30.03.2021
30.03.2021

Герантолаг Кірыл Прашчаеў: «У любым узросце чалавек павінен адчуваць сябе годна…» (+відэа)

logo
Здароўе дарослых
0 315
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Як часта сталы ці нават стары ўжо чалавек, звярнуўшыся да ўрача са скаргай на дрэннае самаадчуванне, чуе ў адказ: «А што ж вы хацелі? Узрост…» А колькі людзей пры пошуку працы сутыкаецца з тым, што «40+» – гэта ўжо не зусім пажадана для новага работніка?! І нават родныя часцяком спісваюць розныя расстройствы, змены ў паводзінах, дзівацтвы больш сталых сваякоў менавіта на колькасць пражытых гадоў.

Але насамрэч узрост тут зусім не вінаваты. У гэтым перакананы беларуска-расійскі герантолаг Кірыл Прашчаеў. Пра новы падыход у геранталогіі і герыятрыі, а таксама пра вяртанне годнасці людзям ва ўзросце – гутарым.

Візітоўка

Кірыл Прашчаеў – доктар медыцынскіх навук, прафесар. Скончыў Віцебскі медыцынскі інстытут (1996), дактарантуру пры Санкт-Пецярбургскім інстытуце біярэгуляцыі і геранталогіі (2005). Першы ў гісторыі Рэспублікі Беларусь яе грамадзянін, які абараніў доктарскую дэсертацыю па спецыяльнасці «геранталогія і герыятрыя». Разам з прафесарам Андрэем Iльнiцкiм – сузаснавальнік навукова-даследчага медыцынскага цэнтра «Геранталогія» (г.Масква, Расійская Федэрацыя), яго дырэктар. Першы намеснік старшыні праўлення РГА «Беларускае рэспубліканскае геранталагічнае грамадскае аб’яднанне». Распрацоўшчык тэорыі этнамедыцыны (на беларускім фальклорным матэрыяле), мае навуковыя працы па гісторыі медыцыны Беларусі.

Спадар Кірыл, як мне падаецца, тэрмін «геранталогія» ў нас пакуль не дужа на слыху…

— Між тым, геранталогія за апошнія 10-20 гадоў змянілася. І гэта ўжо не тыя ўяўленні пра старога чалавека, якія панавалі ў грамадстве яшчэ два дзесяцігоддзі таму. Але давайце пачнем па парадку.

Тэрмін «геранталогія» паходзіць з 2 слоў: «герас» па-грэчаску – стары чалавек, ці старэнне, а «логас» – навука. Такім чынам, геранталогія – гэта навука пра старасць. Яна вывучае розныя аспекты старэння чалавека ды іншых жывых істотаў.

У яе ўваходзяць некалькі галінаў. І адна з іх – герыятрыя. Гэта медыцынская спецыяльнасць, якая займаецца лячэннем людзей сталага і старэчага ўзросту. Але не кожнага старога чалавека, а з так званай кволасцю, альбо старэчай астэніяй.

Кірыл Прашчаеў. Фота 1

І як жа праяўляецца такі стан?

— А давайце паглядзім на прыкладзе. Мабыць, у кожнага чытача ёсць сваяк ці сусед, як мы кажам, ва ўзросце. Возьмем жанчыну, 75 гадоў, у якой – атлусценне, цукровы дыябет, гіпертанія. Магчыма, яна нават перанесла інсульт. Але зараз вясна, хутка надыдзе сезон агародаў і лецішчаў. І яна пойдзе на свае градкі, будзе на іх заўзята шчыраваць. А ёсць і другая жанчына, у якой няма столькі хваробаў, але яна – кволая…

І градак у яе няма…

— Няма. А магчыма, і ёсць. Але калі ў мінулую вясну яна на іх працавала, дык у гэтую – не можа. Хаця хваробаў – кот наплакаў. Яна ходзіць-ходзіць па паліклініках, а ў яе нічога асабліва і не знаходзяць. Здаецца, першая жанчына павінна быць больш нямоглай, чым другая. Але гэта не так. Проста ў другой развілася такая з’ява, якая і называецца старэчай астэніяй. Па-ангельску такі стан называецца frailty. А ўпершыню яго апісалі ў 1970-ыя гады французскія герыятры.

Гэта сітуацыя, калі сталы чалавек паступова худнее за кошт страты перш за ўсё мышачнай масы, але не больш за 10% у год. У яго нарастае слабасць, пагаршаецца памяць, запавольваецца хада, зніжаецца фізічная актыўнасць… І любое захворванне можа прывесці да сур’ёзных ускладненняў.

