16.04.2023
16.04.2023

Гавораць, што «паламаўся», а ён проста знайшоў сябе. Гісторыя мастака Міхася Ляўковіча ў карцінах і творчасці

logo
Асобы i лёсы
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

«Я ўсё жыццё марыў стаць мастаком, і я ім стаў. Мае творы разляцеліся па свеце» Гэтыя вельмі натхняльныя словы належаць вядомаму беларускаму мастаку Ляўковічу Міхасю Васільевічу.

Ураджэнец вёскі Язна Міёрскага раёна зараз жыве і працуе у Віцебску. У 1976 годзе скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута ім. С. М. Кірава (цяпер ВДУ імя П. М. Машэрава). Пасля заканчэння вучобы ў тым самым годзе стаў выкладчыкам жывапісу, малюнка і кампазіцыі на родным факультэце да 2015 года.

Міхась Лчўковіч

Удзельнік шматлікіх мастацкіх выставак у краіне і за яе межамі. З 1995 да 2011 года ўзначальваў аб'яднанне мастакоў «Віцебская акварэль». Сябра Беларускага саюза мастакоў.

Яго работы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, у Віцебскім мастацкім музеі, Віцебскім абласным музеі Героя Савецкага Саюза М. Ф. Шмырова, у музеі Марка Шагала ў Віцебску, Полацкай мастацкай галерэі, у Міёрскім і Гарадоцкім краязнаўчых музеях. А таксама ў прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Германіі, Чэхіі, Францыі, Італіі, Іспаніі, ЗША, Кітая, Ізраіля, Англіі і інш. краін.

Узнагароджаны медалём Беларускага саюза мастакоў «За заслугі ў выяўленчым мастацтве», медалём  «120 гадоў Санкт-Пецярбургскаму Таварыству Акварэлістаў», ганаровымі граматамі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і інш.

Вельмі доўгі час Міхася Васільевіча звалі Віцебскім акварэлістам, мастаком-рэалістам. Ён праславіўся сваімі акварэльнымі краявідамі родных куткоў Беларусі.

Многія, гледзячы на сённяшнія творы мастака, гавораць, што Ляўковіч «паламаўся», але гэта зусім не так. Ён проста знайшоў сябе. Яго творчасць зараз цалкам адлюстроўвае яго душу, свабоду, любоў да жыцця.

Увесь свой доўгі творчы шлях ён эксперыментаваў, працаваў акварэллю і алеем, шукаў, не баяўся новага, натхняўся жыццём, музыкай, кнігамі, тэатрам, што і прывяло яго да абстракцыі. Гэты напрамак, на жаль, доўгі час не разумелі, не паважалі, не ўспрымалі сур'ёзна, таму многія свае творы Міхаіл Васільевіч пісаў «у стол». Але ён часта імкнуўся выкарыстоўваць абстрактныя элементы ў сваіх кампазіцыях.

Акварэль Леўковіча

У 2015 годзе, калі Міхаіл Васільевіч вырашыў скончыць выкладчыцкую дзейнасць, ён прапанаваў сваім студэнтам арганізаваць мастацка-музычны праект DESIDERIO, які ў выніку выклікаў вялікую цікавасць у публіцы. Удзельнікаў зацікавіла ідэя трапіць у змест музычных твораў і перадаць іх пры дапамозе сродкаў выяўленчага мастацтва ў абстрактным кірунку. На адкрыцці выстаўкі ў Віцебскім абласным мастацкім музеі ўдзельнікі не толькі прэзентавалі свае творы, але і акунулі гледачоў у атмасферу гукаў і колеру пры дапамозе мультымедыйных сродкаў.

Мастацка-музычная студыя

Гэтае мерапрыемства стала незабыўным у жыцці мастака. Яно ўкараніла разуменне, што ён рухаецца ў правільным напрамку, адчуў яшчэ больш смеласці. На яго выстаўках стала з'яўляцца больш абстрактных работ. І ў 2017 годзе ён заявіў пра сябе як мастак-абстракцыяніст персанальнай выстаўкай «Другое дыханне». З таго часу мастак напісаў і прадставіў гледачам некалькі соцень абстракцый.

