09.12.2019
09.12.2019

Гастрастома – не пакаранне, а выратавальны круг. Правілы пераадолення страху

logo
Здароўе дарослых
0 27
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Падчас актыўнага лячэння цяжкай хваробы (у прыватнасці, злаякасных пухлінаў) і ў постшпітальным рэабілітацыйным перыядзе ежа з'яўляецца не столькі базавай патрэбай пацыента, колькі важным элементам комплекснай тэрапіі. Навукова даказана, што забеспячэнне адэкватнай аліментацыі (задавальнення запатрабаванняў у макра- і мікранутрыентах) павышае эфектыўнасць лячэння і паскарае выздараўленне.

Аднак пры пэўных станах карміць пацыента звычайнай ежай альбо недастаткова, альбо немагчыма. У гэтым выпадку можа быць паказаная гастрастамія – як адзін з эфектыўных спосабаў забяспечыць адэкватнае харчаванне. Тым не менш, і ў пацыента, і ў людзей з яго блізкага наваколля, якія будуць забяспечваць яго догляд у аднаўленчым перыядзе, гастрастамія, як правіла, выклікае страх і непрыманне.

Пацыенты і іх блізкія не заўсёды валодаюць поўнай і зразумелай інфармацыяй пра тое, як правільна выкарыстоўваць гастрастому, наколькі, на які тэрмін і як яна зменіць іх лад жыцця. Пры гэтым ёсць боязь не справіцца ў хатніх умовах, бо пастаянная падтрымка ў асобе ўрача або медсястры будзе адсутнічаць.

Гэтыя праблемы агучыла Алена Палевічэнка, прафесар кафедры анкалогіі, гематалогіі і прамянёвай тэрапіі педыятрычнага факультэта Расійскага навукова-даследчага медыцынскага ўніверсітэта імя М.І.Пірагова (С-Пецярбург), доктар медыцынскіх навук

Дзелячыся з беларускімі калегамі з РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі вопытам нутрытыўнай падтрымкі цяжкахворых пацыентаў, эксперт дала шэраг рэкамендацый, як дапамагчы справіцца са страхам пацыенту і яго асяроддзю перад гастрастамічным харчаваннем, як даглядаць гастрастому ў хатніх умовах пасля выпіскі са стацыянара.

Трубка выратавання

Гастрастома – гэта спецыяльная сістэма харчавання з дапамогай трубкі, усталяванай праз адтуліну ў пярэдняй брушной сценцы ў страўнік. Празскурная эндаскапічная гастрастамія – нескладаная аперацыя, якая праводзіцца на працягу паўгадзіны. Пры дапамозе гастрастомы можна гарантавана забяспечваць паўнавартасную нутрытыўную падтрымку пацыенту на працягу доўгага часу.

Гастрастома ў дзяцей.

Паказаннямі для ўстаноўкі гастрастомы з'яўляюцца:

  • немагчымасць глытаць з прычыны злаякасных новаўтварэнняў у вобласці ротавай поласці, глоткі, стрававода, кардыяльнага аддзела страўніка;
  • высокая рызыка млоснасці/ванітаў/муказіту падчас курсаў інтэнсіўнай хіміятэрапіі;
  • правядзенне прамянёвай тэрапіі на вобласць галавы і шыі;
  • неабходнасць у доўгатэрміновым зондавым харчаванні (больш 6-8 тыдняў).

Тым не менш, у свядомасці большасці абывацеляў гастрастамія ўспрымаецца, як нефізіялагічная працэдура, якая калечыць. Адпаведна, устаноўка і наяўнасць гастрастомы суправаджаюцца велізарным стрэсам. І ў большай ступені – з боку блізкіх пацыента. Асабліва ярка гэта праяўляецца ў сферы дзіцячай анкалогіі.

