11.05.2019
11.05.2019

Хваробы органаў стрававання: як лячыць і што мяняць у харчаванні

logo
Адказваюць спецыялісты
0 157
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Пра што сведчыць пякотка, цяжар у страўніку і горыч у роце пасля ежы? Ці можа выпадзенне валасоў быць звязана з захворваннямі страўнікава-кішэчнага тракта? Ці трэба выдаляць паліпы ў страўніку? Як лячыць хелікабактэрную інфекцыю? Ці варта пераводзіць малышоў першых гадоў жыцця на агульны стол?

На пытанні адказваюць:

  • Алена Адаменка, дацэнт кафедры гастраэнтэралогіі і нутрыцыялогіі БелМАПА, кандыдат медыцынскіх навук;
  • Ірына Савановіч, галоўны пазаштатны дзіцячы гастраэнтэролаг, дацэнт 2-й кафедры дзіцячых хвароб БДМУ, кандыдат медыцынскіх навук.

Кансультацыя гастраэнтэролага

У мужа на корані языка пухіры колеру языка, без вадкасці, як нарасты. Стаматолаг і тэрапеўт параілі праверыць страўнік. Ёсць язва страўніка. Таблеткі ад яе не дапамагаюць. Страўнік цяпер не турбуе, але пухіры не праходзяць. Што гэта такое і як пазбавіцца? Ала

 
Алена Адаменка
Дацэнт кафедры гастраэнтэралогіі і нутрыцыялогіі БелМАПА, кандыдат медыцынскіх навук
Наяўнасць пухіроў на языку можа быць выклікана закідам кіслага змесціва страўніка ў стрававод. Мы гэта называем гастраэзафагіяльнай рэфлюкснай хваробай. Неабходна звярнуцца да гастраэнтэролага па месцы жыхарства і прайсці рН-метрыю, каб праверыць, ці ёсць паталагічны рэфлюкс.

Тры гады таму мне паставілі дыягназ – атрафічны гастрыт, хаця нейкага дыскамфорту не адчуваў. Два гады таму знайшлі хелікабактэр і прызначылі лячэнне. Пасля пройдзенага курсу амаль ўвесь час адчуваю цяжар у страўніку і дыскамфорт, пякоткі няма. Як наладзіць мікрафлору ў страўніку пасля лячэння хелікабактэру? Сяргей Дзмітрыевіч, 59 гадоў

Алена Адаменка:

— Пастаяннае адчуванне цяжару ў страўніку і дыскамфорт, хутчэй за ўсё, абумоўленыя парушэннем маторыкі страўніка. Каб наладзіць мікрафлору ў СКТ, можна ўжываць прабіётыкі або кісламалочныя прадукты з прабіётыкамі.

Каля года адчуваю боль лявей і ніжэй пупка, боль востры. Узмацняецца, калі кладуся. Садавіна, гародніна, насенне і арэхі таксама выклікаюць узмацненне болю. Выключыла мяса, бо яго ўжыванне на вячэру прыводзіла да боляў ноччу і раніцай. Аналізы крыві, біяпсіі ў норме (эазінафілы 6 пры норме да 5), стан страўніка нармальны, хранічны ачаговы гастрыт, выгнуты жоўцевы пузыр. Эндаскапіст і хірург лічаць, што трэба даследаваць кішэчнік, рэкамендавалі: КТ-энтэраграфію або калонаскапію. Пакуль не рабіла. Што гэта можа быць? І якія дадатковыя даследаванні прайсці? Наталля, 40 гадоў

Алена Адаменка:

— Такія скаргі могуць быць звязаныя з паталогіяй кішэчніка. Я згодна з меркаваннем урачоў, што неабходна абследаваць кішэчнік і ў першую чаргу выканаць калонаскапію. Магчыма, гэта проста функцыянальнае захворванне кішэчніка, пры якім адсутнічае сур'ёзная праблема з органам.