Дык вось геранталогія, герыятрыя  пачалі займацца гэтай старэчай астэніяй. Чаму яна развіваецца, што рабіць, каб яна не развівалася. Вось так мы і выйшлі ў герыятрыю фактычна як у новую спецыяльнасць.

Старэчая астэнія. Геранталогія.

Па шчырасці, я пра гэта практычна нічога не чула. Хаця цяпер разумею, каму мог быць выстаўлены такі дыягназ… І што атрымліваецца?! Калі герыятра не будзе ў першасным звяне медыцынскай дапамогі, чалавеку са старэчай астэніяй ніхто не дапаможа?!

— Ведаеце, нідзе ў свеце шмат герыятраў у сістэме аховы здароўя няма. Большая частка такіх спецыялістаў за мяжой працуе ў сістэме сацыяльнай абароны, і перш за ўсё – у дамах для сталых людзей. Бо менавіта там канцэнтруюцца людзі з гэтай старэчай астэніяй.

Ёсць 2 падыходы да арганізацыі герыятрычнай дапамогі. Тое, што мы агучылі, – гэта такая мара, каб у нас былі ўчастковыя герыятры, як участковыя педыятры. Каб яны бралі ўсіх людзей ва ўзросце «60+» і вялі іх. Дарэчы, у Рэспублiцы Саха (Якуцiя) такi праект часткова ажыццявiўся.

Але, думаю, усё ж зараз ніводная краіна ў свеце, нават самая заможная, не зможа забяспечыць такую колькасць герыятраў. І, можа, гэта і не трэба. Бо герыятрычны пацыент – гэта не толькі чалавек са старэчай астэніяй. У яго зазвычай маецца яшчэ вялікі букет хваробаў, напрыклад, тэрапеўтычных паталогій.

Таму другі падыход, які больш распаўсюджаны, – гэта калі тэрапеўт альбо ўрач агульнай практыкі вывучае таксама праблемы геранталогіі і герыятрыі. І тады яны будуць весці пацыента як з пункту гледжання сваёй спецыяльнасці, так і нашай. На маю думку, на постсавецкай прасторы гэта найбольш разумны падыход.

Кірыл Прашчаеў. Фота 2.

А ў Расіі больш герыятраў, чым у Беларусі?

— Магчыма, трохі больш. Але іх функцыя – не столькі лячыць пажылых і сталых людзей, колькі аказваць дапамогу паліклінічнай службе ў плане арганізацыі працы тэрапеўтаў ці ўрачоў агульнай практыкі, вучыць іх працаваць з гэтай катэгорыяй пацыентаў. Таму зараз надышоў такі час, калі паліклінічныя ўрачы павінны шмат вучыцца, вывучаць гэтыя праблемы геранталогіі.

Але, думаю, і сам чалавек павінен імкнуцца да таго, каб у любым узросце заставацца актыўным?! Вось вы сказалі, што ў людзей, якія на працягу свайго жыцця карыстаюцца дзвюма і больш мовамі, змяншаецца рызыка дэменцыі. Ці значыць гэта, што сталым людзям можна параіць вывучаць якую-небудзь мову, нават калі мазгі ўжо «не тыя»?

— Па-першае, мазгі – тыя! Пра «не тыя» – чарговы стэрэатып. Мозг чалавека ў любым узросце мае аднолькавыя здольнасці. І калі ў сталых мы назіраем зніжэнне кагнітыўнай функцыі, дык гэта паталогія, якую трэба выяўляць, лячыць, усяляк дапамагаць чалавеку.

У любым узросце чалавек мае здольнасці да вывучэння замежнай мовы, карыстання ёй у паўсядзённасці. У мяне ёсць калега з Чэхіі, якая валодае чэшскай, рускай, ангельскай, нямецкай, французскай мовамі. А ў яе ёсць пацыентка, якую яна вядзе шмат гадоў.

І калі тая дасягнула ўзросту ў 75 гадоў, урач пачала праводзіць з ёй трэнінгі. А калі пабачыла, што зніжаюцца кагнітыўныя функцыі, прапанавала ёй вывучаць нямецкую мову. І вось за год яна перавяла свой прыём з гэтай пацыенткай цалкам на нямецкую мову, якую тая здолела вывучыць з дапамогай дачкі.

Атрымліваецца, было б жаданне?!

— Канешне! А вывучэнне замежнай мовы – гэта не толькі запас новых слоў, а і новыя веды, новыя стасункі, новая інфармацыя.