 
Алена Палевічэнка
Прафесар кафедры анкалогіі, гематалогіі і прамянёвай тэрапіі педыятрычнага факультэта РНДМУ імя М.І.Пірагова (С-Пецярбург), д.м.н.
Ніколі ніхто з бацькоў не скажа: я хачу свайму дзіцяці гастрастому. І наогул, харчаванне па змаўчанні лічыцца сферай бацькоўскага клопату. Таму, калі маці або бацьку паведамляюць пра неабходнасць правядзення гастрастаміі дзіцяці, у іх абавязкова ўзнікае стрэс, адчуванне правалу, няўдачы, фіяска. Гастрастомай ні ў якім разе нельга палохаць. Задача ўрача – растлумачыць, што гэта не пакаранне (вы не справіліся з кармленнем, таму вось так), а вымушаная мера, калі ніякія іншыя варыянты пакуль не дапамагаюць.

Гастрастома. Кармленне дзіцяці.

Разуменне эфектыўнасці гастрастамічнага спосабу кармлення ў стацыянары і на хатнім этапе прыходзіць значна пазней, калі робяцца відавочнымі зрухі ў самаадчуванні дзіцяці, калі мама разумее, што час, які вызваліўся ад выматвальных угаворванняў з'есці яшчэ хаця б лыжачку, яна можа больш рэсурсна выкарыстоўваць для іншых задач (напрыклад, дадатковых заняткаў з дзіцем, ЛФК і г.д.).

Ад страху да жыцця на новай хуткасці

У 2017 годзе было праведзенае даследаванне, як змяняецца ўспрыманне гастрастамічнага харчавання з боку сям'і пацыента.

На этапе стацыянарнага лячэння ўстаноўка гастрастомы ўспрымаецца, як выратавальны круг. Калі па-іншаму накарміць пацыента ніяк, дык трубка ў жываце, якая вядзе ў страўнік, – сродак падтрымання жыцця.

Паніка пачынаецца перад выпіскай. Як правіла, гастрастома ўстанаўліваецца на працяглы час – месяцы і нават гады. Таму верагоднасць апынуцца дома з пацыентам, у якога «дзірка ў жываце», больш чым высокая. А побач ні ўрача, ні медсястры. Адсюль страх невядомасці, боязь памыліцца, зрабіць штосьці не так.

Гастрастома.

З часам сітуацыя выраўноўваецца. Бацькі або тыя блізкія людзі, хто забяспечвае догляд пацыента, пачынаюць прымаць сітуацыю такой, якая яна ёсць, вучацца жыць па новых правілах, у новых умовах.

Апошняй фазай успрымання (гэта доўгі працэс, могуць сысці тыдні і нават месяцы) з'яўляецца жыццё на абмежаванай хуткасці: не ўсюды пойдзеш, не ўсюды пакажашся, але жыць з гэтым можна, і жыццё працягваецца.

 
Алена Палевічэнка
Прафесар кафедры анкалогіі, гематалогіі і прамянёвай тэрапіі педыятрычнага факультэта РНДМУ імя М.І.Пірагова (С-Пецярбург), д.м.н.
У прынцыпе, шлях ад выратавальнага круга да прыняцця жыцця па новых правілах ідзе з той хуткасцю, з якой адзін з бацькоў навучаецца правільна даглядаць за гастрастомай, карміць дзіця, даведваецца, што можна, а чаго нельга ў абставінах, якія склаліся... І ў гэтым сваю велізарную ролю адыгрываюць афлайн і анлайн-сэрвісы. У тым жа даследаванні, напрыклад, праводзілася апытанне пажаданняў пацыентаў з гастрастомай і іх родзічаў. Дык вось базавымі патрэбамі яны назвалі паўнавартаснае навучанне перад выпіскай і пастаянны асабісты кантакт з кампетэнтным медработнікам.

Навучаннем, на думку эксперта, павінна займацца каманда нутрытыўнай падтрымкі. А пастаянны асабісты кантакт добра б, каб забяспечвалі кампетэнтныя медработнікі паліклінік. Праблема ў тым, што ў Беларусі нутрытыўная падтрымка як навука яшчэ толькі развіваецца, а паліклінічныя спецыялісты не ў поўнай меры валодаюць спецыяльнай інфармацыяй.