У якіх выпадках трэба прымаць бефунгін (чага) і які ў яго прынцып дзеяння? Ці праўда, што ён дапамагае пры захворваннях стрававальнай сістэмы? Як выявіць супрацьпаказанні? Таццяна

Алена Адаменка:

— На маю думку, бефунгін – гэта біялагічна актыўны дадатак, агульнатанізуючы сродак, прызначаецца як сімптаматычнае пры захворваннях СКТ. Супрацьпаказанне – алергія або непераноснасць кампанентаў прэпарата. Магчымая перадазіроўка, якая з-за раздражнення слізістых абалонак СКТ выяўляецца млоснасцю, змяненнем стулу, дыскамфортнымі болямі ў жываце.

Калі раблю цяжкую фізічную працу, нахіляюся, тады ў мяне пякотка. Як з гэтым змагацца і як лячыць? Пётр

Алена Адаменка:

— Верагодней за ўсё, у вас ёсць гастраэзафагіяльная рефлюксная хвароба. І калі нахіляецеся ці робіце фізічную працу, кіслае змесціва страўніка трапляе ў стрававод, і вы адчуваеце пякотку. Трэба змяніць лад жыцця: наладзіць частае харчаванне невялікімі порцыямі, пазбягаць пераядання, нашэння цеснага адзення і паясоў. Апошні прыём ежы – за тры гадзіны да сну. Яшчэ – не класціся пасля ежы, спаць з прыпаднятым галаўным канцом ложка, доўга не працаваць нахіліўшыся, не падымаць і не насіць цяжару. Прымаць лекавыя прэпараты, для чаго неабходна звярнуцца да тэрапеўта або гастраэнтэролага. Рэкамендую прайсці ЭГДС для ацэнкі стану слізістай страваводу.

чым выкліканы непрыемны пах з рота?

Падкажыце, калі ласка, чым выкліканы непрыемны пах з рота, бывае горыч увечары? Былі шматлікія кансультацыі гастраэнтэролагаў, калонаскапіі, зонд, аналізы на розныя кішэчныя захворванні. Усё ў парадку, а рашэнне праблемы не знойдзена. Аляксандра

Ірына Савановіч і Алена Адаменка:

— Часцей за ўсё непрыемны пах з рота напрамую не звязаны з паталогіямі органаў стрававання. Прычына можа быць у паталогіі насаглоткі і поласці рота. Для гэтага неабходна звярнуцца да стаматолага і лора. Трэба чысціць язык, даглядаць поласць рота. А горыч у ім можа быць звязаная з закідамі ў стрававод змесціва страўніка, дзе знаходзіцца жоўць. Рэкамендуем весці дзённік харчавання, каб знайсці тыя прадукты, якія выклікаюць непрыемныя адчуванні. Горыч у роце таксама можа выклікаць стрэс. Сачыце за колькасцю выпітай вадкасці.

У мяне «геаграфічны язык», вельмі моцная адчувальнасць на любыя смакі. Гэтая праблема з'явілася 2 гады таму, мне выдалялі папілому на языку. Я прайшла ўсіх урачоў: стаматолагаў, парадантолагаў, анколагаў, венеролагаў, і ніхто не можа нават сказаць, з чым гэта звязана і да якога яшчэ ўрача варта звярнуцца. Ці можа гэта быць звязана з захворваннем СКТ? Які ўрач можа мне дапамагчы? Для агульнай інфармацыі: гастрыт, частыя выпадкі пякоткі, праходзіла лячэнне хелікабактэрыёзу і кандыдозу. Аднак паляпшэння няма. Я б сказала, што агульная карціна са страваваннем пагаршаецца. Ірына

Ірына Савановіч і Алена Адаменка:

— Гэта можа быць звязана з паталагічным рэфлюксам або анеміяй. Рэкамендуем звярнуцца да гастраэнтэролага па месцы жыхарства.

Якая можа быць прычына пачуцця сухасці ў горле, палення ў горле пасля сну? Аляксандр

 
Ірына Савановіч
Галоўны пазаштатны дзіцячы гастраэнтэролаг, дацэнт 2-й кафедры дзіцячых хвароб БДМУ, кандыдат медыцынскіх навук
Гэта можа быць звязана з паталагічным рэфлюксам. Сухасць таксама можа ўзнікаць, калі вы спіце з адкрытым ротам або ў памяшканні сухое паветра.

Пакутую з-за камяку ў горле і часам дыскамфорту (боль) у сонечным спляценні. Што рабіць?

