Для кагосьці важна проста: «Я ёсць». Камусьці, што «я прыгожы» ці «я паляўнічы». І, на жаль, гэта пераважвае простыя жывёльныя інстынкты. Калі гэта так, дык ўяўляеце, якой сілы там духоўная галеча.
 
Максім Пылёў
Практыкуючы псіхолаг, гештальт-тэрапеўт, групавы псіхатэрапеўт, праграмны кіраўнік рэабілітацыйнага цэнтра «Фенікс»
Інтэрнэт – больш лёгкі спосаб атрымаць тое, што мужчыны любяць: жанчын і сэкс. І для мяне гэта паход па шляху найменшага супраціўлення. Шмат у каго так і адбываецца: яны застаюцца ў гэтым віртуальным свеце і не выходзяць на рэальны кантакт. Зразумела, што для гэтага ёсць падстава: няўпэўненасць у самім сабе, прыніжаная самаацэнка. Гэта адна катэгорыя. З іншага боку, гэта лёгка і зручна. Не трэба выдумляць, куды схадзіць, дзе бавіць час. У сацсетках можна за дзень-два пагутарыць так, як быццам вы ўжо 2 месяцы разам правялі. Чаму так хутка ўсё адбываецца? Час успрымаецца ўжо па-іншаму.

Страх 2. Завышаныя запыты дам.

Усе, як адзін, мужчыны прызнаюцца ў тым, што адчуваюць сябе некамфортна, калі жанчына з першых жа фраз пачынае гаварыць пра сваё жаданне шлюбу і дзяцей, сур’ёзных адносінаў. Ці гатовыя да іх мужчыны? Так, можа быць, час пакажа, калі зоркі складуцца і г.д. Але ў першую чаргу ім важна адчуваць свабоду выбару. Яшчэ адна распаўсюджаная скарга: мужчына адчувае, як субяседніца інтэрв’юіруе яго і вышуквае недахопы, якія не супадаюць з яе вобразам ідэальнага прынца. Адсюль і мужчынская бравада: мне гэта не цікава наогул. Я так зайшоў, з цікаўнасці.

Страх 3. Негатыўны досвед.

Звязаны ён часцяком з тым, што чалавек у сеціве і ў жыцці можа быць цалкам розным. На фота жанчына выглядае ашаламляльна: удалае святло, ракурс, фоташоп, фільтры. А ў жыцці на сустрэчу прыходзіць хтосьці іншы. Часцяком такія нюансы тычацца і характару. Аматарка смайлікаў і балбатуха ў сеціве можа апынуцца маўклівей за рыбу, і наадварот. Насуперак стэрэатыпнаму меркаванню, асцерагаюцца не спадабацца і самі хлопцы: «А раптам на фота я не такі добры, як у жыцці, пастаўлю лепей сябе больш страшным. Калі абярэ – тады сапраўды спадабаўся». Развагі рэальнага чалавека.

 
Аляксандр Тыманюк
Магістр псіхалагічных навук, гештальт-тэрапеўт, супервізар Маскоўскага Гештальт Інстытута, старшыня праўлення заснавальнікаў АГА «Цвярозая Сіла» Брэста
Людзі, якія пасля такіх віртуальных сустрэчаў звяртаюцца па віртуальную дапамогу, прыходзяць часцей за ўсё пасля 1-2 кантактаў. Як правіла, чалавек аказваецца зусім іншым, перажываецца гэта вельмі балюча. Бо ілюзіі ў інтэрнэт-прасторы вялікія і віртуальныя. Але нішто так чалавека не забівае, як ўласная надзея.
 
Максім Пылёў
Практыкуючы псіхолаг, гештальт-тэрапеўт, групавы псіхатэрапеўт, праграмны кіраўнік рэабілітацыйнага цэнтра «Фенікс»
Напал эмоцый у сеціве можна атрымаць такі ж, а можа нават і большы. Бо калі сустракаеш рэальнага чалавека, ты бачыш прышчык на носе, валасок, які тырчыць, адчуваеш непрыемны пах, голас можа быць не такі, і ўсё, што заўгодна. А тут толькі фотаздымак, словы. Гэта поле для фантазій.