Старэчая дэменцыя. Неранталогія. Прафілактыка – вывучэнне замежных моў.

А ці карысна разгадваць красворды ў сталым узросце?

— Ведаеце, калі мы паглядзім на гэта з пункту гледжання навукі, дык для прафілактыкі дэменцыі гэта не падыходзіць. Але падыходзіць для людзей, якія ўжо маюць пэўныя парушэнні.

Калі ж мы кажам аб прафілактыцы дэменцыі, дык гэта павінны быць досыць сур’ёзныя рэчы, і іх не так шмат. Калі мы кажам пра інтэлектуальныя практыкі, дык гэта білінгвальнасць і шматлінгвальнасць.

Што цікава, вывучэнне нотнай граматы, мовы праграмавання – гэта таксама ўнёсак у наша кагнітыўнае здароўе.

І асваенне камп’ютара сюды ж?

— Так. Асваенне новых тэхнічных сродкаў, дэвайсаў і г.д. – таксама карысныя рэчы для нашага мозгу. Яшчэ – працяг працоўнай дзейнасці.

Напрыклад, жанчына была настаўніцай матэматыкі, выйшла на пенсію, у школе няма месца… Але ў яе ёсць калі не свае, дык суседскія дзеці, унукі. І можна так гэтую жанчыну заняць…

Вы не ўжываеце ў гэтым прыкладзе слова «бабуля». Цi праўда, што чужому чалавеку нельга называць бабуляй кожную сталую жанчыну?

— Так! І вось чаму мы кажам аб працягу працоўнай дзейнасці… Чалавек жа – істота сацыяльная. І калі ён штосьці робіць, працуе, дык з’яўляецца Марыяй Іванаўнай, Пятром Васільевічам. А тая ж Марыя Іванаўна – бабуля толькі для сваіх унукаў. І нават няправільна з пункту гледжання геранталогіі, калі дачка мае маму і сына і пры сустрэчы кажа: «Добры дзень, бабуля!»

У дзясятку! Заўсёды была супраць гэтага…

— Больш за тое! Калі мы чалавека не называем па той сацыяльнай ролі, якую ён выконвае, гэта – дэперсаніфікацыя. І таксама вельмі дрэнна для кагнітыўнага здароўя.

Гэта мы паразмаўлялі пра інтэлектуальныя практыкі. Ёсць яшчэ практыкі неінтэлектуальныя. Гэта фізічная актыўнасць. Любы рух – ён на карысць нашаму мозгу.

А як вы асабіста ставіцеся да вядомага правіла 10 тысяч крокаў? Іх павінна быць для сталага чалавека 10 тысяч у дзень ці ўсё ж меней?

— Мы арыентуемся на рэкамендацыі СААЗ. Яны крыху іншыя нарматывы даюць. Усе віды фізічнай актыўнасці дзеляць на 3 групы.

Першая – гэта аэробныя нагрузкі, г.зн, нагрузкі рухам. У сярэднім тэмпе іх павінна быць не меней за 150 хвілін на тыдзень, а пажадана 300. Прычым ідзе ў залік толькі тая нагрузка, якая была працягласцю 10 хвілін і болей. А калі вы 5 хвілін беглі за маршруткай, заскочылі ў яе і паехалі – не лічыцца.

Старэчая дэменцыя. Геранталогія. Прафілактыка – фізічная актыўнасць.

Я не бегаю за маршруткамі! Нават дзеля нагрузкі… Стаю і чакаю наступную.

— Тады – 300 хвілін іншай рухальнай нагрузкі ў тыдзень! Другая група – анаэробная (сілавая) нагрузка. Не меней за 2-3 разы на тыдзень, і працаваць 30 хвілін і болей. А трэцяя – практыкаванні на трэніроўку балансу.

Між іншым, зараз выйшлі новыя рэкамендацыі, трэба пазнаёміцца. Але і тое, што я пералічыў, – гэта толькі мінімум. А максімуму няма. Колькі чалавек можа рухацца, столькі і павінен.

А магчымасці руху ёсць нават у немабільнага чалавека. Напрыклад, калі ён ляжыць пасля інсульту, рукі-ногі ў яго не рухаюцца, дык асістэнт, які яго суправаджае, мусіць узяць рукі-ногі чалавека ў свае і 150 хвілін на тыдзень рабіць гэтыя рухі.

А калі чалавек кволы, са старэчай астэніяй?

— Ён павінен рухацца і займацца фізічнай актыўнасцю, колькі зможа, але не праз сілу. Галоўнае – не сядзець. Калі можа зрабіць хаця б крок, трэба рабіць.