Пакутую з-за камяку ў горле і часам дыскамфорту (боль) у сонечным спляценні. Рабіла ФГДС страўніка і 12-перснай кішкі. Заключэнне: лёгкай формы гастрыт. Ніякага лячэння не патрабуецца. Захоўваю дыету. Але камяк у горле не знікае. Стул нармальны. Болю ў жываце няма. Што яшчэ трэба праверыць? Неўролаг нічога не выявіла, на неўроз не пакутую. Людміла

Алена Адаменка:

— Гэта можа быць паталагічны рэфлюкс. Таксама гэта можа быць гіперадчувальны стрававод ці праява харчовай алергіі. Для дыягностыкі харчовай алергіі варта звярнуцца да алерголага, а для выяўлення праблем са страваводам – да гастраэнтэролага.

У абодвух дзяцей (7 і 3 гады) сіндром мальабсорбцыі (гэта меркаванне дэрматолага), што выяўляецца ў атапічным дэрматытце, сухасці скуры (у абодвух), затрымцы фізічнага развіцця (у малодшага), непрыемным паху з рота па раніцах (у абодвух ). Пры прыёме Крэон 10000 сімптомы атапічнага дэрматыту хутка праходзяць, паху з рота таксама няма. Пасля адмены Крэону стан скуры, стул пагаршаецца. Пры правядзенні УГД устаноўлена, што ў старэйшага дзіцяці (як і ў маці) змененая форма падстраўнікавай залозы. Акрамя таго, заўважана, што пры прыёме Крэону ў дзяцей памяншаюцца (практычна да поўнага знікнення) праявы нервовага ціку. Пры гэтым доўгае лячэнне ад цікаў па рэкамендацыях неўрапатолагаў не дае такога адчувальнага эфекту. Цэліякію і мукавісцыдоз выключылі. Прашу адказаць на пытанні. Як доўга можна прымаць Крэон 10000? Куды звярнуцца і якія аналізы здаць, каб удакладніць дыягназ? Каб разумець, што канкрэтна недастаткова ператраўліваецца/засвойваецца – бялкі/тлушчы/вугляводы/нешта яшчэ? Наколькі істотным для пастаноўкі дыягназу з'яўляецца тое, што ў маці і дзіцяці змененая форма падстраўнікавай залозы і ці патрабуецца далейшае абследаванне ў гэтай сувязі? Ці можа сіндром мальабсорбцыі быць прычынай нервовых цікаў у дзяцей? Сяргей

Ірына Савановіч і Алена Адаменка:

— Працягласць прыёму Крэону, як і іншых прэпаратаў мультыэнзімаў (панкрэатын), будзе вызначацца паказаннямі і прычынай панкрэатычнай недастатковасці. Бываюць захворванні як у дарослых, так і ў дзяцей, калі гэтыя прэпараты прымяняюцца пажыццёва. Можна прайсці тэст на фекальную эластазу. На дадзены момант яго можна зрабіць толькі платна ў медцэнтрах. Змененая форма падстраўнікавай залозы патрабуе далейшага абследавання для ўдакладнення прычыны мальабсорбцыі. Тэарэтычна прычынай цікаў можа быць саматычная паталогія.

Пасля ФГДС выстаўлены хранічны антральны гастрыт, кішэчная метаплазія поўная і няпоўная, HP. Мучыць пякотка, метэарызм. Што такое метаплазія? Як яе лячыць? У якога ўрача назірацца: тэрапеўта, гастраэнтэролага або анколага? Дзмітрый

Алена Адаменка:

— Метаплазія – гэта перайначванне клетак слізістай страўніка. Можа выклікацца, у тым ліку, і хелікабактэрнай інфекцыяй. У першую чаргу неабходна пралячыць яе. І назірацца ў тэрапеўта і гастраэнтэролага.