Гастрастома. Рэкамендацыі бацькам і тым, хто забяспечвае догляд

Тым, хто даглядае пацыента з гастрастомай у хатніх умовах, важна памятаць: гэта штодзённая праца. Пры гэтым якіх-небудзь спецыяльных навыкаў і празмерных намаганняў яна не патрабуе.

  • Да і пасля апрацоўкі гастрастамічнай трубкі абавязкова трэба мыць рукі з мылам!
  • Скуру вакол гастрастомы дастаткова прамываць гатаванай вадой з мылам, апрацоўваць спрэем антысептыку без спірту. Не трэба ні ёду, ні зялёнкі, ні марганцоўкі.
  • Скуру выціраць насуха стэрыльнымі нятканымі сурвэткамі (не бінтам або ватай!).
  • Не варта накладваць сурвэткі, павязкі, пластыр паверх гастрастомы. Гэта можа прывесці да ўтварэння пролежняў.
  • Гастрастамічную трубку неабходна пракручваць хаця б раз у дзень поўным абаротам на 360 градусаў.
  • Карміць трэба ў пальчатках. Абавязкова варта правяраць тэмпературу ежы тыльным бокам запясця. Ежа павінна быць цёплай (не гарачай і не халоднай!).

  • Пасля кожнага кармлення варта прамываць гастрастому вадой з дапамогай шпрыца.
  • Прынцыпова важна забяспечваць пільны догляд за поласцю рота і зубамі: двойчы ў дзень чысціць зубы, пры сухасці ў роце выкарыстоўваць штучную сліну або рассмоктваць кавалачкі лёду.
  • Калі ўстаноўлена балонная гастрастамічная трубка, дык неабходная штотыднёвая замена вады ў балоне шпрыцамі.
  • Вельмі важна, каб пры ўстаноўленай гастрастоме пацыент не адчуваў дыскамфорту і тым больш болю (такіх адчуванняў быць не павінна!). Ежа павінна праходзіць па трубцы свабодна, без перашкодаў.
  • Калі вы корміце пацыента праз гастрастому звычайнай хатняй ежай, яе варта старанна здрабняць у блэндары да аднастайнай масы кансістэнцыі вадкай смятаны.

 
Алена Палевічэнка
Прафесар кафедры анкалогіі, гематалогіі і прамянёвай тэрапіі педыятрычнага факультэта РНДМУ імя М.І.Пірагова (С-Пецярбург), д.м.н.
Гэта, бадай, самае частае пытанне, якое задаюць мамы: ці можна ў гастрастому ўвадзіць гамагенезаваную (здробненую ў хатнім блэндары) ежу? Вытворца гастрастамічных трубак не дае рэкамендацый на такі крок, бо ён адказвае за сваю прадукцыю. Калі адрасаваць пытанне яму, адказ будзе адназначна адмоўным. Толькі сумесі для энтэральнага харчавання! Насамрэч увесь свет разам з адмысловымі сумесямі выкарыстоўвае і гамагенезаванае харчаванне, прыгатаванае ў бытавых умовах. Але пры гэтым трэба разумець, што адказнасць з вытворцы аўтаматычна здымаецца.

Жыццё з гастрастомай не такое складанае і абмежаванае, як можа падацца на першы погляд. Пры такой сістэме харчавання можна прымаць душ, шпацыраваць, займацца фізічнай актыўнасцю і ў прынцыпе, калі дазваляе самаадчуванне, весці звыклы лад жыцця. Але самае галоўнае – гэта даказаны эфектыўны спосаб забяспечыць паўнавартаснае харчаванне чалавеку ў працэсе лячэння або аднаўлення, пакуль іншыя метады нутрытыўнай падтрымкі немагчымыя.

Фота эксперта – Віталь Гіль.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 27

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».