Гэта што тычыцца фізічнай актыўнасці. Цяпер – пра матэматыку здароўя. Што гэта такое? Кожны сучасны чалавек павінен ведаць свае пэўныя характарыстыкі. Гэта ўзровень артэрыяльнага ціску, паказчык глюкозы, глікіраванага гемаглабіну ў крыві, паказчык халестэрыну і яго фракцый, індэкс масы цела ды іншае. Калі некаторыя паказчыкі не ў норме, ён павінен з дапамогай урача кантраляваць, мадыфікаваць іх.

Зразумела, што адказнасць урача ёсць. Але ўрач, напрыклад, абавязаны навучыць чалавека з гіпертаніяй вымяраць ціск і кантраляваць дозу лекаў.

Старэчая астэнія. Геранталогія. Вымярэнне артэрыяльнага ціску.

Вы малюеце iдэальную мадэль…

— А чым больш людзей будзе ведаць, што такое ідэал, тым больш іх будзе цягнуцца да яго. Калі чалавек не мае гэтай інфармацыі, дык ён і не ведае, куды ісці, што прасіць, патрабаваць і г.д.

Матэматыку здароўя людзі павінны ведаць. Назапашванне ведаў у гэтай вобласці вельмі важнае. Да матэматыкі здароўя адносяцца таксама вакцынацыя, стаматалогія, кантраляванне ВІЧ-статусу…

Як вы бачыце, мы ўвесь час круцімся вакол узросту. Узрост – гэта біялагічная характарыстыка чалавека. А чалавек не можа дыскрымінаваць ні сябе, ні іншых людзей ні па якіх біялагічных характарыстыках, няхай гэта будзе ўзрост, гендар, сэксуальная арыентацыя… І толькі тады мы можам казаць, што ў геранталогіі штосьці зрабілі.

А чаму ўвогуле ўзнікае такая дыскрымінацыя?

— Вось глядзіце. Раней мы жылі ў вельмі такім бінарным грамадстве. У нас было ўсё так альбо не так: мужчына-жанчына, малады-стары, член КПСС-беспартыйны… І ў гэтых бінарных характарыстыках усё здавалася простым.

Але ніхто не заўважаў выключэнняў. Зараз мы нарэшце зразумелі, што чалавек як біялагічна-сацыяльная істота ўяўляе сабой… палітру. І нам трэба вучыцца жыць у гэтай палітры.

Бо ўзрост – таксама палітра. У нас ёсць узрост біялагічны, храналагічны ці пашпартны, сацыяльны….

Старэчая астэнія. Геранталогія. Узрост – палітра.

Нагадайце, калі ласка, нашым чытачам, якая градацыя ўзросту зараз прынятая.

— Дарослыя людзі – ад 18 гадоў і болей, 18-44 – маладыя, 45-59 – сярэдні ўзрост, 60-74 – пажылыя (сталыя), 75-89 – старыя, 90 і болей – доўгажыхары.

Дык вось з пункту гледжання пашпартнага, храналагічнага ўзросту чалавек можа быць пажылым – 62 гады. З пункту гледжання функцыянавання біялагічных сістэмаў – 46 гадоў, гэта сярэдні ўзрост. Ён можа яшчэ паступіць у інстытут – 18 гадоў, малады. Ён можа стаць бацькам дзіцяці – таксама малады ўзрост. І гэта ўсё – палітра. Дык які ж узрост у гэтага чалавека?!

Складаем, дзелім і выводзім сярэдняе. Жартую! Хаця ў мяне атрымалася – 36-37 гадоў… Малады.

— І гэта мы ўзялі толькі адну характарыстыку – узрост. А ёсць жа і іншыя. Вось і атрымліваецца, што нельга сучаснага чалавека загнаць у пэўную канструкцыю. Мы ніколі не пралiчым усе магчымыя варыянты. Ёсць чалавек, асоба, яго годнасць. І я лічу, што задача геранталогіі – зрабіць так, каб у любым узросце чалавек адчуваў сябе годным, запатрабаваным і вёў годнае жыццё.

А што тычыцца прафілактыкі старэчай астэніі, дык важную ролю тут адыгрывае яшчэ і харчаванне. Ды не простае, а рэзіліенс-харчаванне. Але пра гэта – наступным разам. Сачыце за публікацыямі на нашым інфармацыйным партале!

Фота аўтара і з адкрытых інтэрнэт-крыніц.

Відэа – Андрэй Васкрасенскі.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 315

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".