З 15 сакавіка па 16 красавіка 2023 года абстракцыю Міхаіла Васільевіча Ляўковіча можна ўбачыць у Арт-цэнтры Марка Шагала ў Віцебску. 17 сакавіка адбылося адкрыццё яго персанальнай выстаўкі «Тры партрэты + жывапіс».

Выстаўка М.Ляўковіча

У аснове выстаўкі тры партрэты акцёраў, якія сыгралі Марка Шагала (Генадзь Гайдук), Бэлу (Тамара Краснабаева-Чарняк) і Іду (Анжаліка Баркоўская) у спектаклі «Шагал… Шагал…». Мастак быў вельмі ўражаны прэм'ерай спектакля Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, якая адбылася ў красавіку 1999 года. Пастаноўка стала знакавай не толькі для тэатра і горада Віцебска, але набыла міжнародную славу.

Пасля Міхаіл Васільевіч пераглядаў пастаноўку не аднойчы і думаў аб тым, як па-асабліваму адлюстраваць акцёраў, перадаць іх рысы, касцюмы, настрой, характар, атмасферу. І ў яго гэта атрымалася праз шмат гадоў. Мастак адлюстраваў акцёраў у сваёй манеры, дадаў некаторыя прыёмы Мадзільяні, каляровую палітру Шагала. На заднім плане можна заўважыць сілуэты Віцебска, Эйфелевай вежы, сімвалічныя месяц, сонца і казу. Нягледзячы на тое, што партрэты абстрактныя, яны сапраўды адлюстроўваюць унутраны свет акцёраў і перадаюць атмасферу спектакля.

Таксама на выстаўцы можна сустрэць рэалістычны партрэт рэжысёра спектакля Віталя Баркоўскага, напісаны ў 2002 годзе.

Партржт Віталя Баркоўскага

Дапаўняюць тэатральныя партрэты новыя карціны, напісаныя ў 2021-2023 гадах. Мастаку вельмі спрытна ўдаецца трымаць мяжу рэальнага і абстрактнага. Кожны нацюрморт, пейзаж, фармальную кампазіцыю хочацца разглядаць да дробязяў: фактуры, дэкаратыўныя элементы, рытмы, рухі, спалучэнні кветак.

Міхась Васільевіч застаецца верным свайму каларыту: «Ніхто не ведае, колькі дзён адвёў нам Стваральнік. Жыццё адно, і я хачу несці толькі яркія, цёплыя фарбы» — падзяліўся сваёй жыццёвай філасофіяй аўтар.

На адкрыцці выстаўкі можна было пагрузіцца ў карціны яшчэ і пад незвычайную абстрактную музыку. Мастак часта натхняецца музычнай творчасцю Гарыка Сукачова, ДзіДзюЛі, гурта «Стары Ольса», вакальнай групы «Камерата», класічнай музыкай і інш. Але для адкрыцця выстаўкі шукаў асаблівую кампазіцыю, каб усё было гарманічна. І яму гэта ўдалося, кожная карціна па-свойму раскрывалася ў розныя музычныя моманты.

Выстаўка М.Ляўковіча

Зараз Міхась Васільевіч вельмі актыўна працуе . Кожны дзень яго можна знайсці ў майстэрні. Пасля адкрыцця выстаўкі «Тры партрэты + жывапіс» думаў, што «перагарыць», але ўжо напісаў 7 новых карцін. Плануе найбліжэйшым часам узяць удзел у новых выстаўках, падаў заяўку на фестываль мастацтва «Арт-Мінск–2023». Супрацоўнічае зараз з многімі галерэямі Мінска, дзе можна набыць яго карціны. Крэда мастака: «Нельга ісці наперад, павярнуўшы галаву назад. Толькі так можна і трэба дзівіць гледача!»

Міхаіл Ляўковіч з вучнямі

https://bel.24health.by/alximiya-tvorchasci-vystauku-susvetnaj-belaruskaj-grafiki-pradstavili-u-palacy-mastactva/

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Глядзіце таксама