Сучасны спосаб знаёмства ці пастка для даверлівых?

Саша, усё ж ты лічыш, што на сайтах знаёмстваў знаходзяцца мужчыны, ну, скажам, не лепшай якасці?

Аляксандр Тыманюк: Вядома ж, не лепшай. Лепшыя самцы – на трэніроўках, у спартзалах… Яны ўсе на вуліцы, ходзяць, шпацыруюць, бізнэсам займаюцца.

Але сучасныя псіхолагі ва ўсім свеце ўсё ж такі прыходзяць да высновы, што сеціва – самы папулярны сродак для знаёмства ў сучасных людзей. Раней была трэнажорная зала, вуліца. А цяпер усе занятыя, няма калі хадзіць кудысьці і шукаць.

Згодны. Але, з іншага боку, знікла тое, пра што сумуюць усе жанчыны. Яны кажуць: «Іду па вуліцы, ну хаця б адзін падышоў, сказаў штосьці». Даступнасць ёсць, а жыццё знікае, эратызм.

Максім, сеціва стварае ілюзію, што мы збліжаемся, а насамрэч мы нібыта ўсё далей ад сапраўднай блізкасці…

Максім Пылёў: У наш час і звычайнае знаёмства таксама вельмі хутка заканчваецца сэксуальным кантактам. Гэта асобная тэма, чаму так адбываецца і дзе момант збліжэння, чаму людзі адразу пераходзяць да інтымнай блізкасці. Сацыяльныя сеткі зараз – частка нашага жыцця. Мы ўсе ёсць у іх. І гэта адзін са спосабаў заводзіць знаёмства. І яно для мужчыны больш бяспечнае. Тут таксама ёсць псіхалагічны момант. Калі ты знаёмішся ў сацсетках, у цябе ёсць пэўны сфарміраваны вобраз сябе на сацстаронцы: тваё прыгожае фота з удалага ракурсу. Ёсць адлюстраванне сацыяльнага статусу, дзе ты ў дзелавым касцюме, побач з машынай, матацыклам. Ствараецца пэўны вобраз. Ты не падыходзіш такі, які ты ёсць. Дзесьці ў збянтэжанасці, сарамлівасці. Замест гэтага ты ўжо пачынаеш стасункі з пазіцыі альфа-самца, пераможцы па жыцці. У рэальных адносінах дастаткова цяжка мець такі ўзровень упэўненасці ў сабе, самакаштоўнасці, калі можаш падысці і пазнаёміцца.

Не думаю, што мае сэнс дзяліць блізкасць на сапраўдную ці не. Я б уводзіў новае паняцце блізкасці, якое ёсць пры віртуальных стасунках. Сёння яно пачынае часам пераважаць. І калі яго назваць ненармальным, дык тады ў нас усё грамадства такое. Віртуальная прастора будзе мець свой выгляд, псіхалагічны почырк, асаблівую абалонку, структуру. Гэта ўжо фарміруецца. Проста наш розум яшчэ чапляецца за старое ўспрыманне. У новым пакаленні гэтага ўжо няма.

Яшчэ больш пра думкі мужчын на гэтую тэму глядзіце на відэа.

«Наш час прагне пяшчоты і кахання. Пад штучным цынізмам ён хавае тугу па сапраўдных пачуццях». Гэтыя словы французскага пісьменніка Андрэ Маруа цалкам, на мой погляд, характарызуюць знаёмствы ў сеціве. За паказной абыякавасцю або бравадай з абодвух бакоў часцяком сустракаецца патрэба ў той самай блізкасці. Сеціва – усяго толькі інструмент. Ускладаць на яго надзеі гэтак жа неразумна, як на вуду, якая сама пачне лавіць рыбу. Хаця наш час і лічыцца шчодрым, у ім, як ніколі, трэба ўмець рабіць выбар і прыкладаць намаганні. Для пачатку – хаця б устаць з канапы.

Відэа – Святлана Стахоўская, Генадзь Сукач

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

6 0 99

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.