Маёй дачцэ зараз 1 год і 10 месяцаў. Рост 89, вага 11,2 кг. З 3,5 месяца дачка пачала адмаўляцца ад грудзей, кармілі з лыжачкі, бо бутэльку не брала. З пачаткам прыкорму пачала браць грудзі, аднак прыкорм даваўся цяжка. Рэкамендуемыя педыятрам порцыі адужаць не магла. З часам рабілася толькі горш, апетыт спаў на нішто. Прыкорм увялі ў 5 месяцаў: грачаная каша, у сувязі са слабым наборам вагі. Пачынаючы з 6 месяцаў, кожныя месяцы два давалі 10 дзён левакарнітын, бо мышачная маса сыходзіла на нішто. Дзесьці ў 1,5 года пачалі моцна выпадаць валасы. Давалі мультывітаміны, лепей не стала. Зараз паўтараем курс. Ёсць пытанні па ператраўліванні ежы. У тры месяцы па мікрабіялогіі пасеялі залацісты стафілакок, клебсіелу. Да года дадаліся яшчэ пратэі. Антыбіётыкі калолі ў месяц жыцця – запаленне пупка. У год дзіця важыла 9,6, зараз 11,2 кг. Два тыдні таму вага была 11,6 кг. Як дапамагчы вярнуць апетыт? Стараемся актыўна праводзіць час, шпацыруем на вуліцы штодня, але дзіця есць усё меней. Толькі з анімацыяй і мультфільмамі, і тое рэдка. Аляксандр

Ірына Савановіч:

— Мае месца парушэнне харчовых паводзінаў. Прычын можа быць мноства. Дзіця неабходна абследаваць у стацыянары па месцы жыхарства.

Дзіцяці 3 гады, у яе перыядычна праблемы са стулам: то няма наогул некалькі дзён, то панос (крыві няма). Капраграму здавалі апошні раз год таму, аналіз на дысбактэрыёз таксама, было ўсё ў парадку. Прабіётыкі даю перыядычна. Якія яшчэ абследаванні можна прайсці і да якіх урачоў звяртацца? Вікторыя

Ірына Савановіч:

— Парушэнні могуць насіць функцыянальны характар. Таму неабходна звярнуцца да педыятра ці гастраэнтэролага для ўдакладненняў аб'ёму абследавання і прычыны парушэння стулу.

Ці звязаныя белыя вугры на падбародку з захворваннямі страўнікава-кішэчнага тракта? Калі так, дык з якімі? Юрый

Алена Адаменка:

— Белыя вугры могуць быць звязаныя з хелікабактэрнай інфекцыяй.

Дзіцяці 7 гадоў, дзяўчынка. Амаль увесь час баліць жывот, паказвае ў раён пупка. Боль не залежыць ад часу сутак і прыёму ежы. За гэтыя гады кансультаваліся ў педыятраў, гастраэнтэролагаў, хірурга, інфекцыяніста, гінеколага, неўролага, алерголага. Рэгулярна праходзім УГД органаў брушнай поласці і органаў малога тазу. Здаем розныя аналізы: мачы, крыві (хелікабактэр пілоры, усе магчымыя гельмінты – адмоўна), лямбліі, кал на яйкагліст, кал на дысбактэрыёз – адмоўна, біяхімія заўсёды ў норме. Кансультацыі якіх урачоў яшчэ можна атрымаць і якія абследаванні прайсці? Дачка пакутуе, і я разам з ёй.

Ірына Савановіч:

— Боль можа быць звязаны з парушэннем маторыкі СКТ або харчовай алергіяй. Магчыма, варта прайсці ЭГДС з біяпсіяй, якая дазволіць выключыць арганічную паталогію і вызначыць далейшую тактыку вядзення дзіцяці. Таксама мэтазгодна весці харчовы дзённік і дзённік стулу, каб вызначыць, якія прадукты правакуюць боль і ці звязаны боль з актам дэфікацыі (спаражненне).

Нядаўна зрабілася вегетарыянкай. Хачу перавесці на такое ж харчаванне сына (цяпер яму тры гады), бо прачытала даследаванні пра сувязь паміж ракам кішэчніка і ўжываннем мяса. З якога ўзросту лепш пачынаць пераходзіць на вегетарыянскае меню дзіцяці, каб гэта не выклікала нейкіх ускладненняў у развіцці арганізма і органаў стрававання? Яўгенія

Ірына Савановіч і Алена Адаменка:

— Прычыны развіцця раку кішэчніка на сёння канчаткова не ўстаноўлены. Ёсць даследаванні, якія паказваюць, што частата раку кішэчніка менш у людзей, якія спажываюць шмат клятчаткі, гародніны. Я як дарослы гастраэнтэролаг супраць вегетарыянства дзяцей, бо дзіцяці неабходныя бялкі, у тым ліку жывёльнага паходжання, для нармальнага функцыянавання і росту арганізма. Навукова апублікаваных рэкамендацый пра мэтазгоднасць вегетарыянства ў якасці прафілактыкі раку кішэчніка на сёння няма.

Ці можа выпадзенне валасоў быць звязана з захворваннямі страўнікава-кішэчнага тракта? Па выніках ФГДС у мяне хранічны гастрыт, быў хелікабактэр, пралячыла, але валасы менш выпадаць не сталі. Ганна

Алена Адаменка:

— Выпадзенне валасоў можа быць звязана не толькі з захворваннем СКТ, але і з анеміяй, стрэсавай сітуацыяй, недахопам паступлення вітамінаў і мікранутрыентаў з ежай. Альбо з паталогіяй валасяных фалікулаў.

У мужа падчас дэфекацыі адбываюцца вельмі моцныя пазывы да ванітаў, часам здараюцца і ваніты. Такое адбываецца прыкладна адзін раз у два тыдні пры доўгім поўным спаражненні. Пасля адчуваецца боль і спазмы ў ніжняй частцы жывата. УГД брушной поласці (2018г) паказала гемангіёму печані, усё астатняе ў норме; калонаскапія (2017г) – без паталогіі; біяхімія (2018г) – перавышэнне ў два разы ў АлАТ, АсАТ, а па КК – у 4 разы. Турбуе перыядычна абвастрэнне гемарою, боль у правым баку, боль у спіне. Пачалі выпадаць валасы за апошні год. Мужу 43 гады, вядзе спартыўны лад жыцця, харчуецца правільна. Астэахандроз L4-L5.

Алена Адаменка:

— Магчыма, у вашага мужа некантралюемая артэрыяльная гіпертэнзія і ваніты, звязаныя з павышэннем артэрыяльнага ціску падчас моцнага натужвання. Аналізы, якія былі выкананы год таму, неабходна паўтарыць.

У сына (19 гадоў) на УГД брушной поласці выяўленыя два перагібы ў жоўцевым пузыры, у якіх месцах – не ўдакладняецца. Якое лячэнне рэкамендуеце? Ці з'яўляецца гэты стан прычынай адтэрміноўкі ад войска? Ганна

Алена Адаменка:

— Хутчэй за ўсё, у вашага сына анатамічная асаблівасць пабудовы жоўцевага пузыра, якая не заўсёды вядзе да паталогіі і часцей за ўсё не патрабуе лячэння. Таму наўрад ці гэты стан будзе разглядацца як прычына для адтэрміноўкі.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 157

Журналіст і медыятар. У журналістыцы каля 20 гадоў. Асноўная цікавасць – сацыяльныя праблемы. Скончыла журфак БДУ. Да партала «Здаровыя людзі» і газеты «Медыцынскі веснік» працавала ў рэдакцыі «Аргументы і факты» ў Беларусі, штотыднёвіках «СССР: постфактум», «Маскоўскі камсамолец ў Беларусі», нацыянальнай грамадска-асветніцкай газеце «Культура», інтэрнэт-выданні Оpen.by. Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў. Матэрыялы Ганны выдзяляюцца выразнай структурай, глыбінёй раскрыцця тэмы і сваёй аналітычнасцю. Хобі: літаратура, напісанне дзіцячых кніг. Аўтар праектаў: ТэДДзі (Трыбуна для дзяцей) – нацыянальная пляцоўка для выказвання меркаванняў і пазіцый дзяцей па хвалюючых праблемах (сумесны праект штотыднёвіка «Аргументы і факты» ў Беларусі, РГА «Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА», Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН у Рэспубліцы Беларусь (ЮНІСЕФ) . «Урачы – таксама людзі» (24health.by), «Хатні догляд цяжкахворых» (сумесна з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа) (24health.by), «Урачэбныя анлайн-канферэнцыі» (24health.by сумесна з tut.by).
Глядзіце таксама